Пажоўкнуў ліст… Прыгаслі вочы… (Шаўчэнка/Купала)
(Пасля перасылкі з Пажоўкнуў ліст... Прыгаслі вочы... (Шаўчэнка/Купала))
*** Пажоўкнуў ліст… Прыгаслі вочы… Верш Аўтар: Тарас Шаўчэнка 1906 Пераклад: Янка Купала Крыніца: Янка Купала Поўны збор твораў у 9 т. Том 1 — Мінск, Маст. Літ., 1995. ст. 284 |
Першы твор Шаўчэнкі, перакладзены ў беларускую мову. |
Пажоўкнуў ліст… Прыгаслі вочы.
Заснулі думы, сэрца спіць,
І ўсё заснула, і не знаю,
Ці я жыву, ці дажываю,
Ці так па свеце валачуся,
Бо ўжо не плачу, не смяюся…
Дзе ты, доля? Дзе ты, доля?
Няма ніякой!
Калі добрай шкода, Божа,
То дай хоць якой!
Не дай спаць ты хадзячаму,
Сэрцам абмірацца,
І гнілою калодаю
Па свеце валяцца.
А дай жыць душою, сэрцам,
І цябе хваліць,
І твой свет нерукатворны,
І людзей любіць…
Страх упасці у кайданы,
Мерці у няволі,
А яшчэ горш спаць бяздушна,
Ой, спаці на волі.
Каб, заснуўшы на век векаў,
І следу не кінуў
Ніякага і такога:
Ці жыў ці загінуў.
Дзе ты, доля? Дзе ты, доля?
Няма ніякой!
Калі добрай шкода, Божа,
То дай хоць якой.
(1876 / 1906)