Першая навука Закону Божага (1936)/Стары Завет
← Малітва перад прычашчэньнем | Стары Завет Сьвятая гісторыя Аўтар: Сяргей Паўловіч 1936 год |
Новы Завет → |
КАРОТКАЯ СЬВЯШЧЭННАЯ ГІСТОРЫЯ.
СТАРЫ ЗАВЕТ.
Паняцьце аб ангелах. Стварэньне сьвету.
Раней стварэньня гэтага відочнага сьвету, Бог стварыў сьвет нявідочны, пад якім разумеюць ангелаў. Ангелы гэта духі бесьцялесныя, разумныя, абдараныя магутнасьцяй і свабоднай воляй. Усе ангелы былі створаны добрымі, але ня ўсе ўтрымаліся ў стане дабра. Адзін з вышэйшых ангелаў заганарыўся перад Богам
і не захацеў Яму падпарадкавацца. Ён адзяліўся ад Бога і зрабіўся злым, ліхім, благім. Гэты злы ангел называецца дзяблам, альбо шатанам.
За шатанам пайшлі іншыя ангелы, якія таксама не паслухалі Бога і сталіся благімі. Яны называюцца злымі духамі і спакушаюць людзей на ўсялякія злыя дзеяньні.
Аднак вялікае мноства ангелаў засталося верным Богу, з любоўю служыць Яму і разам з Ім карыстаецца шчасьцем у Ягоным царстве нябесным. Добрыя ангелы дзеляцца паводле заслугаў свах і маюць розныя назовы. Адны з іх завуцца проста ангеламі, другія — архангеламі, іншыя хэрувімамі і сэрафімамі.
Кожнаму з нас, хрысьціян, даецца ад Бога асобны ангел, каб сьцярог нас ад злога і дапамагаў у добрых рэчах. Гэты ангел завецца ангелам храніцелем (вартаўніком).
Аб стварэньні відочнага сьвету гэтак гаварыцца ў Сьвятым Пісаньні. На пачатку стварыў Бог неба і зямлю. Зямля была нявідочнаю і неўпарадкаванаю. Упарадкаваў зямлю Бог за шэсьць дзён.
У першы дзень Бог стварыў сьвятло і назваў сьвятло дзень, а цемру — ноч. Другога дня стварыў Бог цьвердзь, альбо бачанае намі неба. Трэцяга — аддзяліў воду ад зямлі і загадаў зямлі прарасьціць расьліны. Чацьвертага — стварыў сонца, месяц і зоры. Пятага дня — стварыў Бог рыбы і птушкі. Шостага — жывёлу і ў канцы чалавека.
Стварэньне чалавека.
Цела чалавека стварыў Бог з зямлі, але абдарыў яго душою жывою, разумнаю, вольнаю і несьмяротнаю. Гэтым Бог прыраўняў чалавека да Сябе і аддзяліў ад неразумнай жывёлы.
Першага чалавека Бог назваў Адамам і пасяліў y раі (прыгожым садзе). Пасярод раю расьлі два нязвычайныя дрэвы: дрэва жыцьця, ад пладоў якога прабацькі нашыя маглі б жыць вечна, і дрэва пазнаньня дабра і зла. Бог сказаў Адаму: „Плады ўсялякага дрэва ў садзе ты можаш есьці, але з дрэва пазнаньня дабра і зла ня еш пладоў, бо як толькі ўкусіш плоду з дрэва гэтага, памрэш. Потым выняў Бог у Адама, як спаў ён, рабро і стварыў з рабра гэтага жонку яму Эву.
Сёмага дня Бог адпачываў і загадаў у дзень гэты маліцца і рабіць добрыя ўчынкі. Сёмы дзень названы суботаю, што значыць супакой альбо адпачынак.
У раі першыя людзі жылі шчасьліва. Яны ня ведалі ніякага страху; ні цела іх, ні душа ня зналі ні хваробы ні мукаў. Сам Бог зьяўляўся ім і гутарыў з імі. Але шчасьце было недаўгавечна. Дзябал пазавідаваў першым людзям і захацеў згубіць іх. Ён прыкінуўся гадам і ўгаварыў Эву зьесьці плод з забароненага дрэва. Эва паслухала дзябла. Яна ўзяла плод і зьела, а потым дала мужу свайму, і ён еў. Такім чынам, Адам і Эва не датрымалі загаду Божага і гэтым самым саграшылі перад Богам. Пасьля-ж, замест каб пакаяцца, прызнацца і прасіць Бога дараваць грэх, яны пачалі апраўдывацца і вінаваціць адзін аднаго: Адам казаў, што яго спакусіла жонка, Эва казала, што яе спакусіў гад (зьмей).
Пасьля гэтага Бог пакараў дзябла і першых людзей. Адаму сказаў Бог, што цяжкай працай да поту будзе ён здабываць сабе хлеб, пакуль не памрэ; Эве — што ў страшных болях будзе раджаць дзяцей, дзябла-ж, які спакусіў першых людзей, пракляў.
У той жа час абяцаў Бог першым людзям, што з патомства жанчыны выйдзе Пераможнік дзябла (разумеецца Збавіцель, Сын Божы Іісус Хрыстос), Які верне людзям шчасьлівае жыцьцё.
Грэх Адама і Эвы перайшоў на ўсіх патомкаў іх і называецца першародным грахом.
З сорамам і страхам вышлі Адам і Эва з раю. Край, у якім яны асяліліся, быў дзікай пустыняй. Цяжкаю працай павінны яны былі даставаць для сябе яду. Апанавалі іх хваробы і розныя няшчасьці.
Пасьля выгнаньня з раю, у Адама і Эвы пачалі раджацца дзеці. Першага сына яны назвалі Каінам, а другога — Авэлем. Авэль пасьвіў статак, Каін абрабляў поле. Заняткі гэтыя разьдзялілі іх. Паміж братамі пашла варожасьць. Аднаго разу прыносілі яны ахвяры Богу. Бог ахвяру Авэля прыняў, а Каінаву адкінуў. З таго часу Каін яшчэ больш зьненавідзеў брата свайго, а пасьля і забіў яго. Бог пракляў за гэта Каіна. І стаў ён выгнанцам і бадзякай на зямлі, не знаходзячы сабе спакою.
Замест Авэля, Бог паслаў Адаму і Эве трэцяга сына — набожнага Сіфа. Ад сям’і Адама і Эвы, у якой былі і дочкі, пашырыўся ўвесь род чалавечы.
Патрыархі.
У меру разможаньня людзей, асабліва патомкаў Каіна, пачало пашырацца на зямлі ўсялякае злачынства і нявера. Толькі патомкі Сіфа жылі між сабою ў згодзе. Яны адны захоўвалі Божае адкравеньне аб будучым Збавіцелю. Усё жыцьцё іх праходзіла пад кіраўніцтвам старэйшых у родзе, якія называліся патрыархамі. Патрыархі вядомы былі сваёю справедлівасьцю і мудрасьцю. Ад імя роду яны прыносілі ахвяры Богу, рашалі сямейныя спрэчкі, падтрымлівалі просты, блізкі да прыроды ўклад жыцьця. Каб патрыархі маглі перадаць як-найбольшаму ліку людзей Божае адкравеньне, Бог надзяляў патрыархаў даўгалецьцем. Так, Адам жыў 930 гадоў, Сіф — 912 г., а патрыарх Мафусаіл аж 969 гадоў.
Патомкі Каіна і Сіфа спачатку жылі асобна, далёка адны ад адных. Але з працягам часу патомкі Сіфа зьмяшаліся з патомкамі Каіна і заразіліся ад іх няверай і распустай. Хутка ўся зямля напоўнілася страшным злачынствам, бяспраўем і гнётам. Праведна жыў
адзін толькі Ной з сваёй сям’ёй. Цераз патрыархаў Бог ня раз клікаў людзей да паправы, але людзі ня слухалі гэтага голасу. Тады Бог пастанавіў пакараць грэшны род людзкі патопам, каб выклікаць да жыцьцямновае пакаленьне людзей, якія шанавалі-б Бога і памятавалі аб Ім.
Сусьветны патоп.
Па загаду Божаму, Ной пабудаваў каўчэг ці вялікі карабель, у які да пачатку патопу ўвёў жывёлы і птушкі (чыстых па 7 пар, нячыстых па дзьве пары) і зрабіў запас патрэбнай для ўсіх на адзін год стравы. На-пасьледку, увайшоў у каўчэг сам з жонкаю і тры яго сыны: Сім, Хам і Іафэт, таксама кожны з сваёю жонкаю. Пасьля гэтага пачаўся нязвычайна вялікі дождж, які ліў бязупынна 40 дзён і ночаў. Вада пакрыла самыя найвышэйшыя горы і патапіла ўсё жывое на зямлі, апрача тых, якія былі ў каўчэзе. Цераз 150 дзён вада пачала спадаць, і каўчэг затрымаўся на гары Арарат. Калі зямля абсохла, Ной з сям’ёй выйшоў з каўчэгу і пасьпяшыў прынясьці ахвяру Богу. Гэта была ня толькі ахвяра ўдзячнасьці за збаўленьне, але і выказ веры ў абяцанага Збавіцеля сьвету. Бог прыняў ахвяру праведніка, багаславіў Ноя і сыноў яго на размнажэньне, аддаў ім у валаданьне ўсю зямлю, дазволіў ужываць у яду і жывёлы, забараніўшы толькі есьці кроў іх, і назначыў кару сьмерці таму, хто адважыцца забіць чалавека. Апрача таго Бог абяцаў людзям, што болей ня будзе ўсясьветнага патопу, і ў адзнаку спаўненьня гэтага палажыў на небе вясёлку, або радугу.
