Перайсці да зместу

Першая навука Закону Божага (1936)/З царкоўнае гісторыі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Праваслаўная Вера З царкоўнае гісторыі
Падручнік Закону Божага
Аўтар: Сяргей Паўловіч
1936 год
Праваслаўная Вера на Беларусі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З ЦАРКОЎНАЙ ГІСТОРЫІ.


Пропаведзь Апосталаў.

Сьвятыя Апосталы, пасьля зыходу на іх Сьвятога Духа ў відзе агнявых языкоў, цалком аддаліся распаўсюджаньню і ўмацаваньню Царквы Хрыстовай па ўсіх кутох зямлі, і гэтай вялікай справе ахвяравалі ўсе свае сілы і здольнасьці. Ім здаралася цярпець голад і смагу, нагату і пабоі, кайданы і цямніцы (астрогі), нават сьмерць. Але на абразы яны адказвалі падзякай, на прасьледаваньні — цярпеньнем, на лаянкі — малітваю, ідучы за прыкладам Вучыцеля і Госпада свайго Іісуса Хрыста. За тое й навукай сваей запоўнілі ўвесь сьвет, да Хрыста прывялі ўсе канцы зямлі.

Сьвяшчэннае Пісаньне Новага Завету.

Апосталы ня толькі вучылі словам, але, каб навука Хрыстовая вярней перахавалася, сьпісалі яе ў кнігах, па надыхненьню ад Духа Святога, як некалі старазаконныя Прарокі. Гэтыя пісаньні Апосталаў называюцца Сьвяшчэнным Пісаньнем Новага Завету.
Першай кнігай Новага Завету ёсьць Евангельле паводле Мацьвея, напісанае Апосталам каля восьмага году па ўшесьці Госпада на неба. У ёй вылажана гісторыя зямнога жыцьця і вучэньня Іісуса Хрыста.
Пасьля гэтага напісаны яшчэ тры падобныя Евангельлі Евангелістымі Маркам, Лукою і Іоаннам, званым Багасловам, дзеля таго, што ў яго кнізе пераважна гаворыцца аб спрадвечным нараджэньні Госпада Іісуса Хрыста, Бога-Слова, як і выходжаньні Сьвятога Духа ад Бога Айца.
Апрача таго Апосталы Якаў, Пётр, Іоанн, Юда і Павал напісалі дваццаць адно пасланьне аб вучэньні Хрыста і асновах Хрысьціянскаго жыцьця.
Пасланьні іначай можна назваць пісьмамі, лістамі. Апрача таго, Апостал Іоанн Багаслоў, ў кніжцы, званай „Адкрыцьце“, або „Апокаліпсіс“, напісаў прароцтва аб лёсах Хрысьціянскай Царквы да канца сьвету.

Памяць Сьв. Іоанна Багаслова абходзіцца 8 траўня і 26 верасьня старага стылю.

Сьвятыя Першавярхоўныя Апосталы Пётр і Павал.

«Першавярхоўнымі» называюцца яны за асаблівую стараннасьць пры распаўсюджаньні Веры Хрыстовай. Ап. Пётр быў сын Іоны, беднага рыбака. Пакліканы Хрыстом, Пётр стаў Яго найбліжэйшым вучнем. Абвяшчаў ён слова Божае ў розных краёх, творачы многа чудаў, як уваскрашэньне мёртвых, аздараўленьне хворых словам і нават ценем сваім. Дзеля навучэньня людзей напісаў, па надыхненьню ад Духа Сьвятога, два Саборныя Пасланьні. Быў першым Епіскапам Рымскім. У Рыме-ж, за веру Хрыстовую, прыняў сьмерць, будучы расьпяты на храсьце ўніз галавою, ў 67 г. па Нараджэньні Хрыста.
Ап. Павал да апостальства зваўся Саўлам; паходзіў з заможнай фарысэйскай сям’і і зацята прасьледваў хрысьціян. Потым чудоўна быў прызваны Самым Госпадам да апостальскай працы, якую праводзіў сярод многіх, асабліва паганскіх народаў. За пропаведзь веры Хрыстовай выцярпеў многа мукаў і быў сьцяты ў Рыме ў 67 годзе. Напісаў, пад надыхненьнем ад Духа Сьвятога, 14 Пасланьняў з глыбокім зьместом.

