Перайсці да зместу

Песьні на руінах (1929)/Чорная дарога/Словы мае, словы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
⁂ Якая змучаная дрож ⁂ Словы мае, словы
Верш
Аўтар: Язэп Пушча
1929 год
⁂ Я аддаў дню вясноваму дань

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

Словы мае, словы — песьні агнявыя,
Ў полі на кургане вецер дзіка вые!

Крыльлямі лапочуць чорных птушак зграі;
Віхар на кургане танец сьмерці грае.

Да яго прысела з жоўтым тварам восень,
І музыку ў танец, танец сьмерці просіць.

Кінуў ён на вотлех самаграі гусьлі:
Струны забрынчэлі; сьмех разьятрыў вусны.

Цела у экстазе, у шалёным спрыце, —
Сёньня восень-дама, сёньня віхар-рыцар.

На кургане танец зданьня—ценяў чалавечых, —
Косы распляліся на худыя плечы.

Восень бліжай к сэрцу персі прытуляе, —
Аніяк ёй не сагрэцца… Роспач… Лямант…

Віхар завіхрыўся, ўскінуў плашч таемны, —
Ў цемені, сузмроку згасьлі зор імгненьні.

Жоўтымі лістамі зашуршалі далі,
Гэта псальм жалобны ветры ў полі ўзьнялі.

Віхар—рыцар сьмерці апусьціў калені,
Галавой схіліўся перад целам акалелым.