Нудная гісторыя (1931)/Няпрыемнасьць

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Нудная гісторыя Няпрыемнасьць
Апавяданьне
Аўтар: Антон Чэхаў
1931 год
Арыгінальная назва: Неприятность (1888)
Уладзік
Пераклад: Уладзімер Хадыка і Юлі Таўбін.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





НЯПРЫЕМНАСЬЦЬ

Земскі доктар Рыгор Іванавіч Аўчынікаў, чалавек гадоў 35, хударлявы і нэрвовы, вядомы сваім таварышам невялікімі працамі па мэдычнай статыстыцы і шчыраю прыхільнасьцю да так званых «бытавых пытаньняў», неяк раніцою абыходзіў палаты свае бальніцы. За ім, як звычайна, ішоў яго фэльчар Міхась Захаравіч, стараваты чалавек, поўны ў твары, з пляскатымі тлустымі валасамі і з завушніцаю.

Як толькі доктар пачаў абход, яму стала здавацца вельмі падазронай адна нікчэмная рэч: фэльчарава камізэлька моршчылася і ўпарта задзіралася ўгору, хоць фэльчар увесь час абцягваў і папраўляў яе. Сарочка фэльчарава была пакамечана і таксама карбацілася; на чорным, доўгім сурдуце, на нагавіцах і нават на гальштуку дзе-ні-дзе бялеў пух… Як відаць, фэльчар спаў усю ноч не распранаючыся і, мяркуючы па твары, з якім ён абцягваў камізэльку і папраўляў гальштук, вопратка сьціскала яго.

Доктар уважліва паглядзеў на яго і зразумеў у чым рэч. Фэльчар ня хістаўся, адказваў на пытаньні трапна, але хмурны, тупы твар, цьмяныя вочы, дрыжыкі, што прабягалі па шыі і па руках, непарадкі ў вопратцы, а галоўнае — напружанае змаганьне з самім сабою і жаданьне замаскаваць свой стан, сьведчылі, што ён толькі што ўстаў з ложка, ня выспаўся і быў п’яны, добра п’яны, ад учарашняга вечару… Ён перажываў пякельны стан «перагару», пакутваў і, як відаць, быў вельмі нездаволены сабою.

Доктар, што ня любіў фэльчара і меў на гэта свае прычыны, адчуў вялікае жаданьне сказаць яму: — «я бачу, вы п’яныя!» Яму раптам агідзелі камізэлька, з доўгімі крысьсямі сурдут, завушніца ў мясістым вуху, але ён стрымаў сваю злосьць і сказаў мякка і далікатна, як заўсёды:

— Давалі Гарасіму малака?

— Давалі-с… — адказаў Міхась Захаравіч таксама мякка.

Гаворачы з хворым Гарасімам, доктар зірнуў на паперку, дзе запісвалася тэмпэратура, і, адчуўшы новы наплыў нянавісьці, стрымаў дыханьне, каб не гаварыць, але ня вытрымаў і спытаўся груба і захліпаючыся:

— Чаму тэмпэратура не запісана?

— Не, запісана-с! — сказаў мякка Міхась Захаравіч, але паглядзеўшы на паперку і пераканаўшыся, што сапраўды не запісана, ён зьбянтэжана паціснуў плячыма і прамарматаў:

— Ня ведаю-с, гэта, мусіць, Надзея Язэпаўна…

— І ўчарашняя вячэрняя не запісана! — не перасьціхаў доктар. — Толькі п’янствуеце, чорт вас пабяры! І цяпер вы п’яныя як шавец! Дзе Надзея Язэпаўна?

Акушэркі Надзеі Язапаўны ня было ў бальніцы, хоць яна павінна была кожную раніцу прысутнічаць пры перавязках. Доктар агледзіўся, і яму пачало здавацца, што ў палаце ня прыбрана, што ўсё раскідана, нічога, што трэба, ня зроблена і што ўсё гэтак сама карбаціцца, камечыцца і ўкрыта пухам, як агідная фэльчарава камізэлька, і яму захацелася сарваць з сябе белы хвартух, накрычаць, кінуць усё, плюнуць і пайсьці. Але ён паўздужаў сябе і рабіў абход.

За Гарасімам ляжаў хірургічны хворы на запаленьне абалоніны ўва ўсёй правай руцэ. Гэтаму трэба было зрабіць перавязку. Доктар сеў перад ім на табарэтку і заняўся рукою.

