Перайсці да зместу

Першая навука Закону Божага (1936)/Праваслаўная Вера

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Новы Завет Праваслаўная Вера
Падручнік Закону Божага
Аўтар: Сяргей Паўловіч
1936 год
З царкоўнае гісторыі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРАВАСЛАЎНАЯ ВЕРА.

Богу дзякаваць, вера нашая Хрысьціянская, Праваслаўная разышлася амаль не па ўсім сьвеце. І мы павінны шанаваць яе і любіць Бога і Царкву Праваслаўную больш за ўсё ў жыцьці, хоць-бы трэба было памучыцца і ўмерці за яе ад бязбожных людзей.
Мы называемся хрысьціянамі таму, што верым у Госпада нашага Іісуса Хрыста, Сына Божага, і ўсім сэрцам прымаем сьвяты закон Яго.
Мы завёмся праваслаўнымі хрысьціянамі, бо верым у Бога і славім Яго правільна, праўдзіва, як навучылі нас верыць Сьвятыя Апосталы, як пастанавілі Сусьветныя Саборы, Сьвятыя Айцы і Вучыцялі Царкоўныя.
Але ёсьць хрысьціяне, якія няправільна вераць у Бога, якія шмат у чым адступілі ад навукі Хрыстовай і перанялі звычаі, нязгодныя з пераказам Адзінай, Сьвятой, Сусьветнай і Апостальскай Царквы. Яны завуцца іншавернымі хрысьціянамі. Каб адвярнуць іншаверных, альбо іншаслаўных хрысьціян ад памылак, Сьвятая Праваслаўная Царква адгаварвала іх, намаўляла, пераконвала, але яны, ў гордасьці сваёй, не захацелі пакаяцца, ды далей упіраліся. Тады Царква, згодна з словам Божым, адлучыла іх ад сябе.
Навучыцца праўдзівай веры найлепш цераз Сімвал (знак) веры, бо гэта ёсьць кароткі і ясны выклад таго, як павінен верыць праваслаўны хрысьціянін (Знак веры зьмешчаны ў гэтай кніжцы на стр. 42-47).
Сімвал зложаны Сьвятымі Айцамі Першага і Другога Сусьветных Сабораў.
Сусьветны Сабор ёсьць сабраньне Архіпастыраў (Архірэяў-Епіскапаў), Пастыраў і Вучыцялёў Царквы хрысьціянскай, па магчымасьці з усяго сьвету, для зацьверджаньня праўдзівага вучэньня і перасьцярогі верных перад памылкамі.
Апрача веры, ад хрысьціяніна вымагаецца яшчэ любоў да Бога і блізкіх. Навучыцца любіць Бога і людзей можна з дзесяцёх Запаведзяў Божых (яны надрукованы ў гэтай кніжцы на стр. 47-50).
Запаведзь — значыць: загад, вымаганьне.
Дзесяць Запаведзяў даў Бог яўрэям цераз Майсея у пяцьдзясяты дзень па выхадзе іх з Эгіпту; напісаны былі запаведзі на дзьвёх каменных дошках або скрыжалях і дадзены на гары Сынаі, у громе і маланцы, пры трубных гуках. На аднэй дошцы былі напісаны першыя чатыры Запаведзі аб любові да Бога, а на другой шэсьць іншых запаведзяў аб любові да бліжніх.
Без выпаўненьня гэтых Запаведзяў Закону Божага немагчыма дагадзіць Богу і атрымаць спасеньне.

Праваслаўная навука аб Богу ў Тройцы Сьвятой.

