Перайсці да зместу

Права на зброю (1933)/Рахунак поэты, пададзены да аплаты

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ноч трывогі і поэты на прарыве Рахунак поэты, пададзены да аплаты
Верш
Аўтар: Валерый Маракоў
1933 год
Першы дзень на запалкавай фабрыцы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Рахунак паэты, пададзены да аплаты.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАХУНАК ПОЭТЫ,
ПАДАДЗЕНЫ ДА АПЛАТЫ


Комсамолка Каця Крычэня скончыла жыцьцё самагубствам, уключыўшы сябе ў лінію электрычнага току.
Прычына самагубства — няправільнае зьняцьце з работы і прыпісваньне ёй шкодніцтва, якое ўтварыў — здрадзіўшы сваей клясе — рабочы; за гэтым рабочым Крычэня жыла некаторы час.(З матар‘ялаў ячэйкі КП(б)Б).

Сэрца скажа:
даволі, скончана,
і ня дрогне, напэўна,
рука.
Не заўсёды-ж
з усьмешкай блукаць
па дарогах
любві
неаплочанай.

Дужа ясна
і дужа сьціпла —
восень ў сэрцы
ўзрасьціла змрок,
і за твой,
гэты дзікі крок,
вораг, пэўна,
з усьмешкай
вып‘е.

А гавораць:
— ну, што ж, самагубства:
той прынадзіў,
а той абмануў,
і нясуць
нясусьветнае глупства
і пра сьмерць чалавека
і — нашу вясну.

Я гляджу
на маўклівае гэта
аблічча,
дзе прайшло
дзесяць тысяч
шалёных вольт,
і яно да адплаты
бязьлітаснай
кліча,
і яно узьнімае і гнеў
і кольт.

Хто расьціў
у грудзёх канцылярыі?
Хто ў портфэлях
пачуцьці насіў? —
патрабуюць адказу
ад вас, пролетарыі,
аб загубленым вамі
у „справах“
жыцьці.

Чалавек —
гэта вам ня мумія, —
ўзяў са склепу
і выштурхнуў вон,
чалавек —
гэта сад
з залатымі думамі,
дзе па жылах праходзіць
блакітны агонь.

І вось тут,
дзе грыміць дыяратар
ўстрывожаным тулам,
і голас дынамы
ўстае над табой, —
таварыш, трэ‘ быць
і суровым і чулым,
і заўжды гатовым
выходзіць на бой…

Мы новыя ўзводзім
падмуркі і сьцены,
а нехта рукою нахабнай
іх пляміць,
як быццам з палацаў
Парыжу ці Вены
над краем ўзьнімаецца
даўняга замяць.

Налева піўнушка.
Там вые гармонік,
над вуліцай б‘ецца
стотонны туман,
і ты галавою
аб злы падаконьнік
сябе разьбіваеш
да крыўды
i ран.

Ўстае над табою
руінамі згуба.
Тут вораг
штурхнуў цябе ўчора на дно,
і смокчуць нямыя
зялёныя губы
шалёную шклянку
з крывёй
і агнём.

Ты робішся ворагам,
злосны прагульшчык,
Спыняеш вагоны
і крышыш станкі,
і далей,
ўсё далей
з надломанай кручы,
куды не падаць
ні агню,
ні рукі.

Змагайся, таварыш,
з прарывамі ў сэрцы
за тых, хто упаў,
і хто падае ўніз.

Грамі
канцылярскіх натхніцеляў
сьмерці,
так званых пралаз
і падліз!

Ніякай нам літасьці
сёньня ня трэба,
Мы проста і шчыра
свой край беражэм.
Над намі, як вечнасьць,
шырокае неба,
і слаўныя дні
нашых слаўных поэм…

І мы аддамо
усю сілу змаганьню,
ўвесь розум і сэрца
нашчадкам вясны.
Мы будзем лячыць
і сьмяротныя раны,
каб пляміць усход наш
ня сьмелі яны.