Перайсці да зместу

Плынь (1927)/I/Родная пушча

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Наш верш Родная пушча
Верш
Аўтар: Міхайла Грамыка
1927 год
Нашая кроў
Іншыя публікацыі гэтага твора: Родная пушча.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РОДНАЯ ПУШЧА

(Паўстанцкая)

Родная пушча, здарова бывай!
Пушча старая — паўстанцаў ахова:
Ноччу абходзім мы Слонімскі гай.
Ціха, малойцы, — умова!

Плыткая Шара — ня межа для нас.
Хутка ўжо, хутка дзяржавы граніца;
Моцна гранаткі трымае паяс;
Добра пад хвойкаю сьпіцца!

Досыць пужалі мы гэтых панкоў:
Проці паўсотні пяць тысяч наслалі.
Раз абкружылі з усіх нас бакоў,
Але-ж мы жару падалі:

Пане палкоўнік у Несьвіж уцёк,
Тыдзень дрыжэў навагродзкі староста,
Можа спаткаемся з вамі, панок, —
Дык пагаворым папросту!

Доўга бадзяліся мы па палёх,
Спалі па мэтліках, спалі пад стогам:
Хай пасумуе халодны вастрог —
Хутка канчатак трывогам.

Сьцежкай правёў нас стары селянін, —
Вось, праз балота на тыя лясочкі.
Тут падзяліліся мы на адзін
Ды разьвіталісь браточкі.

Блізка, ўжо блізка… ды згледзеў якраз.
Стрэліў сабака, мне шлях замінае…
Кінуў гранатку яму я ў адказ:
Вось ён ляжыць і канае…

Досыць пакуль што пужаць нам панкоў,
Досыць старосты пазналі увагі,
Вось, нас з усіх абкружаюць бакоў
Вольных чырвоныя сьцягі!

1923 г.

◆ ◆ ◆