Паяўленьне ідалапаклонства.
Па патопе людзі ізноў размножыліся і, пакуль усе жылі разам, захоўвалі веру ў Бога. Але з працягам часу, расьсяліўшыся па розных краінах, адасобіўшыся са сваёю моваю і звычаямі, пачалі забывацца аб праўдзівым Богу і сталі ўбагаўляць розныя сілы і зьявы прыроды. Замест аднаго ісьціннага Бога зьявілася грамада відочных багоў, добрых і злых, гледзячы на тое, ці прыносілі яны чалавеку шкоду ці дабро. Так зьявіліся куміры ці ідалы, якіх пачалі рабіць з дзерава, каменя ці мэталю, і якім пачалі пакланяцца. Ідалапаклоньнікі звычайна называюцца паганцамі.
Ідалапаклонства ўсё болей і болей распаўсюджвалася між людзьмі і, у канцы, дайшло да таго, што амаль ня ўсе людзі на зямлі пачалі пакланяцца ідалам. Тады Бог, па Свайму міласэрдзю, абраў з усяго чалавецтва адзін народ для захаваньня праўдзівай веры на зямлі да часу прыходу абяцанага Збавіцеля. Гэты абраны народ былі яўрэі, якія паходзяць ад Аўраама, з патомства Сіма, сына Ноя.
Аўраам. Зьяўленьне Бога Аўрааму.
Бог абраў праведнага Аўраама, каб захаваць у яго патомстве праўдзівую веру. Аўраам атрымаў ад Бога загад выселіцца з Мэсапатаміі, дзе ён жыў, у зямлю Ханаанскую, у Палестыне. «Гэтую зямлю — сказаў Бог Аўрааму — Я дам табе і твайму патомству» (чаму зямля гэтая і стала называцца Зямлёю Абяцанаю). Аўраам узяў усю сям’ю і маемасьць сваю (шматлікія статкі жывёлы свойскай), і пайшоў у прызначаную яму краіну.
Аўраам ня меў дзяцей, аднак Бог сказаў яму, што родзіцца ў яго сын, і што патомства сына гэтага будзе вельмі вялікім і слаўным, і з яго выйдзе Збавіцель.
Пасьля гэтага, ўгледзіў аднаго разу Аўраам ідучых да яго падарожнікаў. Ён пакланіўся ім і запрасіў да сябе. Адзін з іх (гэта былі Гасподзь і з Ім два ангелы) паўтарыў Аўрааму абяцаньне аб народжаньні ў яго сына.
Цераз год у Аўраама і жонкі яго Сары ўзапраўды радзіўся сын, якому далі імя яны Ісаак.
Прынашэньне Ісаака ў ахвяру Богу.
Калі Ісааку было каля 20 гадоў ад роду, Бог зьявіўся Аўрааму і сказаў: „Вазьмі сына свайго Ісаака, якога ты любіш, пайдзі з ім у зямлю Морыа, і там прынясі яго ў ахвяру на гары, якую Я пакажу табе“. Гэта была вялікая спроба для веры Аўраама. Аўраам узяў Ісаака, і пайшоў у вызначанае месца. Узыйшлі на верх гары. Аўраам зрабіў ахвярнік, палажыў дровы і абвясьціў Ісааку Божы загад. Ісаак не працівіўся і пакорна дазволіў сябе зьвязаць. Аўраам узяў нож і ўжо падняў руку, каб закалоць сына, як пачуў голас з неба: «Аўраам, не паднімай рукі свае на сына. Я ведаю, што ты баішся Бога і не пашкадаваў для Мяне сына свайго адзінага». Аўраам стрымаўся. Ён споўніў волю Божую, і Ісаак застаўся жывым. Аўраам паглядзеў навакола і ўбачыў з-заду за сабою ягня, якое заблуталася рагамі ў кустох. Аўраам узяў яго і на тым самым ахвярніку прынёс яго ў ахвяру Богу. За послух і веру Бог урачыста і з прысягаю паўтарыў Аўрааму Сваё абяцаньне: „Дзеля таго, што ты не пашкадаваў для Мяне сына свайго адзінага, Я багаслаўлю цябе і размножу патомства тваё, як зоркі нябесныя і як пясок на беразе мора, і цераз твайго Патомка багаслаўляцца ўсе народы зямныя“.
Ахвярапрынашэньне Ісаака было правобразам найбольшое збаўчае ахвяры, якую прынёс на Галгофе Адзінародны Сын Божы Іісус Хрыстос.
Сон Якава, сына Ісаака.
У Ісаака былі два сыны: Ісаў і Якаў, празваны Ізраілем. Ісаак перад сваёю сьмерцю багаславіў малодшага сына Якава і прадказаў, што з яго патомства прыдзе Збавіцель людзей. За гэта Ісаў узьненавідзеў брата і нават хацеў забіць яго, дзеля чаго Якаў прымушаны быў уцячы з бацькавае хаты да дзядзькі свайго ў Месапатамію.
Па дарозе Якаў змораны — лёг, сярод чыстага поля, спаць, падлажыўшы пад галаву камень замест падушкі. І вось бачыць ён дзіўны сон: стаіць на зямлі высокая-высокая драбіна; канцом сваім яна ўпіраецца ў самае неба. Ангелы Божыя ўсходзяць і нісходзяць па ёй. Угары драбіны — Сам Гасподзь. Гасподзь сказаў Якаву: „Ня бойся. Зямлю, на каторай ты сьпіш, Я дам табе і твайму патомству. І будзе патомства тваё, як пясок зямны. І буду Я з табою ўсюды, куды ні пойдзеш, і вярну цябе ў гэтую зямлю“. Якаў прачхнуўся. На памяць аб гэтым дзіўным зданьні ён паставіў тут ахвярнік.
Драбіна, якую бачыў ва сьне Якаў, была правобразам Маці Божай, ад Якой Сын Божы нарадзіўся на зямлі.
Гісторыя Іосіфа.
Пражыў Якаў у дзядзькі свайго шмат гадоў, жаніўся там і напасьледак вярнуўся дамоў. Было ў яго дванаццаць сыноў. Аднаго з іх, Іосіфа або Язэпа, ён асабліва любіў. Бачыў Іосіф аднаго разу сон. Нібыта вязаў ён з братамі снапы на полі. Яго сноп стаяў, а снапы братнія кланяліся снапу гэтаму. Расказаў Іосіф сон гэты братом, і абразіліся браты: «Няўжо (сказалі яны) ты будзеш панаваць над нам!?» Хутка пасьля гэтага прысьніў Іосіф другі сон: сонца, месяц і адзінаццаць зорак кланяліся яму. Нават Якаў загневаўся, калі Іосіф расказаў яму гэты сон: „Няўжо, сказаў ён, я і твая маці, і браты твае будзем кланяцца табе?“
Не падабалася братом Іосіфа, што бацька любіў яго больш, як іх. Пасьля-ж гэтых сноў яшчэ больш узьненавідзелі Іосіфа і прадалі яго купцом, якія ехалі з таварамі ў Эгіпэт. Бацьку яны сказалі, што зьверы разарвалі Іосіфа, а каб бацька веры даў, вымазалі адзежу Іосіфаву ў крыві казьляняці і паказалі яму. Бацька паверыў ім і доўга плакаў па любым сыну.
Іосіф у Эгіпце.
Людзі, што купілі Іосіфа, прывязьлі яго ў Эгіпэт і прадалі начальніку прыбочнай стражы эгіпэцкага цара. Начальнік палюбіў Іосіфа і вызначыў яго даглядчыкам свайго дому. Але жонка начальніка абгаварыла Іосіфа.
Начальнік паверыў жонцы і пасадзіў Іосіфа ў вастрог. У вастрозе Іосіф стаў ведамы, як адгадчык сноў і, калі цар бачыў два асаблівыя сны, якіх ніхто ня мог адгадаць, паклікалі да цара Іосіфа.
Цар расказаў яму свае сны. Бачыў ён, як з рэчкі вышла сем сытых кароваў. Сьледам за імі вышло сем худых, якія зьелі сытых. Другім разам цар сьніў, што на адным сьцябле вырасла сем каласоў з поўнымі зярнятамі, а на другім сем каласоў пустых: пустыя каласы пажэрлі каласы поўныя.
