Перайсці да зместу

Права на зброю (1933)/Ліст да поэты Пятруся Броўкі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Дарогаю ў штаб Ліст да поэты Пятруся Броўкі
Верш
Аўтар: Валерый Маракоў
1933 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЛІСТ
ДА ПОЭТЫ ПЯТРУСЯ БРОЎКІ


Я повен энэргіі —
груды работы,
хоць тут
не сталіцы грымлівы разгон,
і ты не адкажаш,
быць мо‘, праз клапоты,
я ўсё-ж ткі чакаю,
а покуль —
паклон.

Я гутарку меў пра цябе
ў перапынку:
пра росквіт краіны,
пра мужнасьць шляхоў,
і вось,
стаючы
прад „паштоваю скрынкай“,
надумаў паслаць табе
некалькі слоў.

Ты помніш,
як білася ў бераг Дзьвіна,
і хвалі гулі
і ўставалі, як горы?..
Там нашага сонца
і песьні вясна
між нізін і узгоркаў
праходзіла ўчора.

Палыхалі прад ёй
залатыя сады,
асыпаліся зоры
і падалі ружы,
і шлях
няутомнае
нашай хады
быў промнямі дружбы
асьветлены,
дружа!

І горад князёў
з яго славаю княскай
прад поступам нашым
ляцеў дагары,
і горад другі,
бы чароўная казка,
як рэха музыкі,
ўставаў на зары.

Як дзіўна ўсё гэта:
вясна і юнацтва,
і яблыні белай
нясплямлены цьвет,
і ты,
што выходзіў з пацёмкаў
змагацца,
стаіш прада мною
мой сябра,
поэт.

У зьмятай шынэльцы,
у кепцы і ботах,
і з зорамі воч
над раўнінай вады,
салдат
няўміручае
сонечнай роты,
ў вялікім паходзе
ці спынішся ты?

Такім цябе помню
і гэткім прыймаю,
каб заўжды
на шлях агнявейных раўнін
выходзіць пад сонцам
высокага маю
на твой малады
ня сьціхаючы гімн…

І сёньня
вось тут —
на заводзе дубільным,
дзе гул шэсьцярон,
бы трывога Дзьвіны, —
вітаю цябе я
за гонар і пільнасьць
і слаўную вернасьць
да нашай
вясны.

Як дадзена новым
нам права на зброю
шчырага слова
і звонкіх цягліц,
права на слаўную назву
герояў —
ўзьнімем яго-ж —
хай жыве і грыміць!
Я самы суровы
і ўдуманы крытык,
і плямы прарываў сваіх
не таю, —
давай-жа з табой
пагаворым адкрыта
пра заўтрага песьню
маю і тваю.

Так многа
патрэбна сказаць нам,
так многа,
каб песьня пяшчотай
і куляй была…
Каб нашыя сэрцы
над слаўнай дарогай,
якой мы ідзем,
не кранала імгла.

Мы-ж часта губляемся,
з гулам і звонам,
з вянкамі агнёў,
з палыханьнем надзей
праходзяць прад намі
байцоў эшалёны,
што ўпартая воля
наперад вядзе.

Стаіш
з адчуваньнем забытага руху,
што-б кідаў у бой
і жывіў у баі, —
ад слова „забі“,
што гавораць так суха,
да самага кволага слова:
„Любі“…

Ўсе сілы на бойку
за мужнае сэрца,
што дзіўным агнём
аздабляе наш стан,
за песьню вясны,
супроць бруду і сьмерці.
за нашу краіну —
усход хараства!

І ты мне прабачыш
за шчырыя словы,
за шчырыя словы,
што сказаны мной
у рогаце буры
дынамы суровай,
як колісь над грознай
і злою Дзьвіной.

На гэтым і скончу.
Так многа работы,
хоць тут
не сталіцы грымлівы разгон,
і ты не адкажаш,
быць мо‘ праз клапоты,
я ўсё-ж ткі чакаю,
а покуль —
паклон.