Перайсці да зместу

Пра нашы літаратурныя справы (1928)/Пра літаратурныя справы/«Ледзяная гітара»

З пляцоўкі Вікікрыніцы
За культуру мовы „Ледзяная гітара“
Крытыка
Аўтар: Алесь Дудар
1928 год
Аб чым пішуць
Іншыя публікацыі гэтага твора: «Ледзяная гітара» (Дудар).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




„Ледзяная гітара“

За апошнія часы і ў нашых пэрыодычных выданьнях і ў выдавецтвах нарастае значная опозыцыя ў адносінах да вершаў. Часопісі абмяжоўваюць месца, адведзенае для вершаў, а ціснуць зборнік вершаў, асабліва маладому поэту — амаль што немагчымая справа. Наогул, на верш устанаўляецца погляд, з якім моўчкі згаджаюцца ўсе: гэта лёгкі твор, дрындушка, асаблівага значэньня ня мае і ня можа мець. У памылковасьці гэтага погляду ня цяжка пераканацца, успомніўшы хаця-б, што многія выдатныя сілы мастацкай літаратуры вырасталі выключна на вершах. Так, народны поэта Беларусі Янка Купала нам меней вядомы па сваіх драматычных творах, чымся па вершах. Тое самае можна сказаць пра многіх расійскіх поэтаў, як Маякоўскі, Есенін і шмат іншых.

Выдавецтвы, абмяжоўваючы лік вершаў у сваіх плянах, маюць рацыю: вершы ня ідуць на рынку. Дзеля прыкладу возьмем практыку маладнякоўскай кніжніцы. Выпушчаныя да сярэдзіны 1926 г. зборнікі прозы зусім разышліся і ў продажы іх больш няма. Наадварот, з вершаў разышліся поўнасьцю толькі 5—6 кніжачак. Напрыклад, зборнік ХадыкіСуніцы“, выпушчаны ў 1.500 экз., разышоўся толькі ў ліку 200 экз. (гэта за 2 гады). На базе выдавецтва вялізнаю гарою ляжаць кніжкі Бобрыка, Звонака і Туміловіча, дзяўчат-маладняковак, нават Пушчы і Дубоўкі („Vіta“ і „Credo“). І шмат іншых зборнікаў вершаў асуджаны на горкую долю корму для мышэй. Чым гэта тлумачыцца? Адсутнасьцю попыту на вершы? Тады чаму поўнасьцю распрададзены ўсе другія зборнікі Дубоўкі, зборнік Труса, зборнікі Дудара? Чаму нідзе, ні за якія грошы нельга знайсьці ЧаротавайЗавірухі“, чаму „Босыя на вогнішчы“ вытрымалі некалькі выданьняў? Знача, попыт ёсьць, і затрыманьне ў рэалізацыі кніжак мае нейкія прычыны, якія заключаюцца ў іх саміх.

Часткова мы высьветлілі гэтыя прычыны ў нашым папярэднім артыкуле. У сёнешнім артыкуле мы будзем мець на ўвазе другую групу элемэнтаў мастацкай творчасьці нашай літаратурнай моладзі — гэта моманты стылістычнай композыцыі і эўфоніі іх твораў. На першы погляд здаецца, што такое шырокае пытаньне нельга ахапіць у адным абеглым нарысе, што гэта пытаньне патрабуе больш шырокага і грунтоўнага асьвятленьня. Але ў гэтым-жа і трагедыя наша, што ўсе працы пісьменьнікаў у гэтым кірунку зьвяліся да такога ўпрашчэнства, якое дазваляе падвесьці творчасьць многіх пісьменьнікаў пад адну мерку. Вось — не анэкдот, а факт: калі выходзіў зборнік „Слуцкія песьняры“, дык у друкарні пераблыталі вершы паасобных аўтараў; вершы адных ішлі пад імёнамі другіх. А хто заўважыў гэта і хто мог заўважыць, калі ўсе гэтыя вершы былі шыты на адзін капыл, напісаны аднолькавымі словамі і заключалі ў сабе аднолькавыя думкі?

Расійская група імажыністаў разглядала вобраз, як мэту, і з гэтага выходзілі сябры групы пры будаваньні сваіх твораў. Але пры гэтым яны ўсё-ж такі трымаліся нейкіх правіл; кожны вобраз у іх павінен быў быць апраўданым агульнай композыцыяй і другімі вобразамі. Нашы маладыя поэты пашлі далей. У іх часамі вобраз ня толькі нічым не апраўданы, але зусім ня мае ніякага сэнсу і будуецца ці толькі па фонэтычнаму прынцыпу, ці па прынцыпу П„іліпа з канапель“. Возьмем некалькі мясьцін з вершаў Кляшторнага:

Не падняць нам з сьмяротнай пасьцелі
У сінярунь адгітарыўшых дзён.