Іосіф вытлумачыў сны гэтыя так: спачатку ў Эгіпце будзе сем вельмі ўраджайных гадоў, за імі-ж пайдзе сем гадоў недароду. Дзеля гэтага радзіў ён цару вызначыць разумнага чалавека, які-б за сем першых год зрабіў запас хлеба на час недароду. Цару падабалася гэтая
рада і ён паставіў самога Іосіфа начальнікам усяго царства свайго.
Насталі ўраджайныя гады. Іосіф прызапасіў столькі хлеба, што ўрэшце зьлічыць яго ня мог. Калі-ж настаў голад, пачаў прадаваць хлеб патрабуючым.
Падарожа ў Эгіпэт братоў Іосіфа.
У той час быў недарод і ў Палястыне, дзе жыў Якаў з рэштай сыноў сваіх. Калі ня стала збожжа, Якаў паслаў дзяцей ў Эгіпэт, каб купілі там хлеба. Паехала туды дзесяць сыноў Якава, малодшы-ж, Вэніямін, застаўся пры бацьку.
Прыехаўшы ў Эгіпэт, браты прышлі да галоўнага начальніка, Іосіфа, але не пізналі яго. Яны прасілі прадаць ім хлеба і нізка кланяліся Іосіфу. Ён-же пазнаў братоў і прыпомніў сон.
Пазнаўшы братоў, Іосіф захацеў даведацца ад іх, што сталася з бацькам яго, Якавам, і братам Вэніямінам. Але яму не хацелася пытацца ў іх аб гэтым: ён хацеў, каб яны самі расказалі яму ўсё. Таму прыняў ён іх шорстка; гаварыў эгіпецкай мовай, цераз тлумача; назваў іх шпіёнамі, што прышлі даведацца аб парадках
у чужым краі.
Браты пачалі апраўдывацца і казалі, што яны ніколі ня былі шпіёнамі, што яны не благія людзі, дзеці аднаго бацькі; было іх дванаццаць, але адзін згінуў, а другі застаўся дома.
Даведаўшыся такім чынам, што Якаў і Вэніямін жывуць, Іосіф захацеў пабачыць свайго малодшага брата. Загадаўшы сваім падуладным даць братом хлеба, колькі яны могуць давязьці, Іосіф вымагаў ад братоў, каб хутчэй прывязьлі да яго іх брата, што пры бацьку застаўся, а каб не ашукалі, аднаго з іх пакінуў пры сабе.
Тут браты пачалі гутарыць між сабою сваёю моваю, думаючы, што Іосіф не разумее іх. Пачалі яны каяцца, што несправядліва і жорстка абышліся з братам Іосіфом, і сталі прызнавацца, што гэта Бог караe іх цяпер за брата. Іосіф усё зразумеў, расчуліўся вельмі,
выйшаў у другі пакой і заплакаў.
Дзесяць братоў вярнуліся дадому, а як куплены хлеб выйшаў, паехалі зноў у Эгіпэт і ўзялі з сабою Вэніяміна. Прыйшлі ўсе да Іосіфа. Ён запрасіў іх да сябе ў палац на абед і пасадзіў за сталом паводле старшынства. Гэта вельмі зьдзівіла братоў; усё ж яны не маглі
зразумець, што абедаюць у праданага брата свайго.
Абдарыўшы ўсіх, Іосіф загадаў ім ехаць назад, толькі малодшага Вэніяміна хацеў пакінуць пры сабе. Браты пачалі прасіць яго не рабіць гэтага, бо, — як запеўнялі яны, — бацька іх не перажыве ўтраты любага сына. Тады Іосіф заплакаў і прызнаўся, што ён той самы брат,
якога яны ўзьненавідзелі і прадалі ў рабства.
Браты спалохаліся. Яны думалі, што Іосіф, маючы ўладу, стане мсьціцца. Але Іосіф не хацеў плаціць ім злом за іхнюю ненавісьць да яго, за іх жорсткасьць.
Па дабраце сваёй, Іосіф выбачыў жорсткім братом сваім, расплакаўся і стаў абнімаць іх. Сорамна было братом перад Іосіфам.
Хутка пасьля таго Іосіф аб’явіў братом, што цар эгіпецкі запрашае іх з бацькам, усёй радзімай і ўсім дабром перасяліцца на сталае жыцьцё ў Эгіпэт, дзе ім
будзе дадзена лепшая зямля.
Перасяленьне Якава ў Эгіпэт. Яўрэі ў Эгіпце.
Якаў з радзімай перасяліўся на прызначаную яму
зямлю, Іосіф-жа і па заканчэньні голаду застаўся начальнікам Эгіпту. Сям’і Якава жылося пры Іосіфе вельмі добра.
Калі Якаў паміраў, дык сказаў сыну свайму Юдзе, што патомкі яго будуць царамі яўрэйскімі, а як скончыцца ўлада іх і над жыдамі запануе чужынец, тады прыйдзе абяцаны Богам Збавіцель.
Патомкі Якава называліся яўрэямі, таму што сам Якаў паходзіў ад Эвера, прапраўнука Ноевага.
Пасьля сьмерці Іосіфа цары эгіпецкія пачалі забывацца аб яго заслугах і зьмянілі адносіны да жыдоў. Асабліва-ж нядобра яўрэям стала, як размножыліся яны, так што цары пачалі баяцца, каб не злучыліся яны з суседзямі і ня завалодалі Эгіптам. Эгіпцяне сталі перасьледваць яўрэяў, цясьніць іх, марыць цяжкімі работамі. Немагчымым станавілася жыцьцё яўрэяў.
Дзеля збаўленьня яўрэйскага народу ад няволі ў Эгіпце Бог паслаў Майсея.
Майсей паходзіў з калена Левія; быў нязвычайна прыгожым дзіцянём. Згодна з царскім загадам, кожная маці нованароджанага яўрэйскага дзяцёнка павінна была кінуць яго ў раку.
Адна жыдоўка ўтаіла народжанага хлопчыка і хавалася з ім тры месяцы. Але баялася яна, што ўсё роўна адбяруць ад яе сына і кінуць у рэчку. Дзеля гэтага сама палажыла яго ў асмолены кошык і пайшла з старэйшаю дачкою на рэчку на месца, дзе заўсёды купалася царская дачка. Там паставіла яна кошык пры беразе ў чарот і адыйшлася, а дзяўчынцы казала здалёк наглядаці. Незабаўкам прыйшла царэўна купацца,
ўбачыла кошык і загадала прынясьці да яе. Яна дагадалася, што гэта адна з жыдоўскіх матак схавала свайго сына, і захацела ўзяць да сябе дзіця гэтае. Тутака падыйшла сястра знойдзенага хлопчыка і запрапанавала царэўне знайсьці мамку. Тая згадзілася і дзяўчына прывяла сваю матку.
Дзіцяці далі імя Майсей, што па-нашаму азначае «выняты з вады».
Царэўна ўсынавіла Майсея і ён гадаваўся пры двары царскім. Калі ён стаў падрастаць, яго навучылі ўсяго, што зналі самыя мудрыя людзі таго часу. Пражыў Майсей у палацы царскім 40 гадоў. Знаў ён і сваю матку, і брата Аарона, і сястру сваю. Ведаў і ўсе няшчасьці жыдоў, адданых ужо ў рабства эгіпэцкаму цару.
Шкада яму было свах, але выбавіць іх з рабства гэтага, з няволі ён ня мог.
Пэўнага разу ўгледзіў Майсей, што эгіпцянін моцна 6’е яўрэя. Ён заступіўся за пакрыўджанага і, боручыся, зьнячэўку забіў эгіпцяніна. Ведаючы, што паводле законаў эгіпецкіх яго засудзяць на сьмерць, Майсей загроб у пясок труп забітага эгіпцяніна, а сам уцёк. Яму было тады 40 гадоў. Прыйшоў ён у суседні край і наняўся пастухом да аднаго багатага чалавека, Іафора, з дачкой
якога пазьней ажаніўся.
Прызваньне Майсея. Паварот Майсея ў Эгіпэт. Майсей перад фараонам (царом).
Пражыў Майсей 40 гадоў у свайго цесця. Увесь час гараваў ён аб долі свайго народу ў Эгіпце; думаў
аб уціску і няшчасьцях, якія зносіць ён там. Здавалася
Майсею, што згінуць яўрэі, як гіне дрэва, кінутае ў
агонь. І вось знаходзячыся аднаго разу ля гары Харыву, угледзіў ён цярновы куст, які гарэў, але згарэць ня
мог. У полымі гаручага куста зьявіўся яму Ангел Гасподні. Падышоў Майсей да куста і пачуў з сярэдзіны
яго голас, кажучы яму ісьці ў Эгіпэт і дамагацца ад
цара, каб адпусьціў ён з Эгіпту ўсіх жыдоў. Гэта быў
голас Самога Бога. Майсей паслухаў Яго і пайшоў у
Эгіпэт. Там, з братам сваім Ааронам, ён патрэбаваў,
каб цар дазволіў жыдом прынясьці ў пустыні ахвяры
Богу. Цар прагнаў іх і ўдвая дадаў жыдом работы.