Памяць Сьвв. Апп. Пятра і Паўла сьвяткуецца 29 чэрвеня—12 ліпня.

Сьв. Ап. Андрэй Першазваны.

Сьв. Ап. Андрэй Першазваны — брат Сьв. Ап. Пятра. Ён першы з Апосталаў быў прызваны Іісусом Хрыстом і пашоў за Ім. Шырыў веру Хрыстову сярод многіх народаў; між іншым, ёсьць прыпушчэньне, што быў сярод рускіх славянаў і паставіў Сьв. Хрэст на горах Кіеўскіх. За распаўсюджаньне веры Хрыстовай быў расьпяты на косым храсьце (на ўзор буквы X), блізка 62 году.

Памяць яго сьвяткуецца 30 лістапада—13 сьнежня.

Сьв. Раўнаапостальная Марыя Магдаліна.

Сьв. Марыя Магдаліна (з гор. Магдалы) адна з жанчын, якія пайшлі за Іісусам Хрыстом. З яе Сын Божы выгнаў 7 бесаў, пасьля чаго яна не пакідала Хрыста. Марыя першая з верных даведалася аб уваскрасеньні Хрыстовым, ад яе-ж пашоў звычай хрыстосавацца на Вялікдзень словамі: «Хрыстос уваскрос» і дарыць чырвонае яечка, на знак вечнага жыцьця, дарованага нам уваскрасеньнем Хрыстовым.
Па ўшэсьці Хрыста на неба Марыя Магдаліна прапаведала сьв. веру паганцам і памёрла ў м. Эфэсе, ў 1 сталецьці.

Памяць сьвяткуецца 22 ліпеня—4 жніўня.

Сьвв. Мучаніцы Вера, Надзея, Любоў і матка іх Софія.

Сьвв. сёстры — Вера 12-цёх год, Надзея 10-цёх і Любоў — 9-х, — адна за другою, як хрысьціянкі, на вачох маткі былі абязглаўлены. На треці дзень па іх сьмерці, ад тугі, на магіле іх, сканала матка Софія. Было гэта ў Рыме ў 137 годзе.

Сьвяткуецца іх памяць 17—30 верасьня.

Сьв. Вялікамучаніца Варвара.

Сьв. Вялікамучаніца Варвара — дачка радавітага і заможнага язычніка; за вызнаньне веры Хрыстовай выцярпела вялікія мукі спачатку ад бацькі, а потым ад начальніка гораду; ўрэшце сьцяў ёй галаву родны бацька каля 306 г. Сьв. Мошчы мучаніцы знаходзяцца ў Кіеўскім Міхайлаўскім манастыры.
Сьв. Вялікамучаніцы Варвары моляцца аб збаўленьні ад нечаканай сьмерці.

Памяць яе сьвяткуецца 4—17 сьнежня.

Сьв. Раўнаапостальныя Цар Канстантын і Царыца Алёна.

Сьв. Канстантын быў спачатку паганцам. У 313 годзе, па волі Божай, бачыў ён на небе Сьв. Хрэст з напісам: «Гэтым пераможаш», і паверыў у Іісуса Хрыста. Сьв. Канстантын першы з цароў падтрымаў веру Хрыстовую, распаўсюджваючы яе ў сваім царстве, будуючы храмы, баронячы веру ад паганцаў і гэрэтыкоў. У 325 г. ён склікаў першы Сусьветны Сабор, на якім Сьв. Айцы напісалі 7 першых артыкулаў нашага Знаку веры. Памёр Сьв. Канстантын у 337 годзе.
Сьв. Алёна, маці Цара Канстантына, ў 326 г. знайшла ў Ерусаліме Жыцьцятворчы Хрэст Гасподні, пабудавала многа цэркваў, шчодра памагала бедным. Сканала ў 327 г.

Памяць іх сьвяткуецца 21 траўня—3 чэрвеня.

Сусьветныя Саборы.

