Перайсці да зместу

Плынь (1927)/IV/Сямімільнымі крокамі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пералом Сямімільнымі крокамі
Паэма
Аўтар: Міхайла Грамыка
1927 год
Мільён
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сямімільнымі крокамі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СЯМІМІЛЬНЫМІ КРОКАМІ

Беражысь, беражысь!
Па табе я ўразгон сямімільнымі крокамі,
Беларусь, Беларусь!
Што рабіць? Засьпяваць?
Загудзець старажытна прарокамі,
Ці на вырай зьбірацца,
Як гусь?


∗     ∗

Крок за крокам, крок за крокам.
Не, ня хочу быць прарокам!
Што прарочыць? Долю? Волю?
Лепей ходу даць свавольлю!
Кій у рукі, добры кій!
Поту хопіць: лі ды лі!
На вырай?
Не, пачакай! Пакуль валадаю я лірай.
Ад гэных узгоркаў, ляскоў,
Ад гэтых сухменьняў-пяскоў
Я не палячу!
Лепш засьпяваю
Пра студзені, маі, —
Бо маю нахіл да сьпеваў і волі,
Але сьпевы мае не бяз солі!


∗     ∗

Гасьцінцам пакуль-што іду,
Нібы тым знаёмым гасьцінцам.
Вітае мяне толькі лес,
А хаты пакуль-што чужынцам
Лічаць мяне. Нішто.
Іду, браточкі, адзінцам.

Але ўперад сямімільна
Патрабуе час наш пільна.
О, я пэўны, няпрыхільна
Тут спаткаюць. Вокны шчыльна
Пазачыняць, пазамкнуцца, —
Кінь, бо ёсьць куды імкнуцца,
Калі ходзіш сямімільна!


∗     ∗

Праз грэблі, праз вёскі,
Як госьць той нябоскі,
Іду, узьнімаючы пыл.
Бярозак фарботы
Прыдбаюць ахвоты,
Праз дрыгву і дроты, —
Калючыя дроты, —
Ускок.
Мне добра. Навошта мне боты?
Ўжо босы:
Добрыя боты на ўласны капыл,
Добра у іх узьнімаецца пыл, —
Крок-у-крок!


∗     ∗

Пах. Над палямі пануючы пах.
Пах дажынкавай працы.
Дажынкі, дажынкі ідуць!
Спаднічак дружынкі
І снопікі,
Як бязвольныя попікі.
Каля іх — Марысі, Парасачкі,
Гэтых вёсак працоўных маіх
Пекнагойныя красачкі, —
Усё жнуць, усё жнуць!


∗     ∗

Утаплюся ў табе, Беларусь,
Утаплюсь!
Утаплюся ў тваім азярынцы-балоцейку,
Зацягнуся пад раску-чарот,
Зачаплюся нагою бязботай за плоцейка,
За калючы за дрот.
О, мае вёскі-бярозкі, гасьцінныя!
О, мае сьпевы, сярпова-дажынныя!
Потныя пахі, працоўна-няспынныя —
Янка, Сымонка, Габрусь!


∗     ∗

Але кінь, лірнік, лірнічаць лірычна,
Сьпявай мацней!
Смык нацягні, а драматычна,
А весялей!
Алею лі, алею хопіць
Ў душы тваёй.
Ты бачыш: зацьвілі каноплі,
Ўсё сінякветныя каноплі,
А над ральлёй!
Алеем тым кроплі спыні —
Крываточыны-кроплі,
Раны вякоў.
Зірні ў іх, лірнік, зірні:
То ўжо не каноплі,
А сьцяг парабкоў.
Батракі, батракі!
Бураломных часоў ветракі, —
Разьвярнецеся крыламі,
Панапружцеся пасамі-жыламі,
Патагонных вякоў крапакі!
Ад вятроў ужо гнецца чарот.
Будзе вам, ветракі, умалот,
На вякі вам дастане мукі.
Вось пяюць, вось пяюць батракі:


∗     ∗

Паўстань пракляцьцем катаваны“…
„Зірнула сонца у ваконца, —
„З кляўцом накрыж злучым мы серп;
„Пад імі сноп, над імі сонца, —
„Вось наш батрацкі новы гэрб“.
Вось гэты батрацкі сьпеў,
Як дажынкавы пах,
Над палямі пануе.
Ён часамі прыводзіць у жах.
У закляты, скрыгочучы жах.
Тых, хто сьпявае дасюль: алілюя!
А мая Беларусь дык сьмяецца.
Ёй здаецца, што сьпеў парабкоў
Разам з пахам дажынным зьліецца.
І я сьмяюся з табой, Беларусь,
Бо ты — ня толькі мінулая,
Ты — сучасная, шматчулая,
Ты і будучына бязьмежная,
З іншымі працоўнымі сумежная,
Вялікая,
Бяспрытульным – прытульная.


∗     ∗

О, Купала, мой родны Купала!
Пракукуй, пракукуй ты пра нас,
Як зязюлька табе кукавала,
Калі маці калыску качала, —
Пракукуй пра цікавы наш час!
О, мой Колас, мой ціхі Якуба!
Я ў куток прытулюсь, прытулюсь
І чакаць буду новага шлюбу,
Што зьяднае атрамант Якуба
І працоўных Зямлю — Беларусь!
Ясакарык-Бядуля, —
Гулы, гулы ідуць аб табе,
Як ля вульля.
Ты зьбіраеш у соты,
У поўныя соты творчасьць народную;
У цябе дзьве істоты, зьліліся істоты…
Зразумеў ты працуючых цноты
І паняў ты зямельку угнойную, родную.
Гартны, Гартны, пясьняр пролетарыяў,
Што злучыліся вось ад татарыі.
Ты сьпяваеш аб тых, што ад Нёману
Загудуць, загудуць новым гоманам.
Ты куеш для іх вершы згартнелыя,
Кавалёў, гарбароў сьпевы сьмелыя
А ты, наш Чароцік зялёны,
Кудзелька, вазёрны чарот, —
Ужо ставіш поэмам законы,
Перайшоў старажытнасьці коны,
Вольны, босы, — у брод, усё ў брод!
Дудары-песьняры мілагучныя!
Разам з тым вазярком, дзе купаецца гусь,
Разам з тым хвайнячком,
Разам з рэчкамі злучнымі,
З пролетарскімі сьпевамі ўключнымі,
Вы — мая Беларусь!
Загляджуся я тут, патаплюсь!
Калі-ж не, дык ізноў сямімільнымі крокамі
Праз цябе, праз цябе!
Загудзець пра наступнае тымі прарокамі
Ды ісьці за кляўцом ў барацьбе!
Праз капліцы, праз балоты,
Дзе хістаюцца чароты,
Абадраўшыся аб дроты,
Сямімільна крок-у-крок, —
Не глядзі ужо ў бок!
Лепш скідай сваю кашулю,
Што табе дала матуля,
Падарожнічай бядуляй
На кашулі кроў, — дык сьцяг
Будзе добры, гэта-ж жах!
Ды у рукі добры кій.
Поту хопіць, — лій ды лій! —
Мо‘ па хатах няпрыхільна
Тут спаткаюць. Вокны шчыльна
Пазачыняць, пазамкнуцца, —
Кінь, бо ёсьць куды імкнуцца.
Дык імкніся сямімільна!

1922 г., чэрвень-ліпень.

◆ ◆ ◆