Мы ўжо ведаем, што Бог ёсьць Дух бесьцялесны, вечны, усемагутны, ўсяведаючы, усюдысушчы, Тварэц неба і зямлі, ангелаў і людзей, усяго, што бачым і чаго ня бачым. Мы знаем такжа, што Бог адзіны ў істоце Сваёй, але троічны ў асобах: першая асоба — Бог Ацец, другая — Бог Сын, трэцяя — Бог Дух Сьвяты (Глядзі гутарку аб Богу на стр. 27, 28 гэтай кніжкі).
Гэтыя тры асобы разам называюцца Трыадзіным Богам, або Прасьвятою Тройцаю адзінаістотнаю і неразьдзельнаю.
Тры Асобы Божых — зусім роўныя па дастойнасьці Сваёй: ніхто з Іх ані большы, ані меншы. Усе Яны маюць адныя і тыя-ж Божыі дасканаласьці, аднолькавую сілу, волю, чэсьць і ўладу; а таму, як Бог Ацец ёсьць ісьціны Бог, так і Бог Сын ёсьць ісьціны Бог, і Бог Дух Сьвяты ёсьць, таксама, ісьціны Бог, аднак ня тры праўдзівыя Багі, але адзіны праўдзівы Бог.
Аддаючы Божую пашану Айцу, Сыну і Сьвятому Духу, мы пакланяемся Ім не як тром асобным Багом, але як адзінаму Богу, у Тройцы славімаму. Людзі ня могуць зразумець, як гэта Бог Ацец, Бог Сын і Бог Дух Сьвяты ёсьць адзін Бог; гэта вышэй розуму чалавечага, гэта тайна Божая, і ў праўду гэтую мы павінны толькі верыць, па загаду Самога Бога.
Тры Асобы Сьвятой Тройцы, будучы адзінымі ў Сваёй Божай істоце, розняцца сваімі асабовымі свойствамі. Розніца між Імі тая, што Бог Ацец не раждаецца і ня выходзіць ад другой Асобы; Сын Божы спрадвечна раждаецца ад Бога Айца, Дух Сьвяты спрадвечна выходзіць ад Бога Айца.
Што нам патрэбна ведаць аб Сыне Божым? — Bедаць нам трэба, што Сын Божы дзеля нас і для нашага спасеньня зышоў з неба, стаў падобным да чалавека, г. зн. прыняў на Сябе цела і душу чалавечую, апрача граха; радзіўся на зямлі ад Прасьвятой Дзевы Марыі; трыццать тры з палавінай гады жыў на зямлі, як чалавек, не перастаючы быць Богам; вучыў людзей, як верыць, маліцца і жыць; навучаў праўды і дабра; аздараўляў хворых; уваскрашаў мёртвых; пры Понтыі Пілаце быў расьпяты на храсьце за грахі нашыя і дзеля нашага спасеньня, на трэці дзень уваскрос з мёртвых; у саракавы дзень па ўваскрасеньні ўзьнёсься на неба, сеў па правай руцэ Бога Айца і пануе з Айцом і Сьвятым Духам на небе й на зямлі; йзноў прыдзе ў славе з ангеламі Сваімі на зямлю, каб судзіць усіх людзей, як жывых, так і мёртвых, якія ў той час ўваскроснуць. Тады царству Яго ня будзе канца.
Пасьля апошняга і страшнага Суда Божага праведныя людзі атрымаюць жыцьцё вечнае, а грэшныя пайдуць на мукі вечныя.
Што нам трэба ведаць аб Духу Сьвятым?
Патрэбна нам ведаць, што Гасподзь Іісус Хрыстос паслаў ад Айца на зямлю Духа Сьвятога, каб пастаянна з веруючымі прабываў. Дух Сьвяты ёсьць Бог, Які дае, як Бог Айцец і Бог Сын, усяму жыцьцё. Ён вечна выходзіць ад Бога Айца; Яму аднолькавая з Айцом і Сынам належыць пашана. Ён гаварыў цераз Прарокаў, г. зн. Прарокі прадказвалі аб будучыні (праракавалі) не ад сябе, але натхнёныя Духам Сьвятым.

Праваслаўная навука аб Царкве.