Пасьля адмовы цара звольніць яўрэяў, на народ
эгіпецкі пасыпаліся няшчасьці. Найстрашнейшым і апошнім было — раптоўная сьмерць усіх першародкаў эгіпэцкіх. Разумеючы, што гэтымі бедамі Бог карае эгіпцян
за ўціск жыдоў і за жорсткае абходжаньне з імі, цар
загадаў, наканец, звольніць іх.
Пасха і выхад яўрэяў з Эгіпту.
Гасподзь загадаў цераз Майсея аддзяліць з статку
для кожнай яўрэйскай сям’і аднагадовае ягня, мужчынскага полу, і ў 14-ы дзень веснавога месяца Нісана, ўвечары, заколоць яго, памазаўшы крывёю вушакі і дзьверы хатаў сваіх, сьпячы на агні і зьесьці з прэсным
хлебам і горкімі травамі. Есьці ягня трэба было з пасьпешнасьцю, падперазаўшыся, з посахамі ў руках, у сандалах, з торбамі за плячыма, зусім гатовымі ў дарогу. «Гэта — Пасха Гасподня», — сказаў Бог Майсею. „Дзень гэты сьвяткуйце ўва ўсе роды вашыя“.
Ізраільцяне споўнілі ўсё, як загадаў ім Гасподзь.
Калі ўсё было гатова, народ рушыў у дарогу са ўсёю
маемасьцю сваёю, са ўсімі статкамі сваімі.
На памяць аб збаўленьні з рабства эгіпэцкага, яўрэі
дасюль сьвяткуюць Пасху. Пасха яўрэйская была правобразам Пасхі Новазаветнай, калі Іісус Хрыстос, як
ягня чыстае і бязваднае, праліў сваю кроў за грахі
людзей і вызваліў іх ад сьмерці і рабства дзяблу.
Пераход яўрэяў цераз Чырвонае мора.
Майсей, па загаду Божаму, павёў яўрэяў пустыняй
да Чырвонага мора. Удзень ім дзіўна паказваў дарогу
хмарны стоўп, а ўночы агнявы. Ідучы за стаўпом,
яўрэі прышлі да Чырвонага мора і тутака раскінуліся лягерам.
Тымчасам эгіпцяне пачалі шкадаваць, што адпусьцілі яўрэяў такое мноства дармавых працаўнікоў.
Быў выданы загад безадкладна пусьціцца ў пагоню,
каб вярнуць іх. Спалохаліся яўрэі, калі ўбачылі пагоню,
але замест таго, каб прасіць у Бога помачы, пачалі наракаць на Майсея, нашто ён вывяў іх з Эгіпту. Майсей падбодраваў іх, а сам у глыбіні душы ўзносіў моцную малітву да Бога. Бог прыхіліўся да малітвы Майсея і загадаў яму ўдарыць па вадзе сваім посахам. Калі
Майсей працягнуў на мора свой посах, дык вада расступілася і агалілася сухое дно. І пашлі сыны Ізраіля
пасярод мора па сухаземьмі; вада стаяла сьцяной па
адным і па другім баку. Эгіпцяне па тым самым дне
марскім пагналіся за адходзіўшымі. Калі яны былі на
сярэдзіне мора, а апошнія рады яўрэяў уже на другім
беразе, дык Майсей ізноў працягнуў руку сваю на мора,
і вада вярнулася на сваё месца, пакрыўшы ўсе калясьніцы і ўсё войска фараонава. Эгіпцяне згінулі ўсе да аднаго. Пасьля гэтага ізраільцяне сьпяялі Госпаду
песьню ўдзячнасьці і перамогі. Гэта быў самы шчасьлівы дзень ўва ўсёй гісторыі яўрэйскага народу, бо гэты
дзень прынёс народу доўгачаканую волю.
У гары Сінайской. Дараваньне 10 запаведзяў.
Майсей, бачачы асаблівую міласьць Божую да жыдоў, лічыў, што яны павінны заснаваць асаблівае Царства, пад кіраўніцтвам Самога Бога. Але яўрэі, пражываючы ў Эгіпце сярод паганцаў, многа дрэнага перанялі ад іх. Яны блізка што забыліся, чаго вымагае Бог
ад людзей. Дзеля гэтага, каб злажыць з яўрэяў Царства Божае, патрэбна была асаблівая помач Божая:
трэба было, каб Сам Бог пераказаў ім Сваю волю, і каб
воля Яго была для ўсіх яўрэяў абавязкава, як царскі
закон. І Бог аб’явіў Сваю волю ў дзесяцёх запаведзях.
Запаведзі гэтыя ўрачыста былі дадзены Богам на
гары Сінаі ў 50-ты дзень па выхадзе з Эгіпту і называюцца сінайскімі запаведзямі.
Па загаду Божаму, народ тры дні малітваю і пастом гатовіўся да прыняцьця запаведзяў ад Бога. На
трэці дзень, зрана, раптам загрымела, бліснула маланка:
цёмная хмара ўкрыла гару Сінай, чуцён быў моцны гук
трубы. Перапужаўся народ, які табарам аблажыў гару.
І вывеў Майсей народ з табару на спатканьне Богу,
стаўшы пад гарою. Уся гара курэла, Бог зышоў на
яе ў агні. Дым укрываў яе, выходзячы, як з печы. Уся
гара траслася. Пачуўся голас Божы і народ са страхам і пакорай выслухаў 10 запаведзяў Божых.
У гэтых запаведзях Бог паказаў людзям, як яны
павінны жыць, каб быць шчасьлівымі і маглі зьдзейсьніць на зямлі Царства Божае, альбо той рай, які Адам і Эва страцілі за свой грэх.
Выслухаўшы ўсе запаведзі, стоячы пад гарой народ абяцаў выпаўняць іх.
Скінія Майсеева.
Майсей, па загаду Божаму, збудаваў пераносны храм
(скінію), дзе яўрэі маглі маліцца Богу і складаць Яму
ахвяры (ягня, цяля, казьляня, галубы, віно, масло і інш.).
Для служэньня Богу ў скініі Майсей вызначыў
свайго брата Аарона, як галоўнага сьвяшчэньніка, або
першасьвяшчэньніка. Сыноў Аарона ён прыдзяліў да скініі, як сьвяшчэньнікаў, а насіць скінію і служыць пры
ёй вызначыў усіх патомкаў Левія, сына Якавага. Гэтыя пачалі звацца лявітамі.
Скінія складалася з дзьвёх частак: сьвяцілішча
і сьвятое сьвятых. Яна была абкружана з усіх бакоў
асобным дваром. У двары стаяў аўтар ахвярапрынашеньняў, на якім прыносілі ахвяры падтрымлівалі незгасаўшы агонь. У сьвяцілішчы, куды мелі права ўваходзіць толькі сьвяшчэньнікі, стаяў стол з 12 сьвятымі
хлебамі, сямісьвечнік, які гарэў заўсёды, і аўтар кадзільны
для курэньня ладану. Часьць скініі за сьвяцілішчам,
якая аддзялялася ад яго завесаю, і куды меў право ўваходзіць толькі першасьвяшчэньнік (адзін раз у год), называлася сьвятое сьвятых. Тут знаходзілася галоўная
сьвятыня яўрэяў — каўчэг завету. У каўчэзе знаходзіліся скрыжалі завету, судзіна з маннаю і пазьней — посах Аарона.
Вандраваньне яўрэяў па пустыні.
Дарога яўрэяў ад Чырвонага мора йшла па дзікай, бясплоднай пустыні. Калі вышлі запасы вады, хлеба і мяса, народ пачаў наракаць на Майсея. Майсей зьвярнуўся з малітваю аб помачы да Бога. І вось увечары ўся мясцовасьць каля лягеру пакрылася зграямі перапёлак, а раніцай наступнага дня — нейкімі белымі
крупінкамі: гэта была «манна», якая служыла яўрэям
штодзенным хлебам да самага ўваходу ў Зямлю Абяцаную. Удзень яе нельга было знайсьці: яна растоплівалася ад праменьняў сонца. Яе можна было малоць,
таўчы і варыць. Каб дастаць вады, Майсей, па загаду
Божаму, ударыў посахам па скале, і з яе пацякла вада.
Так дзіўна прамышляў Бог аб Сваім народзе ў пустыні: даваў яму яду і пітво і памагаў у барацьбе з ворагамі — суседнімі плямёнамі, якія насялялі гэты край.
Апрача таго, праз усю падарожу адзеньне яўрэяў не
старэла і ногі ня пухлі.
Уваход яўрэяў у Зямлю Абяцаную.
