Перайсці да зместу

Пра нашы літаратурныя справы (1928)/Пра літаратурныя справы/За культуру мовы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Аб „фактах“ і пэрспэктывах За культуру мовы
Крытыка
Аўтар: Алесь Дудар
1928 год
„Ледзяная гітара“
Іншыя публікацыі гэтага твора: За культуру мовы (Дудар).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРА ЛІТАРАТУРНЫЯ СПРАВЫ

За культуру мовы

Пытаньне аб беларускай літаратурнай мове з кожным днём робіцца ўсё больш і больш актуальным. Бязумоўна, гэта зусім натуральнае зьявішча. Мастацкая літаратура разгортваецца ўсё болей і болей, зьяўляюцца новыя пісьменьнікі, творчасьць старэйшых вырастае і па якасьці і па колькасьці. Зьяўляецца літаратурная форма дагэтуль беларускай літаратуры незнаёмая, — роман, які патрабуе асабліва распрацаванай мовы. Усё гэта, разам узятае, бязумоўна, павінна штурхаць беларускіх пісьменьнікаў на шлях апрацоўкі мовы і, галоўным чынам, яе папаўненьня. Цэлы шэраг артыкулаў па гэтым пытаньні зьявіўся на старонках нашых часопісяў. Рабіліся спробы аналізу мовы паасобных пісьменьнікаў. і побач з гэтым многія пісьменьнікі рабілі і робяць вялікую практычную работу ў гэтым кірунку. Работа гэта накіроўвалася па некалькіх лініях. Адны, як М. Зарэцкі, Ц. Гартны, накіравалі сваю ўвагу на выкарыстаньне дыялектаў, на асіміляцыю ў літаратурнай мове паветалізмаў найбольш удалых і характарных. Другія, як Дубоўка, пашлі па найменш удзячнай лініі словатворчасьці і выкарыстаньня старых слоў, ня спыняючы працы па выкарыстаньні дыялектаў. У свой час у беларускую літаратурную мову папала шмат барбарызмаў, якія з вялікім трудом вытраўляюцца з мовы, але на зьмену якім часамі прасачваюцца новыя. Аднак, ня гледзячы на ўсё гэта, у беларускіх мастацкіх творах (асабліва ў маладзейшых поэтаў і пісьменьнікаў) назіраецца страшэнная беднасьць мовы. Гэта тлумачыцца перш усяго адсутнасьцю жаданьня працаваць над сваёю моваю.

— Навошта думаць над гэткаю дробязьзю. Можна запазычыць слова ў таго-ж Дубоўкі… ён іх шмат стварыў і выкапаў.

І пачынае якое-небудзь можа і прыгожае слова гуляць з аднаго вершу ў другі, ад аднаго поэты да другога, аж пакуль не спадзе з яго ўся яго краса і перастане яно рабіць уражаньне на чытача. Даволі ўспомніць усякія „сіні“ ды, „блакіты“, ды „васількі“. Якімі сьвежымі, якімі прыгожымі вобразамі гучэлі яны яшчэ гады два таму назад! Але да іх „дарваліся“, і цяпер у некаторых рэдакцыях можна пачуць такія гутаркі:

— Верш прынёс…

— А сінь у ім ёсьць?

— Ды разы два…

— Ня пойдзе…

І сапраўды ад гэтай сіні за апошні час аж у вачох мітусіцца. Тое самае і з другімі словамі, як „песьня“ альбо „прастор“. Ды ці зьлічыш гэтыя словы, якія і цяпер яшчэ прыгадзіліся-б, каб на іх гэтак старанна не налягалі.

Нядаўна вышаў з друку ў выданьні БДВ зборнік П. ТрусаВетры буйныя“.

Паўлюк Трус — гэта ўжо не пачынаючы поэта. Творы Паўлюка Труса перакладзены на іншыя мовы, а на Беларусі маюць шырокую вядомасьць і набылі сабе нават пасьлядоўнікаў. У зборніку 134 старонкі, з іх тэкставых — 120. І на ўвесь зборнік мы налічылі ўсяго 711 слоў; г. зн., на кожную старонку прыпадае ў сярэднім 6 слоў. Да гэтага трэба дадаць, што многія словы аднаго кораня мы лічылі, як паасобныя, напрыклад, „цьвісьці“ і „адцьвісьці“, „зьвінець“, „адзьвінець“ і г. д.

