Перайсці да зместу

Пракосы напамяць (1932)/Пракосы напамяць/Расказ старога партызана

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Разьвітаньне Расказ старога партызана
Верш
Аўтар: Сяргей Дарожны
1932 год
На пляжы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАСКАЗ СТАРОГА ПАРТЫЗАНА

Страпянуліся зоры на хвалях,
Быццам нехта люстэрак пабіў…
Ты скажы нам, браток, пра навалы,
Пра гарачыя дні барацьбы.

У цябе ёсьць харошыя песьні,
Наш касьцёр не пагасьне да дня.
Хлопцы колам уселіся цесным
І прыціхлі, як ноч ля агня,

„Мы ішлі у салдацкіх шынэлях
З карабінамі цераз плячо.
Мы па некалькі сутак ня елі
І ня спалі зусім па начох.

Цераз холад, агонь і трывогі,
Па варожых заставах штодня,
Білі ў чорта, пячонкі і бога,
Не шкадуючы хаты і пня.

Кроў сваю, маладосьць
І жыцьцё
Ў тыя дні мы зусім ня лічылі…
У падраных шынэлях, лапцёх
Мы праходзілі праз немагчымасьць.

Ад Царыцыну і да Пакроўску
Цераз дым, агнявую пятлю
Мы крышылі буржуйскае войска
За пажары, за кроў, за зямлю.

Можа ёсьць і цяпер тая метка —
Пад Растовам крывавы сумёт…
Мы пайшлі раніцою ў выведку,
Але трапілі пад кулямёт.

Кулі сьвіснулі над галавою,
І адна з іх хапіла плячо…
Я ня чуў, як стаяў нада мною
Атарочаны ў кроў адвячор.

Потым сьветла… Шпітальныя ложкі…
Я прачнуўся, павіты бінтом…
Пяцікутнае зоркі атрожкі
Нагадалі савецкі Растоў.

Значна добра зышло ўсё, нічога…
Вось каб рану загоіць, а там,
Па лясох, па крыжовых дарогах
Мы-б дыхнуць не далі „белякам“.

…Хай ня ўсё гэта выкажуць словы,
Тыя дні будуць памяткай нам,
Каб цяпер мы заўжды нагатове
Мелі шаблю і мелі каня.

Вораг точыць яшчэ злобу потай,
Ён між намі шукае ахвяр,
Ён за нашаю сочыць работай,
Прытаіўшы агідлівы твар.

Тут глядзі, браце мой у абодва
Не дагледзеў — чарговы прарыў…
Прастаялі варштаты заводу,
Папсаваліся трактары…

Гэты фронт нам цяжэйшы ў трыкраць,
Гэта куля ня простая ў лоб…
Там мы ворага білі адкрыта,
Тут нам ворага трэба на злом“.

Цемнач вісла празрыстай заслонай,
Паднімаўся туман ад лагчын…
Хлопцы слухалі кожнае слова,
Як прарэзьлівы стрэл уначы.

І вузейшым рабілася кола…
Гасла вогнішча. Морак радзеў,
Нам дарогай захрыпалі колы…
Пачынаўся дзень!..