Царква Хрыстовая гэта ёсьць таварыства або сабраньне людзей, заснованае Госпадам нашым Іісусам Хрыстом, члены (сябры) якога (людзі) вызнаюць адзіную ісьціную або Праваслаўную веру, асьвячаюцца Сьвятымі Таінствамі і навучаюцца духоўнымі пастырамі, каб вясьці багабойнае жыцьцё на зямлі і атрымаць збаўленьне і вечнае шчасьце на небе.
Адзіная Галава Царквы, Яе кіраўнік ёсьць Сам Гасподзь наш Іісус Хрыстос і ніякай іншай галавы ў запраўднай Хрыстовай Царкве няма і быць ня можа.
Паводле слоў Спасіцеля, Царква будзе вечна: «Збудую царкву Маю, сказаў Хрыстос, і вароты пякельныя не перамогуць яе». Ён-жа абяцаў заўсёды быць з Царквою, кажучы: «Вось Я з вамі ўва ўсе дні да сканчэньНя веку. Амінь».
Ці можна збавіцца без Царквы? Не, без Царквы мы ня можам збавіцца, бо хто аддаляецца ад Царквы, той аддаляецца ад Хрыста: «Па-за Царквою няма збаўленьня», кажуць Святыя Айцы.

Праваслаўная навука аб Сьвятых Таінствах.

Таінства — гэта сьвятое дзеяньне, цераз якое, пад пэўным відочным знакам, тайна і нявідочна падаецца нам ласка Божая або спасіцельная сіла Божая.
Таінстваў у царкве Праваслаўнай сем: Хрышченьне, Мірапамазаньне, Прычашчэньне, Пакаяньне, Сьвяшченства, Венчаньне і Памазаньне Сьв. алеем (Елеасвяшчэньне).
У чым значэньне гэтых Таінстваў?
У Хрышчэньні чалавек раджаецца да новага духоўнага жыцьця і робіцца хрысьціянінам.
У Мірапамазаньні даюцца хрысьціяніну дары Духа Сьвятога, якія адраджаюць яго і ўзмацняюць у духоўным жыцьці.
У Прычашчэньні хрысьціянін, прымаючы хлеб і віно, прычашчаецца самога Прачыстага Цела і Сьвятой Крыві Госпада Спасіцеля. Пры гэтым веруючы таямніча злучаецца з Госпадам Іісусам Хрыстом і становіцца прычасьнікам вечнага жыцьця.
У Таінстве Пакаяньня спаведнік, цераз разрашэньне сьвяшчэньніка, нявідочна ачышчаецца ад грахоў Самым Госпадам Іісусам Хрыстом.
У Таінстве Сьвяшчэнства выбраны на пэўнае духоўнае служэньне, цераз архірэйскае рукапалажэньне, атрымлівае Дары Сьвятога Духа, патрэбныя для спаўненьня абавязкаў, з азначаным служэньнем зьвязаных.
У Таінстве Венчаньня падаецца міласьць Божая, што асьвячае супружаскі саюз, на ўзор саюза Хрыста з Царквою.
У Таінстве Памазаньня Сьв. Алеем даецца хвораму хрысьціяніну міласьць Божая, што аздараўляе яго ад немачаў душэўных і цялесных.
Выконваць Таінствы могуць толькі Епіскапы і Прасьвітэры, іначай Сьвяшчэньнікі (гэтыя — ўсе таінствы, апрача Сьвяшчэнства), як будаўнічыя Тайнаў Божых (1 Карынц. 4, 1). Хрысьціць, у выпадку неабходнасьці, можа ўсякі хрысьціянін, з умоваю, аднак, што, калі дзіця будзе жыць, хрышчэньне дапоўніць сьвяшчэньнік.

Пасты Праваслаўнай Царквы.