Царква пасьля Апосталаў у сваім унутраным жыцьці кіравалася Сьв. Пісаньнем, пераказамі вуснай апостальскай навукі (Апостальскім Паданьнем). У асаблівых выпадках, калі трэба было асудзіць ілжывую навуку, або вырашаць сумліўнае пытаньне, склікаліся Саборы. Саборы могуць быць Сусьветныя, калі зьбіраюцца Пастыры і Вучыцялі з усіх Цэркваў сьвету, або Памесныя, скліканыя асобнай Царквой у пэўным гаспадарстве. Дзевяць такіх Памесных Сабораў і сем Сусьветных злажылі і пераказалі патомству свае правілы для кіраўніцтва жыцьцём царкоўным.
На двох першых Сусьветных Саборах, Нікейскім і Канстантынопальскім, быў уложаны Сімвал (знак) Веры, г. зн. кароткая навука веры Хрысьціянскай.

Сьв. Іоанн Залатавусны, Архіепіскап Канстантынопальскі.

Сьв. Іоанн Залатавусны рос сіратою і быў выхаваны ў веры Хрысьціянскай сваёю багабойнаю маткай Анфусаю. Скончыўшы навуку, ён, для загартаваньня духа, нейкі час правёў у пустыні. Потым, за набожнае жыцьцё і знаньне Сьв. Пісаньня быў высьвячаны на Епіскапа. Праходзячы яшчэ перад гэтым служэньне сьвяшчэньніцкае, як і ў сане Епіскапскім, Іоанн часта і красамоўна гаварыў пропаведзі, заклікаючы ў іх слухачоў сваіх да цьвёрдай веры, вымагаючы міласэрдзя і іншых добрых дзел. Сьмела ганячы грахі сучаснага грамадзянства — прагавітасьць (лакомасьць) і скупасьць багатых, пыху, ганарыстасьць, роскаш, ахвоту да гулянак — Сьв. Іоанн нажыў сабе ворагаў, якія зрабілі яму шмат прыкрасьцяў, дабіўшыся высылкі яго, на старасьць, у глухі далёкі край; па дарозе ён у 407 г. аддаў Богу душу.
Сьв. Іоанн напісаў многа карысных кніжак; працаваў таксама над складаньнем малітваў царкоўных і песьняў. Злажыў Сьв. Літургію. За красамоўства ў пропаведзях названы «Залатавусным».

Памяць сьвяткуецца 30 студня і 13 лістапада ст. ст.

Сьв. Мікалай, Архіепіскап Мірлікійскі, Чудатворац.

Сьв. Мікалай, Архіепіскап Мірлікійскі, Чудатворац, з дзяцінства і да сьмерці праводзіў набожнае і строгае жыцьцё. Стаўшы Епіскапам, быў ціхі, міласьцівы і спагадлівы; і яўна і тайна памагаў бедным і бараніў нявінна пакрыўджаных. Быў прысутным на 1 Сусьветным Саборы, зацята баронячы Праваслаўную веру. Па малітвах яго тварылася многа чудаў. Памёр ў 342 г. Мошчы Сьвяціцеля знаходзяцца ў месьце Бары ў Італіі. Праваслаўныя людзі шчыра паважаюць Сьв. Мікалая, лічачы яго заступнікам ў падарожах на сушы і на моры.

Памяць сьвяткуецца 9 мая і 6 сьнежня ст. ст.

Сьвв. Раўнаапостальныя Кірыл і Мяфод, Асьветнікі Славянаў.

Сьвятыя Раўнаапостальныя Кірыл і Мяфод, Вучыцелі Славянаў, родныя браты, славянскага паходжаньня. Яны злажылі славянскую азбуку, пераклалі з грэцкай на славянскую мову Сьвяшчэннае Пісаньне і царкоўныя кнігі, завялі ў славян багаслужэньне на іх роднай мове. Сьв. Кірыл памёр ў 869 годзе ў Рыме, а Сьв. Мяфод — ў 885 годзе, будучы Архіепіскапам Мараўскім. За малітвамі Сьвв. Кірыла і Мяфода, ў дзень іх сьвяткаваньня, ў 1875 г. Холмскія грэка-уніяты злучыліся з Праваслаўнаю Царквою.
Памяць іх сьвяткуецца 11—24 траўня.

Хрышчэньне Русі і пашырэньне ў ёй Хрысьціянства.