«Гэта ўчора яны гулялі на імянінах… — думаў ён, памаленьку здымаючы павязку. — Пачакайце, я пакажу вам імяніны! А ўрэшце, што-ж я магу зрабіць? Нічога я не магу».

Ён абмацаў на апухлай, барвовай руцэ гнаяўку і сказаў:

— Скальпэль[1]!

Міхась Захаравіч, хочучы паказаць, што ён моцна трымаецца на нагах і можа працаваць, кінуўся з месца і хутка падаў скальпэль.

— Ня гэты! Дайце каторы з новых, — сказаў доктар.

Фэльчар, дробна перабіраючы нагамі, пабег да крэсла, дзе стаяла скрынка з перавязачным матэрыялам і пачаў сьпяшаючыся капацца ў ёй. Ён доўга шаптаўся пра нешта з сядзелкамі, соваў скрынку па крэсьле, шуршэў, нешта разы два скінуў, а доктар сядзеў, чакаў і адчуваў у сваіх плячах моцнае раздражэньне ад шэпту і шолаху.

— Хутка там? — спытаў ён. — Вы, мусіць, іх унізу пакінулі.

Фэльчар падбег да яго і падаў два скальпэлі, і да таго не ўсьцярогся і дыхнуў у яго бок.

— Гэта ня тыя! — сказаў злосна доктар. — Я кажу вам па-руску і зразумела, дайце каторы з новых. А, урэшце, ідзеце і прасьпецеся, ад вас дае, як з карчмы! З вамі няма гаворкі!

— Якія-ж вам яшчэ нажы трэба? — спытаўся нэрвова фэльчар і паволі паціснуу плячыма.

Яму было прыкра і сорам, што проста на яго глядзяць хворыя і сядзелкі, і каб паказаць, што яму ня сорам, ён прымусіў сябе ўсьміхнуцца і паўтарыў:

— Якія-ж вам яшчэ нажы трэба?

Доктар адчуў на вачох сьлёзы і дрыжыкі ў пальцах. Ён перамог сябе і прагаварыў нэрвовым голасам:

— Ідзеце прасьпецеся! — Я не хачу гаварыць з п’яным…

— Вы можаце толькі за што трэба з мяне спаганяць, — гаварыў далей фэльчар, — а калі я, скажам, выпіўшы, дык ніхто ня мае права мне ўпікаць. Я-ж служу? Што-ж вам яшчэ! Служу-ж?

Доктар ускочыў і, ня думаючы, што робіць, размахнуўся і з усёй сілы выцяў фэльчара ў твар. Ён не разумеў, навошта ён гэта робіць, але адчуў вялікае здавальненьне таму, што папаў кулаком якраз у твар і што чалавек сталы, самавіты, сямейны, набожны, чалавек, што ведае сабе цану, пахіснуўся, падскочыў, як мячык, і сеў на табурэтку. Яму надта захацелася выцяць яшчэ раз, але, убачыўшы наўкола ненавіднага твару зблажнелыя, устрывожаныя абліччы сядзелак, ён ужо не адчуваючы ніякага здавальненьня, махнуў рукою і выбег з палаты.

На дварэ насустрэч яму ішла ў бальніцу Надзея Язэпаўна, дзяўчына гадоў 27, з бледнавата-жоўтым тварам і з расплеценымі валасамі. Яе ружовая з паркалю спадніца была моцна сьцягнута ўнізу, і таму яе крокі былі вельмі малыя і частыя. Яна шастала спадніцаю, паціскала плячыма ў тахт кожнаму свайму кроку і ківала галавою так, бы сьпявала ў думках нешта вясёленькае.

«Ага, русалка!» падумаў доктар, прыгадаўшы, што ў бальніцы акушэрку дражняць русалкаю, і яму зрабілася прыемна ад думкі, што ён зараз спыніць гэту закаханую ў сябе франціху, што так дробна дыбае.

— Дзе гэта вы прападаеце? — крыкнуў ён, сустрэўшыся з ёю. — Чаму вы не ў бальніцы? Тэмпэратура не запісана, усюды непарадак, фэльчар п’яны, вы сьпіце да дванаццаці! Будзьце ласкавы знайсьці сабе іншую працу! Тут вы больш ня служыце…

Прышоўшы на кватэру, доктар садраў з сябе белы хвартух і рушнік, што быў падперазаны, злосна пашпарыў іх у куток і пачаў хадзіць па габінэце.