Яўрэі ўвайшлі ў Зямлю Абяцаную толькі праз 40 гадоў пасьля выхаду з Эгіпту. На такое даўгое вандраваньне па пустыні яны былі засуджаны Богам за
нараканьне і непаслухмянасьць волі Божай. У апошні
год вандраваньня памёр Майсей. Яму не дано было
Богам увайсьці ў Зямлю Абяцаную. Замест сябе ён паставіў павадыром народу Іісуса Навіна. Перад сьмерцяй
Майсей даў сваё багаславеньне ўсім каленам ізраільскім і перадаў сьвяшчэньнікам, дзеля захаваньня ў каўчэзе завету, напісаныя ім кнігі Закону.
Пры ўваходзе ў Зямлю Абяцаную яўрэям треба
было перайсьці раку Іордан. Іісус Навін загадаў сьвяшчэньнікам ісьці з каўчэгам завету ўперад. І толькі
яны ўступілі ў ваду, як рака раступілася і вада стала
сьцяною: народ чудоўна перайшоў па аголеным ад вады, сухім дне ракі.
Аднаго разу была ў яўрэяў заўзятая бітва з народамі зямл! Ханаанскай. Надыходзіў вечар, а яўрэі ня
скончылі яшчэ перасьледваньня ворагоў. Тады Іісус Навін, памаліўшыся Богу, голасна выклікнуў перад народам: «Стой, сонца!» Раптам сонца спынілася і зьяла
на небе, пакуль народ ня зьніштожыў сваіх ворагаў.
Гэтак пакрысе была здабыта зямля Ханаанская.
Іісус Навін разьдзяліў усю заваяваную зямлю (праз лёсаваньне) паміж 12-ма каленамі народу яўрэйскага.
Расьсяліўшыся ў зямлі ханаанскай, яўрэі пачалі гаспадарыць, гадаваць жывёлы, займацца рамяством, гандлем
і ўвайшлі ў зносіны з суседнім народамі.
Судзьдзі. Прарок Самуіл.
Пасьля разьдзелу зямлі Іісус Навін кіраваў народам
яшчэ 25 гадоў. Памёр Іісус Навін, маючы 110 гадоў
веку. Пахаваны ў сваім удзеле.
Пасьля сьмерці Іісуса Навіна яўрэі часта забывалі
Бога і пачыналі пакланяцца ідалам. Тады Гасподзь аддаваў іх у рукі суседніх паганскіх народаў. Але калі
яўрэі каяліся, Гасподзь пасылаў ім павадыроў, якія праганялі ворагаў і кіравалі народам да канца свайго жыцьця. Такія павадыры называліся судзьдзямі. Усіх
судзьдзяў было ў яўрэяў 14.
Апошнім судзьдзёю быў прарок Самуіл. Ён кіраваў народам 40 гадоў. Пад старасьць Самуіл перадаў уладу двом сваім сыном, але яны судзілі несправядліва і бралі хабары. Тады яўрэі сталі прасіць Самуіла, каб ён паставіў над імі цара. Самуіл памаліўся Богу, і Бог сказаў яму: „Прыдзе да цябе заўтра чалавек, якога ты і памажаш на цара свайму народу“.
Саул, першы цар яўрэйскі.
У аднаго яўрэя, катораму імя было Кіс, прапалі працоўныя асьліцы, і ён паслаў сына свайго Саула і слугу шукаць іх. Слуга парадзіў запытацца ў прарока Самуіла, дзе шукаць загінуўшае. Самуіл урачыста, з вялікаю пашанаю спаткаў Саула. На другі дзень Самуіл выйшаў з Саулам за места і тутака, калі слуга падаўся трохі ўперад, памазаў Саула на царства. Адначасна з гэтым Дух Божы зыйшоў на Саула.
Хутка пасьля тайнага памазаньня Саула, Самуіл склікаў усіх яўрэяў дзеля ўрачыстага абраньня цара. Кінулі жэрабя. Жэрабя ўпала на Саула. Большасьць прызнала яго сваім царом і паднясла яму гасьцінцы.
Заснаваньне яўрэямі царскае ўлады вельмі занепаікола суседнія народы. Яны пачалі рабіць напады на зямлю яўрэяў. Саул сабраў сільнае войска, і рабіў удачныя паходы супроць ворагаў. Але слава Саула хутка памеркла.
Адноўчы перад бітваю Саул зьбіраўся прынясьці ахвяру Богу. На гэтую ўрачыстасьць абяцаў прыбыць і Самуіл. Саул чакаў яго сем дзён, але Самуіл ня прыходзіў. Тады Саул сам, без сьвяшчэньніка, яшчэ да прызначанага Самуілам сроку, прынёс ахвяру Богу. Гэтым Саул нарушыў закон дзеля таго, што ён ня меў правоў сьвяшчэньніка. Калі прыйшоў Самуіл, ён зрабіў моцны закід Саулу за тое, што „ня споўніў загаду Божага“, і абвясьціў, што за непаслухмянасьць патомства Саула не атрымае ў насьледзтва яго царства.
Памазаньне Давіда на царства. Узвышэньне Давіда.
Калі Гасподзь адкінуў Саула, Самуіл, па загаду
Божаму, пайшоў у горад Віфлеем і там памазаў на царства Давіда, сына некага Есея, з калена Юдавага. Дух
Божы зыйшоў на Давіда, а ад Саула адступіў.
Хутка здарыўся выпадак, які зрабіў ведамым імя
Давіда ўва ўсім царстве. У яўрэяў вялася вайна з філісьцімлянамі. Калі ворагі зьблізіліся адзін да аднаго,
дык з лягеру філісьцімлянаў паказаўся волат Голіаф,
узброены з ног да галавы. Ён выклікаў сабе супраціўніка на паядынак, кажучы: „Калі я перамагу — вы будзеце нашымі рабамі; калі пераможа ён, мы будзем вашымі рабамі“. Ніхто з яўрэяў не адважыўся выйсьці
супроць Голіафа.
У гэты самы час, па даручэньню свайго бацькі,
прыйшоў у лягер яўрэяў Давід. Чуець — Голіаф пяруновым голасам зьдзекуецца над трусьлівасьцяй і маладушнасьцяй яўрэяў. Закіпела абурэньнем гарачае сэрца
Давіда, пачуў ён у сабе нястрыманую адвагу. Узяў ён
у рукі свой посах пастухоўскі, выбраў пяць гладкіх каменьчыкаў, палажыў у сваю торбачку і пайшоў на Голіафа. Гасподзь памог Давіду і трапным ударам каменя з прасткі Давід папаў Голіафу проста ў лоб, аглушыў
яго, а пасьля, падскочыўшы да яго з шпаркасьцю ласіхі, яго-ж мечам адсёк яму галаву. Філісьцімляне пабеглі; яўрэі далёка гналі іх і шмат іх забілі.
Калі Саул і Давід вярталіся дамоў, жанчыны гарадоў выбягалі ім насустрэчу і пяялі: „Саул перамог тысячы, Давід дзесяткі тысячаў“. Гэта надта не спадабалася Саулу. Давід прымушаны быў на нейкі час выдаліцца з зямлі яўрэйскай.
Па сьмерці Саула, Давід урачыста быў памазаны на царства. Яго зацараваньне было спаткана ў народзе
з вялікаю радасьцяй і надзеямі. Пры ім яўрэйскае царства дасягнула найвышэйшае ступені свае магутнасьці і славы. Граніцы царства яўрэйскага вельмі пашырыліся. Гасподзь памог Давіду перамагчы многіх ворагаў і здабыць горад Ерусалім, які пасьля таго зрабіўся яго
сталіцаю. Тут Давід пабудаваў новую скінію, замест старой Майсеевой скініі, і перанёс у яе каўчэг завету з вялікай урачыстасьцяй.
Абкружаны славаю, жывучы сам у пышным палацы,
Давід заўсёды трывожыўся думкаю, што каўчэг завету „стаць пад шатром“. Яму хацелася выбудаваць вялічны
храм Іегаве, адпаведны велічы яго царства. Але прарок Нафан абвясьціў Давіду, што, як праліўшы шмат
крыві, ён ня можа пабудаваць храм Богу спакою і згоды. Гэтая справа, па словах прарока, будзе зроблена
яго сынам. Аднак Гасподзь паказаў Давіду Сваю вялікую міласьць абяцаньнем, што царства яго над ізраільскім народам будзе зацьверджана навекі, бо з яго патомства народзіцца Вялікі і Вечны Цар, Якому „Я — кажа Гасподзь — буду Айцом, а Ён будзе Мне Сынам“.
Незадоўга да сваей сьмерці Давід урачыста памазаў на царства свайго сына Саламона.
Давідам складзены 91 псалом. Яны знаходзяцца
ў кнізе „Псалтыр“. У некаторых з гэтых псалмоў зьмяшчаюцца прароцтвы аб Мэсіі, будучым Збавіцелю роду
чалавечага. Ува ўсіх народаў псалмы Давідавы дасюль
карыстаюцца вялікаю пашанаю.