Здорава? Але зразумець нельга. Альбо яшчэ:

— кастрычніка турбіны
здуваюць стынь з асьнежаных палёў

Ці можа зразумець чытач, што разумее аўтар у вобразе „Ледзяная гітара“, створаным гэтым самым Кляшторным? Гэта гвалт над сэнсам, гвалт, зроблены для гучнасьці (а па праўдзе і гучнасьці тут няма). У нас ня вельмі лічацца з сэнсам і праўдзівасьцю. Туман можна зрабіць „буланым“, можна раўнаць яго з „залатою пражай“ — як толькі ня зьдзекваліся ў нас над гэтым няшчасным туманам. Ня лічацца з сэнсам і пры пабудове сказаў:

І быццам сеюць, —
Зоры сеюць
На гонях шоўкавых нябёс.

Застаецца нявысьветленым, хто каго сее? Калі зоры выступаюць у ролі сейбіта, дык што яны сеюць? А калі зоры тут у вінавальным склоне, дык дзе сейбіт? Гэта даволі характарны прыклад.

Каляровая сьлепата, якая даводзіць да зьдзеку няшчасны туман, ёсьць і ў Труса.

…У залаты вянок
завіваюць сум
росы сінія.

У гэтага таксама і „ўздох зрываецца з душы“. Вось зразумейце, хто можа, такую страфу:

Мо‘ каб сэрца — радасьць,
сэрца ў журавінах
Акрапіла раны
У лісты ў нізінах?

Альбо яшчэ:

І доўга, доўга ў сэрцы чулым,
пад чорнай сьвіткаю, на дне
прыгожы вобраз Марыулы
сьмяяўся ціха, як у сьне.

Ня сэрца, а начлежка!..

Наогул, шмат чаго можна знайсьці ў трусавым сэрцы і ў душы яго, асабліва на дне:

Вясна ў цьвяту!..
Цьвітуць парэчкі,
цьвіце язьмін на дне душы!..

А вось яшчэ пэрлы:

Па-над сьцежкай зоры
(Зоры над крыніцай),
І ў вачох дакоры,
А ў душы суніцы!..
А ў душы мажоры…
І цьвітуць брусьніцы
І сьмяюцца зоры,
Зоры над крыніцай.

Сапраўдная каша — і ўсё ў душы!

А вось у Язэпа Пушчы:

Звонка-імпэтныя хвалі
У далі крышталі ўлюлялі.

Альбо:

Кусаюць уцехі ўсе чэрствую лусту…

Ці варта прыводзіць яшчэ прыклады, калі бадай што ўсе творы маладзейшых нашых поэтаў перапоўнены гэтым гвалтам над сэнсам, над развагаю. Поэзія выклікае эмоцыі ў чытача, а што выклікаюць гэткія слоўныя наборы? Агіду толькі выклікаюць ды боль за будучыню беларускай поэзіі. І бесталковае выцісканьне вобразаў у Кляшторнага, і застыўшая ў сваёй нярухомасьці творчасьць Труса — усё гэта пагражаючыя сымптомы, якія павінны выклікаць думку аб будучыні. Трэба сур‘ёзна працаваць над творчасьцю таму, што гэта не асабістая справа таго ці іншага поэты, а справа грамадзкая.

Мы спынімся яшчэ на некаторых момантах стылістыкі нашай літаратурнай моладзі. Калі прасачыць генэзіс „Ледзяной гітары“ Кляшторнага ў сувязі з цэлым шэрагам другіх яго вобразаў, дык аказваецца, што гэты вобраз мае свой адпраўны пункт не ў рэальным жыцьці і не ў уяўленьні поэты. Усе гэтыя вобразы прышлі да нас здалёку, з маскоўскіх „пэгасавых стойлаў“, з тае плыні, якая выклікала вялікую трывогу расійскай грамадзкай думкі. Гэта есеніншчына, якая праз свае звонкія формы ўлівае ў творчасьць маладзейшых поэтаў атруту заняпаду і разлажэньня. Есенінская форма — вельмі ўдасканаленая, у Есеніна можна шмат чаму павучыцца з гэтага боку. Але, заместа таго, каб усвайваць, скажам, элемэнты есенінскай композыцыі, вывучаць тэхніку есенінскага вершу, нашы маладзічкі пачалі мэханічна пераносіць у сваю творчасьць элемэнты есенінскай формы, найбольш зьвязаныя з найхваравіцейшымі момантамі творчасьці Есеніна. Трус проста перакладае Есеніна:

Не засьпі, —
пабудзі мяне рана
О!.. мая
дарагая матуля[1].

Дзе дарогі
бягуць за курганам,
пойдзем зельле
зьбіраць мы на Яна…

Пушча ўсвойвае пахабнейшыя адносіны есеніншчыны да жанчыны. Тут знайшла сабе водгук есеніншчына рэальная, якая вылівалася у формы Чубараўскага завулку, растоўскай справы і г. д. А хіба здарма Кляшторны так шырока культывуе у сваіх вершах „чарку“, „кілішак“, „выпіты“. Можа падсьвядома уводзіць ён гэтыя вобразы, органічна зьвязаныя з есеніншчынай.