Хрысьціянская вера дасталася на Русь у дзевятым сталецьці[1]. Княгіня Вольга, гледзячы на чыстае і набожнае жыцьцё хрысьціян, палюбіла іх веру і хрысьцілася ў Канстантынопалі. Але асьвяціць Русь вераю Хрысьціянскаю суджана было толькі яе ўнуку, князю Уладзіміру. Уладзімір бачыў недарэчнасьць паганскай веры і стаў думаць аб іншай, лепшай. Татары, жыды, немцы і грэкі прысылалі да яго сваіх прапаведнікаў. Князь каб даведацца на месцы, чыя вера лепшая, выправіў да іх пасланцоў. Вярнуўшыся, яны сказалі: «Закон татарскі брыдкі; ня бачылі хараства мы і ў немцаў; калі-ж былі ў царкве ў грэкаў, дык ня ведалі, дзе мы знаходімся; на небе ці на зямлі, бо няма на зямлі такой прыгожасьці. Хто скаштуе салодкага, не захоча горкага, так і мы — ня хочам іншай веры». Князь і баяры парашылі прыняць веру грэцкую, Праваслаўную.
На другі год пасьля гэтага (ў 988 г.) Уладзімір пайшоў вайною на грэкаў, забраў іх горад Хэрсанес і дамагаўся ад грэцкіх цароў аддачы за яго замуж сястры іх Ганны. Яны абяцалі, пад ўмоваю, калі Уладзімір прыме іх веру. Уладзімір хрысьціўся і ажыніўся з Ганнай. Ён атрымаў ад Грэкаў Мітрапаліта, шэсьць Епіскапаў, шмат сьвяшчэньнікаў і ўсё патрэбнае для багаслужэньня.
Вярнуўшыся ў Кіеў, Уладзімір хрысьціў сваіх сыноў, а пасьля і народ. Ідалаў паганскіх казаў ён зьнішчыць, а на мясцох, дзе яны стаялі, загадаў будаваць хрысьціянскія храмы.

Пасьля хрышчэньня Уладзімір зрабіўся вельмі набожным і памагаў бедным і пакрыўджаным. Дбаў ён і аб пашырэньні хрысьціянства. З Кіева Уладзімір пасылаў сьвяшчэньнікаў да іншых местаў і сёлаў, каб хрысьцілі народ. З помаччу Божай вера Хрыстова распаўсюджылася на ўсёй Русі.

Памяць Раўнаапостальнай Княгіні Вольгі (па хрышчэньні Алёны) сьвяткуецца Царквою нашаю 11—24 ліпеня, а памяць Раўнаапостальнага Князя Уладзіміра — 15—28 ліпеня.

Прападобныя Антоні і Хвядос Пячэрскія.

