Перайсці да зместу

Права на зброю (1933)/Першы дзень на запалкавай фабрыцы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Рахунак поэты, пададзены да аплаты Першы дзень на запалкавай фабрыцы
Верш
Аўтар: Валерый Маракоў
1933 год
Вынаходніцтва майго сябры Капусьціка

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕРШЫ ДЗЕНЬ
НА ЗАПАЛКАВАЙ ФАБРЫЦЫ


Да жахлівасьці
жорсткае цела станка,
і іграе вачыма
сяброўка ў зялёным,
і гудуць,
і праходзяць
па сэрцы цыклоны,
абрываючы дні
залатога вянка…

Я схіляюся да жалеза і дрэва
бліжай,
і раптам
з адвечнага мора імглы
завітвае вецер —
сьляпы чорнакніжнік —
прычытаньнем асіны
і енкам пілы.
На палі пралілася
зімы сівізна,
сьмерць прышла
беспадстаўна і жорстка.
Ах, людзей гэтых
чортава горстка
працавала бяз літасьці
ад да відна!

А раньнем
па рэйках скакалі вагоны
(бязьмежнасьць шляхоў
і бязьмежжа шляхі!),
нас вецер праводзіў
і ныў, як шалёны,
зьняслаўлены творца
жабрацкай тугі.
...............
І вось ён прышоў,
і ударам ў вакно
парушыў спакой,
узбудзіў успаміны
дрымотнага лесу
і зорнай даліны,
і тых, што жывуць,
і памерлі
даўно.

Ляжыць прада мной бервяно —
не ахопіш, —
Стаю і дзіўлюся:
сінь кідае ў жах,
і слаўны,
і заўжды задуманы хлопец
гаворыць поэта
і сябра мой —
Стах —
пра наша юнацтва
і старасьць
Эўропы

Сінь дрэва,
Я знаю,
і гэта няйначай,
зьяднана ў адно
з сівізной валасоў,
з зімою,
з мяцеліцы
рыкам і плачам,
ганебнаю песьняй
нядолі жабрачай,
і з панскай пятлёю,
і з выгукам
соў.

І гэтае дрэва,
пшэпрашам, за дзьверцы!
Ў агонь! —
каб эпоха
сьвяціла ярчэй!
Каб нашай рэспублікі
дужае сэрца
ня знала зьмяінай атруты
начэй.

Каб сонца і птушка
ўрываліся ў вокны,
Каб промні шугалі
з кутка у куток,
каб заўжды ўключалі,
як быццам, знарок мы
у нашыя сэрцы
вясны сваёй ток…

Я-ж з песьняй
праз дымныя рэкі
і кручы
праношу свой лёс,
як жалезны набой,
каб нашай эпосе
быць заўжды сугучным
і гэту эпоху ўзьнімаць
над сабой.

Другой пяцігодкі
змарагдавы выбух,
як дзень малады
над краінамі крат,
заліў
залатымі праменьнямі шыбы,
і так, як, напэўна,
зрабілі і мы-бы,
так робяць — кітайскі гарняк
і салдат.

Нам поруч змагацца
і поруч ісьці нам,
каб у новым,
сусьветным саюзе краін
ні маткі,
ні сёстры
ня несьлі асінам
да бацькі, ці брата
надломленых сьпін.

Мы лепшае дрэва,
бяз сіні, бяз зломаў,
як наша юнацтва,
бярэм у станкі,
і шчырасьцю песьцім,
як сонцам і громам,
і поім
крыві сваёй
вогненным ромам,
каб класьці набоем
агонь ў карабкі.

Маленькай запалкай
пажар революцый
падпалім
на чорных раўнінах зямлі,
каб нашыя думы,
і нашы пачуцьці,
Як танец на ружах,
на зоры
расьлі.

*

За гэтую працу,
за дружбу і шчырасьць,
за кожнае слова,
за кожны наш
выраз —
вітае дзяўчына
ў зялёным агні,
каб сэрцам ішлі
маладыя
цыклоны,
па моры — эскадры,
па рэйках — вагоны,
ўсё далей,
ўсё ўперад —
на грудзі вясны…