Перайсці да зместу

Пракосы напамяць (1932)/Вершы пра Палесьсе/На ўдарных франтох

З пляцоўкі Вікікрыніцы
І там дзе балоты На ўдарных франтох
Верш
Аўтар: Сяргей Дарожны
1932 год
Новай Беларусі
Іншыя публікацыі гэтага твора: На ўдарных франтах.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА ЎДАРНЫХ ФРАНТОХ

Старонкамі новых
Напісаных кніг
Пра дні
На руінах старога
Цябе я адзначу
У вершах маіх,
Мая баявая эпоха!

Цябе, апавітую
Ў копатны дым,
Цябе, будаўнічую нашу,
Я сэрцам сагрэю,
Аддам на уздым
Акордаў ударнага
Маршу!

Нам трэба змагацца,
Змагацца як сьлед,
У клясавых бойках на фронце —
За вугаль,
За нафту,
За сьвежы хлеб,
За кожны гэктар на балоце!

Ты чуеш, як вецер
На струнах антэн…
(Глухое гучаньне такое…)
У ім тысячай тэм
Разьвінаецца тэмбр
Кожнага
Семірадкоўя!

Гудуць правады,
Гудуць правады,
Сурова гамоняць турбіны:
— Мы са сьцюдзёнай
Дняпроўскай вады
Сонца дамо краіне!

Мы ўсе свае сілы
Зьліем у адну
Магутнасьць заводаў і фабрык.

Мы грукатам працы
Сустрэнем вясну,
Здабытую ў бойках
Ударных!

Гудуць правады,
Гудуць правады,
Распалены хмурыя домны:
— Мы выплавім тысячы тон
Руды,
Патрэбных на
Перабудову!

І чуецца грукат
Ударных рот:
… „Самі праложым дарогу“,
— Гэй, прыналяжам,
На поўны ход, —
… „Дружна, таварышы, ў ногу“!

І…
Там, дзе калісьці
Адны балаты,
Вада ды гушчар непрабудны,
Магутным оркестрам
Гудуць правады,
Гудуць правады Асінбуду.

За імі
Далёка хвалюецца Сож,
Шумуюць няспынныя воды,
І высіцца Гомель
Каменны уздоўж
Асілкамі дымных заводаў.

Працуе краіна,
Гудуць правады,
На фронце ударным
Атакі —
Бабруйшчына б‘ецца
За творчы уздым,
Барысаў — за добрую
Якасьць!

Ля кожнай машыны
Нябачаны спрыт,
У кожнага пэўны свой
Клопат:
Мазыршчына ломіць шэры граніт,
Бабруйшчына сушыць балоты!

Адзіная мэта,
Адзіны дэвіз —
Змагацца, змагацца, змагацца,
Каб з кожным ударам
Бліжэй комунізм,
Народжаны ў бойках
І працы!

Ты чуеш,
Ніводнага кроку ў хвасьце,
Мускул і сэрца,
На варту!
У домнах, рэтортах,
Капальнях расьце
Наша сапраўдная вартасьць!

Менск, 25-X—30 г.