Перайсці да зместу

Першая навука Закону Божага (1936)/Новы Завет

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Стары Завет Новы Завет
Сьвятая гісторыя
Аўтар: Сяргей Паўловіч
1936 год
Праваслаўная Вера

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НОВЫ ЗАВЕТ.

Ражаство Прасьвятой Багародзіцы.

Прасьвятая Дзева Марыя радзілася ў горадзе Назарэце ў старэнькіх багабойных бацькоў Якіма і Ганны. Яны былі бязьдзетныя, і шчыра маліліся, каб Бог паслаў

Ражаство Прасьвятой Багародзіцы.

ім дзіця. Калі-б так сталася, бацькі гатовы былі аддаць яго на службу Богу. Гасподзь пачуў іх малітвы і паслаў ім дачку Марыю. Шчыра дзякавалі Богу старыя бацькі за такую да іх міласьць.

Ражаство Прасьвятой Багародзіцы сьвяткуецца 8-21 верасьня.

Уводзіны ў храм Прасьвятой Багародзіцы.

Калі Прасьвятой Дзеве Марыі споўнілася тры гады, бацькі Яе пастанавілі выпаўніць дадзенае Богу абяцаньне. Яны склікалі сваякоў, запрасілі таварышак дачкі свае, апранулі Яе ў лепшую адзежу і павялі ў храм, каб

Уводзіны ў храм Прасьвятой Багародзіцы.

пасьвяціць Богу. Пры ўваходзе у храм спаткаў Яе першасьвяшчэньнік і ўвёў проста ў Сьвятое Сьвятых, куды й сам мог уваходзіць толькі адзін раз у год. Бацькі Яе вярнуліся дадому, а Дзева Марыя засталася жыць пры храме.

Уводзіны ў храм Прасьвятой Дзевы Марыі сьвяткуюцца 21 лістапада—4 сьнежня.

Дабравешчаньне Прасьвятой Багародзіцы.

Калі Прасьвятая Дзева Марыя дарасла чатырнаццацёх гадоў і Ей паводле звычаю, ня можна было больш заставацца пры храме, сьвяшчэньнікі даручылі Яе сваяку, старому Іосіфу, с царскага роду Давіда, і адправілі жыць да яго ў горад Назарэт. Іосіф быў чалавек набожнага жыцьця, небагаты і займаўся плотніцтвам. Дзева Марыя,

Дабравешчаньне Прасьвятой Багародзіцы.

жывучы ў яго доме, наглядала за ўбогаю гаспадаркаю Іосіфаваю, чытала Сьвятыя Кнігі і малілася Богу. Аднаго разу Яна чытала Сьвяшчэннае Пісаньне, раптам зьявіўся перад Ею Архангел Гаўрыіл і сказаў: „Ня бойся, Марыя! Ты знайшла ласку ў Бога; Ты народзіш Сына і дасі Імя Яму Іісус. Ён будзе Вялікі і Сынам Найвышэйшага будзе звацца“. Марыя зразумела, што Архангел кажа Ёй аб народжаньні даўно чаканага яўрэямі Мэсіі, збавіцеля людзей. Сьвятая Дзева Марыя з вераю і пакораю прыняла вестку Архангела.

Дабравешчаньне Божай Мацеры святкуецца 25 сакавіка—7 красавіка.

Ражаство Хрыстова.

У той час, калі прышла пара радзіцца Хрысту, рымскі цар загадаў перапісаць усіх падуладных яму людзей.

Ражаство Госпада нашага Іісуса Хрыста.

Дзеля гэтага кожны жыхар павінен быў запісацца ў тым месьце, адкуль паходзілі яго бацькі. Іосіф і Марыя, якія паходзілі з роду Давідавага, пайшлі ў свой родны горад Віфлеем (недалёка Ерусаліму), дзе калісь жылі іх продкі. З прычыны перапісі, народу ў горад гэты сабралася так многа, што немагчыма было знайсьці месца на начлег. Іосіф і Марыя прыпыніліся ў пячоры, куды пастухі ў непагоду заганялі скаціну. Тут Прасьвятая Дзева Марыя і радзіла дзіцятка, спавіла Яго і палажыла ў ясьлі. Была ноч. Пастухі вартавалі чараду ў полі. Раптам зьявіўся ім Ангел Гасподні і слава Гасподня асьвяціла іх; яны перапужаліся. Ангел абвясьціў ім аб нараджэньні Спасіцеля. Неспадзявана з Ангелам зьявілася мноства другіх Ангелаў, якія славілі Бога і гаварылі: „Слава на вышынах Богу і на зямлі мір сярод людзей добрай волі“. Калі Ангелы ўзьняліся на неба, пастухі пайшлі ў пячору і першыя з людзей пакланіліся Дзіцятку Іісусу.

Ражаство Іісуса Хрыста сьвяткуецца 25 сьнежня—7 студня.

Пакланеньне валхвоў (магаў).

Таго часу, ў краі, дзе некалі жылі палоненыя яўрэі, вучоныя людзі званыя валхвамі або магамі, якія вывучалі рух сьвяцілаў нябесных, ўгледзілі на небе нязвычайна яркую зорку. Яны думалі, што надзвычайныя нябесныя зьявішчы паказваюць на асаблівыя здарэньні на зямлі. Ад вучоных яўрэяў яны маглі даведацца, што яўрэі чакаюць нараджэньня Вялікага Цара, Які заўладае ўсім сьветам. З кнігі-ж прарока Данііла маглі вычытаць, што чаканы Цар павінен радзіцца іменна ў той час. Таму, як толькі яны ўгледзілі гэтую зорку, дагадаліся, што яна азначае нараджэньне Цара Юдэйскага.

І пайшлі яны ў Ерусалім, каб пакланіцца новароджанаму Цару. Яны былі так пэўныя ў нараджэньні гэтага Цара, што, як прышлі ў Ерусалім, дык проста пачалі пытацца: Дзе народжаны Цар Юдэйскі?

Аб прыходзе валхвоў пачуў Ірад і спужаўся: ў цары ён трапіў прыпадкова, таму баяўся, што народжаны запраўдны Цар Юдэйскі адбярэ ад яго царства. І задумаў ён забіць гэтае Дзіцятка, каб не перешкаджала яму панаваць. Каб пазбыцца Яго, трэба было даведацца, дзе ж Яно цяцер? І вось склікае Ірад вучоных жыдоў, якія зваліся кніжнікамі, і пытае іх, дзе павінен радзіцца Хрыстос? Тыя адказываюць яму, што прарок прадказваў

Пакланеньне валхвоў (магаў).

нараджэньне Хрыста ў Віфлееме. Ірад хацеў яшчэ даведацца аб часе нараджэньня Хрыста. Дзеля гэтага ён запрасіў да сябе валхвоў і спытаўся ў іх, калі іменна яны ўгледзілі гэтую асаблівую зорку? Адпускаючы валхвоў у Віфлеем, Ірад прасіў іх варочаючыся назад зайсьці да яго і рассказаць, каб ён таксама мог пайсьці і пакланіцца Яму (у думцы Ірада было загубіць Дзіця).

Валхвы пайшлі. Гэта быў вечар. Калі яны вышлі з Ерусаліму, дык йзноў ўгледзілі зорку, якую бачылі на бацькаўшчыне Яе пасылаў Бог, каб паказаць, дзе ёсьць народжаны Цар, бо калі-б валхвы пачалі пытацца аб Ім у Віфлееме, ніхто-6 ім Яго ня паказаў. Тымчасам зорка зьзяла над домам, у якім жыла Дзева Марыя з Дзіцяткам і Іосіф. Бачачы яе сьвятло, валхвы ўвайшлі ў хату, пакланіліся Іісусу і далі Яму падаркі.

Дамоў валхвы хацелі вярнуцца той самай дарогай, аднак, у сьне атрымалі загад, каб не варочацца праз Ерусалім, таму іншым шляхам пайшлі ў сваю краіну.

Стрэчаньне Гасподняе.

Паводле закону Юдэйскага, у саракавы дзень па нараджэньні, Дзева Марыя і Іосіф прынясьлі Дзіцятка Іісуса ў храм Ерусалімскі, каб пасьвяціць Богу, а на ахвяру взялі два галубяняткі. У Ерусаліме жыў тады стары чалавек, імем Сімеон, якому было прадказана ад Бога, што ён не памрэ, пакуль ня ўгледзіць Хрыста Спасіцеля. Па натхненьню Духа Сьвятога, Сімеон прышоў у храм, спаткаў тут Дзіцятка Іісуса, ўзяў Яго на свае старэчыя рукі, падзякаваў Богу і пачаў голасна перад усімі гаварыць, што Дзіцятка гэтае ёсьць Спасіцель сьвету, Гасподзь наш Іісус Хрыстос. Тое-ж паўтарала і жыўшая пры храме Ганна прарочыца.

Споўніўшы ўсё паводле закону, Іосіф і Марыя вярнуліся ў Назарэт.

Стрэчаньне Гасподняе святкуецца 2—15 лютага.

Хрышчэньне Госпада.

Калі Іісусу Хрысту споўнілася трыццаць гадоў, Ён прышоў на рэчку Іордан дзе папереднік Яго Іоанн хрысьціў усіх прыходзячых да яго. Іісус Хрыстос таксама пажадаў хрысьціцца ў яго. Іоанн хрысьціў Госпада. Калі

Хрышчэньне Госпада.

Іісус стаў выходзіць з вады, раптам раскрылася над Ім неба, і Дух Сьвяты, ў відзе галуба, зыйшоў на Яго, а з неба пачуўся голас Бога Айца: „Гэты ёсьць Сын Мой найлюбшы, Якому спагадаю“.

Хрышчэньне Гасподняе сьвяткуецца 6—19 студня.

Першыя вучні Іісуса Хрыста.

