Зблытаўшы тысячы зоравых хорд,
Белым мядзьведзем уздыбіўся норд,
І паміж хмурых каменных дамоў
Белыя ніткі халодных дратоў
Кожнаму дому на вуха ў тон,
Ценькімі струнамі: домм!!. домм!..
Тысяча дзевяцьсот дваццаты год —
У горадзе контра, за горадам фронт.
Стыгне апошняя кроў цягнікоў,
Колам варожая поўсьць штыкоў…
А навокала кулацкі сьвіст —
Ты не зявай, малады чэкіст!
Пільна глядзі, каб варожы цень
Не прытуліўся ля нашых сьцен.
Каб пад вялікай комуны мур
Не працягнулі бікфордаў шнур,
Каб не спалілі апошні склад —
У рэволюцыі ворагаў шмат!
Хмурны сядзіць старшыня чэка,
Сумны нясуць правады адказ… Нэрвы напружаны, кожны крок,
Як ашалелае кулі скок.
Трэйцяя ноч за вакном стаіць,
Трэйцюю ноч старшыня ня сьпіць.
Гэтая ноч, як варожы стан,
Ў небе прастрэленым сотні ран.
Там за ярамі, дзе сьнежны прост,
Спушчан чарговы цягнік пад адкос,
Дрот перарэзан, і заўтра фронт
Будзе бяз хлеба і без патрон.
Ліпне да шыбін густая муць.
Хіба ты можаш, чэкіст, заснуць?
Хіба ты можаш спыніцца, кроў?
Тысячы ворагаў рыюць роў.
А за сьпіною на кожны крок
Ноч настаўляе кулацкі зрок.
Мерзьне на вуліцы сумны слуп,
Крокі падлічвае хрыплы хруп.
Тут на рагу неадменны пост —
Варту нясе малады матрос.
Побач, на водшыбе, шумны дом —
Чонаўскі штаб, былы губком.
Тут на сталох пачародна сьпяць,
Тут не шкадуюць жыцьцё аддаць,
Каб рэволюцыі заўжды жыць,
Каб не маглі яе ў ноч задушыць.
Кожны на почаку тут, а там…
З бандаю ходзіць ліхі атаман.
Чорная злыбеда ліжа косьць…
Ён капіталу наёмны госьць,
І кулакі па губэрні ўсёй
Пільна хаваюць яго між сёл.
А па начох гэта ўся гайня
Не разьбірае ні хаты, ні пня.
А па начох у іх поўсьць дыбком,
Лютая банда, грай ваўкоў!
Кроў і пажар, і халодны дым,
Вецер заметае ўсе сьляды…
А за вакном ня сьціхае дрот:
— Хлеба чакае галодны фронт!
Хмурны сядзіць старшыня чэка,
Сумны нясуць правады адказ.
Але хмурней і цяжэй куды,
Мець за плячыма бандыцкі дым, —
Калі па сьцежках тваіх і сьлядох
Ходзіць кулацкі абрэз па начох.
................
................
Дзесяць, дванаццаць, шаснаццаць гадзін,
Хмурны сядзіць старшыня адзін.
Тут на стале яшчэ сотні спраў,
У кожнай варожы захован твар.
Тут на стале іх пярэсты збор
Прыме сягоньнячы свой прыгавор:
Богін Даніла (манюшка „КЛІН“)
З бандаю сувязь (сукін сын)! Золак, Залуцкі (мянюшка „ША“)
Галаварэзы банды Чыжа.
Цэлая плойма, погань, гніль,
Вам рэволюцыі! ня спыніць!
Вузкі пакоік набрак сьвятлом.
Дужы сядзеў чалавек за сталом;
Ён непрагляднай ночы ў дакор
Сьмела падпісваў свой прыгавор:
— Дваццаць чатыры гадзіны даць
І ад імя рэволюцыі… растраляць.
Стаў, націснуў званок, пачакаў,
Ціха ўвайшла машыністка чэка.
