Перайсці да зместу

Права на зброю (1933)/Дарогаю ў штаб

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Адна партыя ў волей-бол Дарогаю ў штаб
Верш
Аўтар: Валерый Маракоў
1933 год
Ліст да поэты Пятруся Броўкі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дарогаю ў штаб.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДАРОГАЮ Ў ШТАБ


Максіму Горкаму ў дзень соракагодзьдзя служэньня пролетарыяту.
Лука: — Чалавек ня верыць… Павінна, гаворыць, быць… лепш шукай. А то кнігі твае і пляны твае нічога ня варты, калі правільнай зямлі няма… Вучоны у крыўду. Мае, гаворыць, пляны самыя дасканалыя, а правільнай зямлі ня існуе зусім. Ну, тут чалавек і раззлаваўся — як так? — Жыў-жыў, пакутваў-пакутваў і ўсё верыў — ёсьць! а па плянах выходзіць — няма! Ды што-ж гэта?.. І гаворыць ён вучонаму: — ах ты, сволач горкая, падлюга ты, а ня вучоны… — ды ў вуха яму — раз! ды яшчэ!..
ГОРКІ.

Рабочыя ствараюць ва ўсім сьвеце сваю інтэрнацыянальную культуру, якую даўно падрыхтоўвалі прапаведнікі волі і ворагі прыгнёту.Ленін.

Сьпявалі каменьні,
танцавалі ружы,
дымілася неба
на зорным агні,
тады вы выходзілі
малады і дужы,
шукаючы сонца
сваёй вышыні.

Сьмяялася мора
і плакалі людзі,
праменіў праклён
і алмазамі смутку гарэў, —
там сэрца, як ластаўка,
стукала ў грудзі,
як весьнік зарніц
ля турэмных дзьвярэй…

Арлу падуладны
і нетры і горы,
падзеньні і ўзьлёты
падуладны арлу,
і вы
над шалёнай раўнінаю мора
імпэрыю сьмерці
вялі на скалу.

Вы лепшыя іскры
крыві чалавечай
ўлівалі ў імглу
безнадзейных раўнін,
каб радасьць і гора
і смутак галечы
ўзьнімаць над сабой,
як салдат, карабін.

І дужым крылом
ахіналі вы скалы,
дрыжэлі
каменныя глыбы зямлі.
Там мора сьпявала,
гуло і стагнала,
і падалі троны
каралі.

Ружовая восень
праходзіць з пяшчотай,
і мудрасьці яблыня
грэе сады,
і ўсё-ж мы гаворым,
што вы, як ніхто тут,
такі, як вясна,
без граніц малады!
Вы наш!

Мы гаворым і шчыра
і цьвёрда,
што вы —
наш таварыш і бацька
і брат,
бо Горкі „гучыць гэта
слаўна і горда“,
як двух рэволюцый
суровы набат.

Вас бачыў я раз…
я стаяў ля вагона…
Ігра залатая
юнацкіх надзей
вам несла
мільёны лістоў і паклонаў
і дружбу народаў
на заўтрашні дзень.

Я так-жа вітаў вас,
хоць вы не пачулі,
ішла пада мною
у танцы зямля,
і я, няпрыкметны,
ў стотысячным гуле
правёў вас
да слаўнага штабу —
Крамля.