— Божа, што за людзі, што за людзі! — вымавіў ён. — Гэта не памочнікі, а ворагі справы! Няма сілы служыць болей! Не магу! Не магу!

Сэрца яго моцна білася, ён увесь дрыжэў і хацеў плакаць, і, каб пазбавіцца ад гэтых адчуваньняў, ён пачаў супакойваць сябе думкамі пра тое, што яго- такі праўда і што ён дужа добра зрабіў, выцяўшы фэльчара. Перш за ўсё, брыдка тое, думаў доктар, што фэльчар астаўся ў бальніцу ня проста, а паводле протэкцыі сваёй цёткі, што служыць за няньку ў старшыні земскае ўправы (агідна бывае глядзець на гэту ўплывовую цётку, калі яна, як прыедзе лячыцца, абыходзіцца ў бальніцы як дама і пратэндуе на тое, каб яе прымалі без чаргі). Дысцыплінован фэльчар дрэнна, ведае мала і зусім не разумее таго, што ведае. Ён п’е, гарэзуе, ходзіць неахайны, бярэ ад хворых хабар і цішком продае земскія лякарствы. Усім таксама вядома, што ён займаецца практыкаю і лечьць у маладых мяшчаньняў патаемныя хваробы, прычым ужывае нейкія ўласныя спосабы. Хай-бы сабе гэта быў проста круцель (а такіх шмат), але гэта круцель перакананы і з патаемным протестам. Украдкам ад доктара ён ставіць прыходзячым хворым банькі і пушчае ім кроў, на опэрацыях прыутнічае з нямытымі рукамі, калупаецца ў ранах заўсёды брудным зондам[2] — гэтага досыць, каб зразумець, з якою глыбокаю і адважнаю пагардасьцю ён адносіцца да мэдыцыны з яе вучонасьцю і пэдантызмам.

Дачакаўшыся, калі пальцы ўжо ня дрыжэлі, доктар сеў за стол і напісаў ліст да старшыні ўправы: «Паважаны Леў Трахімавіч! Калі, атрымаўшы гэты ліст, ваша ўправа ня зволіць фэльчара Сьмірноўскага і ня дасьць мне права самому выбіраць сабе памоцніка, дык я буду вымушаны (не бяз жалю, вядома) прасіць вас ня лічыць ужо мяне болей доктарам №-скае бальніцы і паклапаціцца знайсьці мне намесьніка. Прывітаньне Любе Тодараўне і Юсу. З пашанаю да вас Г. Аўчынікаў». Прачытаўшы гэты ліст, доктар знайшоў, што ён кароткі і ня так, як трэба, халодны. Да таго-ж прывітаньне Любе Тодараўне і Юсу (гэта была мянушка старшынёвага сына) у службовым, офіцыйным лісьце было больш як не да рэчы.

«Які тут чорта Юс?» — падумаў доктар, падраў ліст і пачаў выдумляць другі. — «Шаноўны пане»… — думаў ён, сеўшы ля адчыненага вакна і пазіраючы на качак з качаранятамі, што хістаючыся і спатыкаючыся завіхаліся па дарозе, мабыць да саджалкі; адно качаранё папала на дарозе нейкія кішкі, удушылася і трывожна запішчала; другое падбегла да таго, выцягнула ў яго з рота кішкі і таксама ўдушылася… Далёка ля плоту ў карункавым цені блукала кухарка Адарка і зьбірала шчаўе на боршч… Чуваць былі галасы… Хурман Зот з вобрацьцю ў руцэ і бальнічны мужык Мануйла ў брудным хвартуку стаялі каля хлява, пра нешта гаварылі і сьмяяліся.