Ў дужым раскаце бязьлітасных слоў
Рэволюцыйная білася кроў: —
— Сёньня-ж на подпіс, таварыш Блут.
Сорак хвілін, я чакаю тут.
Вецер ходзіць,
Цені водзіць
З боку на бок
Па канавах,
Па засыпаных заставах,
Па завулачках крывых,
Па дарожках сьнегавых.
Шыых, шыых!
Ты, вятрок, не хадзі,
Белы сьнег не мяці На завулак крывы —
Там стаіць вартавы.
Ён вядзе свой дагляд
На харчовы на склад,
Каб варожы там цень
Не хадзіў каля сьцен,
Каб ягоны дых
Папярэдзіў штых.
Ты, вятрок-вятрун,
Ой, благі вястун,
Ты пакінь шамрэць,
Покуль стане днець,
Бо ў такую ноч —
Трэба дзесяць воч
Бо на гэткі зьвей
Трэба шмат людзей.
Але вецер ня сьціхае,
Цені водзіць, завывае,
Рыпіць сьнегам каля хат,
Ён бандытам сёньня брат.
Па завулках, між дамоў
Ён хавае ніткі змоў,
Ён заметае сьляды
Ад варожае хады.
Каля брамы разгавор:
Скдад насупроць, цераз двор.
Вецер нам спрыяе ў час, Склад палеце, каб ня згас,
Пачынайце роўна ў тры,
Хай заклятае гарыць.
Голад, холад на франтох.
Весьнік нашых перамог.
Плача ў маці хворы сын,
Ён застаўся ёй адзін…
За вакном вятроў гульня,
Ў хаце бруднай цішыня.
Бацька трэйці дзень ня йдзе,
Бацька там, дзе сьнег мяце.
Ён на варту стаў начы
Ты маўчы, сынок, маўчы.
За сумётам сьнегавым
Схамянуўся вартавы,
Ў цемрадзь ночы бліснуў штых —
За сумётам нейчы дых…
Вартавы напружыў зрок,
Палец ледзь крануў курок —
І набой прарэзаў ціш
Гучным стрэлам уначы.
Нехта ўпаў… мятнуўся цень,
Там другі прыліп да сьцен…
Ветравей, трывога, (стрэл)
Памажы… таварыш… (стрэл)
Потым цёмна… ціха зноў…
Вартавы ня йшоў дамоў.
Ледзьве дацёгся і хрыпнуў дрот
(у старшыні сашчаміўся рот).
„Дзённая зводка:
Харчовы склад
Ў ноч на такое… адбіў напад.
Варта паранена. Вестак жмут —
Арыштавана таварыш Блут…
Чорная здрада (і голас хрып)…
Ў даснай рукою вяла падрыў…
Так… запішыцё, гаворыць Бэн,
Банда у межах раёну N.
Высланы ўчора туды продатрад
Сёньня зьвярнуўся у горад назад“.
Голас асекся, і змоўк тэлефон,
— Чорная здрада… прамовіў ён.
Кроў загула, зашчымела тут…
— Арыштавана таварыш Блут.
З фронту прыехаў, была як вясна,
Значыцца ўсё гэта толькі мана?
Кожнае слова было, як удар,
Ў кожным варожы і здрадны твар.
Верыў… даводзіла справа ўся,
І… не дагледзеў, і вінен сам.
У памяці стала: — лічыў за сваю…
Тут каля сэрца хаваў зьмяю,
Не, рэволюцыя, ты адна
Ведай чэкіста душу да дна…
Выўяў кавалак паперы, сам Проста і коратка напісаў:
— Дваццаць чатыры гадзіны даць
І ад імя рэволю…… — растраляць!
Вуліца прутам. На самы стык
Заледзянелы ляціць бранявік:
Вочы на выкаце, рэжуць змрок.
Ён не разборлівы, мчыць здалёк —
Вуліца… сьнег… паставыя… дом —
Чаноўскі штаб, былы губком.
