Перайсці да зместу

Пад родным небам (1922)/З году ў год/У белі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
У дзічыне У белі
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1922 год
Зімнік
Іншыя публікацыі гэтага твора: У белі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У БЕЛІ.

Ня казка, ня сон, не малюнак,
Ня чараў сівых падарунак, —
У срыбнай у шэрані, ў белі
Будыніны ўсе абамлелі.
Бы мармур у вэльмах празрыстых,
У кволых, міглівых і чыстых,
Купаецца места ў тумане.

Куды толькі вока ні гляне, —
Ўсюль бела-бялютка. Бы цуды
Зьявіліся раптам усюды:
Здаецца, ня гмахі, а зданьні,
Во — зьнікнуць, — іх раптам ня стане.

Ня вежа, на пляцы між дротаў,
А воблік вялізнай істоты
На гурбы ў цішы паглядае —
Во — нікне, во — гіне, во — тае…
На ёй гусьлі — дроты нямыя, —
Бахматыя струны шкляныя, —
Нячутна іграюць хаўтуры
Паміж заварожаных мураў.

А воддаль высокія дрэвы
Стаяць, як царэўны, як дзевы
У шоўкавых вопратках з пуху,
Як лёгкія, ціхія духі.
Во — зараз з зямлі адарвуцца,
На скрыдлах ўвыш панясуцца.
Між хвальбаў галін пераліўных
І кволых, і лёгкіх, і дзіўных
Вароны, — як чорныя стужкі, —
Гавораць жалобы-задушкі:
«Кра-кра». Гутарлівыя цёткі
Разводзяць цікавыя плёткі
Аб тым ды аб сім мовай сьмелай.
Выразны на колеры белым
Іх чорныя плямы цяжкія.
Чытэльныя знакі такія
Малююць на сьветлым на полі
Чарнюткім, як сажа, вугольлем
Размашыстым, кемлівым штрыхам
У стылю «Модэрн».

Вабным пыхам
На вуліцах млеюць прысады.
То бельлю на белі загады
Зіма начыртала: «Мой хорам
«Шануйце! Маім загаворам
«Падайцеся, людзі! ўсім сэрцам
«Красе, цішыне маёй верце!
«Для ўжытку вам, малеры, хварбы,
«Арнамэнтаў, колераў скарбы
«На цэлае жыцьце даволі.

«А вы, песьняры, сыны волі,
«Шукайце-ж у колерах гукі!
«Ў трушчобах маіх бяз прынукі
«Іх знойдзеце шмат. Па дубровах,
«У дзікіх, зацішных заховах,
«На срыбных гасьцінцах, палянах,
«У кволых ільдзяных туманах
«Сны-казкі чакаюць, як госьцяў,
«Багатых душой ягомосьцяў.
«Чакаюць вякамі цярпліва,
«Задумна, самотна, тужліва.
«Ідзеце, пяўцы, грамадою
«З жалейкаю, з лірай, з дудою!
«Вазьмеце і гусьлі старыя,
«Баяна сыны маладыя!
«З далечын забытага краю »
«Вас Белая Русь запрашае!».

1921 г.