Сьв. Антоні радзіўся ў месьце Любечы (мястэчка ля Чарнігава) і зваўся Анціпам. З маладу пачуў Антоні імкненьне да Бога і, шукаючы набожнасьці, дастаўся на Афон. Тут ў адным з манастыроў пастрыгся ён у манахі, і пасяліўшыся ў пячоры, пачаў труднае падвіжніцкае жыцьцё. Калі пазнаў ён сэнс жыцьця духоўнага, ігумен манастыра запрапанаваў яму ісьці да Кіева і там упарадкаваць манашаства. Антоні паслухаў. У Кіеве ў той час было некалькі манастыроў, заснованых, на жаданьне князя, грэкамі. Антоні, аднак, не пашоў да іх, але пасяліўся ў глыбокай пячоры, выкапанай прасьвітэрам Гілярым (Іларыёнам). Тут Антоні далей вёў сваё падвіжніцкае жыцьцё. Еў ён толькі чорны хлеб і піў ваду, і то што-другі дзень. Чуткі аб подвігах яго разышліся ня толькі па Кіеве, але дайшлі і да іншых гарадоў. Многа людзей ішло да яго за парадай, многія прасілі яго багаславеньня, а шмат хто і труд яго жыцьця хацеў падзяліць. Неахвотна Антоні браў да сябе таварышоў, усё-ж прымаў некаторых. Першым з прынятых быў нейкі Нікан, другім — Хвядос.
Прападобны Хвядос. Прападобны Хвядос быў родам з Васільева, Кіеўскай акругі, але змалку жыў у Курску. Быў ён ціхі і багабойны, штодня хадзіў у царкву і шчыра маліўся Богу. Аднаго разу пачуў ён у царкве словы Божыя: «Хто любіць айца або матку больш, як Мяне, недастойны Мене» (Мац. 10, 37). Словы гэтыя так узварушылі хлапца, што ён пакінуў матку сваю (тады ўжо ўдаву) і прышоў у Кіеў да Прападобнага Антонія.
Калі лік супрацоўнікаў Антонія павялічыўся да 12-цёх, Прападобны адышоў ад іх і пасяліўся пры суседняй гары. Хвядос застаўся на старым месцы і быў выбраны ігуменам. Тут давялося яму выканаць вялікую працу — ўпарадкаваць жыцьцё манастырскай браці на ўзор царгародзкага студыйскага манастыра. Установы гэтага манастыра вымагалі, каб у манахаў усё было агульнае, час-жа праходзіў у малітве і працы, паводле загаду старшага. Прападобны Хвядос строга даглядаў раз устаноўленага парадку. Ён часта хадзіў па кельлях (пакоях), пільнаваў, ці няма ў манахаў чаго непатрэбнага, сачыў чым яны займаюцца. Сам Прападобны быў прыкладам для братоў манахаў. Ён насіў ваду, сёк дровы, працаваў у пякарні. Апрача гэтага Прападобны шырока займаўся справамі міласэрдзя, дбаў і аб духоўнай асьвеце, да чаго заклікаў і іншых манахаў.
З твораў яго ведамы два казаньні да народу, дзесяць навучаньняў да кіева-пячэрскіх інокаў (манахаў), два пісьмы (пасланьні) да князя Ізяслава і дзьве малітвы.
Прападобны Антоні памёр 10 ліпня 1073 году, а Хвядос — 3 траўня 1074 году.
Заснаваны Прападобным Антоніем і ўпарадкаваны Прападобным Хвядосам Кіева-Пячэрскі манастыр стаў узорам для іншых манастыроў і асяродкаў асьветы сярод славянскіх плямёнаў. З манастыра гэтага выходзілі багабойныя Архіпастыры, вялікія праведнікі і вучыцялі царкоўныя.

Прападобная Афрасіньня, Князёўна Полацкая.

Прападобная Афрасіньня (да манашаства — Прадслава), дачка Полацкага князя Сьвятаслава-Юрыя, радзілася ў Полацку ў 1102 годзе. З дзяцінства любіла чытаць сьвятыя кнігі і 12 гадоў цішком (тайна) ад бацькоў, стала манашкай. Заснавала пазьней у Полацку жаночы манастыр і збудавала каменную царкву Сьв. Спаса, якая істнуе да апошняга часу разам з кельляю (пакоем), дзе малілася Прападобная. У кельлі гэтай перахаваўся да нашых дзён каштоўны хрэст, як дар Прападобнай Афрасіньні, зроблены полацкім майстрам.
Па-за манастыром і царквой у Полацку Прападобная заснавала яшчэ цэлы рад цэркваў і манастыроў у зямлі Полацкай. Памёрла 1177 г. ў Ерусаліме, куды паехала на паклон Гробу Гасподняму. Мошчы знаходзяцца ў Полацку.

Памяць сьвяткуецца 23 траўня—5 чэрвеня.

Сьв. Кірыл, Епіскап Тураўскі.

Сьв. Кірыл, Епіскап Тураўскі, паходзіў з Турава (Менскай акругі). Быў ён заможным чалавекам, але маемасьць сваю аддаў бедным і ўступіў у Барысаглебскі Тураўскі манастыр, дзе адзначыўся як вялікі падвіжнік і красамоўца. Над просьбу князя і народу быў высьвечаны на Тураўскага Епіскапа. У служэньні сьвяціцельскім уславіўся пісаньнем прыгожых малітваў, песьняў царкоўных і асабліва пропаведзяў. За красамоўства празывалі яго «Залатавусным». Памёр у 1183 годзе.

Памяць сьвяткуецца 28 красавіка—11 траўня.

Сьв. Багаверны Князь Аляксандар Неўскі.

