Пракосы напамяць (1932)/Пракосы напамяць/На пляжы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Расказ старога партызана На пляжы
Верш
Аўтар: Сяргей Дарожны
1932 год
Тысяча дзевяцьсот дваццаты

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА ПЛЯЖЫ

Ясна і горача,
Хоць ты прыляж,
Мора ў сонечным грыме.
Раніца.
Восем.
Іду на пляж
(Месца такое ў Крыме).

Бераг зацішны,
Каменьчыкі ўсё —
Цэлы ўзморак закулі.
Ляжаш і чуеш,
Нібы праз сон —
Круціцца земная куля!

Вочы адчыніш,
Наколькі відаць,
Аж да Турэччыны
Горда,
Плешча зялёным адлівам вада
Весела.
Танна.
І добра!
Думалі, нам гэта? Дзе?
Міражы!

Крым і ўсё што прыгожа.
Але хто век свой
За працай пражыў,
Ён на курорце быць
Можа!

Прыдзе на пляж гэта,
Ясная мосьць,
Думкі і клопаты ў мора!
Да вас падыходзяць:
— Жаданы госьць,
Скіньце, даволі аборак!

І пакрысе
Ападае міраж, —
Я на зямлі, ці на небе,
Тут вам і сонца,
І мора,
І пляж,
Словам, усё, што трэба.

Носяцца чайкі
У гомане хваль,
Сонца —
Загарам на целе…
Поруч са мною татарын-каваль,
Разам ляжым
І пацеем!

Цела распалена,
Над галавой
Сонца палае, як горан.
Мой-жа, татарын
Штось маша рукой,
Пальцам абводзіць узморак.

Я па-татарску
Ні бэ, ні мэ,
Толькі вачыма й гаворым,
Нам і бяз слоў
Зразумела ня менш
Музыка Чорнага мора.

Тысячы год
Вось сюды каралі
Езьдзілі высіць палацы.
І калыхалі ваду караблі,
І вада пачынала
Сьмяяцца.

Ад Сэвастопалю
Ў Новарасійск
Толькі баярамі й пахла…
О, незабыўныя месцы, калісь,
Шыбеніц,
Сірат
І плахі.

Там на адхоне
Ў засьціле хмар,
Горы на гора
На жаль мой,
Колькі жыло там гаротных татар
Ў песьнях нудлівых,
Як псальмы.

Там-бы шакалам жыцьцё
Ды арлом,
Скалы, за скаламі стромы,
Толькі й было, што зямлі
За сялом
На пахаваньне старому…

Падае камень,
І доўга гучыць
Рэха ўзьнятых інэрцый…
Успомнілі з ім мы такое,
Аб чым
Толькі выказвае сэрца.

Я паглядаю на мора,
І мне
Мара здаецца ўзлавана,
Шуму выносіць на бераг,
І гнеў
Сінімі хвалямі ўсланы.

Скора дванаццаць.
Апалены Крым
Жоўтыя горы сутуліць.
..........
..........
Слаўна!
Па нашаму!
Ў сонечны дым
Круціцца земная куля!

Крым, Сімеіз, 1929 г.