Пасьля 40 дзённага посту ў пустыні, Іісус Хрыстос прыйшоў на бераг Іордану, дзе хрысьціў Іоанн. Убачыўшы Іісуса, Іоанн адкрыта перад усім народам засьведчыў, што Іісус Хрыстос ёсьць Мэсія, Сын Божы: „Вось Ягня Божае, што бярэ на Сябе грахі ўсяго сьвету“.

Гэтае сьведчаньне чулі вучні Іоанна. Два з іх, Андрэй і Іоанн, уверавалі ў Іісуса, і пайшлі за Ім. Гэта былі першыя вучні Хрыстовы, — вось чаму Андрэй празваўся „першазваным“. Потым Андрэй прывёў свайго брата Сімана, якога Іісус Хрыстос назваў Пятром, што значыць „камень“. Лік вучняў Іісуса Хрыста з часам павялічваўся. З іх пазьней Іісус Хрыстос выбраў 12 і назваў іх апосталамі, г. зн. пасламі, бо Ён пасылаў іх для пропаведзі Свайго вучэньня. На апосталаў Іісус Хрыстос абраў не знатных, багатых ці адукаваных людзей, а самых простых і бедных, якія адзначаліся глыбокай верай і адданнасьцяй Свайму Вучыцелю. Вось імёны 12 апосталаў: Андрэй, ягоны брат Сіман, які зваўся Пятром, Якаў і Іоанн, Піліп і Баўтрамей (Нафанаіл), Мацьвей і Фама, Якаў Алфеяў і Сіман, празваны Зілот, Юда Якаўлеў і Юда Іскарыёт, які пасьля прадаў Хрыста.

Першае чудо ў Кане Галілейскай.

Іісус Хрыстос і вучні Яго былі па запросінах на вясельлі ў Кане Галілейскай, недалёка Назарэту. Была там і Маці Яго. Падчас вясельля не хапіла віна. Даведалася аб гэтым Маці Іісусава і сказала Сыну. Слугам-жа загадала рабіць усё, што Ён скажа. А стаяла ў хаце шэсьць каменных судзін з вадою для амываньня ног, як таго вымагаў усходні звычай. Вось Іісус і кажа слугам: „Налейце вады ў глякі“. Калі яны напоўнілі іх да верху, Іісус сказаў слугам: „Нясеце глякі да загадчыка“. Яны панясьлі. У гляках, замест вады, было добрае віно. Толькі слугі ведалі, скуль яно ўзялося.

Першае чудо ў кане Галілейскай.

Загадчык-жа ня ведаў, таму пачаў выгаварваць маладому, пашто ён добрае віно захаваў пад канец вясельля. Гэта было першае чудо Іісуса Хрыста, і выявіў Ён славу Сваю, і уверавалі ў Яго вучні Яго.

Выгнаньне гандляроў з храму.

На сьвята Пасхі Іісус Хрыстос прыйшоў у Ерусалім. Тут каля храму гандляры прадавалі валы, авечкі і галубы, а за сталамі сядзелі мяняльшчыкі, якія разьменьвалі чужаземныя грошы. Навакол стаяў надзвычайны гоман, крыкі і спрэчкі купляўшых і прадаваўшых. Усё гэта абражала сьвятасьць месца. Бачачы гэта, Гасподзь зрабіў з вяровак біч і пачаў адганяць ім ад храму ўсіх людзей, такжа і оўцы ды валы, а грошы мяняльшчыкаў рассыпаў і сталы іх перавярнуў. Прадаўцом-жа галубоў сказаў: „Забярэце гэнае адгэтуль: не рабеце дому Айца Майго домам торгу“. Ніхто з натоўпу ці гандляроў не спрацівіўся Іісусу Хрысту. Толькі начальнікі храму спыталіся ў Яго: „Які дасі нам знак, чаму гэтак робіш?“ Іісус Хрыстос адказаў ім: „Зруйнуйце храм гэты, і Я ў тры дні адбудую яго“. Гэтымі словамі Іісус Хрыстос паказаў, што яны пазбавяць Яго жыцьця і зруйнуюць цела Яго, але Ён праз тры дні ўваскросьне, і тады ўсе зразумеюць, ці меў Ён права паступіць так з тымі, хто не сьцеражэ парадку ў храме Божым.

Сьцішэньне буры.

Аднаго разу Іісус Хрыстос сеў з Апосталамі Сваімі ў човен і загадаў ім плысьці на другі бераг Галілейскага возера. Яны паплылі, а стомлены Хрыстос заснуў на карме. Тымчасам паднялася страшная бура; хвалі білі ў човен так моцна, што сталі заліваць яго. Хрыстос-жа спакойна спаў. Змораныя Апосталы, напасьледак, пабудзілі Госпада. Адны з іх у страху крычалі: „Вучыцель! няўжо Цябе мала непакоіць, што мы гінем“? Другія-ж клікалі: „Госпадзі! ратуй нас, гінем!“ Выслухаўшы ўсіх, Хрыстос сказаў: «Што вы так палахлівы, малаверныя?»

Сьцішэньне буры.

Потым стаў Ён на карме і магутным голасам прамовіў да расхвалёванага мора: „Змоўкні, пакінь!“ У момант вецер сьціх, і запанавала ціша. Апосталаў апанаваў страх і яны гаварылі між сабою: Хто гэта, што і вецер і мора слухаюць Яго?

Аб чудах Хрыстовых.

Іісус Хрыстос, па міласэрдзю Свайму да людзей няшчасных, тварыў шмат чудаў, якімі паказаў, што Ён ня просты чалавек, але разам і Бог. Чуды ня могуць быць створаны сілаю ці зручнасьцю чалавека, а толькі ўсемагутнаю сілаю Божаю. Так, напрыклад, праз адно толькі датыканьне ці нават адным словам Сваім Іісус Хрыстос аздараўляў хворых, сьляпым даваў зрок, глухім слых, нямым язык і нават уваскрашаў памёршых.

Чудоўнае вылячэньне двох сьляпых.

Аднаго разу ішлі за Хрыстом два сьляпцы, якія — паўтараючы: «Памілуй нас, Іісусе, Сыне Давідаў!» — неадступна прасілі вярнуць ім зрок. Хочучы дазнацца аб сіле іх веры, Хрыстос доўга не зьвяртаў на іх ніякае ўвагі. Напасьледак, калі ўжо прыйшлі ў хату, дзе Ён жыў, пытаецца ў іх: „Ці веруеце ў тое, што Я магу гэта зрабіць?“ Яны адказалі: „Так, Госпадзі!“ Тады Ён дакрануўся да вачэй іх і сказаў: „Па веры вашай хай будзе вам“. І адкрыліся вочы іх. І пайшлі яны славіць Госпада па ўсёй зямлі той.

Уваскрашэньне сына Наінскай удавы.

Ішоў Гасподзь аднойчы ў горад Наін. За Ім, як заўсёды, пасьпяшалі Апосталы, вучні і мноства народу. Калі падыходзілі яны да мястовай брамы, сустрэлі провады нябожчыка: праводзілі адзінага сына беднай удавы. Угледзіўшы сьлёзы мацеры, Гасподзь зьмілаваўся над ёю, спыніў провады, і, зьвярнуўшыся да памёршага, сказаў: «Хлопча! табе кажу, устань!» Памёршы падняўся, сеў і пачаў гаварыць. Усе прысутныя сталі дзякаваць Богу і гаварылі: „Вялікі прарок паўстаў між намі!“

Нагорная пропаведзь.

Нагорную пропаведзь Іісус Хрыстос вымавіў з гары вучням Сваім і мноству народу, які папрыходзіў з усяе Юдэі і Ерусаліму, і прыморскіх гародоў, каб паслухаць Яго і пазбыцца хворасьцяў сваіх. Усе стараліся дакрануцца да Яго, бо ад Яго зыходзіла сіла і аздараўляла ўсіх. Хрыстос гаварыў аб тым, як людзі павінны жыць, каб дасягнуць шчасьця, каб стварылася на зямлі запраўднае Царства Божае, каб і па сьмерці атрымаць чалавеку вечнае спасеньне ў Царстве нябесным.

Бл҃же́ни ни́щїи дх҃омъ, ꙗ҆́кѡ тѣ́хъ є҆́сть цр҇тво нб҇ное. Шчасьлівыя ўбогія духам, бо іх ёсьць царства нябеснае.
Бл҃же́ни пла́чꙋщїи, ꙗ҆́кѡ ті́и ѹ҆тѣ́шатсѧ. Шчасьлівыя тыя, што плачуць, бо яны ўцешацца.
Бл҃же́ни кро́тцыи, ꙗ҆́кѡ ті́и наслѣ́дѧтъ зе́млю. Шчасьлівыя ціхія, бо яны ўнасьледуюць зямлю.
Бл҃же́ни а҆́лчꙋщїи и҆ жа́ждꙋщїи пра́вды, ꙗ҆́кѡ ті́и насы́тѧтсѧ. Шчасьлівыя тыя, што шукаюць і прагнуць праўды (як галодны шукае хлеба), бо яны насыцяцца.
Бл҃же́ни ми́лостивїи, ꙗ҆́кѡ ті́и поми́ловани бꙋ́дꙋтъ. Шчасьлівыя міласьцівыя, бо яны памілаваныя будуць.
Бл҃же́ни чи́стїи се́рдцем, ꙗ҆́кѡ ті́и бг҃а ѹ҆́зрѧтъ. Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.
Бл҃же́ни миротво́рцы, ꙗ҆́кѡ ті́и сы́нове бж҃їи нарекꙋ́тсѧ. Шчасьлівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі назавуцца.
Бл҃же́ни и҆згна́ни пра́вды ра́ди, ꙗ҆́кѡ тѣ́хъ є҆́сть цр҇ство нб҇ное. Шчасьлівыя прасьледваныя за праўду, бо іх ёсьць царства нябеснае.
Бл҃же́ни є҆стѐ, є҆гда̀ поно́сѧтъ ка́мъ, и҆ и҆зженꙋ́тъ и҆ рекꙋ́тъ всѧ́къ ѕо́лъ глаго́лъ на вы̀ лжꙋ́ще мене҆ ра́ди. Шчасьлівыя вы, калі за Меня зьневажаюць вас, выганяюць і гавораць на вас усялякую няпраўду.
Ра́дꙋйтесѧ и҆ весели́тесѧ, ꙗ҆́кѡ мзда̀ ва́ша мно́га на небесѣ́хъ. Радуйцеся і весялецеся, ў нябёсах будзе вам вялікая заплата.

