Пад родным небам (1922)/З году ў год/У дзічыне

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сьнег У дзічыне
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1922 год
У белі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Воўк (Бядуля, верш).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У ДЗІЧЫНЕ.

Сіва-сіняя поўнач задумна
Глядзіць з-пад карчышчаў
На, зоркі — крывавыя краскі
Нябёснага поля нямога.

Хвоі, — ведзьмы праклёныя, — сумна.
Між сьнежных замчышчаў
Зацішна стаяць, нібы маскі
Да байкі, да сказу страшнога.

Нявідочны хтось даль аздабляе
Блакітам яскравым,
На кволых пушыстых абшарах
Ткуць лёгкія полагі цені.
Цішыня мёртвым крокам гуляе
Па дрэвах кудравых
І сее навокала мары —
Пшаніцы бруштынавай жмені.

Ціха туліцца рэчка да бору
У няведамым страху.
Сталёвая покрыўка з лёду
Ёй грэе азябшыя плечы:
Прышлі ў дзень рыбакі з касагору:
Праз сьнежныя гмахі,
Прысталі, як пчолы да мёду,
Прырвалісь, як воі да сечы;

І давай лёд калоць зубам-ломам,
Рубаці сякерай,
Акудай-пілой пілаваці, —
Аж пот акрапляў ім бароды.
Вада бухала ўверх жыжай-комам
І лезла бяз меры,
Пачала сяброў аглядаці,
Бы сьвет ўжо ня бачыла годы.

І кародзілісь прорубы-раны
На карку балючым,
Да поўначы ледзь загаілісь;
Асталісь нязначныя плямы.

Вышаў воўк на лясную паляну.
Ён крокам бягучым
Да рэчкі дыбаў. І сьвяцілісь
Галодныя вочы вуглямі.

На лёд кінуўся шэрай стралою
З абрыву імпэтна;
І жудкая доля сустрэла,
Маркотнага сына гушчару;
Ценькі лёд ён прабіў пад сабою
І папаў няпрыкметна
У проруб зьлягка зьледзянелы,
Воўк здаўся, як здрады ахвяра.

Ледзь пасьпеў ён з вады паказацца,
Выцьцё задрыжала —
І згінуў пад лёдам навекі
Так шпарка, аж пошчакі з бору
Ня здолелі йшчэ расплывацца.
У роспачы млела
Выцьцё, нібы ойканьне зьдзекаў,
Нарэшце сканала ў прасторы.

Воўчы сьлед знакам страху панурым
Гладзь сьнегу шурпаціць.
Лунаюць вакол таямніцы,
Жуда, цішыня, нібы совы.
Хвоі-ведзьмы шапочуць хаўтуры,
Як дзеці па маці.
У небе кроў зорак ірдзіцца,
Кідае рубіны ў дуброву.

1921 г.