І ТАМ ДЗЕ БАЛОТЫ…
Словаў шукаў,
І ніводнага гэткага,
Каб у адным —
Шырыня нашых дзей!
Кволая лірыка,
Таварышы поэты,
Прыстала (у самай напружнай хадзе).
Прыстала тады,
Калі трэба на штурмы
Вясьці міліёны
У заўтрае нам.
Таварышы поэты! поэзіі сурмы
Мобілізуйце,
Каб з намі яна!..
Каб пела краіна
Вясною фабрычнай,
Каб несьлі энэргію
Сотні балот,
Ад станцый—комбінатаў
Электрычных,
У тысячы і мільёны вольт!
Яшчэ не ашчанулі
Нетры магутаю.
Вы чуеце? Варушыцца на Мазыршчыне граніт.
Вы чуеце?
Дымяцца на Барысаўшчыне гуты,
На Бабруйшчыне торф
Пачынае гаманіць!
Гэта Беларусь —
Балотамі закутая,
Тая, што білася,
Як рыба аб лёд,
Тая, дзе жыць —
Адзначала пакутаваць,
Сягоньня варушыцца
І паднімае чало.
І там, дзе мяжа
Векавое маруды
Палын гадавала ды чортавы мох, —
Шуміць залацістае жыта
Па грудзі —
Грунтоўнейшы доказ
Людзкіх перамог!
І ноч адчыняе
Зьдзіўлёныя векі.
І мы, каб уцеха
Глыбей на душы…
Мы ў рост адчуваем
Імя чалавека,
З каторым лягчэй
І змагацца,
І жыць!
|