Аб дараваньні крыўдаў і любові да ворагаў.

У Законе Майсеевым дазвалялася мсьціцца за крыўды тым жа спосабам, якім хто быў зьняважаны: „вока за вока, зуб за зуб“. Іісус Хрыстос наагул забараняе мсьціцца, кажучы: „Не праціўся злому. Але хто ўдарыць цябе ў правую шчаку тваю, падстаў яму і другую, і хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе сарочку, аддай яму і верхнюю вопратку“. Гэтыя прыклады гавораць, што ўсялякае зло трэба перемагаць дабром. „Усякаму, хто просіць чаго ў цябе, дай і ад узяўшага тваё не вымагай назад. „Ва усім, як хочаце, каб з вамі абыходзіліся людзі, так і вы абыходзьцеся з імі“.

Аб міласьціне.

Міласьціну бедным трэба даваць не дзеля таго, каб людзі бачылі гэта і хвалілі таго, хто дае. Міласьціну трэба даваць скромна, не выстаўляючыся на людзях, даваць ад чыстага сэрца, з адным толькі жаданьнем памагчы няшчаснаму. Калі даеш міласьціну, хай левая твая рука ня ведае, што робіць правая, і каб міласьціна твая была ўтоена. Айцец твой, бачачы ўтоенае, наградзіць цябе яўна.

Аб сіле малітвы Гасподзь гаварыў у такіх словах: „Прасеце і дадзена будзе вам, шукайце і знойдзеце, стукайце і адчыняць вам“. Хрыстос вучыць быць настойлівымі ў шуканьні Царства Божага. Але пры гэтым трэба разьлічваць не на свае слабыя сілы, а на помач Божую, — таму трэба маліцца і прасіць яе ў Бога, і дадзена будзе вам. Усякі, хто просіць, атрымлівае і хто шукае, знаходзіць, а таму, хто стукае, адчыняюць. Ці ёсьць між вамі такі чалавек, які, калі-б сын яго папрасіў ў яго хлеба, падаў бы яму камень, а калі-б папрасіў рыбы, падаў-бы яму зьмяю? Бо калі вы — злыя — умееце аднак рабіць добрае дзецям вашым, дык тым хутчэй Айцец ваш Нябесны дасьць добрае тым, хто просіць у Яго“.

Аб промысьле Божым. «Не клапацецеся — кажа Гасподзь — аб душы вашай, што вам есьці ці піці, і ў што апрануцца. Паглядзеце на птушкі нябесныя: яны ня сеюць, ня жнуць, ня зьбіраюць у сьвірны, аднак-жа Айцец ваш Нябесны корміць іх. Ці вы ня лепшыя за іх? Паглядзеце і на палявыя лілеі, як яны растуць: не працуюць і не прадуць: але кажу вам, што і Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як кожная з іх; калі-ж траву палявую, каторая сяньня ёсьць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, дык колькі-ж больш апякуецца вамі, малаверы!“ „Шукайце наперад Царства Божага і праўды яго, а гэта ўсё (зямное) дадасца вам“.

Аб неасуджэньні блізкіх. „Ня судзеце — кажа Гасподзь — каб ня былі асуджаны. Бо якім судом вы судзіце, такім будуць судзіць і вас, і якою мераю вы мерыце, такою і вам будуць мерыць. Што ты глядзіш на сучок у воку брата твайго, а бервяна ў сваім воку ня чуеш? Двудушнік! вымі раней бервяно з свайго вока і тады ўбачыш, як выняць сучок з вока брата твайго“. Гэты- мі словамі Хрыстос навучае, каб мы не перабіралі чужых грахоў, а сьпяшаліся раней ачысьціцца ад сваіх.


Вялікая па сваёй мудрасьці пропаведзь Хрыста зрабіла глыбокае ўражаньне на слухачоў і вучняў Яго. Народ зьдзівіўся вучэньню Яго, бо Ён гаварыў як Той, што мае ўладу, а не як кніжнікі і фарысэі.
Калі Гасподзь спусьціўся з гары, за Ім пайшло шмат народу.

Прытча аб сяўбіце.

Іісус Хрыстос часта навучаў народ прыповесьцямі (прытчамі), бяручы прыклады з блізкага жыцьця. Іншы раз Ён Сам і тлумачыў іх. Прытчу аб сяўцу Іісус Хрыстос прамовіў, стоячы ў чоўне пры беразе Галілейскага возера, абкружаны вялікім натоўпам людзей.
Выйшаў сяўбіт сеяць. І калі ён сеяў, іншае зерня ўпала пры дарозе: наляцелі птушкі і паклявалі яго; іншае ўпала на камяністае месца і, ўзыйшоўшы, хутка засохла, бо ня мела вохкасьці; іншае-ж упала між цярнінаю, і вырасла цярніна і заглушыла яго; а іншае ўпала на добрую зямлю і, ўзыйшоўшы, прынясло добры плод.
Выслухаўшы прытчу, вучні прасілі Іісуса Хрыста вытлумачыць яе значаньне, і Гасподзь вытлумачыў. Сяўбіт — гэта Сам Іісус Хрыстос; зерня — абвешчанае Ім слова Божае; зямля — вучні і народ, які Яго слухае. Пад дарогай, дзе зерня топчуць падарожныя і клююць птушкі, разумеюцца людзі нядбайныя і зьбянтэжаныя: слова Божае ў іх душах не пакідае ніякага сьледу. Камяністы грунт — гэта людзі, якія з радасьцю прымаюць слова Божае, але яно ня глыбока ўкараняецца ў іх сэрцы і, ў часе жыцьцёвых няўдачаў ці спакушэньня, яны лёгка адкідаюць яго. Цярніны азначаюць жыцьцёвыя клопаты і грахоўныя ўцехі, якія заглушаюць пасеянае ў душы слова Божае. Пад добрым грунтам разумеюцца людзі, якія ня толькі з вераю прыймаюць слова Божае, але і жывуць паводле яго: іх добрыя дзелы зьяўляюцца пладамі пасеянага ў іх душах слова Божага.

Заклік да спрацованых і гаротных.

Іісус Хрыстос прыйшоў абвясьціць Эвангельле праўды ўсім людзям багатым і бедным, адукаваным і простым, шчасьлівым і бяздольным. Аднак неаднолькава сэрцы слухачоў адкрыты для слова Божага. Людзі простыя і ўбогія, абцяжаныя горам і працаю, мо’ хутчэй за мудрых і шчасьлівых нясуць, падобна да дзяцей, адкрытае сэрца і веру, каб успрыняць слова Божае. Вось да такіх-то людзей і зьвярнуў аднаго разу Свой заклік Іісус Хрыстос, кажучы: «Прыдзеце да Мяне ўсе спрацаваныя і гаротныя, і Я заспакою вас. Вазьмеце ярмо Маё на сябе і навучэцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой душам вашым, бо ярмо Маё добрае і цяжар Мой лёгкі».
Увесь цяжар запаведзяў Хрыстовых зьмяшчаецца ў гэткіх словах Яго: „Ва ўсім, як хочаце, каб з вамі абыходзіліся людзі, так і вы абыходзьцеся з імі“.

Чудоўнае насычэньне І. Хрыстом пяцёх тысячаў людзей.

Аднаго разу пайшоў Іісус Хрыстос у нейкае пустыннае месца, каб там адпачыць. Але за Ім пайшло многа людзей: народ бачыў вялікія чуды, якія Іісус Хрыстос тварыў над хворымі, і жадаў паслухаць Слова Яго. Набліжаўся вечар, а там хутка і ноч. Іісус Хрыстос усё яшчэ вучыў народ, які не хацеў расхадзіцца. Тады занепакоеныя вучні кажуць Іісусу: «Месца тут бязьлюднае, а час позьні: адпусьці народ, каб ён мог пайсьці ў блізкія вёскі пераначаваць і купіць сабе хлеба». На гэта Гасподзь адказаў вучням: «Вы дайце ім есьці». Вучні сказалі: „У нас тут толькі пяць хлебаў і дзьве рыбы, але-ж што гэта для такога мноства людзей!“ Тады Іісус Хрыстос загадаў вучням рассадзіць народ на траве радамі па 50 і 100 чалавек і падрахаваць усіх. І зрабілі так, і рассадзілі ўсіх. Аказалася блізка пяцёх тысячаў людзей, не лічучы жанчын і дзяцей. Калі ўсе селі, Гасподзь узяў пяць хлебаў і дзьве рыбы, і паўзіраўшыся ў неба, багаславіў іх, паламаў і даў вучням, каб раздалі народу. І елі ўсе людзі і насыціліся, і яшчэ вучні сабралі недаедкаў 12 поўных кашоў (карабоў).
Людзі, захопленыя чудам, якое стварыў Іісус Хрыстос, гаварылі: „Гэта ўзапраўды Той Прарок, Які павінен прыйсьці ў сьвет“. Даведаўшыся, што яны хочуць прыйсьці, неўспадзеўкі ўзяць Яго і абвясьціць царом, Іісус Хрыстос адаслаў ад Сябе Апосталаў і адыйшоўся на гару адзін, каб памаліцца.

Прэабражэньне Іісуса Хрыста на гары Фавор.