«Гэта яны пра тое, што я фэльчара выцяў… — думаў доктар. — Сягоньня ўжо ўвесь павет будзе ведаць пра гэты скандал… Дык: Шаноўны пане! Калі ваша ўправа ня зволіць»…

Доктар добра ведаў, што ўправа ні за што не замяняе яго на фэльчара і хутчэй згодзіцца ня мець ніводнага фэльчара ўва ўсім павеце, як страціць гэтакага чалавека, як доктар Аўчынікаў. Напэўна, адразу, як атрымае ліст, Леў Трахімавіч прыляціць да яго на тройцы і пачне: — «Ды што-ж вы гэта, бацюхна, надумаліся? Родненькі, што-ж гэта такое, хрыстос з вамі? Навошта? З якой рацыі? Дзе ён? Сюды яго, шэльму! Прагнаць! Абавязкова прагнаць! Каб заўтра-ж яго, падлюгу, тут і шныру ня было!» — Потым ён папалуднуе з доктарам, а пасьля полудню ляжа вось на гэтай кармазынавай канапе жыватом угору, накрые твар газэтаю і захрапе, выспаўшыся, нап’ецца гарбаты і павязе дадому доктара начаваць. І ўся гісторыя скончыцца тым, што і фэльчар астанецца ў бальніцы, і доктар не падасьць у адстаўку.

Доктару-ж у глыбіні душы хацелася ня гэткай разьвязкі. Яму хацелася, каб фэльчаравая цётка перамагла, каб управа, не паглядзеўшы на яго васьмігадовую добрасумленную працу, без размоў і нават з прыемнасьцю прыняла б яго адстаўку. Ён крозіў пра тое, як ён будзе выяжджаць з бальніцы, дзе ён ужо абжыўся, як напіша ліст у газэту «Врач», як таварышы паднясуць яму спачувальны адрас…

На дарозе паказалася русалка. Дробнымі крокамі, шастаючы спадніцаю, яна падышла да вакна і спытала:

— Рыгор Іванавіч, самі будзеце прымаць хворых, ці бяз вас загадаеце?

А вочы яе казалі: — «Ты пагарачыўся, але цяпер супакоіўся і табе сорам, але я маю ўвагу на цябе і не заўважаю гэтага».

— Добра, я зараз, — сказаў доктар. Ён зноў адзеў хвартух, падперазаўся рушніком і пайшоў у бальніцу.

«Нядобра, што я ўцёк, як выцяў яго… — думаў ён у дарозе. — Вышла, як-бы я пасаромеўся ці спалохаўся… Быццам гімназісты… Дужа нядобра!»

Яму здавалася, што калі ён увойдзе ў палату, дык хворым будзе ніякавата глядзець на яго і яму самому зробіцца сорам, але калі ён увайшоў, хворыя ціха ляжалі на ложках і бадай не ўзялі на яго ўвагі. Твар сухотнага Гарасіма быў зусім бязуважным і нібы казаў: — «Ён табе не дагадзіў, ты яго трошачкі павучыў… Бяз гэтага, бацюхна, нельга».

Доктар ускрыў на барвовай руцэ дзьве гнаяўкі і зрабіў перавязку, потым пайшоў у жаночую палавіну, дзе зрабіў аднэй бабе опэрацыю ў воку, і ўвесь час за ім хадзіла русалка і дапамагала яму з такім выглядам, як-бы нічога ня здарылася і ўсё добра. Пасьля абыходу палат пачаўся прыём хворых, што прыходзілі ў бальніцу. У маленькім прыймовым пакоі доктара вакно было адчынена насьцеж. Варта толькі сесьці на падаконьнік і трошкі прыгнуцца, каб убачыць за аршын ад сябе маладую траву. Учора ўвечары быў вялікі дождж з навальніцаю, а таму трава крыху прыбіта і блішчыць. Сьцежка, што недалёка ад вакна і ідзе ў яр, здаецца памытай, і раскіданыя з бакоў, пабітыя аптэчныя шклянкі, таксама памытыя, зіхацяць на сонцы і пушчаюць такія бліскучыя, што ня ўзглянеш, прамені. А далей за сьцежкаю туляцца адна за аднэй маладыя елкі ў стройным зялёным убраньні, за імі стаяць бярозы з белымі, як папера, камлямі, а праз зеляніну бяроз, што крыху дрыжаць ад ветру, відаць блакітнае, бяздоннае неба. Калі зірнеш у акно, дык шпакі, што скачуць па сьцежцы, паварочваюць на акно свае дурныя насы і вырашаюць: спалохацца ці не? І, наважыўшы спалохацца, яны адзін за адным з вясёлым крыкам, нібы сьмяючыся з доктара, што ня ўмее лятаць, імчацца пад вершаліны бяроз…

Праз цяжкі пах ёдаформу адчуваецца сьвежасьць і водар вясновага дню… Добра дыхаць!

