Перайсці да зместу

Пад родным небам (1922)/З году ў год/Змрокі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старарэчышча Змрокі
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1922 год
Бездарожжа
Іншыя публікацыі гэтага твора: Змрокі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗМРОКІ.

Змрокі тканінай шурпатай спавілі нямыя абшары.
Змрокі дажджом з густых ценяў набрызгалі ціхія чары.
Змрокі да пнёў прытулілісь, як старчыхі, ў чулым гушчары

Сполахі-страхі лунаюць над блізьзю, над шырай, наддаляй
Птахамі жудаснай сьмерці да могліцаў шэрых прыпалі,
Крыж каля крыжа чарнее, бы шэрагі шыбельніц-паляў.

Здані вылазяць са шчылін з палудзеных шчытных заховаў,
Цёмнай сям‘ёю блукаюць і шастаюць дрэвам хваёвым.
Сосны вядуць свае шэпты працяглаю песьняй-замовай.

Чорныя сейбіты ночы пануюць да самага раньня, —
Покуль над рэчкай журблівай ня блысьне сівізна ў тумане,
Покуль пажарышча неба на роснае поле ня гляне.

Змрокі тады прападаюць, як быццам валокны з вільготы,
Змрокі тады трацяць сілы, бы раніцай сны і дрымоты,
Змрокаў тады праглытае пявучы абшар срыбна-злоты.

1922 г.