Вучні Хрыстовы не маглі дапусьціць і думкі, што іх Вучыцель можа няслаўна памерці на храсту. Яны яшчэ не разумелі тайны збаўленьня роду чалавечага праз Сына Божага, пасланага на зямлю. Яшчэ не выяўлена была прад імі Боская вялікасьць Іісуса Хрыста. Таму патрэбны быў асаблівы знак, каб паглыбіць і ўзмацаваць іх веру. Такі знак і быў дадзены Апосталам незадоўга перад хрэснымі мукамі Госпада.
Іісус Хрыстос узяў з Сабою трох найбліжшых вучняў Сваіх — Пятра, Якава і Іоанна, пайшоў з імі на гару Фавор і там пачаў маліцца. Калі Іісус Хрыстос маліўся, вучні Яго змораныя заснулі. Прачнуўшыся, яны ўгледзілі, што аблічча (твар) Іісуса Хрыста зьзяла, як сонца, а вопратка Яго стала белая, як сьнег. Тутака, ў славе нябеснай, зьявіліся Яму прарокі Майсей і Ільля, і гутарылі з Ім аб апошніх днёх Яго жыцьця. Раптам ясная хмарка абняла ўсіх, і пачуўся голас

Прэабражэньне Гасподняе.

Бога Айца: „Гэты ёсьць Сын Мой найлюбшы; Яго слухайце“. Вучні спалохаліся і ўпалі на зямлю, а як усталі і азірнуліся, нікога ўжо ня бачылі, апрача Іісуса, ў звычайным Яго выглядзе.

Прэабражэньне Гасподняе (Спас) сьвяткуецца 6—19 жніўня.

Прытча аб міласэрным самараніне.

Юдэйскі законьнік, спакушаючы І. Хрыста, спытаўся: «Хто мой бліжні?» У адказ на гэтае пытаньне І. Хрыстос сказаў такую прыповесьць.
Нейкі чалавек ішоў з Ерусаліму ў Ерыхон і папаўся разбойнікам, каторыя зьнялі з яго вопратку, ранілі яго і пайшлі, пакінуўшы на дарозе ледзь жывым. Але вось — здарылася — ішоў тою самаю дарогаю адзін сьвяшчэньнік. Ён бачыў няшчаснага, аднак прайшоў міма. Таксама і лявіт, быўшы на тым месцы: падыйшоў, паглядзеў і прайшоў міма. Самаранін-жа нейкі, ідучы, ўгледзіў яго і зьлітаваўся: перавязаў яму раны, памазаў алеем і віном, пасадзіў яго на свайго асла і прывёз у заезд, і паклапаціўся аб ім. А на другі дзень, ад’яжджаючы, выняў два дынары, даў гаспадару заезду і сказаў яму: «Даглядай яго і, калі выдаст што болей, я, вярнуўшыся, аддам табе».
Пасля гэтага І. Хрыстос спытаўся ў законьніка: «Як ты думаеш; хто з гэтых трох быў бліжні таму, хто папаўся разбойнікам?» — Ён сказаў: «Той, што зьлітаваўся над ім». Тады І. Хрыстос сказаў яму: «Ідзі і ты рабі гэтак».

Прытча аб блудным сыне.

Што Бог з радасьцю і любоўю прыймае пакаяньне грэшнікаў, гэта І. Хрыстос паказаў у прыповесьці аб блудным сыне.
У аднаго чалавека былі два сыны. І сказаў малодшы з іх айцу: «Дай належную мне часьць маемасьці, і я пайду ад цябе». Ён пайшоў у далёкую краіну, і там хутка прагуляў дабро сваё. 3 голаду наняўся ў пастухі, і рады быў-бы наесьціся ражкоў, што елі сьвіньні, але ніхто не даваў яму. Апамятаўшыся, ён сказаў сабе: «Колькі наймітаў у айца майго маюць лішку хлеба, а я паміраю з голаду. Устану, вярнуся до айца майго і скажу яму: «Айцец! я саграшыў перад небам і табою, і ужо няварты называцца сынам тваім: прыймі мяне, як аднаго з наймітаў тваіх». Так і зрабіў. Айцец здалёк убачыў сына свайго блуднага, і пабегшы насустречу, кінуўся яму на шыю і пачаў цалаваць яго. З радасьці айцец загадаў слугам закалоць кормнае цялё: „будзем есьці — кажа — і весяліцца“. І пачалі весяліцца. Калі даведаўся аб гэтым старшы сын, дык вельмі ўзлаваўся на бацьку і не хацеў увайсьці ў хату. „Я столькі гадоў служу табе — кажа, — а ты ніколі ня даў мне нават казьляняці, каб павесяліцца мне з прыяцелямі маімі“. Ён-жа сказаў яму: „Сын мой! ты заўсёды са мною і ўсё маё — тваё, а з брата твайго трэба было цешыцца і весяліцца, бо ён быў памёршы і ажыў, прападаў і знайшоўся“.
Пад айцом тут трэба разумець Бога, а пад малодшым сынам грэшніка, які пакаяўся. «Так на небе больш радасьці будзе аб адным грэшніку, які пакаяўся», сказаў Гасподзь, чымся аб дзевяцьдзесяцёх дзевяцёх праведніках, якія ня маюць патрэбы каяцца».

Прытча аб багатым і ўбогім.

Жыў адзін багаты чалавек. Ён раскошна апранаўся і штодня банкетаваў. Другі-ж, на імя Лазар, быў убогі, увесь у струпох, ляжаў ля варот багатыра, і рад быў насыціцца хоць-бы крышкамі, што падалі з багатыровага стала; сабакі, прыходзячы, лізалі струпы яго. Памёр убогі і быў аднесены ангеламі на лона Аўраамава. Памёр і багаты. Будучы ў муках, падняў з пекла вочы свае, убачыў здалёк Аўраама і Лазара на лоне яго і загаласіўшы, сказаў: „Отча Аўрааме! зьлітуйся нада мною і пашлі Лазара, каб хаця абмачыў канец пальца свайго ў вадзе і асьвяжыў язык мой, бо я мучуся ў полымі гэтым“. Але Аўраам сказаў: «Прыпомні, што ў жыцьці тваім меў ты адно добрае, а Лазар благое: цяпер жа ён тут пацяшаецца, а ты церпіш вялікія мукі, — да таго-ж між намі прорва вялікая, так што адгэтуль да вас або адтуль да нас перайсьці ня можна». Тады багаты сказаў: «Дык прашу цябе, отча, пашлі Лазара ў дом айца майго, хай засьведчыць братом мам, як я тут пакутую, каб яны ня прыйшлі ў гэтае месца мученьня». Аўраам адказаў: „У іх ёсть Майсей і прарокі, няхай слухаюць іх“. Ён-жа сказаў: «Не, отча Аўрааме! Калі хто з памёршых прыйдзе да іх, дык пакаюцца». Тады Аўраам адказаў: «Калі Майсея і прарокаў ня слухаюць, дык хоць-бы хто з мёртвых уваскрос, не павераць».

Прытча аб мытару і фарысэі.

Фарысэй і мытар увайшлі ў царкву памаліцца. Фарысэй, стоячы наперадзе, каб усе яго бачылі, маліўся гэтак: „Божа! дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі: зьдзірцы, крыўдзіцелі, чужаложцы, або як гэты мытар“. А мытар, стаўшы здалёк, не адважваўся нават падняць вачэй на неба, але б’ючы сябе ў грудзі, гаварыў: „Божа! будзь міласьцівы да мяне грэшнага“.
Бог прыймае толькі малітву шчырую, якая йдзе ад сэрца. Вось чаму Хрыстос і кажа: „Мытар пайшоў апраўданым хутчэй, чымся той, бо ўсякі, хто сябе вывышшае, будзе паніжаны, а паніжаючы сябе ўзвысіцца“. Мы не павінны, як той фарысэй выхваляцца сваімі добрымі паступкамі, сваёю праведнасьцю і пагарджаць іншымі людзьмі. Фарысэі ўсё рабілі напаказ, — лічылі, што яны лепшыя і сьвяцейшыя за ўсіх людзей. Наадварот, мытары лічыліся ў грамадзянстве вялікімі грэшнікамі (падчас зьбіраньня падаткаў часта крыўдзілі народ), тым часам вось гэты, эвангельскі, аказваецца ў вачох Божых больш апраўданым, чымся фарысэй.

Багаславеньне дзяцей.

Аднаго разу, калі Іісус Хрыстос вучыў народ, да Яго праціскаліся праз натоўп жанчыны з дзяцьмі, каб Ён дакрануўся да іх і ўсклаў на іх рукі. Вучні Яго, бачачы гэта, забаранялі ім, каб дзеці ня трывожылі Госпада. Але Ісус Хрыстос абурыўся на вучняў і, паклікаўшы дзяцей, сказаў: „Пусьцеце дзяцей прыходзіць да Мяне, і не забараняйце ім, бо гэткіх ёсьць Царства Божае. Запраўды кажу вам: хто ня прыйме Царства Божага, як дзіця, той не ўвайдзе ў яго“. І абняўшы іх, усклаў на іх рукі і багаславіў іх.
За што дзеці заслужылі ласку Госпада і абяцаньне Царства Божага? Толькі за свае чыстыя, беззаганыя сэрцы. І ўсякі, хто шукае Царства Божага, павінен мець, падобна да дзяцей, чыстае, незласьлівае сэрца.

Уваскрашэньне Лазара.

Набліжаўся час, калі Хрысту Спасіцелю трэба было адпакутаваць, памерці і ўваскроснуць. Дзеля гэтага пашоў Ён у Ерусалім.

Недалёка ад Ерусаліму была вёска Віфанія, дзе жылі Лазар і сёстры яго Марфа і Марыя. Хрыстос любіў гэтую багабойную сям’ю і часта яе адведваў.