Сьв. Багаверны Князь Аляксандар Неўскі з маленства адзначаўся набожнасьцяй, любіў чытаць сьв. кнігі і сьпеў царкоўны. Князем быў мудрым і міласэрным. За перамогу (швэдаў над Нявою) празываецца «Неўскім». Ён адмовіўся ад прапазыкі Рымскага Папы прыняць каталіцтва. Княжыў у першыя годы татарскай няволі і сваім тактам выратаваў Русь ад многіх прыкрасьцяў. Перад сьмерцяй прыняў пастрыжэньне ў манахі з імем Аляксея. Памёр у 1263 годзе.

Памяць сьвяткуецца 30 жніўня і 23 лістапада ст. ст.

Сьвв. Віленскія мучанікі і дзіватворцы Антоній, Іоанн і Евстафій — патроны Беларусі.

Сьвв. мучанікі Антоній, Іоанн і Евстафій да хрышчэньня зваліся: Няжыла, Кумец і Круглец. Былі яны любымі слугамі вялікага князя Альгерда князя Альгерда літоўскага і займалі пры яго двары высокія пасады. Прыняўшы Праваслаўную веру, Антоній і Іоанн зракліся сваіх паганскіх звычаяў і пачалі зусім новае жыцьцё, як таго вымагаў хрысьціянскі закон. Тады паганскія жрацы абвінавацілі іх перад вялікім князем у здрадзе веры бацькоў. Антоній і Іоанн адважна і сьмела выспаведалі сябе хрысьціянамі. Па дамаганьню жрацоў, якія мелі яшчэ ў народзе і пры двары вялікі ўплыў, Альгерд, ня хочучы наражаць сябе на небясьпеку, загадаў кінуць братоў у турму, а пасьля і павесіць. Павешаны яны былі (14—24 красавіка 1347 г.) на тым самым мейсцы, дзе цяпер стаіць манастыр Сьв. Тройцы. Тады там быў дубовы гай, у якім прыносіліся ахвяры паганскім багом.
Хутка пасьля таго далучыўся да сьв. братоў іх сваяк Евстафій, адзін з Альгердавае дружыны — чалавек малады, прыгожы, разумны, яго вельмі любіў Альгерд. Прыняўшы Праваслаўную веру, ён ня толькі сьмела выспавядаў сябе хрысьціянінам, але пачаў і князевую дружыну пераконваць, каб прынялі веру Хрыстову. Тады пачалі яго катаваць, а напасьледак павесілі на тым самым дубе, дзе нядаўна былі павешаны Сьвв. Антоній і Іоанн (13.ХІІ. 1347 г.).
Пахаваны былі Сьвв. Мучанікі ў Мікалаеўскай царкве, скуль мошчы іх з працягам часу былі перанесены у царкву, якую пабудавала на мейсцы іх мучанічаскае канчыны другая жонка Альгерда, вял. княгіня Юльяна Цьверская. Царква гэтая была прысьвечана ў імя Сьв. Тройцы, на ўспамін «Сьвятой Тройцы раўналічных мучанікаў. У палове XVII веку мошчы іх былі перанесены ў манастыр Сьв. Духа, дзе і заставаліся да самае Вялікае вайны 1914 г. Вайною мошчы вывезены ў Маскву, дзе і знаходзяцца да гэтага часу.
Сьв. Мучанікі — спадарожнікі ўсяе гістарычнае мінуўшчыны Беларусі, нашы заўсёдныя і запраўдныя заступнікі перад Богам і абаронцы веры Праваслаўнай, таму памяць аб іх для нас памяць сьвятая, імя іх — імя багаславеннае.

Памяць Сьв. Віленскіх Мучанікаў сьвяткуецца 14—27 красавіка.

Прападобны Сяргей Раданежаскі.

Прападобны Сяргей Раданежаскі (з гор. Раданежа, каля Масквы) з маленства задзіўляў усіх вялікай набожнасьцю і ўстрыманасьцю; стараніўся пустой гульні і забаваў, шчыра маліўся Богу, жывіўся толькі хлебам і вадою. Па малітвах атрымаў ад Бога здольнасьць да кніжнай навукі і мудрасьці. Заснаваў Траецка-Сяргееўскую Лавру (60 вёрст ад Масквы) і быў у ёй ігуменам. Будучы вельмі пакорным, адмовіўся ад пасьвячэньня на Епіскапа. За жыцьцё сьвятое і вялікія подвігі манашескія спадобіўся Прападобны чудоўнага зьяўленьня яму ў кельлі Мацеры Божай з Сьвв. Апосталамі Пятром і Іоаннам. Малітвамі сваімі памагаў людзям і тварыў чуды. Памёр 1392 г. Сьв. мошчы яго знаходзіліся ў Траецка-Сяргееўскай Лаўры.

