Паляўнічы і пара галубкоў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Паляўнічы і пара галубкоў
(Легэнда зь індыйскай кнігі Магабгарата[1])

Легэнда
Аўтар: Янка Купала
1910
Крыніца: http://rv-blr.com/literature/2743#1237



                           Прысьвячаю прафэсару
                        Б. Эпімах-Шыпілу

Ў Магабгараце, кнізе Інд,
Якой лет тысячы тры лічым,
Такая повесьць там стаіць
Аб галубках і паляўнічым.

                      I

Быў чалавек, якога ўсім
Было заняцьцем — паляваньне;
У лесе, ў полі дзень і ноч,
Як быццам ляжа там і ўстане.

За птушкай птушку ловіць ён
Са хцівасьцю благой у змове —
На рынак цягне прадаваць, —
Прадасьць і зноў ідзе і лове.

Пануе ў пушчы, бы ў якім
Сваім за хатай агародзе,
Ў сям’і крылатай пуд і страх
Сілом і клеткаю наводзе.

Паміж бацькоў, паміж дзяцей
Птушыных сее ён разлуку,
Ні ласкі к ім, ні жалю к ім
Ня меў, ня знаўся зь іхняй мукай.

З сумленьнем дружбы не вядзе —
Да крыўд і мук яму зло сватам;
Закон багоў яму ні ў што;
З душы і сэрца вечным катам.

І доўга так палюе ён,
Зьнімае так ахвяры ў клеткі,
Ажно прыпадак немалы
Спаткаў яго ў пустыні гэткі.

                      II

Дня аднаго ў кустах блудзіў
І лёгкага выглядваў хлеба, —
Пагоду ясную і дзень
На ноч зьмяніла бурай неба.

За хмарай хмару валакло,
А грозна, чорна, безустанку;
Пярун ляцеў за перуном,
Штоміг — маланка за маланкай.

Ліло, як з рэшата, дажджом,
Раўняла нізкі дол з узгорам,
І лес, і поле абняло,
Як пеклам, як шалёным морам.

Заціхла птушка, зьвер заныў;
Лес-хата — ўжо ня быў ім хатай…
За грэх караў зямлю, ці што,
Так грозны Сатакрата.

А паляўнічы, хоць і мок,
Не пакідаў сваёй работы:
Галубку ўбачыў пад кустом —
За крыльле ўзяў злавіў з ахвотай.

Здабыча лёгкая была:
Галубка, выбіўшыся зь сілы,
Хоць і хацела — не магла
Ляцець, чакаў яе дзе мілы.

                      III

Тым часам сьціхла бура ўжо,
Але і вечар быў на сьвеце;
На небе месяц абышоў,
І зоркі сталі ў небе йрдзеці.

Што тут рабіць? дамоў ісьці? —
Ісьці і цёмна, і далёка;
У лесе цемным начаваць? —
І небясьпечна, і нялёгка:

Усюды сьвеціцца вада,
Вада зьліваецца з галінаў;
Нічым нідзе дастаць агню,
А тут яшчэ і рык зьвярыны…

І голад такжа не маўчыць:
Пара даўно чаго паесьці…
Нічога. Рады ўжо няма.
Прыйшлося ў лесе ноч правесьці.

Пад дрэва буйнае ідзе,
Шукае ў ім сабе апоры;
У знак пакоры — галаву
Схіліў і так яму гавора:

«О, дрэва, будзь прыстаньнем мне:
Ў сваёй з багамі мей апецы».
Сказаў і лёг на камень там,
Пры ім галубка тут жа ў клетцы.

                      IV

А гэта дзерава было
Сялібай, хатай галубковай;
Сядзіць прамоклы на ім ён
І так бядуе слова ў слова:

«Куды загінула мая
Галубка, вечная падружка?
Такая страшная пара!
Як выйдзе жывенькаю птушка?

Мо’ вецер зьбіў яе куды,
Ці дождж пасек няшчаснай крыльлі
Ці вораг бедную злавіў,
Ці перуны насьмерць спалілі?

Што мне з жыцьця, калі яго
Ня будзе ўжо з кім каратаці?
Жыцьцё і сьвет тады — ня сьвет,
І сам ня свой у сваёй хаце.

Палац з брыльянтаў; сотні слуг
Хай за цябе паложаць грудзі, —
Бяз ласкі — з слугамі палац
Астрогам, пусткай вечнай будзе.

