Песьня (Купала — Зайшло ўжо сонейка, цень лёг на гонейка…)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Песьня
Верш
Аўтар: Янка Купала
1906—1912
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/29133



Зайшло ўжо сонейка, цень лёг на гонейка,
         Ўецца туман сенажацяй,
Выйдзі ж, дзяўчынка, выйдзі, галубка,
         Ў садзік ка мне пагуляці.

Хвілямі шыбкімі ў цені пад ліпкамі
         Час нам праходзіці будзе;
Бачыці будуць зоры і месяц,
         Бачыць ня будуць нас людзі.

Казкамі дзіўнымі будуць галінамі
         Ліпкі шумеці, дзівіцца,
Будзе прыветліва пець салавейка,
         Буду — слугой, ты — царыцай.

Радасьцю, ўцехамі пад ліпак стрэхамі
         Будзе нам доля ў ноч гэту,
Сэрцавы струны ўдарым каханьнем
         На зайздрасьць цэламу сьвету.

Выйдзі ж, дзяўчынка, выйдзі, галубка,
         Ў садзік ка мне пагуляці;
Ўжо зайшло сонейка, цень лёг на гонейка,
         Ўецца туман сенажацяй.

(1906—1912)