Адсюль і гітара, і клён, і асіны, і ўся тая сьлезатачывая твань, якою пранізаны творы і Кляшторнага, і Пушчы, і многіх другіх. Вось тыповая вытрыманая ў есенінскім духу композыцыя.

— Што з табою, любы? Што з табою, смуглявы?
Сьлёзы, як каралі, роніш на асфальт…
На панэлі пыльнай я такі-ж гулявы,
Спазнаваў вось так-жа і жыцьцё і фальш…

(Звонак).

Зьвяртае на сябе ўвагу страшэнная убогасьць рыфмаў бадай што ва ўсіх маладых поэтаў. У пераважнай большасьці рыфмы распадаюцца на дзьве катэгорыі: 1) рыфмы стэрэотыпныя, ужываныя шмат разоў у розных поэтаў, і 2) рыфмы новатворныя, з якіх пад разуменьне рыфмы ці асонансу можа падыйсьці нязначная частка. Каб ня быць галаслоўнымі, прывядзём прыклады першай катэгорыі.

У Фаміна:

касы — сінь
боль — больш

У Пушчы:

сны — вясны
струны — руні
косы — росы
Беларусі — абрусы
далін — калін
краса — раса
ідзе — дзень
асіны — сіні.

У Кляшторнага:

сіні — асіны
абрус — Беларусь
зоры — вазёры
прасторы — зоры.

У Труса:

гусi — Беларусi
край — гай
далiн — калiн
крыніца — зарніца.

Возьмем рыфмы другой катэгорыі:

У Кляшторнага:

цьвяты — сярпы
поэм — тлень
салаўя — жаль
журчыць — крыж.

У Маракова:

у жыцьці — насіў
у грудзëх — трысьцё.

Узятыя выпадковыя прыклады зьяўляюцца характарнымі для ўсіх. І гэта ў нас, дзе гэтак багата разьвiнулася народная творчасьць з яе багатай рыфмоўкай!

Ня лепей справа стаіць з эпітэтамі. „Вечар“ абавязкова павінен быць „сiнiм“, „дзень“ — „залатым“, „вецер“ „буйным“; такіх традыцыйных эпітэтаў вельмі многа і яны гуляюць ад аднаго поэты да другога. Яны даўно ўжо згубілі сваю сьвежасьць і непасрэднасьць, так сказаць сьцёрліся. З другога боку, па меркаваньнях гукавога парадку альбо „для вобразнасьці“ „туман“ робіцца чамусьцi „буланым“, „гітара“ — „ледзяною“; у Труса „туман“ стаў „залатым“, „раса“ — „сiняя“ і г.д.

У заключэньне некалькі слов аб строфічнай пабудове вершаў. Дагэтуль у нас пануе чатырохрадковая страфа з крыжаванай рыфмай. Выключэньнем зьяўляецца Пушча, у якога ёсьць шмат двувершаў, тэрцын і пяцiрадковых строф. Трус выказаў вялікую сымпатыю да канонiзаваных форм, як сонэт і трыолет. Гучаць яны ў яго творчасьці нейкім дысонансам, бо органічна ня зьвязаны з прыродаю яго творчасьці і зусім не выклікаюцца патрэбаю. Тут-жа справа ня ў тым толькі, каб у пэўным парадку разьмясьціць радкі і, дзе трэба, даць паўторы. Калі пісаў сонэты ды трыолеты Багдановіч, дык гэтыя формы апраўдваліся і яго думкаю і агульным характарам яго творчасьці. Канонізаваныя формы вымагаюць для сябе адпаведнага матэрыялу; калі матэрыял не адпавядае форме, дык гэта ўсё роўна, што зьляпіць статую Вэнэры Мілоскай з тварагу, — якая-б ні была дакладная копія, гэта ўсё-ж такі было-б ня тое, што мармуровая статуя. Так і з поэтычнымі канонізаванымі формамі, якімі многія ў апошні час пачалі захапляцца. Хваравітым зьявішчам трэба лічыць і разьбіўку радкоў. У большасьці выпадкаў гэтая разьбіўка зусім не вымагаецца ўмовамі рытму і робіцца альбо з гонарарных меркаваньняў, альбо як перайманьне з некаторых расійскіх поэтаў (у расійскай літаратуры разьбіўка пашла з лёгкай рукі Маякоўскага). Бываюць выпадкі, калі разьбіўка патрэбна, калі яе вымагае рытм ці сынтаксычная пабудова, ці патрэба ўнікнуць гукавых недарэчнасьцяй. Але-ж нельга рабіць гэта ўсюды, дзе трэба і дзе ня трэба.

Мы лічым, што моманты, узьнятыя ў артыкуле, зьяўляюцца найгалоўнейшымі фактарамі ў крызысе збыту кніжкі. З гэтымі момантамі шчыльна зьвязана пытаньне аб тэматыцы, аб чым у наступны раз.

5-X — 27 г.


  1. Разбуди меня завтра рано
    О, моя терпеливая мать!..
    Я пойду за дорожным курганом
    Дорогова гостя встречать.