Перайсці да зместу

Песьні на руінах (1929)/Чорная дарога/Гарцуюць крыклівыя ветры

З пляцоўкі Вікікрыніцы
⁂ Я аддаў дню вясноваму дань ⁂ Гарцуюць крыклівыя ветры
Верш
Аўтар: Язэп Пушча
1929 год
⁂ Сухі марозны вечар

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

Гарцуюць крыклівыя ветры,
А хвалі разьюшанасьць пеняць.
Надзела ноч чорныя гетры,
Накінула вохкую цемень.

Аплёвала змрокам узмор‘е,
Трасецца прадоньнем над морам,
Смоль-косы палошча у шторме,
Рагоча ачумленым хорам.

Хачу я душу ёй расхрыстаць,
Парваць шалахлівыя ўбёры.
Прышоў я на гэтую прыстань,
Успомніць свае каб вазёры.

Вазёры, мае вы вазёры,
Я чую тут вашы усплёсы!
Глядзяцца ў вас пушчы і зоры
І коцяцца ціхія сьлёзы.

Як гэта мне блізка й балюча!..
Вазёрная ноч вар‘яцее:
Дзярэцца аб камень калючы,
Галосіць спалоханым ценем.

Ускаквае хваляю босай
На бераг адвечнай пакуты,
Шумі, беларуская восень,
Краіну лістамі ахутвай!