Пашкадуй мужыка! (Купала)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Пашкадуй мужыка!
Верш
Аўтар: Янка Купала
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/68



Пашкадуй мужыка-бедака,
Ты, што вечна адзеты і сыт,
Пашкадуй — не адсохне рука,
Бо яму сьвет да шчасьця закрыт.

Як асеньняя ноч, як туман,
Цёмны сам, цёмна ў хатцы крывой;
На плячох абарваны лахман,
Ногі ўкручаны цьвёрдай лазой.

Холад, голад, хваробы цярпіць
Ён за кроў і за працу сваю.
Прыйдзе ў хату — ў парозе стаіць,
За сталом яго мейсца — з краю.

І ласкавых ён слоўцаў нідзе
Не пачуе, ня кінуць яму;
Не ўспаможа ніхто у бядзе,
Ня дасьць хлеба і дроў на зіму.

Пашкадуй жа ты, брат, мужыка,
Каб было яму жыць весялей!
Пашкадуй — не адсохне рука,
Пашкадуй, не чакай, а хутчэй!

Пашкадуй, бо зь яго цемнаты
Кожны рад карыстаць заўсяды.
Пашкадуй ты яго, сіраты, —
Бо на сьвет многа прыйдзе бяды.

Бо за крыўду сваю адамсьціць,
Сьвіньням будзе крыві не пабраць! —
Адамсьціць, аж зямля задрыжыць,
Аж віхры зашумяць, загудзяць.

(Да 7(20).IV.1906.)