Праваслаўная Царква захоўвае гэткія многадзённыя пасты.
1.Вялікі пост, іначай Сьв. Чатырадзесятніца, на памяць, што Хрыстос пасьціўся 40 к дзён у пустыні. Да посту гэтага далучаецца Страстная нядзеля на ўспамін мукаў Хрыста Збавіцеля.
2.Калядны пост, іначай Піліпаўка, перад Ражаством Хрыстовым. Піліпаўкай завецца таму, што пачынаецца пасьля сьвята на чэсьць Сьвятога Апостала Піліпа (14 лістапада).
3.Успенскі пост — Спасаўка, (ад 1 да 14 жніўня) перад Усьпеньнем Божай Мацеры.
4.Пятроўка — у чэсьць Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла; пачынаецца праз тыдзень па Сёмусе і цягнецца да Пятра).
Пасты аднадзённыя: серада — на знак жалю, што Юда-здраднік прадаў Хрыста на мукі; пятніца — на ўспамін аб Збаўчых муках Хрыста; напярэдадні Хрышчэньня — 5 (18) студзеня; Адсячэньне Галавы Іоанну Прадцечы — 29 жніўня (11 вересьня) і Узьвіжаньне — 14 (27) верасьня.
Каб пост наш быў угодны Богу і карысны для нас, мы павінны пасьціцца не дзеля людзкога, як кажуць, вока, але перад Богам, з любоўю да Яго; гэта значыць у пост ня можна ня толькі есьці мяса, масла і іншай скароміны, але і ў посных стравах трэба быць умяркаваным; затым трэба устрымлівацца ад брыдкіх словаў, непатрэбнай гульні, чытаньня кніжак, якія могуць выклікаць нячыстыя думкі і пажаданьні, і наагул ухіляцца ад ўсяго, што можа навясьці нас на спакушэньне.
Вельмі добра і карысна скончыць пост ачышчэньнем душы ад грахоў у Сьв. Споведзі і асьвяціць яе прычашчэньнем Сьв. Цела і Крыві Хрыстовай.

Храм Божы.

Мы, праваслаўныя, ходзім маліцца ў царкву, або ў храм Божы. Тут мы бачым: іконастас, за ім аўтар, у аўтары прастол і жэртвенік (ахвярнік). На прастоле ляжаць антымінс, евангельле, хрест; на ахвярніку — чаша, дыскос, кап’ё, лыжачка (лжыца) і іншыя патрэбныя да службы Божай рэчы. У іканастасе ёсьць царскія дзьверы і бакавыя дзьверы, тут-жа вісяць іконы — Збавіцеля, Божай Мацеры і многіх Сьв. Угоднікаў. Перад іконастасам зроблены крыласы; ля іх, як і па ўсёй царкве, стаяць харугві і абразы (іконы).
У царкве сьвяшчэньнік служыць у асаблівых сьвяшчэнных адзежах, якія завуцца: падрызьнік, эпітрахіль, пояс, поручы, рыза.
Службу Божую ў царкве адпраўляюць: дыякан, сьвяшчэньнік, епіскап.
У храме Божым трэба стаяць уважна, не размаўляць, ня дурэць, не азірацца, але шчыра маліцца і з увагай слухаць словы сьвяшчэньніка, пяяньне і чытаньне. Належыць усім вучыцца сьпяваць у царкве, каб славіць Бога.

Багаслужэньне.

Богу ўгодна, каб мы заўсёды маліліся. У манастырох, дзе жывуць людзі, ахвяраваўшыя сябе на служэньне Богу (манахі), кожны дзень адпраўляюцца службы ў розную пару дня і ночы. Апоўначы служыцца палуношчніца, раніцаю — утраня, ў першую па ўсходзе солнца гадзінупершы час, потым — трэці час, шосты час, літургія або абедня, дзевяты час, вячэрня, павячэрые.
Усе службы гэтыя, звычайна, для адправы, злучаюцца па тры зараз: рана — полуношчніца, утраня і час першы; ў дзень — часы (трэці і шосты) і абедня; ўвечары — дзевяты час, вячэрня і павячэрые. Перад вялікімі сьвятамі з вечара служыцца ўсяночная, зложаная з вячэрні, утрані і першага часу.
Багаслужэбная кніжка, ў якой зьмешчаны часы і іншыя царкоўныя службы, называецца часасловам. З часаслова кожны можа маліцца дома, трэба толькі прапускаць словы, якія гаворыць сьвяшчэньнік, а яго пачаткавы возгалас: „Багаслаўлён Бог наш“", замяніць малітваю: „Малітвамі Сьвятых Айцоў нашых, Госпадзі Іісусе Хрысьце, Божа наш, памілуй нас“.

Літургія (Абедня).

