Перад вясной

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Перад вясной
Верш
Аўтар: Янка Купала
1905—1907
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/965



Рушыўся сьнег, зашумела вада,
Раскаваліся рэкі ад лёду,
Хлынула вон зімавая нуда,
Сонца ўносе цяпло і пагоду;
Шумныя песьні іграюць лясы,
Павявае вятрок цеплаваты,
Белая ніва ад сьнежнай расы
Ўбіраецца ў чорныя латы.
Трушанкай зморана ў цёмных хлявах,
Адзываецца рыкам скацінка;
Конікі ў стайнях іржуць пры жлабах;
Бацян праляцеў над адрынкай.
Будзіцца посьле зімовага сну
Па хацінках людок працавіты,
Скорынька цягне саху, барану,
Глядзіць, ці шыны на колах узьбіты.
Высыпе гэты на поле народ
І сеяць будзе сьвянцонае збожжа…
Добры ўраджай, спорны ўмалот
Працавітым людзям пашлі, Божа!

(1905—1907)