Памяць сьвяткуецца 5 ліпеня і 25 верасьня ст. ст.

Сьвяшчэннамучанік Мітрапаліт Макары.

Сьвяшчэннамучанік Мітрапаліт Макары паходзіў з Беларусі. У манашастве адзначыўся набожнасьцю, за што быў вызначаны настаяцелем Віленскага Сьвята- Траецкага манастыра (1481—1495 г.), а потым Мітрапалітам Кіеўскім і ўсяе Русі. На Мітрапаліта пастаўленьне прыняў у Віленскім Прачысьценскім саборы. Па дарозе з Вільні ў Кіеў, дзе была кафедра Мітрапаліта, замучылі яго татары блізка м. Скрыгалава, Менскай губ. ў 1497 г. Сьв. мошчы знаходзяцца ў Кіева-Пячэрскай Лаўры. У Віленскім Прачысьценскім саборы ёсьць прыдзел, прысьвечаны яго імені.
Мітрапаліт Макары — моцны абаронца Праваслаўнае веры і мудры будаўнічы царкоўнага жыцьця. Ён пільна сачыў, каб захоўваліся ў Праваслаўнай Царкве ўсе ўставы і абрады царкоўныя і каб праваслаўныя храмы (у Вільні было тады больш за 15 храмаў) мелі адпаведны ўнутраны і вонкавы выгляд. Ён дапускаў шырокае ўчасьце міран у справах царкоўных: у той час па ўсёй Беларусі і Украіне шмат закладалася царкоўных брацтваў, бо паўстала вялікая небясьпека для праваслаўнае царквы з боку яе ворагаў.

Памяць сьвяткуецца 1—14 траўня.

Зьяўленьне Божай Мацеры на Гары Пачаеўскай.

Аб гэтым існуе такое паданьне: каля 1240 году Божая Маці зьявілася на скале Пачаеўскай гары ў агнявым стаўпе і пакінупа на камені сьлед правай нагі, з якога сьцякала чыстая вада, што памагала ад хваробаў. Вада гэтая і цяпер зьбягае каплямі ў сярэдзіну гары, у пячору, і тут зьбіраецца ў асабліую судзіну, скуль раздаецца багамольцам.

Чудатворная ікона Пачаеўскай Божай Мацеры.

Ікону гэтую прынёс ў 1559 годзе з Канстантынопаля Мітрапаліт Нэафіт і багаславіў ёю праваслаўную памешчыцу Ганну Гойскую, што жыла недалёка Пачаева. Гэтая набожная жанчына, пераканаўшыся вачавідкі, што ікона чудатворная, палічыла недастойнай сябе трымаць гэты скарб ўдому, і аддала яе ў дар манастыру Пачаеўскаму.

Памяць яе абходзіцца 8—21 верасьня.

Прападобны Іоў Пачаеўскі.

Прападобны Іоў (з паходжаньня Іван Жалеза) радзіўся ў Галіцыі ў палове 16 стагодзьзя ад праваслаўных багабойных бацькоў. На 12 годзе прыняў ён пострыг манашаскі ў Вугорніцкім манастыры, а пазьней даслужыўся сьвяшчэньніцкага званьня. Багаверны князь Канстантын Астрожскі запрасіў Прападобнага Іова на Валынь для абароны і ўмацаваньня Веры Праваслаўнай і вызначыў яго ігуменам Дубенскага манастыра. Давёўшы да парадку Дубенскі манастыр і навучыўшы ваколічны народ любіць і шанаваць сваю Праваслаўную веру, Прападобны адышоў на Гару Пачаеўскую, дзе інокі ўпрасілі яго быць у іх ігуменам. Тут Прападобны Іоў яшчэ больш палажыў трудоў, малітваю і заступленьнем сваім баронячы Сьв. Лаўру Пачаеўскую ад усіх ворагаў. Памёр Угоднік Божы 28 кастрычніка 1651 году, а цераз 8 гадоў, 28 жніўня 1659 году, былі адкрыты яго нятленныя мошчы, якія да апошняга часу знаходзяцца ў Пачаеўскай Лаўры ў царкве імя Сьв. Іова.

