Нібы вялізны чорны птах…
Перайсці да навігацыі
Перайсці да пошуку
Нібы вялізны чорны птах… Верш Аўтар: Уладзімір Жылка 1922 |
* * *
Нібы вялізны чорны птах,
Заслала хмара зорны шлях;
Ды не пасвежала прырода,
Не пала ў полі прахалода.
Ў паветры мляўка пасля спекі,
І душна, і трывожна ноч…
Вось хтось магутны ўзняў павекі —
І свет мільгнуў агніста з воч.
Ўрачыста-грозным, гулкім смехам
Загрукатаў пярун ў адказ,
І загукала згодна рэха,
Грымотны зразумеўшы сказ…
І змоўкла ўсё, на час знямела,
Прыціхла ноч і жджэ нясмела…
Ша! хтось застукацеў аб дах,
Нібы ў бяссіллі чорны птах.
(1922)