Кіруючыся ў Ерусалім, Іісус Хрыстос павінен быў праходзіць цераз гэтую вёску. Далёка яшчэ быў Ён ад яе, як моцца захварэў Лазар. Сёстры яго, даведавшыся, што Гасподзь ідзе ў Ерусалім, паслалі сказаць Яму аб хваробе Лазара. Яны спадзяваліся, што Хрыстос пасьпяшыць вылечыць іх брата. Пачуўшы, аднак, ад пасланцоў, што Лазар хворы, Гасподзь ня толькі не пасьпяшыў да яго, але сумысьля застаўся два дні ў тым месцы, дзе знаходзіўся. Цераз два дні Гасподзь сказаў Апосталам: „Лазар памёр; пойдзем да яго!“

Калі Гасподзь з Апосталамі, проводжаны вялікім натоўпом людзей, збліжыўся да Віфаніі, насустрэчу вышла Марфа і з сумам сказала: „Каб Ты быў тут, ня памёр бы Лазар“. — „Уваскросьне брат твой!“ — сказаў ёй на гэта Хрыстос.

Хутка прыбегла Марыя, і з плачам кінулася да ног Іісуса. Заплакаў і Ён, але, хутка запанаваўшы над сабою, спытаўся ў сёстраў: дзе вы палажылі яго? Яны сказалі дзе, і дадалі: „Пайдзі й паглядзі“. Хрыстос пашоў з сёстрамі Лазара да пячоры, у якой быў пахаваны Лазар. Народ ішоў сьледам за Хрыстом, вычуваючы нейкае нязвычайнае здарэньне. Падашлі да магілы. Гасподзь загадаў зьняць камень, прывалены да ўваходу ў пячору. Марфа хацела ўстрымаць Яго, кажучы, што чатыры дні ляжыць Лазар і нядобры дух ідзе ўжо ад яго. Аднак Гасподзь сказаў ёй: «Я казаў табе, калі будзеш верыць, дык угледзіш славу Божу».

Тады адвалілі камень. Падышоўшы бліжэй да пячоры Хрыстос крыкнуў моцным голасам: «Лазар! выйдзі вон!» І на вачох многалікага натоўпу сталася вялікае чудо: з гробу устаў нябожчык. Спавіты пялёнамі, ня могучы далей ісьці ў такім відзе, Лазар стаяў на парозе

Уваскрашэньне Лазара.

магілы перад анямелым народам. Разьвяжэце яго, сказаў Гасподзь, хай ідзе!

Чуда гэтае зрабіла на прысутных вялікае ўражаньне. У Хрыста паверылі нават многія Яго ворагі.

Уваскрашэньне Лазара сьвяткуецца напярэдадні Уваходу Гасподняга ў Ерусалім, альбо Вербнай нядзелі (Вербніцы).

Урачысты уваход Іісуса Хрыста ў Ерусалім.

За некалькі дзён да Сваіх мукаў, Гасподзь наш Іісус Хрыстос сеў на маладога асла і паехаў у горад Ерусалім; з Ім былі Яго вучні і мноства народу. У той час набліжалася сьвята Пасхі і ў Ерусалім сабралося

Уваход Гасподні ў Ерусалім.

многа людзей. Пачуўшы, што Іісус ідзе ў Ерусалім, усе вышлі на спатканьне Яму; адны з іх здымалі з сябе вопратку і слалі на дарозе; другія рэзалі галінкі з дрэваў і так сама ўсьцілалі дарогу. І ўвесь народ пачаў крычаць: „Осанна (спасеньне) Сыну Давідаваму! Багаслаўлёны што йдзе ў імя Госпада! Осанна ў вышніх!“ За прыкладам бацькоў, і дзеці сьпявалі славу Госпаду Іісусу.

Уваход Гасподні ў Ерусалім сьвяткуецца за тыдзень да Пасхі (Вялікадня). Сьвята гэтае ў нас звычайна завецца Вербнай нядзеляй (Вербніцай), дзеля таго што ў гэты дзень, за прыкладам старадаўных яўрэяў, спатыкаўшых з пальмовымі галінкамі Хрыста, мы прыходзім у храм з вярбою. Называецца яшчэ гэтае сьвята нядзеляю Ваій, што значыць пальмовая галінка.

Запаведзі аб любові да Бога і да бліжняга.

Адзін юдэйскі законьнік[1] спытаўся ў Іісуса Хрыста: „Вучыцель! якая самая галоўная запаведзь у законе?“ — Іісус Хрыстос адказаў яму: „Палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім. Гэта ёсьць першая і найбольшая запаведзь. Другая-жа падобная да яе: палюбі бліжняго свайго, як самога сябе. На гэтых дзьвёх запаведзях грунтуецца ўвесь „закон і прарокі“, г. зн. іх навука.

Ахвяра беднае ўдавы.

Выходзячы з храму, Гасподзь затрымаўся на мінуту каля скарбонкі, у якую багамольцы апускалі свае ахвяры на храм, і стаў прыглядацца. Давалі кожны ад дастатку свайго: багацеі самаздаволена клалі ў скарбонку золата і серабро, а адна бедная ўдава палажыла толькі дзьве лепты (дробныя мядзяныя манэты, па-нашаму — 2 грошы). Тады, паклікаўшы да Сябе Апосталаў, Хрыстос сказаў ім: „Запраўды кажу вам: гэтая бедная ўдава палажыла больш за ўсіх, бо ўсе тыя клалі ахвяру Богу ад лішкаў сваіх, яна ж з беднасьці свае палажыла ўвесь пражытак свой, які мела“.
Гэтымі словамі Іісус Хрыстос навучае, што ў вачох Божых цана кожнае ахвяры залежыць ад шчырасьці, з якою хто дае яе.

Вобраз страшнага суду Божага.

Аб апошнім судзе вялікім Сваім Іісус Хрыстос вучыў так: „Калі прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй і ўсе сьвятыя ангелы з Ім, тады сядзе на пасадзе славы Свае, і зьбяруцца перад Ім усе народы: і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе оўцы ад казлоў: і паставіць оўцы (праведных) на правы ад Сябе бок, а казлы (грэшнікаў) на левы“. І скажа Цар тым, якія на правы бок ад Яго: «Прыдзеце, багаслаўлёныя Айца Майго, насьледуйце Царства, прыгатованае вам ад стварэньня сьвету, бо Я хацеў есьці, і вы далі мне (есьці); Я хацеў піць, і вы напаілі Мяне; Я быў у дарозе і вы прынялі Мяне; быў нагі і вы апранулі Мяне; быў хворы і вы наведаліся да Мяне; у вастрозе быў, і вы прыйшлі да Мяне». Тады праведнікі скажуць Яму ў адказ: „Госпадзі! калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці прагнучым і напаілі? Калі мы бачылі Цябе ў дарозе і прынялі? або нагім і апранулі? Калі мы бачылі Цябе хворым або ў вастрозе, і прыйшлі да Цябе?“ І адкажа Ім Цар: „Узапраўды кажу вам: тое што зрабілі вы аднаму з братоў Маіх меншых, вы зрабілі Мне“. Пасьля гэтага скажа тым, што на левы бок ад Яго: „Ідзеце ад Мяне, праклятыя, у вагонь вечны, прыгатованы д’яблу і слугам яго, бо Я быў галодны і вы не далі мне есьці; хацеў піць і не напаілі Мяне; быў у дарозе, і не прынялі Мяне; быў нагі і не апранулі Мяне; хварэў і ў вастрозе, — і не наведаліся да Мяне“. Тады яны скажуць Яму: „Госпадзі! калі мы бачылі Цябе галодным, або прагнучым, або падарожным, або голым, або хворым ці ў вастрозе — і не паслужылі Табе?“ Тады адкажа ім: „Узапраўды кажу вам: як не зрабілі гэтага аднаму з братоў маіх меншых, дык не зрабілі Мне“. І пайдуць гэтыя на муку вечную, а праведнікі ў жыцьцё вечнае.

Кончыў Сваё навучаньне Хрыстос сумным, але ўжо ня раз гавораным прадказаньнем, што раней за ўсё будуць Ягоныя мукі і сьмерць. Гасподзь цяпер ясна паказаў нават самы спосаб яе і дзень: „Вы ведаеце, сказаў Хрыстос, што праз два дні будзе Пасха, і Сын Чалавечы будзе выданы на расьпяцьце“.

Пастанова Сынэдрыёну аб тым, каб забіць Іісуса Хрыста. Здрада Юды.

Між юдэямі было шмат такіх, якія ня верылі ў Іісуса Хрыста і ня любілі Яго за тое, што Ён выяўляў іх праступныя дзеяньні. Асабліва ня любілі Яго юдэйскія першасьвяшчэньнікі і кніжнікі. Пасьля ўваскрашэньня Лазара, калі шмат людзей пайшло за Хрыстом, Яны — баючыся зусім страціць свае ўплывы ў народзе пастанавілі забіць Яго. Чакалі толькі адпаведнае хвіліны. Наступная акалічнасьць прысьпяшыла ім выкананьне іхняе страшнае змовы.
На чацьверты дзень пасьля ўхаходу Госпада ў Ерусалім прыйшоў у сынэдрыён адзін з 12 апосталаў Юда Іскарыёт, і кажа: „Што вы мне дасьцё, і я выдам вам Яго?“ Начальнікі юдэйскія былі вельмі задаволены і запранавалі Юдзе 30 сярэбранікаў (трохі больш за 100 злот.). Гэта была цана, якая звычайна выдавалася за раба, забітага выпадкова. Юда згадзіўся, узяў грошы і стаў чакаць выпадку, каб выдаць ім Іісуса, але ўтайку ад народу.

Тайная вячэра.

