Перайсці да зместу

Плынь (1927)/I/Наш верш

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Апошняе „даруй“ Наш верш
Верш
Аўтар: Міхайла Грамыка
1927 год
Родная пушча
Іншыя публікацыі гэтага твора: Наш верш.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НАШ ВЕРШ

Ліецца, ліецца той верш срэбраліты,
Сьмяецца у вочы бядзе і нядолі,
Пануе, пануе над лёсам няволі,
Да волі імкнецца, да волі няжытай
Той верш, самацьвет срэбраліты.

Над бурай-віхурай,
Над сьнежныя наспы,
Ад пушчы панурай,
Ад возера-заспы,
Як грохат пярунны,
Як лірнік шматструнны,
Ён б‘е ды сьпявае,
Як водгук, лунае
Над борам, над хвояй,
Травой-асакою…

Ляціць, як арол, ён ляціць над аржоньнем.
Глядзіць, як бядача над сошкай пануе.
Ён Случчыну, Сожчыну, Дзьвіньне пільнуе,
Віншуе ад хмараў Дняпроўскія гоні,
Ляціць над дажынным аржоньнем.

Той верш — як бярозка,
Як красачка лёну,
Ён гнецца, як лозка
Над рэчкай з адхону;
Ён — сэрцу выгода
У час непагоды,
Калісь ён гаротны, —
Цяпер ўсенародны!..

Ён хлопчыкам бегаў за хатай па мяльлю,
Узрос на ральлі залатым каласочкам;
Купальле крапіла малога сыночка, —
Вяночкам галоўку прыбрала купальле
Бядулі, што бегаў за хаткай па мяльлю.

Ён рос, як курганная кветка,
Як рутава краска, ён рос;
Гулялі з ім школьныя дзеткі,
Як школы ня ціснуў мароз.
А ўлетку ён жыў, як Сымонка, —
Музыкам задумным ён жыў;
Жалейку прыладжываў звонка,
Па шляху жыцьця выхадзіў,
Заводзіў адвечную песьню
І папараць кветку шукаў;
Выходзіў спаткаці прадвесьне,
Ды сівер ізноў ашукаў.

Тады ён чакаў у цішы,
Як выгнаны буйла з глушы,
Здавалася, лебедзем пеў
Ды зноў аж да зорак ляцеў.
З ткачыхаю слуцкай ў паяс
Заткаў васілёчкі ураз;
То ўзімку гуляў, як падвей,
Ды хаты заносіў мацней.
Загнаны гарун, ён блукаў
Ды крыж на чужыне спаткаў;
Задуму ён з неба прынёс,
З задумаю — пэрлінкі сьлёз.
Да волі йсьці захацеў
І песьні змаганьня запеў.

І вось ён зноў
Сярод балот
Над крутарэччам,
Дзе чарот
Усюды ў грунт
Пусьціў расткі;
Праз немярэчы
Ды масткі
У выш глядзеў,
Як ясакар
Будзіў-гудзеў,
Званіў званар
Радзімых ніў —
Сам матчын дар;
Ён ўсіх будзіў,
Як уладар,
Ён даў закон,
Ён вёў ў палон
Наш верш, — наш звон!
Вогнік, вогнік
Скача ноччу
Патарочай,
Босы, вые…
Агнявыя
Сыпе ў вочы
Словы-болькі
Ды рагоча…
Спаць ня хоча,
Бо скалее;
Асьмялеўшы,
Усьцігае;
Пасінеўшы,
Абыймае
Ды рагоча,
Ды рагоча…
„Вершык, вершык,
Што з табою?“
„Нада мною
Сьнег гурбою!“
Дзе-ж рыдлёўка?
Скіньма наспы:
Верш прачнецца
З гэтай заспы, —
Ён прачнецца,
Ўзварухнецца,
Зноў гасьцінцам
Разьліецца,
Пойдзе лоўка…

На купальле пад вяночкам,
Па ральлі зноў каласочкам,
Ясакарам ды чаротам
Захістае над балотам.
Песьні працы і змаганьня
Дапамогуць ў разьвіднаньні.

Прыдуць ўнукі усьлед за дзедам
На ўспаміны, на пабеды…
Верш прачнецца, срэбраліты,
Засьмяецца ён з нядолі,
Запануе над няволяй,
Што ня вернецца ніколі,
Ды памкнецца да няжытай
Новай працы пладавітай.

1921 г.

◆ ◆ ◆