Перайсці да зместу

Па беларускім бруку (1925)/Рытм гораду/Абрам

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Менскі рытм Абрам
Верш
Аўтар: Андрэй Александровіч
1925 год
⁂ (Усеваладу Ігнатоўскаму)
Іншыя публікацыі гэтага твора: Абрам (Александровіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АБРАМ

У цёмным, сырым сутарэньні,
жыве адзінокі Абрам.
Ой, ня раз зьбіраў сьлёзы у жменю.
Ой, ня раз начаваў ля крам…

Да вечару, з самага ранку,
ў гарачы ліпнёвы час
Бутэлькай, а хочаш шклянкай
прадае лімонны квас.

Паклічуць купцы з „ятак“, —
на работу наймецца Абрам:
на паласе сячэ цяляты,
і ня ходзіць тады ён ля крам.

Ня крычыць у бурлівым рынку;
„папера — сьмерць для мух“,
і чэрствую хлеба скарынку
ня ходзіць прасіць у „круг“.

Вясёлы стаў, ён ведае, —
У кішэні будзе рубель.
Увечары пойдзе, сьнедае;
У думкі кідае сябе.

— У полі зьвінелі калосься,
як гораду песьня падпольля…
...........
Цяжка, ой, цяжка жылося
Беларусі пад няволяй.
Польшчы рука
у Менску слаўным
панавала,

а Сьвіслач рака
так забаўна
злавала:

Б‘е ў берагі,
уздымаючы гул,
скрыгоча:

Што, пан дарагі,
падстаўляе нагу
рабочы?

Дзяржыся!..
Сьвіслач кіпела
няволяй.

Гэй, раступіся! —
гудзела
падпольле.

Панства выла: —
ламаюць
засовы.

і Беларусь радзіла
Кастрычнік
Ліпнёвы!

На вуліцах сьцягі рдзеюць,
над вокнамі ўзломаных крам…
Ня відаць Абрама, дзе ён?
Што цяпер робіць Абрам?

Яму справілі з блудам заручыны,
уцякаючы ўланы-зьвяры.
І Абрам як-бы атручаны…

З ім ня хоча й жыцьцё гаварыць, —
яго хваляй сваёю глынула
І пусьціла з пакатай з гары…

У Абрама ў грудзёх мільганула:
дачку сваю адшукаць,
а дачка ў разгул нырнула, —

ёй сорам Абрама знаць.

Вочы ўзыме маланьнем Абрам
у бязбожную высь-небазвод:
Ну і просіць: — сьвяты Аўраам,
дай дажыць сваіх год без клапот.

А маліцца, адзеўшы талесы,
не хадзіў Абрам у школу
і ламае, ламае пальцы, —
час настаў невясёлы.

А дачка — сэрца чуткае,
вочы — палаючы мак.
Ня кажуць — яна простытутка, —
па каханьню, дык гэта так…

Ой, нядобрыя йшлі пагудкі,
ў сэрцы кожнаму ёсьць цеплата.
Дзяўчыны сэрца чуткае,
а ў галаве пустата.

Не зразумець ёй жыцьцё змаганьня,
не зразумець ёй бурлівы завод.
Ёй прыемна там, дзе каханьне,
дзе перысты лоскат згод.

Дзе „романс мілагучны сопрано“, —
запяе пра вясновыя дні.
Дзяўчыны сэрца сатканае
кудлачыць каханьня агні.

Дык пашто-ж ёй знаць бацьку Абрама? —
ёй жывецца з размахам, — наўсьцяж.
Ёй знаёмым сталі брамы,
ёй знаёмы стаў грубы марш.

Успомніла бацьку — вядома,
але позна яго не спаткаць.
і ў завулках блукае бяздомкам,
сэрца… сэрца за грошы мяняць.

Пра такіх, пра жыцьцё разгоннае
песьня з рабочых хат
цяпер разьліваецца звонам
на свой рабочы лад:

— „Ды ляцяць міскі ды сталіцы“,
немец ходзіць ля спадніцы.
Ой люлі, ой люлі, —
дзеўку замуж аддалі.
Дзеўка, немкаю як стала,
панямецку загуляла.
Ой люлі, ой люлі, —
з Менску немцы уцяклі.
Дзеўка ные, дзеўка плача:
— прападзі ты, доля-кляча!
Ой люлі, ой люлі, —
паны польскія прышлі.
Зноў жыцьцё, і зноў забавы, —
дзеўка мысьліць аб Варшаве.
Ой люлі, ой люлі, —
і палякі уцякаі.
Як знаёмы сталі брамы,
дык і ўспомніла Абрама.
Ой люлі, ой люлі, —
косьці бацькавы згнілі.
Дзеўка плача, сьлёзы роем:
— эх, жыцьцё маё ліхое!..

Дзяўчыны — сэрца чуткае,
вочы — палаючы мак.
Кожны знае — і гэта ня чуткі,
што Абрама дачка прастытутка;
і сьмяяліся й проста так…

Толькі Менск бурапеніць, рдзее,
зьмятае асколкі сьмяцьця!
Ён зьдзейсьніць заводаў ідэі
на крыгах старога жыцьця.