За два дні да Пасхі, ў чацьвер вечарам, Іісус Хрыстос з дванаццацьма вучнямі прыйшоў у Ерусалім у прыгатованую Яму сьвятліцу і сеў з імі за стол, каб есьці Пасху. На пачатку гэтай сьвяточнай вячэры Хрыстос умыў ногі вучням Сваім і абцёр рушніком, паказваючы ім гэтым прыклад пакоры. У часе гутаркі з вучнямі Гасподзь сказаў: „Праўду кажу вам, адзін з вас прадасьць Мяне“. Гэта Ён казаў аб Юдзе, які напярэдадні, ў сераду, абяцаў першасьвяшчэньнікам юдэйскім прадаць Яго за трыццаць сярэбранікаў. Юда не адмовіўся ад свае злое думкі. Ледзь скончылася вячэра, ён пасьпешна вышаў з сьвятліцы, каб споўніць сваю агідную справу.
На вячэры Гасподзь узяў у Свае сьвятыя рукі хлеб, багаславіў яго, разламаў і, даючы вучням, сказаў: „Вазьмеце, ешце, гэта ёсьць Цела Маё, што за вас даецца, дзеля дараваньня грахоў“. Потым узяў чашу з віном, і падаючы вучням, сказаў: „Пеце ад яе ўсе, гэта ёсьць Кроў Мая новага завету, што за вас і за многіх праліваецца, дзеля дараваньня грахоў“. Вучні прычасьціліся Цела і Крыві Хрыстовае пад відам хлеба і віна. Прычасьціўшы-ж іх Хрыстос сказаў: „Рабеце гэта на ўспамін аба мне“. Паводле загаду Збавіцеля,

Тайная вячэра.

і адпраўляецца ў нас, у часе літургіі, Таінства Прычашчэньня, калі веруючыя пад відам хлеба і віна прычашчаюцца праўдзівага Цела і праўдзівай Крыві Хрыстовай.


У сьвятліцы Сыонскай Хрыстом і Апосталамі апошні раз была адсьвяткавана Пасха Старога Завету і першы раз Пасха Новага Завету. Калі там ягня першароднае заколвалася ў памяць збаўленьня з палону Эгіпэцкага і выхаду ў зямлю абяцаную, дык тут Сам Хрыстос, як Ягня чыстае і беззаганнае, прыняўшы сьмерць, прынёс Сябе ў ахвяру Богу за грахі людзей, каб вызваліць іх ад рабства духоўнага і адчыніць уваход у Зямлю Абяцаную — Царства Нябеснае.

Тайная вячэра ўспамінаецца ў Вялікі Чацьвер.

Маленьне аб чашы ў садзе Гэфсіманскім.

Калі пасьля тайнае вячэры настала ноч, Іісус Хрыстос пайшоў у сад Гэфсіманскі разам з вучнямі Сваімі, апрача Юды Іскарыёта, які, не дачакаўшыся канца вячэры, сьпяшаўся паведаміць ворагаў Яго. Калі ўвайшлі ў сад; Іісус Хрыстос сказаў Апосталам: „Пасядзеце тут, пакуль я пайду і памалюся“. І ўзяўшы Пятра, Якава і Іоанна, пайшоў з імі ў глыбіню саду, кажучы: „Душа Мая нудзіцца да сьмерці, пабудзьце тут са Мною і ня сьпеце“. Пасьля адыйшоў ад іх на далечыню, як кінуць каменем, і ўпаўшы на калені, пачаў ў вялікай нудзе маліцца, каб падтрымаць Свой Дух, агорнуты жахам перад недалёкімі ўжо мукамі і сьмерцю: „Отча! калі Твая воля, пранясі чашу гэтую міма Мяне, але хай будзе не чаго Я хачу, а чаго Ты“. Зьявіўся-жа Яму Ангел з неба, падтрымліваючы Яго. І ў барацьбе нечалавечай, сьмяротнай, гарачэй і гарачэй маліўся, і быў пот Яго, як каплі крыві, падаючы на зямлю.
Пасьля Сваей малітвы Іісус Хрыстос, падыйшоўшы да вучняў, якіх застаў спаўшымі, сказаў ім, што настаў час і сюды йдзе ўжо той, які прадае Яго.

Узяцьце Іісуса Хрыста.

Юда ведаў, дзе быў Хрыстос з вучнямі. Узяўшы ад архірэяў і начальнікаў жыдоўскіх ваякаў і слугаў з сьветачамі і аружжам, Юда прыходзіць у Гэфсіманію. Убачыўшы Госпада, Юда кажа ім: „Каго я пацалую, Той і ёсьць“. Падыйшоўшы да Хрыста, Юда ўзапраўды пацалаваў Яго, вітаючы звычайным прывітаньнем: „Радуйся, Равві“. Пасьля таго ваякі ўзялі Хрыста, зьвязалі і павялі. Тут апосталы ўсе пакінулі Свайго Вучыцеля і паўцякалі, хто куды. Толькі двох з іх — Пётр і Іоанн — здалёк сачылі за Хрыстом.

Іісус Хрыстос на судзе ў першасьвяшчэньнікаў.

Ня гледзячы на раніцу, у палацы першасьвяшчэньніка Каіфы сабраліся кніжнікі і старэйшыны юдэйскія для суда над Хрыстом. Прыйшло шмат крывасьведкаў, але яны не маглі сказаць нічога, за што можна было-б засудзіць Яго. Тады Каіафа спытаўся ў Яго Самога: „Ці Ты Хрыстос, Сын Божы?“ Іісус Хрыстос адказаў яму: „Так, Я“. Каіафа пры гэтых словах, у прыкідным гневе, разадраў вопратку сваю і выклікнуў: „Ён зьневажае Бога. Якое яшчэ патрэбна нам сьведчаньне? бо-ж мы самі чулі хулу Яго, з вуснаў Яго. Як вам здаецца — што рабіць з Ім?“ Усе адказалі: „Ён варты сьмерці“.
Пасьля гэтага Іісуса вывялі на панадворак. Тут вартаваўшыя Яго пачалі зьдзекавацца над Ім. Яму плявалі ў твар, білі па вушох і шчоках; іншыя-ж затуліўшы рукамі сваімі твар Яго і б’ючы, пыталіся насьмяхаючыся: „Прароч, хто Цябе ўдарыў?“ І шмат чаго іншага агіднага казалі на Яго. Гасподзь ціха, пакорна, моўчкі перанасіў усё гэта, хоць, як Сам казаў, мог бы ўпрасіць Айца, і Айцец паслаў-бы легіёны Ангелаў, каб абараніць Яго. Але тады не адбылося б адкупленьне роду чалавечага.
Калі Юда-здраднік даведаўся, што праданы ім Хрыстос засуджаны на сьмерць, ён, адчуўшы сваё вялікае праступства, поўны жаху, пайшоў да першасьвяшчэнькаў і старэйшынаў, кінуў ім атрыманыя 30 сярэбранікаў і сказаў: „Саграшыў я, прадаўшы Кроў непавінную“. На гэта яны адказалі: „А нам што да таго, глядзі сам“. Вялікі жах і роспач напоўніла душу Юды. Ён сьпяшыць выйсьці з храму, каб хутчэй знайсьці канец. Бліжэйшае дрэва, на якім павісла цела Юды, прынясло яму вызваленьне ад душыўшых яго мукаў.

Суд над Іісусом Хрыстом у Понтыя Пілата. Суд Ірада.

Прысуд сынэдрыёну вымагаў яшчэ зацьверджаньня з боку начальніка Юдэі — рымскага пракуратара, якім на той час быў Понты Пілат. Іісуса Хрыста і павялі да яго. Бачачы зьвязанага чалавека, Пілат спытаўся: „У чым вінаваціце вы гэтага чалавека?“ Яны сказалі: „Калі-б Ён ня быў злодзей, мы не прывялі-6 Яго да Цябе. Ён называе Сябе царом і забараняе плаціць падаткі рымскаму кесару“. Пілат спытаўся Яго: „Ты Цар Юдэйскі?“ Іісус адказаў, што Ён узапраўды Цар, але „Царства Маё — кажа — не ад гэтага сьвету“, і што дзеля таго Ён і нарадзіўся і на тое прыйшоў у сьвет, каб „вучыць усіх праўды і ісьціны“. Пілат сказаў ворагам Іісусавым, што ён не знаходзіць у Ім ніякае віны. Даведаўшыся-ж, што Хрыстос з Галілеі, Пілат, хочучы ўхіліцца ад гэтае прыкрае справы, загадаў адвесьці Яго на суд да Ірада, начальніка Галілеі, які ў тыя дні быў у Ерусаліме. Пайшоў да Ірада і ўвесь сынэдрыён.
Ірад таксама не знайшоў ніякае віны і адаслаў Яго назад да Пілата. Пілат сказаў: „Вось і Ірад, да якога я пасылаў гэтага чалавека, не знаходзіць у Ім ніякае віны. Таму я думаю, пакараўшы Яго, звольніць Яго зусім“. Пілат лічыў Іісуса невінаватым і хацеў уратаваць Яго ад сьмерці.
У жыдоў быў звычай, што з прычыны сьвята начальнік Юдэі звальняў, па выбару народу, каго-колечы з засуджаных на сьмерць. Ось Пілат і пытаецца далей: „Каго хочаце адпусьціць вам — Варавву (гэта быў злодзей, бунтаўшчык супроць рымскае ўлады) ці Іісуса?“ Але першасьвяшчэньнікі і старэйшыны ўжо пасьпелі пераманіць народ на свой бок, і таму на пытаньне Пілата народ закрычаў: „Не Яго, а Варавву!“ — „Што-ж благога ўчыніў Ён?“ спытаўся Пілат. Але яны яшчэ мацней закрычалі: «Распні, распні Яго!» Бачачы, што народ больш і больш абураецца і трэбуе сьмерці Хрыста, Пілат узяў вады, умыў перад народам свае рукі і сказаў: «Невінаваты я ў крыві гэтага Праведніка. Глядзеце: ня я, а вы будзеце вінаватыя». Тады ўвесь народ закрычаў: «Кроў Яго на нас і на дзецях нашых!». Пасьля гэтага Пілат выдаў загад звольніць з вастрогу Варавву, Ісуса-ж, «біўшы», аддаў на волю Яго ворагаў.
Ваякі Пілатавы вывялі Іісуса на панадворак і тут пачалі зьдзекавацца над Ім. Яны налажылі Яму на галаву вянок з цярніны, апранулі Яго ў чырвоны плашч, пасьля далі ў правую руку тросьць і, падаючы перад Ім на калені, плявалі ў твар і зьдзекаваліся, кажучы: «Радуйся, Цар Юдэйскій!» А потым вырывалі з Ягоных рук тросьць і білі ёю па галаве. Іісус Хрыстос з вялікаю пакораю і моўчкі цярпеў гэтыя нечалавечыя мукі, малючыся за Сваіх катаў. Пасьля гэтага ваякі-каты ўзялі Хрыста, скінулі з Яго чырвоную акрываўленую вопратку, апранулі ў Яго ўласнае адзеньне і, з цярновым вянком на галаве, павялі на месца казьні. Разам з Госпадам вялі і двох засуджаных на расьпяцьце разбойнікаў.