З падружкай мілаю і лес —
Як найбагатшы стане хорам…
Няма яе — няма жыцьця,
Усё — адной няўцехай, горам».

                      V

Галубка чуе галубка,
І сэрца радасьцю ёй б’ецца, —
Што гэтак помніць ён аб ей,
Такому жалю аддаецца.

Але нядоўга шчасьце ёй
Усьмехам думкі калыхала:
Галодны тут жа госьць ляжаў,
А гэта значыла нямала.

«Ня думай, мілы, аба мне, —
Так галубку галубка кажа, —
Уперад волю споўнь багоў:
Яны пры ўсім стаяць на стражы…

Гасьця ты маеш у сябе,
Замёрз і есьці пэўна хоча, —
Заняцца шчыра мусіш ім,
Каб не пракляў цябе і ночы».

Пачуў, стаў весел галубок,
Ад радасьці аж як ня плача.
Сьпяшыць гасьцю служыць, пытаць,
Якую той цярпіць нястачу.

«Я зьмёрз», — гавора той яму.
Галуб рад памагчы ў прыгодзе
(Бо й дрэва ў цень хавае свой
Таго, хто нават сеч прыходзе).

                      VI

Гальлё сухое і лісткі
Зьбірае, колькі сілы мае,
Кудысьці зьлётаў па агонь,
Разьвёў і госьця йзноў пытае.

А паляўнічы да яго:
«Дай есьць, галодны я сягоньня».
Тут бедны галубок схмурнеў:
Ня знае, дзе яду спагоне.

То ж ён па-птушаму жыве,
Жыве тым, што пашле здарэньне;
Няма запасу ў галубка,
А госьць ня можа знаць цярпеньня.

Падумаў трохі галубок
І штосьці выдумаў такое…
«Спакоен, — кажа, — госьцік, будзь.
І голад твой я заспакою».

Сказаўшы гэта, над агнём
Ён тройчы звольна акруціўся
І, як маланка, як страла,
Ў агонь, як ёсьць, жыўцом зваліўся…

Ўстрос паляўнічым страх і жаль;
Дае зарок ня жыць так болей:
Спаліў прылады ўсе свае,
Галубку выпусьціў на волю.

                      VII

Дый воля ўжо ёй не ў карысьць,
Сядзіць і сумненька бядуе:
«І лес, і сонца, і прастор
Мяне ня цешаць маладую.

Дружок ужо на сьвеце тым;
З кім варкаваць, як даўней, буду?
Нядолю-долю з кім дзяліць?..
Жыцьцё ўжо мне няспыннай жудай.

Пайду за ім, пайду к яму.
Прымі мяне к сабе, мой любы!»
І з гэтым словам, як і ён,
Звалілася ў агонь-загубу.

Яшчэ больш паляўнічым тут
Затрэсла скруха-неціхота:
Лавіці птушкі у сіло
Навек адпала ўжо ахвота.

Па куце здаўся за грахі:
Узьдзеў пакутны ўбор жабрачы…
Ракой ідзе — ня п’е вады,
У лесе птушкі — як ня бача.

Аж так дабрыў, дзе лес палаў…
Ўляцеў і сьледу не заставіў…
Па сьмерці ўбачыў галубкоў
Паміж сьвятых на небе ў славе.

∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙

Ўсю гэту повесьць знаем мы
Аб галубках і паляўнічым
З Магабгараты, кнігі Інд,
Якой лет тысячы тры лічым.

Зноскі

  1. «Кнігі Магабгараты — гэта адна з найстарэйшых і найвялікшых паэм сьвету. Створаны яны індыянамі болей трох тысяч год таму назад і зьмяшчаюць у сабе каля 220000 радкоў. У Магабгараце, апрача навучальных і духоўна-маральных філязофскіх твораў, шмат ёсьць і прыгожых, паэтычных вобразаў. Зь іх найпрыгажэйшы — „Наль і Дамаянці“ — вельмі добра перакладзены на польскую мову А. Лянге. Легэнда ж аб паляўнічым і галубках ня ёсьць даслоўным перакладам зь індыйскае мовы; я ўзяў толькі аснову гэтай аповесьці і болей-меней захаваў форму санскрыцкага верша — „шлёкі“, якой усе кнігі Магабгараты напісаны». — Я. К.


(1910)