— Ганна Сьпірыдонава! — выклікаў доктар. У пакой увайшла маладая баба ў чырвоным адзеньні і памалілася на абраз.

— Што баліць? — спытаў доктар.

Баба недаверліва скасілася на дзьверы, кудэю ўвайшла, і на дзьверцы ў аптэку, падышла бліжэй да доктара і шапянула:

— Дзяцей няма!

— Хто яшчэ не запісваўся? — гукнула ў аптэцы русалка. — Падыходзьце запісвацца!

«Ён ужо таму свалата, — думаў доктар, аглядаючы бабу, — што прымусіў мяне біцца першы раз у жыцьці. Я з маленства ня біўся».

Ганна Сьпірыдонава пайшла. Пасьля яе прышоў стары з дрэннаю хваробаю, потым баба з трыма карасьлівымі дзяцьмі, і праца наладзілася. Фэльчар не паказваўся. За дзьверкамі ў аптэцы, шастаючы спадніцаю і звонячы пасудкам, весела шчабятала русалка; часта яна ўваходзіла ў прыймовы пакой, каб дапамагчы на опэрацыі ці ўзяць рэцэпты, і ўсё з гэткім выглядам, як-бы ўсё было спакойна.

«Яна рада, што я выцяў фэльчара, — думаў доктар, прыслухоўваючыся да голасу акушэркі. — Яна-ж з ім жыла, як кот з сабакам, і ёй сьвята, калі яго зволяць. І сядзелкі, здаецца, рады… Як гэта агідна!».

У самы гарачы час прыёму яму пачало здавацца, што і акушэрка, і сядзелкі, і нават хворыя знарок імкнуцца надаць сабе бязудзельны і вясёлы выгляд. Яны быццам разумелі, што яму брыдка і балюча, але з далікатнасьці рабілі выгляд, што не разумеюць. І ён, каб паказаць ім, што яму зусім ня сорам, крычаў сурова:

— Гэй, вы, там! Зачыняйце дзьверы, бо дзьме!

А яму ўжо было брыдка і цяжка. Прыняўшы сорак пяць хворых, ён не сьпяшаючыся вышаў з бальніцы. Акушэрка, ужо ўправіўшыся пабыць дома на кватэры і накінуць на плечы ярка-пунсовую хустку, з папяроскаю ў зубах і з кветкаю ў распушчаных валасох, шпарка ішла некуды з двара, напэўна, на практыку ці ў госьці. На парозе бальніцы сядзелі хворыя і моўчкі грэліся на сонейку. Шпакі, як і дагэтуль, шумелі і ганяліся за жукамі. Доктар разьзіраў па бакох і думаў, што сярод усяго гэтага роўнага, спакойнага жыцьця, як дзьве папсаваныя клявішы ў фортэп’яне, рэзка вылучаліся і нікуды ня варты былі ўсяго два жыцьці: фэльчарава і яго. Фэльчар цяпер, напэўна, лёг, каб праспацца, але ніяк ня можа заснуць ад думкі, што ён вінаваты, абражаны і страціў працу. Становішча яго пакутнае. Доктар-жа, што раней нікога ня біў, адчуваў сябе гэтак, нібы ён страціў сваю цноту. Ён ужо не вінаваціў фэльчара і не апраўдваў сябе, а толькі не разумеў: як гэта магло здарыцца, што ён, прыстойны чалавек, што ніколі ня выцяў нават сабакі, мог аплявушыць? Прышоўшы дадому на кватэру, ён лёг у габінэце на канапу, тварам да плечкаў і пачаў думаць так:

«Ён чалавек дрэнны, шкодны справе: за тры гады, што ён служыць, у мяне набралася злосьці, але патом- такі мой учынак нічым ня можа быць апраўданы. Я скарыстаў права дужага. Ён падначалены мне, вінаваты і да таго-ж п’яны, а я яго начальнік, маю рацыю і цьвярозы… Значыцца, я дужэйшы. Па-другое, я выцяў яго пры людзях, што маюць мяне за аўторытэт і гэткім чынам я даў ім агідны прыклад»…

Доктара паклікалі палуднаваць… Ён зьеў лыжак колькі капусты і, устаўшы з-за стала, зноў лёг на канапу.

