Паўстанне (Верхарн/Багдановіч)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Паўстанне
Верш
Аўтар: Эміль Верхарн
1913—1914
Пераклад: Максім Багдановіч
Крыніца: http://maksimbogdanovich.ru/stories/275.htm

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





 * * *
Вуліца — у руху кракоў,
Целаў, і плеч, і працягнутых рук,
Рвушчыхся дзіка ўгару, як галіны кустоў.
Так і здаецца, што тут самой вуліцы рух,
Мкнушчай, лятучай, дрыжашчай ад слёз
Злобы, надзей і пагроз;
Вечара чырвань і золата крыюць у глыбі яе.

Ў гуле трывожным званоў
Смерць устае.
Смерць усплывае са сноў
З вамі, агні, зіхацяшчыя саблі, штыкі:
Колькі галоў
Ўздзеты у іх на канцох, яксарваныя груба цвяткі!

Кашаль глыбокі гарматаў глухіх
Лічыць стагнанні цякушчых гадзін.
Лічыць самотна, адзін:
Ўсе цыферблаты на пляцах крывых.
Быццам як вочы ў павеках бальшых,
Выбіў каменняў ударыўшы град.
Часу звычайнага болей няма
Душам адважным, не маючым спыну ума,
У церазмернасці гэтых грамад.

На вуліц шэрыя каменні
Шалёнасць люнула ў гарэнні
Агнёў, у крыках, поўных сілы,
Са свежай кроўю кожнай жылы,
Збялеўшы страх
Ад напружэння:
Нядоўгі сіл яе размах
Варт нават века цегацення
К сталетняму свайму чаканню ў марах, снах.

І ўсё, аб чым калісь мы снілі,
Аб чым вачамі мы малілі,
То, што мы словам раскачалі.
Што нават смелыя адклалі
На будучы далёкі век,
Што, быццам сокі, чалавек
Ў глыбі сваёй маўчком хавае, —
Яно цяпер шмат рук з аружжам налівае,
Змяшаўшы ў грамадзе заўзятасць, злобу, здзек.

(1913—1914)