Перайсці да зместу

Пад родным небам (1922)/З году ў год/Сьнег

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сьняжыначкі Сьнег
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1922 год
У дзічыне
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сьнег (Бядуля).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СЬНЕГ.

Мо’ гэта, белыя лебедзі
Сыплюць са скрыдлаў пушыначкі,
Кропляць яе дожджык густы?
Мо’ гэта срыбныя невадзі
Кідаюць з рыбаю пыліначкі, —
Лускі на дрэвы, кусты?

Мо’ гэта сейбіт стрывожаны
Сее зярняткі маленькія
З хмарак-сявалак з высот?

Мо’ гэта скарб заварожаны,
Кволыя пэрлы маленькія
Падаюць з неба, як шрот?

Мо’ гэта белыя зорачкі?
Мо’ гэта з воблачкаў пчолачкі?
Мо’ гэта райскі бабок?
Мо‘ гэта кветкі крыштальныя?
Шлюбныя вэльмы русальныя
Хтосьці скубе на пылок?


∗     ∗

Сьнег…
Падае, падае, падае.
Ткуць абрусы на зямлі
Ведзьмы-ткачыхі старыя;
Ведзьмы вялікай грамадаю
Дрэвы і хаткі сплялі
Ў цуды-курганы сівыя.

Сьнег…
Сеецца, сеецца, сеецца,
На расьцяробы, лугі
Праз невядомыя сіты.
Ў вочы мільгае, бялеецца;
Хорамы там — не стагі,
Волаты ўбраліся ў сьвіты.

Сьнег…
Кружыцца, кружыцца, кружыцца,
Беліцца мглісты абшар,
Стыгне, як бог мармуровы;
З ветрам між дрэвамі дужыцца,
Бухае белы пажар,
Млее асілак хваёвы.

Сьнег…
Сьцелецца, сьцелецца, сьцелецца,
Божа пярына — пасьцель

На адзінокіх пуцінах.
Ой, разгулялась мяцеліца,
Ў шматы рве гладкую бель
На барадатых купінах.

Сьнег…
Носіцца, носіцца, носіцца,
Ў дзікай шалёнай гульні,
Круціць на розныя лады.
Моліць гасьцінец і просіцца:
«Жартачкі, цэлыя дні
Будзь падарожнікам здрадай!»

«Вабіш іх бельлю сьнягоў,
Вабіш іх гладзьдзю бліскучай,
Каля лясных берагоў
Ёлкаю дражніш скрыпучай».

«Дзін-дзін — званочак зьвініць,
Лясь-лясь — драцянка ляскоча,
Дрыж-дрыж — каняка дрыжыць,
Стоп-стоп — у яму йсьці хоча».

Кліча хтось з глыбі хваёў,
Кліча, заве па імені,
Кліча ў гушчар фурманоў, —
Проста, ня знойдзеш збавеньня.

Гінуць у белых палёх
На мягкапушных пярынах,
Гінуць у белых агнёх,
Ў ярка-сівых дамавінах.

Вея шапоціць ім сны,
Белыя, сьнежныя казкі.
Стыгнуць, гібеюць яны
Пад заварожанай ласкай.

1921 г.