18-гадовым юнаком уступіў Саламон на пасад. Прырода надзяліла яго ясным розумам, а глыбокая адукацыя, зьдзіўляўшая сучасьнікаў, адкрыла яму ўсе тайны
жыцьця. Яму трэ было кіраваць вялізарным гаспадарствам, якое цягнулася „ад ракі Эгіпэцкае да вялікае ракі Эўфрату“. Забясьпечаньне цішы і спакою сярод падуладных яму народаў — было яго галоўнаю мэтаю. Ерусалім зрабіўся асяродзьдзем, дзе адбываліся рухлівыя
зносіны гандлёвыя, рэлігійныя і іншыя. У Ерусаліме былі
сабраны нязьлічаныя багацьці. Ён пачаў хутка будавацца. Насельнасьць павялічвалася, задаволеная спакоем і дабрабытам.
Каб паказаць удзячнасьць Богу за добры пачатак
свайго кіраваньня, Саламон прынёс багатую ахвяру. Ахвяра была прынята Богам. Уночы зьявіўся Саламону ў сьне Бог і сказаў: „Прасі, чаго табе даць“. — „Дай
мне мудрасьць, каб я здолеў кіраваць народам Тваім“, — маліўся Саламон. Бог адказаў яму: „За тое, што ты не
прасіў для сябе доўгага жыцьця, багацьця, а прасіў
сабе розуму, каб добра судзіць, вось даю табе сэрца
мудрае і разумнае, так што падобнага табе ня было
раней за цябе, дый пасьля цябе ня будзе; і тое, чаго
ты не прасіў, Я даю табе — і багацьце і славу, а калі
будзеш хадзіць шляхам Маім, як Давід, бацька твой,
дык прадоўжу і дні твае“.
Хутка Саламону здарылася паказаць сваю мудрасьць.
Да яго прыйшлі на суд дзьве жанчыны. Абедзьве яны
мелі па дзіцёнку і жылі разам у аднэй хаце. У ночы
адна з іх заспала сваё дзіцянё; устала і падлажыла яго
другой, а яе дзіцянё, жывое, ўзяла сабе. Яна прынясла
яго сюды, да Саламона. Калі, перабіваючы адна адну,
расказалі яны Саламону сваю справу, дык ён выклікнуў:
„Дайце меч, расьсячэце дзіцянё напаловы і аддайце палову аднэй і палову другой“. — „О, цар! — выклікнула
адна — аддайце ёй дзіцянё жывым і не забівайце яго“.
А другая казала: „Хай ня будзе ані мне, ані табе, сячэце“! Саламон загадаў аддаць дзіцянё першай і сказаў: „Яна яму маці“. Мудрасьць Саламонава зьдзівіла ўсіх.
Будова і асьвячэньне храму Ерусалімскага
(1017—1010 г.г. да Нар. Хрыстова).
На чацьвёртым годзе свайго кіраваньня, калі быў падрыхтованы ўвесь матар’ял, Саламон пачаў будаваць храм Іегаве. Храм Саламона быў пабудованы паводле пляну скінії, але разьмерамі сваімі быў удвая большы за яе. Новы храм быў нязвычайна вялічным. Дзіўнае багацьце ўпрыгожаньняў і цэннасьць матар’ялаў рабіла яго ўзапраўднасьці „славаю і аздобаю перад усімі землямі“. На ўрачыстасьць асьвячэньня храму былі запрошаны прадстаўнікі ўсіх каленаў і старшыні ізраільскія. Галоўным мамэнтам урачыстасьці было перанясеньне Каўчэгу Завету з скініі Давідавай. Калі Каўчэг Завету быў пастаўлены на сваё месца, дык слава Гасподняя, у відзе воблака, напоўніла ўвесь храм. Саламон падняў тады рукі да неба і прамовіў голасна малітву, у якой дзякаваў Богу за Яго вялікія міласьці і прасіў прымаць у новым храме малітвы ня толькі ізраільцянаў, але і кожнага чужаземца, які прыдзе сюды маліцца, пачуўшы аб славе Бога ізраільскага. У часе малітвы вобалак рабіўся ўсё яскравей і сьвятлей і, у знак асаблівае міласьці, зыйшоў з неба агонь на падрыхтованыя ахвяры, і слава Гасподня напоўніла ўвесь Дом.
Разьдзяленьне яўрэйскага царства на ізраільскае
і юдэйскае (980 г. да Нар. Хр.).
Сярод раскошы і шчасьця Саламон ня здолеў затрымацца ў набожнасьці. Жонкі Салямонавы нахілілі
сэрца яго да іншых багоў. Ён пабудаваў для іх паганскія капішчы, сам пачаў пакланяцца ідалам і прымаць
учасьце ў ахвярапрынашэньнях ім. У пакараньне за паганства, распусту і адступленьне ад Закону Божага,
прарок Ахія Імем Божым абвясьціў Саламону: «За тое,
што ты не захаваў завету Майго і прыказаньняў Маіх,
Я адбяру ў цябе царства і аддам яго рабу твайму, а
сыну твайму пакіну толькі часьць дзеля Давіда і дзеля
Ерусаліму».
Хутка пасьля гэтага прадказаньня пачаўся ўнутры
гаспадарства неспакой і распад. Непамерныя падаткі
асабліва выклікалі абурэньне народу. На чале ўсіх незадаволеных стаў Іераваам, адзін з начальнікаў пры паправе гарадзкіх сьценаў у Ерусаліме. Гэта быў чалавек
адважны, здольны і ўладалюбны. Яго вось і выбралі царом, па сьмерці Саламона, дзесяць каленаў Ізраільскіх.
Два апошнія калены Юдава і Веніямінава выбралі царом Раваама, сына Саламона. Тое царства, дзе царом
зрабіўся Раваам, стала называцца Юдэйскім, а дзе было 10 каленаў і дзе царом выбралі Іераваама, стала называцца Ізраільскім.
Палон Вавілонскі.
Іераваам і другія цары ізраільскія былі ўсе адступнікамі ад ісьціннае веры. Яны ўцягнулі ў паганства і распусту і ўвесь народ свой. За гэта Гасподзь пакараў царства Ізраільскае і яно зусім згінула, праіснаваўшы 250 гадоў. Цар асырыйскі зруйнаваў дашчэнту ўвесь край, і шмат жыхароў паслаў у палон. На іх месца перасяліў паганцаў з Сырыі і Месапатаміі. Ад імя Самарыі, галоўнага места зруйнаванага царства Ізраільскага, гэтыя пасяленцы сталі называцца самаранамі. Вера іх была мешанінай праўдзівае веры з паганскімі аблудамі. Юдэі пагарджалі самаранамі і стараліся нават не гаварыць з імі.
У царстве Юдэйскім усе цары паходзілі з роду Давіда і некаторыя з іх (Аса, Іосафат, Езэкія) заставаліся вернымі Богу праўдзіваму. Аднак большасьць адхілілася ў ідалапаклонства. За гэта Гасподзь пакараў і Юдэйскае царства. У 589 годзе да Н. Хр. вавілонскі цар Навухаданосар узяў і спаліў Ерусалім, — разам з храмам Ерусалімскім, захапіў з храму ўсё дарагое прыладзьдзе і адправіў у палон амаль ня ўсіх жыхароў Юдэі. Так пачаўся ведамы ў гісторыі 70-гадовы палон вавілонскі.
Прарокі.
Калі яўрэі сталі забывацца аб Богу і пачыналі кланяцца ідалам, Бог адкрываў ім Сваю волю цераз прарокаў. Галоўным прызначэньнем прарокаў было абвяшчаць людзям волю Божую. Самі яны спаўнялі ўсе запаведзі Божыя і хутчэй згаджаліся на мукі і сьмерць, як на тое, каб пайсьці супроць волі Божай. Яны не баяліся гаварыць праўду нават такім царом, якія маглі за гэта ўкараць іх. Яны сьмела высьведчвалі цароў, калі тыя служылі ідалам і ўціскалі народ.
Прарокі, надыхнёныя Богам, прадбачылі, што дзеля адбудовы на зямлі Царства Божага прыдзе Божы Пасланец, Збавіцель. Ён навучыць людзей, як треба жыць, каб споўніць Волю Божую, як абавязкавы царскі закон; ды й Сам так жыць будзе; Сам прыкладам Сваім пакажа, што жыць так можна і даступна для людзей.
Асабліва вялікімі прарокамі былі Ільля, Ялісей, Ісайя і Даніла.
Прарок Ільля.
Прарок Ільля жыў у пустыні і рэдка паказваўся сярод людзей. Прыходзіў ён да іх толькі дзеля таго, каб
абвясьціць волю Божую. Зьнячэўку ён зьяўляўся, аб’яўляў волю Божую і неспадзявана адыходзіў.
Аднойчы, калі цар Ахаў служыў ідалам, неспадзеўку
перад ім стаў Ільля і сказаў: „Гэтымі гадамі ня будзе
ні расы, ні дажджу!“ Вымавіўшы гэта, ён раптам зьнік.