Што гэта значыць? Гэта значыць, што на кожнай старонцы зьмяшчаецца 7 слоў паўтораных па некалькі разоў у самых рознастайных варыяцыях. Калі да гэтага дадаць, што слоў, якія пападаюцца толькі па адным разе ў зборніку, налічваецца 232 (ледзь-ледзь адна трэцяя частка ўсяго слоўніка), дык яшчэ наяўнейшаю робіцца жудасная беднасьць мовы зборніка. Мы прывядзём тут толькі тыя словы, якія спатыкаюцца ў зборніку ня меней 5 разоў:

Адзінокі 9
адцьвісьці 21
акорды 7
апаўночы 12
асеньні 20
асмуглы 9
асыпаць 7
Беларусь 10
бераг 7
бор 8
бровы 6
брусьніцы 6
будзіць 14
буйны 20
бяроза 8
восень 11
выйду (пайлу, прайду)[1] 19
вымыць 6
вякі 5
вянуць 20
вянок 17
вясна 16
вада 36(!)
вечар сіні 4
веяць 22
ветразь 5
вецер 33(!)
буйны 10(!)
вербы 28
ветравіньне 8
вёска 9
вішня 6
віцьця 5
вобраз 12
водгульле 5
возера 24
вольны 12
вакно 9
вербалоз 5
вечар 9
вочы 35(!)
гнуць, ца 11
год, годы 10
горды 6
грудзі 14
гусі 10
гай 23
гайдаць, ца 6
гаманіць 9
гарэць 6
гара 15
глыбокі 5
глыбінь 7
глядзець, ца 18
далячынь 7
даль 9
далёкі 7
даліна 29
дакор 5
дарыць 6
дарагі 13
дарога 20
даўно 5
дзень, дні 16
дзяўчына 17
дно 33(!)
дол (долу, да долу) 21
доўга 8
драмаць 6
дуброва 5
думаць 6
думы 15
душа 25
жвір 5
журавіны 6
журба 14
журыцца 35(!)
жывы 7
жыцьцё 33(!)
залаты 14
золата 6
зацьвітаць 9
зацішак 7
звонкі 12
зоры і зара 28
зялёны 19
зьбіраць 9
зьвінець 19
завіваць, ца 26
завеі 7
імчацца 5
ісьці (пайсьці) 19
калыхаць 14
каліна 14
камень 9
каралі 7
каціцца 15
кветкі 18
квецень 5
клён 6
колас 7
косы 7
край 7
краса 16
красаваць 9
кропля 5
крыніца 32(!)
крыцца 7
крышталь 6
купацца 9
куст 5
курган 11
кволы 19
луг 22
любіць 11
любы 6
лісьце, ліства, лісты 25
лозы 5
малады 17
маленства 6
мароз 11
матка 13
месяц 12
мінор 7
мора 5
маўчаць 6
несьці 7
нізкі 5
ніцы 6
ноч 7
нямы 6
пазнаць 9
плысьці 18
плакаць 42(!)
поўны 8
постаць 8
поле 41(!)
помніць 12
прадоньне 5
прыгожы 5
прастор 10
просінь 9
пунсовы 9
пялёсткі 5
пажоўклы 9
пакахаць 5
пацеркі 12
пахіліць, ца 13
песьня 46(!)
пераліў 8
піць 5
плаваць 6
плынь 5
радасьць 31(!)
разьвеяць 7
разгул 6
разьлісьціся 7
рана[2] 18
раса 23
рассыпаць 5
расьці 6
росквіт 5
рунь 5
русы 6
рэчка 16
сад 13
сачыцца 5
сінь 12
сіні 18
сказаць 12
слацца (услаць) 11
сон 15
сонца 13
сыпаць, ца 20
сэрца 53 — жах!!!
сяло 11
сягоньня 6
сядзець 7
сьпяваць 9
сьлёзы 33
сьветлы 11
сьпеў 10
сьлед 7
сьцежкі 24
сьцень 11
сьмяяцца 10
сьвет 6
сосны 22
спакойны 5
спаіваць 8
спаць 9
стынуць 12
струны 15
стаяць 12
сум 6
сустрэць 11
тануць (патануць) 23
табар 8
таполі 5
трава 6
туман 38
увечар 10
увосень 7
узор 9
узыйсьці 6
упасьці 7
успамін 11
усьміхнуцца 20
хвалі 22
хваляваць, ца 6
хіліцца 13
цемень 6
цёмны 10
ціхі 13
цыган, цыганскі 12
цячы 5
цьвет 17
цьвісьці 23
цалаваць 5
чары 5
чарнявы 5
човен 14
чорны 5
чуць 7
шлях 8
шумны 6
шумець 17
шэрань 8
шэры 7
яр 12

Вось і ўсё. Кажуць, што кітайская грамата налічвае 500 знакаў. Кожны з гэтых знакаў заключае ў сабе пэўнае разуменьне, якое мяняецца ў залежнасьці ад таго месца, якое займае знак у сказе, ці ад розных сынкрэтычных знакаў.