Дзень Прападобнага Іова сьвяткуецца 6 траўня, 28 жніўня і 28 кастрычніка ст. ст.

Віленская Ікона Божай Мацеры (Одігітрыі).

Як перадаюць, ікона гэтая намалёвана Сьв. Евангелістым Лукою. Ёю багаславіў Маскоўскі цар Іван III дачку сваю Алёну, аддаючы ў 1494 г. замуж за літоўскага князя Аляксандра. Сьпярша яна знаходзілася ў Прачысьценскім Саборы ў Вільні, потым перенясьлі яе (ў 1715 г.) ў Сьв.-Траецкі манастыр, адкуль вывязьлі ў 1915 г. ў Маскву. Там яна й цяпер. У Вільні ёсьць толькі копія гэтай глыбока шанаванай праваслаўнымі беларусамі іконы.

Сьвята Божай Мацеры Одігітрыі 15—28 красавіка.

Жыровіцкая Ікона Божай Мацеры.

Жыровіцкая ікона Божай Мацеры аб’явілася ў 1470 годзе на дрэве ў яркім агнявым зьяньні і была аддана пастухамі, што яе заўважылі, свайму гаспадару, Аляксандру Солтану, які схаваў яе, каб паказаць родзічам і знаёмым. Калі, аднак, склікаў іх, ня было чаго паказваць — ікона зьнікла. Потым яе знайшлі на старым месцы ў лесе і йзноў прынясьлі Солтану. Лічачы сябе недастойным трымаць такую сьвятую ікону дома, Солтан збудуваў на месцы яе зьяўленьня храм. Па пэўным часе храм згарэў, але ікона чудоўна засталася цэлай і пазьней многімі чудамі, ад яе паходзячымі, стала ведамай праваслаўнаму народу, што й да апошняга часу шчыра да яе моліцца, асабліва-ж сьвяткуючы ёй 7—20 траўня.

Прападобнамучанік Афанасі Берасьцейскі.

Сучасьнікам ведамага Мітрапаліта Пятра Магілы і Прападобнага Іова Пачаеўскага быў вялікі сьветач Праваслаўя Прападобнамучанік Апанас Берасьцейскі. Паходзіў ён з добрай сям’і і атрымаў высокую асьвету. У 1627 годзе прыняў Апанас манашаства ў Вільні і хутка стаў намесьнікам Дубайскага манастыра пад Пінскам, а потым Ігуменам Берасьцейскага Сымонавага манастыра. Прападобны вельмі часта і горача маліўся аб захаваньні Праваслаўнай веры, заступаўся за праваслаўных і перад грамадзкімі ўладамі. За адданасьць Веры Праваслаўнай давялося Прападобнаму Апанасу шмат пацярпець уціску, зьнявагі і нават адсядзець у вастрозе.
Вясною 1648 г., калі падняў вайну проціў Польшчы казацкі гэтман Багдан Хмяльніцкі, Прападобны Апанас прыняў мучаніцкую канчыну, нясправядліва абвінавачаны ў здрадзе Польскаму каралю. Цела яго ляжала непахаваным восем месяцаў (ад 5 верасьня да 8 мая) і засталося нятленным, чаму скора па сьмерці Прападобны быў прызнаны Сьвятым. У 1666 годзе ў Берасьці было зложана апісаньне жыцьця яго, дзе Апанас завецца «Сьвятым і Прападобнамучанікам».
У 1816 годзе мошчы Сьв. Апанаса згарэлі разам з дзеравянай царквой Сымона Стоўпніка. Рэшткі іх перахаваліся аднак да апошніх дзён.

Памяць Прападобнамучаніка Афанасія сьвяткуецца 20 ліпеня і 5 верасьня ст. ст.




  1. Першымі з рускіх хрысьціліся князі Аскольд і Дір у 867 годзе.