Пад родным небам (1922)/Грымоты й цішы/Ад плачу птушкі…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
⁂ (І цішыня і змрок…) ⁂ (Ад плачу птушкі…)
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1922 год
⁂ (Пад пусткай цень расьце…)
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ад плачу птушкі невядомай…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




∗     ∗

Ад плачу птушкі невядомай я прачнуўся раніцой…
Гушчар драмаў на мшалай горцы пад туманістай імглой.
Вятрак пісаў крылом па небе таямнічы сказ вясны,
Ўгары сьляпілісь руні хмарак, нібы спозьненыя сны.
Гудзеў асьвір над старай студняй роем зьюшаных пчалін,
Бярозка шастала ў ваконца сотняй пальцаў рук-галін,
Жабрачкай дрэва абапёрлась аб стары, каравы плот;
Здаецца, во скранецца з месца на жабрачы свой абход.

А птушка плача, на абшары кліча сонечны прамень.
Стаіць цяплынь і пахне мёдам новы, раньні божы дзень.
З глыбі душы ўстаюць спаміны стадам беленькіх ягнят,
Здаецца, дзень такі я бачыў шмат гадоў таму назад;
Здаецца, гэта толькі люстра хвіль мінуўшых, быўшых дзён;
Здаецца, гэта не на яве — сьню я нейкі даўны сон.
Сто год назад таму ці болей бачыў я такі абраз…
А птушка плача, лес імшаны веснавы шапоча сказ.

1922 г.