Прароцтва яго збылося: пачалася страшэнная суш; ад
сонца выгаралі ўсе расьліны: настаў голад і трываў тры
гады. Па трох гадох ізноў Ільля прыйшоў да Ахава, загадаў яму сабраць увесь народ і ўсенародна прынёс
ахвяру Богу, на якую зыйшоў з неба агонь і спаліў яе.
Ільля маліўся пры гэтым і, па малітве яго, зараз-жа
паслаў Бог вялікі дождж.
Другога разу малітвамі Ільлі Гасподзь уваскрасіў
памёршага сына сарэптскай удавы. Удава гэтая свайго
часу, як быў голад ад сушы, ўратавала Ільлю, даўшы
яму прытулак у сваім доме.
Прарока Ільлю прасьледавала жонка Ахава, паганка. Ільля змушаны быў часта хавацца ад яе. Аднак калі
была патрэба абвясьціць ёй прысуд Божы за яе паганае жыцьцё, дык бяз страху стаў прарок перад ёю.
Ільля сказаў Ахаву, што ён памрэ не сваёю сьмерцю і сабакі будуць лізаць кроў яго, а жонку яго зьядуць
сабакі за мурамі гораду. Так і сталася: Ахаў быў забіты на вайне і сабакі лізалі кроў яго, якой была абліта
баявая калясьніца, а жонку выкінулі праз вакно і сабакі пагрызьлі труп яе.
Аднаго разу прышоў Ільля да Ялісея, які пачынаў
тым часам прароцтваваць. Ільля хацеў адпаведна навучыць яго, як і што рабіць, разьвітацца з ім і адыйсьці ў пустыню. Прарок ня скрываў ад Ялісея, што хутка
будзе ўзяты з гэтага жыцьця. Таму Ялісей не пакідаў
яго болей. І вось, калі прарок Ільля зьвярнуўся да Ялісея з апошнім разьвітальным словам, ён угледзіў нязвычайнае зьявішча: сарваўся віхар, які і панёс Ільлю,
як бы на агнёвай калясьніцы на неба. Калі ўсё сьціхла,
Ільлі не знайшлося; засталася адна мантыя (шырокая адзежа), якую Ялісей падняў і забраў з сабою.
Прарок Ялісей.
Пасьля Ільлі прароцтваваў Ялісей. Прарок Ільля быў
жыхар пустыні, люб ў адзіноту і рэдка зьяўляўся ў месьце.
Прарок Ялісей любіў шумнае гарадзкое жыцьцё. Ён
увесь час абыходзіў гарады ізраільскія, ўсюды навучаў
аб Богу любові і адгаварваў яўрэяў ад ідалапаклонства і грэшнага жыцьця.
У той час яўрэі былі так распушчаны, што ня сталі-б слухаць Ялісея, каб ня бачылі, якія чуды тварыў
Бог па яго малітвах. А многа чудаў зрабіў Бог пры
Ялісеі. Неяк памёр хлапец, адзіны сын багабойнай маткі.
Ялісей доўга маліўся Богу, каб зьмілаваўся Ён над
няшчаснай жанчынай: і Гасподзь уваскрасіў памёршага.
Многа і іншых чудаў стварыў Бог па малітвах Ялісея.
І слава аб прароку, як аб чудатворцы, пайшла нават
за межы зямлі яўрэйскай.
Даведаўся аб ім у Сырыйскім краі вяльможа Нээман,
хварэўшы праказай. Праказа — хвароба вельмі дакучлівая, заразная і малавылячальная. У тыя часы ня было асобных прытулкаў і бальніцаў для такіх няшчасных;
іх выганялі з местаў і вёсак, баючыся заразы, і яны
мучыліся і ўміралі адны, не дастаючы ні ад каго ані
помачы, ані палёгкі. Цела, апанованае гэтай хваробай,
пакрывалася нарывамі, струпамі, жыўцом абгнівала. Часамі хворыя ачуньвалі. У такіх выпадках сьвяшчэньнікі
аглядалі хворага і дазвалялі яму вярнуцца дадому.
Вось такою хваробаю захварэў Нээман. Даведаўшыся аб чудах, якія Бог тварыў цераз Ялісея, прыехаў
ён да яго і прасіў, каб вылячыў хваробу. Ялісей загадаў хвораму сем разоў занурыцца ў Іордане, і калі той
зрабіў гэта, стаў здаровым.
Прарок Іона.
Прарок Іона жыў пасьля сьмерці Ялісея. Бог загадаў яму йсьці ў сталіцу Асырыйскага цара, Ніневію, насельнікі якой былі вельмі распусныя. Ён павінен быў
абвясьціць там неабходнасьць пакуты, без якой места
(горад) мусіла згінуць.
Дайшоў ён да мора і сеў на карабель. Але як толькі
карабель адплыў ад берагу, ўзьнялася страшная бура. Падарожнікі думалі, што гэта нехта з іх грахамі сваімі
наклікаў бяду і жэрабем хацелі знайсьці вінаватага.
Жэрабя паказала на Іону, які прызнаўся да грахоў сваіх і прасіў кінуць яго ў мора. Добрыя карабельшчыкі не
адважыліся зразу споўніць просьбу Іоны і прабавалі высадзіць яго на бераг. Аднак зрабіць гэта было немагчыма. Тады ўкінулі Іону ў мора і бура сьціхла.
Калі Іона апынуўся ў вадзе, ён быў праглынуты
вялікай рыбай, якая цераз тры дні выкінула яго жывога
на бераг. Бачачы ў чудоўным збаўленьні руку Божую,
Іона пайшоў у Нінэвію.
Хадзіў ён вуліцамі гораду і абвяшчаў Бога ісьціннага, наказваючы, што цераз сорак дзён горад будзе збураны, калі жыхары яго не пакаюцца. Прыход чужынца, які так сьмела вытыкаў распусту і няпраўды людзей,
зрабіў нязвычайнае ўражаньне: ўсе паслухалі Прарока,
пачалі каяцца ў грахох сваіх, пасьціцца і маліцца.
Прайшло сорак дзён. Іона чакаў спаўненьня прароцтва. Вышаў ён з места, зрабіў сабе шацёр і ўсё чакаў, што якая колечы бяда здарыцца ў горадзе. Над шатром яго вырасла дрэва; пад ім сядзеў Іона, хаваючыся
ад сонца. Паглядаючы на Нінэвію, чакаў яе канца.
І стаў наракаць Іона, што Бог не спаўняе Свае пагрозы. Тымчасам уночы чарвяк падтачыў карэнь расьліны і яна ссохла. Іона мучыўся ад гарачыні і гатоў
быў лепш памерці, чымся так жыць. Тады сказаў яму
Бог, што, калі яму шкада засохшай расьліны, дык як-жа
Госпаду не пашкадаваць жыхароў Нінэвіі, якія прынясьлі пакаяньне? Іх жа так многа; адных дзяцей, што
ня ўмеюць адрозьніць правай рукі ад левай, дзьвесьце
тысяч! І сорамна стала Іоне; і пачаў ён каяцца перад
Богам у грахох сваіх.
Прарок Ісайя. Прарок Данііл.
Прарок Ісайя, па натхненьню Божаму, абвяшчаў будучыню. І яго прадказаньні дакладна спаўняліся. Важнейшыя прароцтвы яго датычацца Збавіцеля. Аб Ім ён гаварыў: „Ён зранены быў за грахі нашыя і мучаны за няпраўды нашыя. Над Ім зьдзекаваліся, але Ён па Сваёй волі пайшоў на мукі. Ён аддаў душу Сваю на сьмерць і да зладзеяў быў залічаны. Яму вызначылі гроб з разбойнікамі, але Ён пахаваны ў багатага. І ўзята з зямлі жыцьцё Яго“. Так пасьля і сталася: Збавіцель узапраўды быў зранены, замучаны і асемеены за нашыя грахі, цярпеў аднак дабравольна. Ён быў расьпяты паміж разбойнікаў і памёр на храсьце, але пахаваны не з разбойнікамі, а ў пячоры багатага Іосіфа Арымафейскага, і трэцьцяга дня ўваскрос.
Прарок Данііл, знаходзячыся ў палоне вавілонскім, прадказаў аб Збавіцелю, што Ён прыдзе ў сьвет цераз семдзесят седмін ці 490 гадоў, пачынаючы годам, калі юдэям будзе дазволена ўзнавіць Ерусалім.
Паварот юдэяў з палону.
Юдэі былі ў палоне вавілонскім 70 гадоў. Цар пэрсыдзкі Кір, зрабіўшыся кіраўніком усіх краёў, дзе жылі палонныя юдэі, дазволіў ім вярнуцца з палону на бацькаўшчыну і адбудаваць Ерусалім і храм. Ён нават зьвярнуў судзіны з храму Гасподняга, якія былі ўзяты Навухаданосарам. Вярнуўшыся на бацькаўшчыну, юдэі расьсяліліся там па ранейшых гарадах і валаданьнях сваіх. На другі год па павароце з палону юдэі пачалі будаваць новы храм. Ён быў меншы і бяднейшы за храм Саламонаў, але прарокі падбодрывалі будаўнічых тым, што ў гэты храм прыдзе „Жаданы ўсімі народамі“ і што „слава гэтага апошняга храму будзе большая, як першага“.
