Перайсці да зместу

Песьні на руінах (1929)/Чорная дарога/Я аддаў дню вясноваму дань

З пляцоўкі Вікікрыніцы
⁂ Словы мае, словы ⁂ Я аддаў дню вясноваму дань
Верш
Аўтар: Язэп Пушча
1929 год
⁂ Гарцуюць крыклівыя ветры
Іншыя публікацыі гэтага твора: Я аддаў дню вясноваму дань…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

Я аддаў дню вясноваму дань,
Я схіліўся паклонам вясьне.
Сёньня восені чорная здань
Золь — слатой асыпае мяне.

Нешта зябка на сэрцы чагось,
Ўсю дазваньня калоціць душу.
Няўжо восень мой жудасны госьць?
Няўжо восень я ў песьні нашу?

Мне становіцца страшна за лёс, —
З сінь-вачэй маіх смутак імжыць.
Ой, чаму не праліў я ўсіх сьлёз
На зары, пачынаў калі жыць.

Эх, ты песьня, ты песьня красы,
Ну нашто давяла да бяды?
Ты ўвесь боль мой у гуках рассып,
Утапі яго ў лыжцы ў вады.

Але не, не ўтапіць мне душы,
Захлынуся лепш з песьняю сам.
Вольны вецер мне гімн прашуміць,
А зьвяр‘ё з мяне кроў будзе ссаць.

Клёны з ліпамі схіляцца ніц
І асьвеціцца зорамі дзень.
Мой апошні акорд празьвініць, —
Даль прыцісьне яго да грудзей.

Нешта зябка на сэрцы чагось,
Ўсю дазваньня калоціць душу.
Няўжо восень мой жудасны госьць?
Няўжо восень я ў песьні нашу?