Расьпяцьце Іісуса Хрыста і сьмерць Яго.

Прышлі на Галгофу, або Лобнае месца. Тут і расьпялі Хрыста, — Іісуса ў сярэдзіне, разбойнікаў наабапал Яго. Калі расьпіналі і прыбівалі гваздамі да храста працягнутыя ўздоўж перакладзіны рукі і ногі, ніхто не пачуў ніводнага стогну ці жальбы з вуснаў Спасіцеля. Ён толькі маліўся за Сваіх мучыцеляў: «Отча! даруй ім, бо ня ведаюць, што робяць». Да храста, над галавою Госпада — загадам Пілата — была прыбіта дошчачка з надпісам: «Іісус Назаранін, Цар Юдэйскі».
Першасьвяшчэнікі і кніжнікі зьдзекаваліся над Іісусом Хрыстом і гаварылі: «Іншых спасаў, няхай-жа Сябе Самога спасе, калі Ён Хрыстос, выбранец Божы. Тады мы першыя ўверуем у Яго». Тое самае паўтараў народ і ваякі. Нават адзін з разбойнікаў, расьпятых з Госпадам, зьдзекаваўся над Ім і казаў: «Калі Ты Хрыстос, спасі Сябе і нас». Другі-ж разбойнік, больш разважны і спагадлівы, сунімаў Яго і казаў: «Ці-ж ты не баішся Бога, калі і сам засуджаны на тое-ж? Але мы засуджаны справядліва, за нашыя ліхія ўчынкі, а Ён нічога злога не зрабіў». І сказаў Іісусу: «Успомні мяне, Госпадзі, калі прыйдзеш у Царства Тваё». На гэтае маленьне і раскаяньне разбойніка Іісус, Які ўвесь час маўчаў, адказаў: «Запраўды кажу табе: сяньня-ж будзеш са Мною ў раі».
Недалёка ад храста Госпадавага, у страшным горы, заплаканыя, ледзь жывыя, стаялі: Маці Яго, Ап. Іоанн, Марыя Магдаліна і шмат іншых. Паказаўшы лёгкім нахіленьнем галавы на любага вучня, Іісус Хрыстос сказаў Маці Сваёй: «Жанчына, вось сын Твой». Пасьля кажа вучню: «Вось Маці твая». Гэтымі словамі Хрыстос даручаў Сваю Маці дагляду Ап. Іоанна, які з таго часу прыняў яе ў свой дом і апекаваўся ёю, як сын сваёю Маткаю.
У шэсьць гадзін, па нашаму дванаццаць, усю зямлю раптам пакрыла цьма, і настала ціша вялікая: быццам уся прырода прыхілілася да тайны, якая дзеялася на

Расьпяцьце Іісуса Хрыста.

Галгофе. У дзевяць гадзін Іісус Хрыстос моцным голасам выклікнуў: «Отча! у рукі Твае аддаю дух Мой». Пасьля гэтага, сабраўшы ўсе сілы, вымавіў апошнія Свае словы: „Збылося“ і, схіліўшы на грудзі галаву, аддаў дух.

У момант сьмерці Госпада зьявіліся многія дзіўныя знаменьні: затраслася ўся зямля, у храме Ерусалімскім разадралася — ад верхняга краю да ніжняга — сьвяшчэнная заслона, распаліся каменьні, адкрыліся магілы і многія памёршыя сьвятыя ўваскросьлі.
Усіх, хто быў на Галгофе, апанаваў вялікі страх. Перапалохаліся і ваякі, якія сьцераглі Іісуса. Сотнік-жа, бачачы землятрасеньне і ўсё, што было, у вялікім узварушэньні праславіў Бога і выклікнуў: «Узапраўды, гэты Праведнік быў Сын Божы!»

Пахаваньне Госпада.

Вечарам таго дня начальнікі юдэйскія прышлі да Пілата і прасілі дазволіць перабіць расьпятым галені, каб яны хутчэй памёрлі: надыходзіла вялікае сьвята — Пасха, і нядобра, каб павешаныя заставаліся падчас сьвята на храстах. Пілат пазволіў. Прышлі ваякі, і ў першага разбойніка перабілі галені, і ў другога, расьпятага з Ім. Калі-ж падыйшлі да Іісуса і ўбачылі, што Ён ужо памёр, дык не перабівалі ў Яго галеняў. Толькі адзін з ваякаў прабіў Яму бок пікаю і — пацякла з раны кроў і вада.
Пазьней прыйшоў да Пілата адзін з тайных вучняў Госпада нейкі Іосіф з Арымафэі, сябра сынэдрыёну, чалавек добры і справядлівы, і прасіў дазволу пахаваць Цела Хрыста. Пілат дазволіў. Іосіфу памагаў другі тайны вучань Госпада — вучыцель закону Нікодым. Яны зьнялі з храста Цела Госпада Іісуса, ахінулі палатном і пахавалі каля Галгофы, у садзе Іосіфа, у новым, высечаным у скале гробе, дзе яшчэ ніхто ніколі ня быў пахаваны. Уваход у гроб быў завалены вялізарным каменем.
На другі дзень пасьля пахаваньня, г. зн. у суботу, першасьвяшчэньнікі і фарысэі, ня гледзячы на сьвята, зрабілі нараду і пастанавілі забясьпечыцца, каб вучні, прыйшоўшы ўночы, ня ўкралі Цела Іісусавага, а пасьля не сказалі народу: „Уваскрос з мёртвых“. Яны пайшлі да Пілата, расказалі, што іх непакоіць і прасілі даць варту да гробу. Пілат згадіўся. Ня гледзячы на сьвятасьць вялікае суботы, нарушэньне якой так часта закідалі Хрысту, яны пайшлі, паставілі варту і прылажылі пячатку сынэдрыёну да каменя, які зачыняў уваход у пячору.

Мукі, сьмерць і пахаваньне Госпада Іісуса Хрыста ўспамінаецца Праваслаўнаю Царквою на тыдні перад Пасхаю, які называюцца, „Страстным“ або Вялікім. У Страстную Пятніцу на „ўтрені“ чытаецца 12 Эвангельляў аб муках Хрыстовых, а на „вячэрні“ выносіцца для пакланеньня народу Сьвятая плашчаніца, г. зн. абраз Іісуса Хрыста, ляжачага ў гробе.

Уваскрасеньне Хрыста.

На трэці дзень пасьля сьмерці Сваей, чуць сьвет, Іісус Хрыстос, сілай Сваёй боскай магутнасьці, ўваскрос. Пры гэтым зрабілася страшэннае зямлятрасеньне. З неба зышоў Ангел Божы, адваліў камень ад дзьвярэй гробу і сеў на ім. Устаўшы з мёртвых, Гасподзь вышаў з магілы. Ваякі, сьцярогшыя гроб, бачачы ўсё гэта, на сьмерць пералякаліся, але потым ачухаўшыся, разьбегліся; некаторыя з іх, аднак, пайшлі да першасьвяшчэньнікаў і данясьлі аб стаўшымся. Тыя далі ім грошай і навучылі казаць усім, што вучні Іісуса Хрыста, прыйшоўшы ўночы, укралі Яго Цела, калі яны спалі.

У той жа дзень Іісус Хрыстос зьявіўся Прачыстай Мацеры Сваёй, Марыі Магдаліне і некаторым набожным жанчынам, таксама Апосталам. Потым Ён у працягу 40 дзён шмат разоў зьяўляўся вучням Сваім і навучаў іх тайнаў Царства Божага.

Сваім уваскрасеньнем Іісус Хрыстос паказаў, што Ён быў не чалавек толькі, а разам і Бог, і калі Ён Сам уваскрос, дык — значыць — можа ўваскрасіць і нас, веруючых ў Яго, і дараваць нам жыцьцё вечнае. Таму вось так радасна для нас ўваскрасеньне Хрыстова.

Уваскрасеньне Хрыстова сьвяткуецца ў нас у сакавіку альбо ў красавіку (між 22 сакавіка і 25 красавіка ст. ст. і 4 красавіка і 8 траўня нов. стылю) ў першую нядзелю пасьля поўні. Гэта самае вялікае сьвята. Завецца яно Сьвятой Пасхай, Вялікаднем. Вялікдзень сьвяткуецца цэлы тыдзень, які завецца Вялікодным.

Хрїсто́съ воскре́се и҆зъ ме́ртвыхъ,
сме́ртїю сме́рть попра́въ,
и҆ сꙋщымъ во гробѣ́хъ живо́тъ дарова́въ.

Зьяўленьні ўваскросшага Хрыста-Спасіцеля Апосталам.