З усіх царкоўных службаў найважнейшай ёсьць літургія або абедня. Падчас яе ўспамінаецца намі ўсё зямное жыцьцё Госпада нашага Іісуса Хрыста, пачынаючы Ражаством і канчаючы Узьнясеньнем Яго на неба. У часе-ж літургіі прыносіцца Богу найвялікшая ахвяра — Цела і Кроў Хрыстовая для спасеньня людзей. Прысутнымі пры абедні ёсьць і сьвятыя Ангелы, якія нявідочна абкружаюць Прастол Божы, відочна-ж у гэтым часе напаўняюць царкву верныя людзі, якія, разам з сьвяшчэньнікам, шчыра моляцца Богу, дзякуючы і славячы Яго за вялікую міласьць да нас грэшных, просячы і далей не пакідаць без Свае апекі.
Абедня дзеліцца на тры часьці: 1 — проскомідыя, 2 — літургія аглашенных і 3 — літургія верных.
У часе проскомідыі сьвяшчэньнік стаіць пры ахвярніку, прыгатаўляючы Сьв. Дары, якія потым, у часе абедні, ператвараюцца ў Цела і Кроў Хрыстовую. Прыгатаўленьне робіцца так, што сьвяшчэньнік з пяцёх пшанічных кіслых хлябкоў, званых просфарамі, бярэ першы і вырэзвае агнец, у чэсьць Іісуса Хрыста, а ў чашу ўлівае віно з вадою. Потым з другой просфары вымаецца часьціца ў чэсьць Мацеры Божай, з трэцяй — 9 часьціцаў на чэсьць усіх Сьвятых, з чацьвертай — за здароўе жывых і з пятай — за упакой памёршых, памінаючы адных і другіх паіменна. На крыласе тымчасам чытаюць часы — трэці і шосты. Падчас проскамідыі ўспамінаюцца Ражаство Хрыстовае і Мукі Хрыстовыя.
Другая часьць абедні завецца літургіяй аглашэнных, таму, што пры яе адправе могуць быть прысутнымі ў царкве не адны верныя, але й аглашэнныя, г. зн. прыгатаваныя да хрышчэньня, але яшчэ ня хрышчаныя.

Літургія аглашэнных пачынаецца праслаўленьнем царства Божага ў словах: „Благослове́нно ца́рство Ѻ҆тца̀ и҆ Сы́на и҆ Свѧта́гѡ Дꙋ́ха, ны́нѣ и҆ при́сно и҆ во вѣ́ки вѣкѡ́въ. А҆мі́нь“. (г. ё. багаслаўлёна царства Айца і Сына і Сьв. Духа, цяпер і заўсёды і на векі вечныя. Амінь) і канчаецца загадам да аглашэнных выйсьці з храму: „Є҆ли́цы ѡ҆глаше́ннїи и҆зыди́те“ (хто аглашэнны, выйдзі). Складаецца яна з малітваў, званых ектэніямі (калі пяюць: „Го́споди, поми́лꙋй“), сьвяшчэнных песьняў і слова Божага Апостала і Евангельля. Вынас Евангельля перад чытаньнем да народу азначае выступленьне Іісуса Хрыста на пропаведзь.

Трэцяя часьць літургіі завецца літургіей верных, дзеля таго, что на ёй могуць быць прысутнымі адны толькі верныя, г. зн. хрышчаныя.

Літургія верных дзеліцца на 6 частак: 1 — перанясеньне Дароў, 2 — прыгатаваньне да іх асьвячэньня, 3 — самае асьвячэньне, 4 — прыгатаваньне да прычашчэньня, 5 — прычашчэньне і 6 — падзяка за прычашчэньне.

1.Перанос Дароў з ахвярніка, на Прастол адбываецца падчас Хэрувімскай песьні: „И҆́же Херꙋви́мы“. З чашаю і дыскосам у руках, сьвяшчэньнік выходзіць бакавыми (паўночнымі) дзьвярыма да народу і просіць Бога, каб Ён памянуў у Сваім царстве прысутных у храме і ўсіх праваслаўных хрысьціян.

Выхад гэты, званы вялікім, азначае шэсьце Госпада нашага Іісуса Хрыста на мукі.