Тут на сталох пачародна сьпяць,
Тут не шкадуюць жыцьцё аддаць,
Тут непагасны гарыць агонь, —
І бранявік супыніў разгон:
Вылез ганец, ён зусім абмёрз,
Але сказаў: — у пару давёз…
Сорак вярстоў насупроць вятроў
Мы папярэдзіць ляцелі гром.
Нельга, таварышы, больш чакаць:
Вісьне над намі пагрозы рука.
Сёньня пасунецца зноўку фронт,
Ступіць бліжэй генэральскі бот.
І, як вятры на пустую траву,
Вораг пачне узьнімаць галаву!..
Бандамі зноў загудуць кулакі,
Чуеце, белыя выюць ваўкі?!
Горад сягоньня трымае штых.
Стаўце пікеты на кожны стык:
Будзьце гатовы! чыгунны мост —
Чону даручаны аванпаст!
Цемнач. Холад. Лесам ціш.
З бандай ходзіць бацька Чыж.
З бандай ходзіць, сьлед вядзе —
Пажывіцца-б можна дзе?
Пень, калода, сьцежка ў бок,
Бацька лічыць кожны крок,
Бацька лічыць, колькі вёрст,
Дзе гудзе чыгунны мост…
Воўчы троп, куды ні стань,
Дрэва кожнае, як здань,
Воўчы троп і воўчы спрыт —
За бандытам йдзе бандыт.
Што ім сьцюжа? Кожны п‘ян,
Справу робіць без заган…
Кінуў хату, гайда ў лес —
Гамані, гуляй абрэз!
Што ім кроў і гром вайны?
Ў цемрадзь ночы йдуць яны.
Там… за насып дзесяць вёрст.
Лёг чыгунным зьверам мост.
І яго ў свой дзікі плян
Сёвьня ўключыць атаман.
............
............
Два бандыты (рэдкі спрыт)
Цягнуць скрыню (дынаміт).
Сёньня ім работы шмат —
Атаманам дан загад:
— Мост, што выгнуўся дугой
Над ускрыкам берагоў,
Абарваць, як нітку, каб
Зруйнаваць чырвоны штаб.
Бандай лезуць! Насып… вал…
Атаман ня дарма зваў.
У яго — разбурыць тыл…
Але што гэта?.. пасты?..
Атаман да цемры звык.
Але ў цемры бальшавік…
Сполах хрупнуў быццам лёд.
Стрэл і…
Шротам кулямёт.
Прад вачыма вырас мост…
«Людзі… сьнегу белы прост…
Пацягнула бегчы… не!..
Бальшавік не абміне.
Біцца, як? далёка лес…
Стрэліў… нітых глыбока ўлез…
Закруціла сіла… не!
Штых ніколі ня міне.
Двое білася, і двох
На абвеяных сьнягох.
Паваліліся ад ран
Комуніст і атаман!
…Слава табе, гэроічны год,
Тысяча дзевяцьсот дваццаты год!
Ночы бяссонныя, хлеба пай,
Зорка на шапцы, у сэрцы май!
Слава табе, баявы атрад,
Першай у сьвеце комуны салдат.
Ты на штыху гэту славу нёс
Цераз завалы бязьмежных вёрст,
Цяжка было… у такі прасьцяг
Несьці прастрэлены кулямі сьцяг.
Але ты быў бальшавік і салдат —
Слава табе, баявы атрад!
.............
.............
Вецер пяе і хітае дрот.
Сёньня працуе ізноў завод.
Стукае молат — жалеза крык —
Фронту патрэбен бронецягнік.
Тысяча рук узьнялося: — даць!
Сілы напружываць, рук не складаць
Стома на тварах… ня елі дзень,
Але раней генэральскі цень…
Але раней па блёкадзе біць,
Каб рэволюцыі заўжды жыць! І напаўняецца громам цэх,
Іскрамі сыпле кавальскі мех,
І нараджаецца новы дзень,
Пульс рэволюцыі зноў гудзе!
Ў ім наша сіла і наша кроў.
Чонаўцы з песьняй ідуць на фронт.
Менск, 5-10/X—31 г.
|