Марыя Магдаліна і іншыя жанчыны расказалі Апосталам, што Гасподзь уваскрос з мёртвых, але тыя не паверылі словам іх.
Позна ўвечары ўсе Апосталы, апрача Фамы, былі разам у адным пакоі, а дзьверы былі зачынены. Раптам зьявіўся ім Іісус Хрыстос і сказаў: «Мір вам!» Яны падумалі, што гэта здань, і перепалохаліся. Але Ён сказаў, што гэта Ён Сам, і паказаў ім рукі, ногі і робры Свае. Калі-ж яны з радасьці ўсё яшчэ ня верылі, Ён папрасіў есьці. Яны падалі Яму частку печанае рыбы і сотавага мёду. Хрыстос, узяўшы, еў перад імі.
Калі прыйшоў Фама, Апосталы кажуць яму: «Бачылі Госпада». Але Фама сказаў ім, што датуль не паверыць, пакуль не даткнецца пальцам да ранаў Яго і ня ўложыць рукі свае ў бок Яго, прапораты пікай.
Праз тыдзень Апосталы ізноў былі ўсе разам, і Фама з імі. Дзьверы былі зачынены. Іісус Хрыстос зьявіўся сярод Апосталаў і сказаў Фаме, каб ашчупаў пальцамі раны Яго і ня быў няверным, але верным. «Гасподзь мой і Бог мой!» з глыбокім перекананьнем і вераю выклікнуў Ап. Фома, і пакланіўся Яму. «Ты паверыў, сказаў Яму Хрыстос, бо бачыў Мяне, але шчасьлівыя тыя, якія ня бачыўшы павераць».
Таксама Іісус Хрыстос зьявіўся некалькім вучням на моры Тывэрыядзкім (інакш возера Галілейскае). Тут яны ўсю ноч лавілі рыбу і нічога не злавілі. На сьвітаньні — бачаць — стаіць на беразе нейкі Чалавек. Яны не пазналі Яго. А гэта быў Хрыстос. Вось Хрыстос і кажа, каб яшчэ закінулі сеці і па правы бок чоўна. Яны закінулі, але ўжо не маглі выцягнуць сецяў: так многа было рыбы. Тады яны ўбачылі, што гэта быў Гасподзь.
У другі раз усе Апосталы пайшлі ў Галілею, на гару, куды загадаў ім Іісус. Апрача іх, там сабралася больш як 500 вучняў Яго. Усе яны з радасьцю чакалі Госпада. Калі зьнячэўку Хрыстос стаў пасярод іх, яны пакланіліся Яму.
Калі Хрыстос падыйшоў бліжэй, сабраныя пачулі з вуснаў Яго такія вялікія ўладныя словы: «Дадзена Мне ўсякая ўлада на небе і на зямлі. Таму ідзеце, навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, навучаючы іх выпаўніць усё, што Я загадаў вам. Хто уверуе і ахрысьціцца, збаўлены будзе; хто-ж ня ўверуе, засуджаны будзе». Вялікі страх агарнуў Апосталаў. Але Гасподзь тут-жа заспакоіў іх абяцаньнем: «Я буду з вамі ўва ўсе дні да сканчэньня веку. Амінь».

Узьнясеньне Госпада на неба.

Саракавога дня па ўваскрасеньні, Гасподзь зьявіўся вучням Сваім у Ерусаліме. Гутарачы з імі, Ён абяцаў

Узьнясеньне Госпада на неба.

паслаць ім Сьвятога Духа. Потым вывеў іх з места на гару Аліўную, багаславіў і, падняўшы рукі Свае, ўзьнесься на неба. Калі ясная хмарка закрыла Госпада ад вучняў, ім зьявіліся два Ангелы і сказалі, што Гасподзь ізноў прыдзе на зямлю, так як бачылі Яго цяпер узыходзячым на неба. І пакланіліся Апосталы Узьнятаму, і з вялікаю радасьцю вярнуліся ў Ерусалім. Тут усе Яны знаходзіліся неадлучна, зьбіраючыся для малітвы разам з Божаю Маткаю, братамі Госпада і іншымі вернымі, і чакаючы абяцанага ім Уцяшыцеля — Духа Сьвятога.

Сьвята Узьнясеньня Гасподняга (Ушэсьце) бывае ў 40 дзень пасьля Вялікадня і заўсёды прыпадае ў чацьвер.

Зыходжаньне Сьвятога Духа на Апосталаў.

Праз дзесяць дзён пасьля Узьнясеньня Госпада было жыдоўскае сьвята Пяцідзесятніцы. Для Апосталаў гэты дзень быў падвойным сьвятам, бо Пяцідзесятніца прышлася на першы дзень тыдня, у які ўваскрос Хрыстос. З поваду сьвята ў Ерусаліме было шмат людзей з самых далёкіх краінаў.
Апосталы зраньня былі сабраныя ўсе ў сьвятліцы, дзе маліліся. Зьнячэўку воддаль пачуўся шум з неба, як бы ад сільнага ветру. Шум усё павялічваўся і хутка напоўніў увесь дом, у якім былі Апосталы. Потым увесь пакой асьвятліла нібы полымя, і над кожным з Апосталаў паказаліся языкі, быццам агнявыя. І напоўніліся ўсе Апосталы Духа Сьвятога, і пачалі кожын гаварыць на розных новых языках, якіх раней ня ведалі, так, як Дух Сьвяты даваў ім прамаўляці. Яны пачулі сябе з новымі духоўнымі сіламі, як-бы зноў народжанымі да жыцьця. Усё раней незразумелае ў вучэньні Госпада цяпер станавілася для іх ясным і зразумелым. Якаясь нястрыманая сіла цягнула іх спавядаць Хрыста і абвясьціць Яго слова.
Між тым каля дому, дзе знаходзіліся Апосталы, сабраўся нязьлічоны натоўп людзей, якіх прыманіў сюды слышаны шум. Калі Апосталы выйшлі да народу і пачалі гаварыць да ўсіх на розных языках, дык гэта выклікала вялікае зьдзіўленьне, бо Галілейскія рыбаловы былі ведамы, як людзі простыя, неадукаваныя, якія маглі гаварыць толькі ў сваёй роднай мове. Тады зьвярнуўся да ўсіх Ап. Пётр і пачаў прапаведваць «Хрыста расьпятага, Якога — кажа — вы ўзялі і забілі. Вось Яго Бог уваскрасіў: усе мы — сьведкі гэтага. Узьнесены сілаю Бога, дык ўзяўшы ад Айца абяцаньне Духа Сьвятога, Ён падаў тое, што цяпер бачыце і чуеце»… Гарачая прамова Ап. Пятра ўзварушыла ўвесь народ. І прынялі словы яго, і хрысьціліся. У той дзень далучылася да Апосталаў каля трох тысяч людзей. І разьнясьлі яны вестку аб усім, што бачылі і чулі ўва ўсе канцы сьвету.

Зыходжаньне Сьвятога Духа на Апосталаў.

Так паўстала ў Ерусаліме першая Апостальская Хрысьціянская Царква.

Сьвята гэтае завецца Пяцідзесятніцай альбо Тройцай, або яшчэ Сёмухай. Сьвяткуецца на 50-ты дзень (па сямёх тыднях — адсюль Сёмуха) ад Вялікадня, заўсёды ў нядзелю. У Праваслаўнай нашай Царкве існуе прыгожы звычай прыбіраць на Тройцу храм Божы, як і хаты, зялёнымі галінкамі, аерам, краскамі.

Усьпеньне Божай Мацеры.

Па сьмерці Іісуса Хрыста, Мацер Божая жыла ў Ерусаліме ў доме Евангелісты Іоанна Багаслова, які, па запавету Збавіцеля, дбаў аб Ёй, як аб сваёй Мацеры, да самага Яе усьпеньня. За некалькі дзён да канчыны зьявіўся Ёй Архангел Гаўрыіл і абвясьціў аб Яе

Усьпеньне Божай Мацеры.

хуткім блажэнным усьпеньні. У той час, па жаданьню Багародзіцы, чудам сабраны былі ў Ерусалім усе Апосталы. У самы дзень канчыны нязвычайнае сьвятло асьвяціла Яе пакой, а з гэтым зьявіўся Сам Гасподзь і ўзяў Яе сьвятую душу. Прачыстае цела Божай Мацеры было пахавана між грабамі Яе бацькоў і Праведнага Іосіфа.

Дзень Усьпеньня Божай Мацеры (Прачыстая) сьвяткуецца 15—28 жніўня.

Узьвіжаньне Храста Гасподняга.

Грэцкі цар Канстантын, пабуджаны багабойным жаданьньем, пастанавіў знайсьці хрэст, на якім быў расьпяты Збавіцель.

Узьвіжаньне Храста Гасподняга.

З гэтай думкай ён паслаў матку сваю, царыцу Алёну ў Ерусалім. Там, з помаччу аднаго старога яўрэя, адкапалі на Галгофе з зямлі тры храсты, вельмі падобныя адзін да аднаго. Каля іх ляжала дошчачка з напісам: „Іісус Назаранін, Цар Юдэйскій“. Трэба было пазнаць, які з гэтых храстоў — хрэст Гасподні. Тады прывязьлі адну хворую жанчыну і яна пачала прыкладвацца да храстоў. Прылажылася да першага — нічога ня сталася; прылажылася да другога — таксама нічога ня было; а як прылажылася да трэцьцяга храста, дык адразу ачуняла. Потым сталі накладаць храсты на памёршага. Два першыя не зрабілі чуда, а як быў наложаны трэці хрэст — мёртвы ўваскрос. Пасьля гэтага царыца і духавенства прызналі гэты хрэст за Хрэст Гасподні, пачалі кланяцца перад ім і цалаваць яго. Але людзей было так многа, што ўсе не маглі прылажыцца да храста. Таму прасілі, прынамсі, паказаць вялікую сьвятыню. Патрыярх стаў на падвышэньні і некалькі разоў паднімаў у гару Хрэст Гасподні. Народ-жа, гледзячы на яго, выклікаў: „Госпадзі, памілуй“.

Сьвята гэтае завецца Узьвіжаньнем Часнога і Жыцьцяноснага Храста Гасподняга і сьвяткуецца 14—27 верасьня.

МАЛІТВА ХРАСТУ.

Ѡ҆гради́ мѧ, гд҇и, си́лою чт҇на́гѡ и҆ животворѧ́щго твоегѡ̀ кр҇та̀, и҆ сохрани́ мѧ ѿ всѧ́кагѡ ѕла̀.




  1. Законьнікам ён называецца дзеля таго, што вывучаў Закон Божы і лічыў, што знае яго ляпей за ўсіх.