Юдэі пасьля палону вавілонскага.
Па павароце з палону юдэі доўгі час былі яшчэ пад уладаю цароў пэрсыдзкіх. Яны маглі жыць паводле сваіх законаў і мець сваіх кіраўнікоў і судзьдзяў. Калі пэрсыдзкае царства было пакорана і зруйнована Аляксандрам Вялікім, царом македонскім. Юдэя падпала пад уладу гэтага цара (за 332 гады да Н. Х.). Ен шанаваў Бога юдэяў і рабіў ім усялякія палёгкі, напр., кожны сёмы год (суботні) юдэі маглі не плаціць падаткаў. Па сьмерці Аляксандра Вялікага, Юдэя перайшла пад кіраўніцтва спачатку эгіпэцкіх, пасьля сырыйскіх цароў, якія родам былі грэкі. Між юдэямі пачынае пашырацца грэцкая мова і звычаі. Шмат юдэяў адступіла ад праўдзівага богапаважаньня, і пачалося пакланеньне грэцкім паганскім багом. Падчас кіраўніцтва эгіпэцкага цара Птолёмэя Філядэльфа (284-246 г. да Н. Хр.) сьвяшчэнныя кнігі яўрэяў былі перакладзены на грэцкую мову, як самую пашыраную ў той час. Паганцы маглі цяпер чытаць сьвяшчэнныя кнігі яўрэяў на зразумелай мове і праз гэта пазнаваць Адзінага ісьціннага Бога.
Мучанікі за веру і бацькаўшчыну.
Элеазар і сем братоў Макавеяў.
Цар сырыйскі Антыёх Эпіфан (174-164 г. да Н. Х.),
хочучы з усіх падуладных народаў утварыць адзіны народ, пачаў прымушаць юдэяў зьмяніць сваю веру, мову,
звычаі, нават вопратку, ежу. Быў выданы загад, якім
забаранялася адпраўляць у храме Ерусалімскім багаслужэньне і прыносіць ахвяры Богу, таксама сьвяткаваць
суботу, пасху ды іншыя сьвяты. Хто адмаўляўся споўніць царскую волю, таго бязьлітасна засуджвалі на
сьмерць.
Але ня ўсе яўрэі пакорна прымалі новы закон. Былі людзі і моцныя ў веры, якія лічылі за лепшае хутчэй
памерці, як „нарушыць бацькаўскія законы“. Такі быў,
напр., Элеазар, кніжнік, набожны дзед, які за сваю справядлівасьць карыстаўся агульным паважаньнем. Элеазару запрапанавалі зьесьці сьвінога мяса з рэшты ідальскае ахвяры. Той адмовіўся. Тады між кускамі сьвініны палажылі мяса, якое ня было забаронена законам, — каб толькі Элеазар зрабіў від, што спаўняе загад цара. Але Элеазар сказаў на гэта: „у мае годы нельга фальшывіць. Што скажуць маладыя людзі, калі 90-гадовы
Элеазар адступіць ад веры? Калі я і пазбаўлюся мукаў
цяпер, дык пасьля сьмерці не ўцяку ад рукі Найвышэйшага“. У канцы канцоў Элеазара, разумеецца, забілі.
За Элеазарам пайшла сьледам адна ўдава, яўрэйка
Саламанія, з сваімі сёма сынамі. Іх таксама прымушвалі есьці ідалаахвярнае мяса, але яны адмовіліся. Тады,
па загаду лютага Эпіфана, іх пачалі катаваць.
На вачох гаротнае маці, шасьцём з яе сыноў, аднаму за адным, адсеклі рукі й ногі, выразалі языкі, садралі скуру
з усяго цела і, нарэшце, спалілі на агні. Але, падтрымліваныя маткаю, мучанікі не адмовіліся ад свае веры.
Заставаўся жывым яшче толькі адзін сын яе, наймалодшы. Антыёх Эпіфан сам пачаў пераконваць яго зрачыся свае веры, пачаў лашчыць юнака, суліў яму багацьце і добрую пасаду, але той быў няўломны. Тады цар
паклікаў да сябе Саламанію і запрапанаваў ёй зрабіць
уплыў на сына. Але яна, нахіліўшыся да яго, у сваёй
роднай мове сказала яму: „упрашаю цябе, сыночак, ня бойся гэтага забойцы, ды будзь такім, як твае браты, і прыймі сьмерць, каб Гасподзь, па ўваскрасеньні, вярнуў мне цябе разам з імі“. Юнак быў замучаны, а пасьля спалілі і самую маці.
Барацьба яўрэяў за веру і свабоду.
Збавіцелем народу ад страшных прасьледаваньняў за веру зьявіўся сьвяшчэньнік Матаф’я з пяцьма сваімі сынамі, з якіх асабліваю адвагаю адзначыўся Юда, празваны Макавеем. З невялікім лікам ваякаў Юда Макавей ня раз наносіў моцныя ўдары сырыйскаму войску. Але адноўчы яго абкружыла шматлікае войска сырыйскае, а ў яго было толькі 800 чалавек. Юда ня стаў уцякаць ад ворагаў, а згінуў сьмерцяй гэроя (161 г. да Нар. Хр.). Брат Юды Сымон аканчальна вызваліў Юдэю ад сырыйскага ярма. Юдэя зрабілася самастойным і незалежным гаспадарствам пад кіраўніцтвам Макавеяў (143 г. да Нар. Хр.). Сымон Макавей быў абвешчаны на ўсё жыцьцё архірэем, ваеначальнікам і кіраўніком народу. Званьне архірэя было зацьверджана за дзяцьмі Сымонавымі навек, пакуль ня прыйдзе Вялікі Архірэй — Мэсія.
Юдэя пад Рымскім панаваньнем. Чаканьне Мэсіі.
Перад нараджэньнем Хрыста народ юдэйскій апынуўся пад рымскаю ўладаю (ад 64 г. да Нар. Хр.). Кіраўніком Юдэі рымляне вызначылі Ірада, родам з Ідумэі.
Ірад называўся царом, хаця і быў падпарадкаваны рымскай уладзе. З зацараваньнем Ірада царская ўлада перайшла да чужынца. Да гэтага часу царамі і кіраўнікамі яўрэйскага народу былі патомкі цара Давіда, які паходзіў ад Юды, сына Якава. Згодна з прадказаньнем
Якава, гэта было знакам хуткага прыходу на землю
Мэсіі. І ўзапраўды, у канцы кіраваньня Ірада нарадзіўся Іісус Хрыстос.
Па сьмерці Ірада, Юдэяй кіравалі рымскія намеснікі, якія часта зьмяняліся. Пятым з іх быў Понты Пілат. Пры ім быў расьпяты Іісус Хрыстос.
Ждучы прыходу Хрыста, яўрэі думалі, што Ён прыдзе,
каб выбавіць іх з-пад улады рымлян, заснаваць магутнае царства яўрэйскае і заваладаць усім сьветам. Яны
забыліся, што Хрыстос, як абвяшчалі Прарокі, павінен
навучыць людзей, як жыць; прыкладам уласнага жыцьця
паказаць, як заснаваць на зямлі Царства Божае; сказаць людзям, што шчасьце іх ляжыць у сьледаваньні
слову Божаму, спаўненьні Яго сьвятой волі; вытлумачыць, як разумець гэтую волю. А яўрэі думалі, што Хрыстос здабудзе для іх увесь сьвет і будзе панаваць, як
усе цары, толькі ніколі не памрэ, але вечна царом застанецца. З такімі вось памылковымі паглядамі на Збавіцеля свайго — Хрыста, чакалі яўрэі Яго прыходу.
Абяцаньне Божае аб зьяўленьні Спасіцеля споўнілася праз 5508 гадоў ад стварэньня сьвету. Бог Айцец
паслаў Адзінароднага Сына Свайго на зямлю дзеля спасеньня людзей. Сын Божы зыйшоў з неба, усяліўся
ў чысьцейшую Дзеву Марыю і пры „наитіи“ Сьвятога
Духа, прыняў цела і душу чалавечыя, апрача граха, і як
чалавек радзіўся і пачаў жыць на зямлі, не перастаючы
быць у той жа час, „усюдысушчым“ ці паўсюдным Богам.
Прыняўшы плоць Сын Божы як Богачалавек, называецца Іісусам Хрыстом, а Прасьвятая Дзева Марыя
дастойна завецца Багародзіцаю, ці Маткаю Божаю, бо
роджаны Ею Спасіцель Іісус Хрыстос — не чалавек толькі, але разам і Бог, адным словам Богачалавек.
Час, калі Бог прыгатаўляў людзей да прыняцьця
Спасіцеля, называецца Старым Заветам, а час пасьля
нараджэньня Хрыста — Новым Заветам.