У Труса прыблізна столькі-ж слоў, але яны значэньня свайго не мяняюць. У прыведзеным слоўніку мы можам вылучыць дзьве групы слоў. Да першай адносяцца такія, якія адыгрываюць ролю злучнікаў паасобных вобразаў альбо якіх нельга ўнікнуць ніякім чынам і частае ўжываньне якіх ня гэтак кідаецца ў вочы. Да такіх слоў можна аднесьці такія, як сустрэць, сядзець, доўгі, поўны і г. д. Гэта словы пераважна статыстычнага характару, якія маюць пэўны сэнс і ў другім сэнсе ўжыты быць ня могуць. Другая, больш буйная група — гэта словы больш ці менш эмоцыяльна насычаныя, як сьлёзы, раса, каралі і інш., якія могуць ствараць розныя тропы.

У творчасьці кожнага поэты галоўнае месца займае другая група слоў, якая надае звычай творам поэты ўласьцівую толькі яго творам фізыономію, стварае яго стыль. Гэта група ніколі не павінна застываць у аднэй форме: гэта найбольш дынамічная частка твору і яе разьвіцьцё шчыльна зьвязана і з разьвіцьцём тэматыкі, і з разьвіцьцём думкі поэты, і з яго рытмікай. З другога боку, у поэзіі гэтыя словы пераважна ўжываюцца, як вобразы: частае паўтарэньне такіх слоў нямінуча прыводзіць і да паўтарэньня вобразаў. Тады наступае заняпад творчасьці. Тады творы робяцца нуднымі, аднастайнымі і ствараюць уражаньне, што поэта, раз натрапіўшы на адну ўдалую форму, рашыў:

— Умри, Денис, лучше не напишешь!

І пачаў па гатовым стэрэотыпе масавую загатоўку мастацкай продукцыі. Гэта адносіцца ня толькі да лексыкі, але і да ўсіх элемэнтаў мастацкай творчасьці.

Менавіта да такога становішча дайшоў Паўлюк Трус у сваім апошнім зборніку. Тая сьвежасьць і непасрэднасьць, якая зацікавіла ў свой час у творчасьці Труса чытача, выклікала цэлы шэраг пахвал. І Паўлюк Трус „почил на лаврах“. Вялізны зборнік зьяўляецца ў лексычных адносінах стэрэотыпным паўторам першага маленькага. Разьмеры прымусілі павялічыць лік паўтораў. Гэтыя паўторы якраз і адбіліся на другой групе слоўніка, на словах тропаздольных. У выніку паўтарэньне вобразаў чуць не літаральнае ва ўсіх вершах. Слова „сэрца“ пападаецца ў зборніку 53 разы (на 120 старонках). На кожнай старонцы мільгаюць „сьлёзы“, „туманы“, „жыцьцё“, „радасьць“, „плакаць“, „даліна“, „каліна“, „дно“, „возера“ і г. д. і кожны раз у застылых стэрэотыпных злучэньнях. Пытаньне аб зьмесьце, які ствараецца гэтымі словамі, у програму нашага сёнешняга артыкулу не ўваходзіць і на ім мы спынімся ў другі раз, калі паставім задачаю разгляд зборніка.

Тут мы бяром лексыку Труса выключна дзеля таго, што яна зьяўляецца характарнай для цэлай генэрацыі маладзейшых нашых поэтаў (а часамі і старэйшых). Возьмем дзеля прыкладу верш Янкі Бобрыка ў № 3Узвышша“ і параўнаем яго лек сыку з лексыкай Труса:

Вазёры ў цемені драмалі
і гай задумаўся, замоўк.
Стаю адзін
І думкі коцяцца, бы хвалі,
мяняюцца, як зорны шоўк.
Стаю адзін.
А там, у далях, там, дзе хаты,
Я чую сьмех, радзімы сьпеў
І гасьне сум і гасьне гасне,
як на сьвітаньні зорак сеў.
І гэты сьмех і сьпеў дзяўчыны
ў душы пралескаю цьвіце, —
як на вазёрах тых на сініх
цьвіце зары чырвоны цьвет.
І я адзін

У гэтым адрыўку мы знаходзім толькі пяць слоў, якія не спатыкаюцца ў слоўніку Труса. Возьмем яшчэ адрывак з вершу Кляшторнага (у тым-жа нумары) і разгледзім яго ў гэткім-жа пляне:

Вечар гас…
Драмалі сьветацені,
Ў туманох дарогі замяло…
І нібыта залатыя елі
Месяцу хіліліся чалом.
Усё цьвіло,
жыло і гаманіла,
кожны куст аб жыцьці гаварыў…
Ты прайшла
І голаў ня схіліла, —
ня схіліла гордай галавы.

