Між поля, між балот, сярод лугоў-далінаў,
Як вялізарны вуж, ляжыць васеньні шлях;
Разьлёгся жабраком уздоўж гняздоў-хацінаў,
Пад сеткаю вільгот яго трывожыць страх.
А плечы яго скрозь паранілі калюгі,
Каменьні, гразь па ім — апраткаю жуды.
А на яго грудзёх фурманкі, як зьвяругі,
Прабілі пругкі слой, углыбілі сьляды.
Пад ціскам кол і ног, пад цёпканьнем марудным
Балюча крэхча шлях і пырскае гразёй;
І заглушае боль віхром гушчар бязьлюдны,
І неба льець па ім дажджліваю крывёй.
Так дзень за днём брыдзе ў васеньняй непагодзе
І затуляе шлях імглістым туманом.
Вятрышча круціць лес у вечным карагодзе,
Вакол наводзіць сум галошаньнем-выцьцём.
Няхай ужо скарэй над жудасным абшарам
Праносіцца, як здань, зімы сьняжысты гуд.
Няхай ужо скарэй пад ільдзяным пажарам
Палоніць шыр зямлі бялява-пухкі цуд.
Ой, хочацца ў глушы паслухаць веі казку,
Пабачыць блеск сьнягоў пад сьпевам завірух…
Мільгніце, матылькі — сьняжынкі, — неба краскі,
Ляці скарэй, зіма, як белазорны птух!
Між поля, між балот, сярод лугоў-далінаў
Імчыць вясновы шлях, як доўгалежны пас.
Бы волат малады, ён дрэмле між хацінаў,
Ляжыць ён — у вадзе затоплены абраз.
Ён з-пад вады блішчыць бруском з ільдоў каравых,
Па ім сьляды лапцёў, знак срыбных палазоў,
Са шляху хваля вод вясновых сініх, жвавых
Сьцірае сказ зімы, пісьмёны маразоў.
А сонца б’ець агнём ў волава паводкі,
Бы дарагі мэтал, растаплівае лёд.
Мільгаюць па вадзе над вешнім полем лодкі,
Цяпер, як акіян жвіровы летні брод.
А птушкі ў вышыне наладжываюць сьвята,
Рыхтуюць над зямлёй вясновы зычны баль.
А даль аж сьлепіць зрокі — даль яснатой багата,
А неба над зямлёй празрыста, як крышталь.
Няхай ужо скарэй зазелянеюць ўзгоркі,
Хай выб’е ўверх мяжа пралеску хоць адну.
Ідзіце на зару, дзяўчаткі, кветкі, зоркі!
Ідзіце на гумно і гукайце вясну!
|