Н. Маркевічу
Выгляд
Н. Маркевічу Верш Аўтар: Тарас Шаўчэнка Пераклад: Янка Купала |
Бандурыста, арол сізы!
Добра табе, браце:
Маеш крылле, маеш сілу,
Ёсць калі лятаці.
Цяпер ляціш на Ўкраіну —
Цябе выглядаюць.
Паляцеў бы я з табою,
Ды хто прывітае?
Я чужы тут, адзінокі,
І на Украіне
Сірата я, мой галубе,
Як і на чужыне.
Чаго ж сэрца б’ецца, рвецца
Я там адзінокі!..
Адзінокі... А Ўкраіна!
А той стэп шырокі!
Там павее вецер буйны,
Як брат загавора;
Там у полі доля, воля,
Там сіняе мора
Выйгрывае, хваліць Бога,
Тугу разганяе;
З буйным ветрам там магілы
Ў стэпе размаўляюць.
Размаўляюць такім ладам,
Сумуючы ў полі:
«Было калісь, ды мінула,
Не вернецца болей!»
Паляцеў бы я, паслухаў,
Заплакаў бы з імі...
Ды бач! Доля прыкавала
Між людзьмі чужымі.