НОЧ ТРЫВОГІ
І ПОЭТЫ НА ПРАРЫВЕ
Гэту ноч
ці выкажаш нанава?
Вось яна
цёмнай заслонай
раскінула змрок
(пачынае трывогу гудок),
і выходзім
ў парадку мы плянавым.
І ідуць,
і хістаюцца
хмары плыты,
і сінімі вуснамі
вецер
скуголіць.
Зялёныя,
злыя
ад крыўды і болю,
нямеюць бяз торфу
і нафты
катлы.
І ідуць ваганеткі
жалезным крокам,
і граблі рук
заграбаюць торф.
Над балотам,
ахутаным змрокам,
ўстала чорная цень —
Бэнкендорф.
Бэнкендорф, —
гэта нам знаёма!
Вось крывавыя пальцы
і зьбіты рот.
Вы грамілі нас колісь
мячом і громам, —
высокапастаўлены
ідыёт.
І цяпер дзе-небудзь
ў палацах Вэрсалю
паціраеце рукі,
даючы наказ.
Вы марыце:
фабрыкі сёньня сталі, —
заўтра вы кажаце:
— ў добры час!
Многа ёсьць хлеба
на тых палетках,
і лесу і золата
аж праз край.
Цэлься, дружыньнік,
сурова і метка,
гэта ж і ёсьць
твой няказачны рай.
І вось
узьнімаюцца пальцы
гарматаў,
і ангел-збавіцель
узводзіць курок,
і ангел-збавіцель
штурхае за краты
таго, хто ‘шчэ мае
і сэрца
і зрок.
Таму так і ўзьняты
няўтомныя рукі,
і ў гэтую ноч
і праз вецер і стынь, здаецца,
пракладваем рэйкі да ўнукаў
і людзям наступнага
ўзводзім масты.
Ох, як-жа зьвіняць,
захліпаюцца рэйкі,
Ты чуеш —
адбою ўрачысты гудок?
І зноўку магутны
і радасны нейкі
ўрываецца ў вёскі
і ў фабрыкі
ток.
Ідуць міліёны
ўстрывожаным крокам,
каб новую песьню
нанова тварыць.
Слаўнай эпохі
Ідуць разьбяры
з сэрцам гарачым
і сонечным зрокам…
А тут вось —
паглядзіш —
балюча і крыўдна — складаюць поэмы
як быццам на зло,
за дзьве або тры
звышбюджэтныя грыўні
поэта Лявонны
і нейкі Мурзо…
Яны прапісалі
і зоры і месяц,
Хоць, здэцца,
ня бачыў ніхто іх тады.
Чаму-б ім і сонца
куды не падвесіць? —
і ім, і радактару
меней бяды.
А потым-жа крытык
(і гэта вядома!)
падпусьціць сьлязіну
(ala Кабакоў).
улічыць і талент,
улічыць і момант,
і трохі паганіць
за сувязь з тугой…
Рабочы-ударнік,
зьмяці гэту дробязь.
Ты вырасьціў
сонца свайго гарады,
яны-ж
з цябе ляльку якуюсьці
робяць,
і думаюць —
лялькай застанешся ты.
Я знаю — за ноч,
што ня выкажаш
зноўку ты,
што намі узята ў агонь
і штыкі,
надорыш поэту
высокай пуцёўкаю
у слаўнае заўтра
бяз сьлёз
і тугі.
|