2.Пасьля перанясеньня Дароў, верныя прыгатаўляюцца да іх асьвячэньня: словамі „Пода́й, Го́споди“ просяць сабе ад Бога розных міласьцяў; прымаюць багаслаўленьне ад сьвяшчэньніка ў словах „Ми́ръ всѣ́мъ“ выказваючы сваю веру ў Бога, пяюць „Вѣ́рꙋю во є҆ди́наго Бо́га“, і заклікаюцца стаяць у царкве добра, багабойна, з думкай у сэрцы аб Богу.

3.Асьвячэньне Дароў — найважнейшы момант літургіі. Яно пачынаецца словамі: „Благодаримъ Го́спода“, пакланеньнем Госпаду разам з Хэрувімамі і Сэрафімамі, сьпяваючымі „Свѧ́тъ, Свѧ́тъ, Свѧ́тъ Госпо́дь Савао́ѳъ“, і складаецца — 1) з успаміну Тайнай вячэры, калі Хрыстос першы раз даў вучням Прачыстае Цела і Кроў Сваю, кажучы: „Прїими́те, ꙗ҆ди́те: сїѐ є҆́сть тѣ́ло Моѐ“ і „Пі́йте ѿ неѧ̀ всѝ сїѧ̀ є҆́сть Кровь Моѧ̀“, 2) з прызываньня Сьв. Духа на Дары (сьвяшчэньнік у гэты час моліцца з паднятымі рукамі, і 3) з багаслаўленьня Сьв. Дароў, калі яны асьвячаюцца, так што хлеб становіцца Целам Хрыстовым, а віно — Крывёю Хрыстоваю. Пасьля асьвячэньня Дароў памінаюцца ўсе сьвятыя на небе, разам з Маткаю Божай, і ўсе, што жывуць на зямлі, праваслаўныя хрысьціяне.

Каб усе, хто ў царкву ня прыйшоў, ведалі, што творыцца асьвячэньні Дароў, і ў гэты час самі маліліся дома, бывае асобны звон, званы звонам „на Вѣрую“.

4.Па асьвячэньні Сьв. Дароў, верныя, што былі ў споведзі, гатовяцца да сьв. прычасьця, просячы ў Бога дараваньня грахоў і розных міласьцяў словамі: „Пода́й, Го́споди“ і малітваю Гасподняю „Ѻ҆́тче на́шъ“.

5.Пасьля гэтага царскія дзьверы засланяюцца заслонай на ўспамін сьмерці і паграбеньня Іісуса Хрыста. Сьвяшчэньнік тым часам прычашчаецца ў аўтары, гатовячы прычасьце для рэшты спаведнікаў. Калі скончыць, завеса адсланяецца, адчыняюцца царскія дзьверы, прычым успамінаецца ўваскрасеньне Хрыстовае, і выносяцца Сьв. Дары з аўтара з заклікам да спаведнікаў: „Со стра́хомъ Бо́жїимъ и҆ вѣ́рою пристꙋпи́те“.

Праслухаўшы малітву перад прычасьцем і зрабіўшы паклон, спаведнікі, злажыўшы нахрэст рукі, багабойна падыходзяць да сьв. чашы і прычашчаюцца самога Прачыстага Цела і Крыві Госпада нашага Іісуса Хрыста дзеля ачышчэньня ад грахоў і жыцця вечнаго.

Выхад сьвяшчэньніка з чашаю і заклік прыступіць да прычасьця напамінаюць уваскросшага Хрыста, як Ён зьявіўся вучням Сваім.

6.Дзякуючы Богу за прычашчэньне, веруючыя ў другі раз кланяюцца Хрысту, калі сьв. чаша йзноў выносіцца да верных пры словах сьвяшчэньніка: „Всегда̀, ны́нѣ, и҆ при́снѡ, и҆ во вѣ́ки вѣкѡ́въ“. Гэтым разам выгалашаныя словы з падняцьцем чашы азначаюць узьнясеньне на неба Госпада і Яго абяцаньне быць з намі на зямлі нявідочна заўсёды, да канца сьвету.

Атрымаўшы багаслаўленьне Гасподняе ад сьвяшчэньніка і пацалаваўшы хрэст, праваслаўныя людзі разыходзяцца па хатах, дзякуючы Богу, што спадобіў быць учасьнікам сьв. абедні, ачышчаючай нас ад грахоў.