У Кляшторнага яшчэ горай, як у Бобрыка. У яго мы знаходзім толькі чатыры самастойныя словы.

Прыводзячы гэтыя прыклады, мы зусім ня хочам сказаць, што Бобрык ці Кляшторны, ці яшчэ хто з наймаладзейшых поэтаў перапісваюць з Труса. У гэтай стэрэотыпнасьці лексыкі адбіваецца куды больш сур‘ёзнае зьявішча, якое можа прывесьці творчасьць пачынаючых поэтаў у сапраўдны і безнадзейны тупік. Гэта пагалоўная адсутнасьць у іх культуры працы. Ніводзін з іх не працуе над пашырэньнем сваёй лексыкі, і ўсе іх творы (мы гаворым бадай што пра ўсіх маладых пісьменьнікаў) гучаць прыкрым унісонам. Гэта пагражаючае зьявішча і для ўсёй нашай мовы. Беларуская мова, багатая, мілагучная і гнутная, гатова пад уплывам гэтага перапаласківаньня адных і тых-жа слоў і вобразаў папасьці ў ціну беспадзейнай трафарэтнасьці і затхласьці. І нашай крытыцы і рэдакцыям трэба зьвярнуць на гэта належную ўвагу і паказваць маладым поэтам шлях у напрамку распрацоўкі мовы. Слоўнік жывой мовы павінен быць настольнаю кнігаю кожнага пісьменьніка.

Некалькі слоў аб словатворчасьці. Па прыкладу старэйшых поэтаў пачалі ствараць свае словы і маладзейшыя.

Але ніколі пры гэтым яны ня прымалі пад увагу галоўнага — каб гэты новатвор пры яскравай надворнай форме меў унутраны зьмест. Калі, напрыклад, Дубоўку „цемрашал“, які зьяўляецца літаральным перакладам слова „мракобесие“, адпавядае галоўным умовам стварэньня новага слова, дык нельга сказаць гэтага пра трусовы новатворы. Які сэнс у такіх словах, як „сонцавей“, „зялёнацьвецень“, „ветрасінь“?[3] Ці могуць яны прывіцца ў мове, калі яны прадстаўляюць злучэньне зусім нязлучных разуменьняў? Вось-жа болей усяго трэба высьцерагацца такіх бязглуздых новатвораў, якія могуць толькі прыгадзіцца, як латкі ў вершы — для рытму, для рыфмы і г. д. Ня мудруйце над словамі, таварышы поэты, бо словы перастануць служыць вам. Поэзія — гэта голас пачуцьця, слова — матэрыял поэзіі. А неахайныя адносіны да слова могуць прывесьці да таго, што ня будзе ў творы ні таго, ні другога. У таго самага Труса ёсьць яшчэ недарэчныя словы, як „вятрынь“, „ветравіньне“ і г. д., але яны, як відаць, уведзены па меркаваньнях композыцыйных.

Шляхі да разьвіцьця літаратурнай мовы намечаны, і гэта значна палягчае працу. Асабліва востра і рашуча ставіў пытаньне Дубоўка ў № 2 „Узвышша“. Да яго думак з якімі мы цалкам згаджаемся, мы хацелі-б дадаць яшчэ адну галіну, якая, на наш погляд можа значна ўзбагаціць нашу літаратурную мову, у прыватнасьці, мову поэзіі. Мы маем на ўвазе выкарыстаньне адкінутых поэтычнымі канонамі „прозаізмаў“. У Расіі вялікую працу ў гэтым кірунку прарабілі В. Маякоўскі і В. Інбэр. Найбольш характарнымі ў гэтым кірунку зьяўляюцца вершы В. Інбэр „События в Красном море“, „Сеттер Джэк“, „Собачий экзамен“ і мн. другія. У гэтых вершах безнадзейнейшыя прозаізмы раптоўна атрымліваюць багацейшую поэтычную афарбоўку. Праўда, выкарыстаньне прозаізмаў тут зьвязана з агульнай пабудовай твораў, але ў нас зусім ня было спроб у гэтым кірунку, а папрабаваць варта было-б.

Лексыка — адзін з важнейшых элемэнтаў мастацкага твору і на яе трэба зьвяртаць вялікую ўвагу. Асабліва актуальным робіцца пытаньне аб лексыцы ў беларускай мове ў нашы дні, калі перад ёю адкрыліся шырачэзныя пэрспэктывы і паўсталі вялікія задачы.

24-IX — 1927 г.


  1. Тут мы маем паўтарэньне аднае формы слова, таму вылучаем асобна.
  2. К разуменьні пары часу.
  3. Гучна! Зусім, як „Цэнтрасьпірт“ ці „Москвошвей“.