Нікне ў імгле старана…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Нікне ў імгле старана...
Верш
Аўтар: Уладзімір Жылка
Крыніца: http://old.knihi.com/bk/zylka/zylka1.html


 * * *
              Все поют и поют вдалеке...
              А.Блок

Нікне ў імгле старана...
Пільна сачу праз туман...
Нечая песня чутна,
Нечы зыбаецца стан...

Лёс даручыў палашу,
Моўчкі, даўно сцерагу...
Песня трывожыць душу,
Слоў зразумець не магу...

Існасць не ўнятна праяў:
Загадкай дрэмле разлог,
Тайнасці лёс захаваў,
Далі сцяною аблёг...

Буры пара б нагадаць
Шэрасць дакучлівых хмар.
Сэрца прыстала жадаць,
Гасне паволі пажар.

Сны на павеках маіх:
Згіну без сіл, небарак...
Толькі вось спеў не заціх -
Словаў не ўцямлю ніяк.

(1922)