Перайсці да зместу

Па беларускім бруку (1925)/Рытм гораду/Менскі рытм

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Менскі рытм
Верш
Аўтар: Андрэй Александровіч
1925 год
Абрам
Іншыя публікацыі гэтага твора: Менскі рытм.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РЫТМ ГОРАДУ

МЕНСКІ РЫТМ

Тым кажу,
каму наша песьня чужая;
праводжу мяжу,
пачынаю.

Нырай, фабрычны дым,
у дрыжачую сонную сінь, —
разьвясёлы юнацкі уздым
пачуеш у песьнях машын!
Прыкры табе гэты дым?
Точыць сэрца тваё, як туман?
Нырай, фабрычны дым!
Расьцілай свой дыван…
Зьвіні, сьпеў малады!
Завод, бі ў барабан!

Дым гэты нашых фабрык
праглыне далікатныя вочы.
Страшна?

Сэрца дрыгвою рагоча?
А як чорныя, хворыя фарбы
ліжуць твар рабочых,
вам ня цікава?

Што? гэта зброд сьмяцьця?
Гудзіць, гудзіць навальніцай
аблава
за паясьніцай
жыцьця.

А вечар кадрыль адбівае,
пеніцца вуліцы звон.
Вечар прысеў і сьпявае
на рамах фабрычных вакон.

І гэтая песьня вам страшна?
Бі ў барабан, завод!
Дым выганяй на пашу
на шырокі прастор-небазвод.

Ёсьць такія, што ў блеску золата, —
галава, як і грудзі, наўсьцяж.
І прыкра ім, што сьпеў молата
Беларусі Савецкай — наш!

Эх, родная, сталь-машына,
Беларускай рабочай зьвіні!
Песьня тваёй хвіліны
вылівае жалезныя дні.

Хлопцы з дзіцячага дому
купацца ішлі грамадой.
Беларускай зьвінелі, вядома!
Ня ведалі лепшай, другой.

Рабочы вышаў з хаты,
радасьць кіпіць ў грудзёх.
— Зьмена, зьмена багатая, —
думка прабегла ў вачох.

Селянін на рынак ехаў,
каняку спыніў і слухае.
Вочы дрыжаць пацехай,
сэрца ўзьняло завіруху.

А хлапцы паскідалі кашулі:
сонца ліжа іх жоўтыя плечы.
Разьвясёлую песьню загнулі
весела, сьмела, карцеччу…

Не спадабалася песьня дзяўчыне,
павярнулася раптам назад.
Беларуская песьня ня згіне —
ёй зьвініць новых дзён варстат!

Ой, ня знойдзеш ты скора бярлогі,
сутарэньня табе не дадуць!
Улетку насыцяць разлогі…
Шчэ ня вывелі ўсю лебяду.

Гуляй! прытулак слаўны:
сад, бульвары, сквер.
Але й тут беларускай забаўнай
успорыць цябе піонэр.

І пальлецца песьня звонкая
ды над вольнай над нашай старонкаю.

Мо сэрца і б‘е завірухай?
Але тут хоць ня хочаш, а слухай:

А ў бары, бары
тры дарожанькі“…