«Што-ж цяпер рабіць? — усё думаў ён. — Трэба што найхутчэй задаволіць яго… Але як? Дуэлі ён, як практычны чалавек, мае за дур ці не разумее іх. Калі ў таей самай палаце, пры сядзелках і хворых, папрасіць у яго прабачыць, дык гэтае прабачэньне здаволіць аднаго мяне, а не яго; ён, чалавек нядобры, зразумее маё выбачэньне так, як-бы я спалохаўся, і баюся што ён паскардзіца на мяне начальству. Да таго-ж гэтае маё выбачэньне дарэшты сапсуе бальнічную дысцыпліну. Прапанаваць яму грошы? Не, гэта нясумленна і падобна на подкуп. Каб цяпер, скажам, зьвярнуцца па вырашэньні пытаньня да нашага непасрэднага начальства, г. зн. да ўправы… Яна магла-б абвясьціць мне вымову, ці зволіць мяне… Але гэтага яна ня зробіць. Дый ня зусім зручна ўцягваць у інтымныя справы бальніцы ўправу, што, да рэчы, ня мае на гэта жаднага права».

Гадзіны праз тры пасьля палудню доктар ішоў да саджалкі і думаў:

А ці не зрабіць мне так, як робяць усе ў гэткіх абставінах? Значыцца няхай ён падасьць на мяне ў суд. Я бязумоўна вінаваты, абараняцца ня буду, і судзьдзя засудзіць. Мяне арыштуюць. Гэткім чынам абражаны здаволіцца і тыя, што маюць мяне за аўторытэта, убачаць, што я зрабіў няправільна».

Гэтая ідэя спадабалася яму. Ён узрадваўся ды давай думаць, што пытаньне вырашана добра і што лепшага быць ня можа.

«Што-ж, надзвычайна! — думаў ён, улазячы ў ваду і паглядаючы, як ад яго ўцякалі дробныя залацістыя карасікі. — Хай падае… Гэта яму ’шчэ больш зручно, што нашы службовыя дачыненьні ўжо спынены і некатораму з нас пасьля гэтага скандалу ўсё роўна ўжо нельга аставацца ў бальніцы»…

Увечары доктар загадаў запрэгчы шарабан, каб ехаць да вайсковага начальніка гуляць у вінт[3]. Калі ён у капялюшы і ў палітоне, зусім ужо сабраўся ў дарогу, стаяў пасярод свайго габінэту і надзяваў пальчаткі, дзьверы знадворку з рыпам адчыніліся, і нехта ціхенька ўвайшоў у прадпакой.

— Хто там? — папытаў доктар.

— Гэта я-с… — глуха адказаў той, што ўвайшоў.

У доктара раптам затахкала сэрца і аж холадна яму зрабілася ад сораму і нейкага незразумелага страху. Фэльчар Міхал Захаравіч (гэта быў ён) ціха кашлянуў і нясьмела ўвайшоў у габінэт. Памаўчаўшы крыху, ён сказаў глухім, вінаватым голасам:

— Даруйце мне, Рыгора Іванавіч!

Доктар зьбянтэжыўся і ня ведаў, што сказаць. Ён зразумеў, што фэльчар прышоў да яго прыніжацца і прасіць прабачэньне не праз хрысьціянскую пакору і ня дзеля таго, каб сваёю пакораю засароміць зьневажальніка, а проста памеркаваўшыся: «перамагу сябе, папрашу прабачэньня і, можа, мяне ня выганяць і не адбяруць кавалак хлеба»… Што можа быць больш зьняважлівым для чалавечага гонару?

— Даруйце… — паўтарыў фэльчар.

— Паслухайце… — загаварыў доктар, стараючыся не глядзець на яго і ўсё яшчэ не знайшоўшы, што сказаць. — Паслухайце… Я вас абразіў і… і павінен быць пакараны, гэта значыць задаволіць вас… Дуэляў вы не прызнаіцё… Хоць, я і сам не прызнаю дуэляў. Я вас зьняважыў і вы… вы можаце паскардзіцца на мяне міравому судзьдзі, і я пакараны буду. А заставацца нам тут удвух нельга… Хто-небудзь з нас, я ці вы, мусіць выйсьці! (Божа мой! я ня тое яму кажу! — жахнуўся доктар. — Як недарэчна, як недарэчна!). Адным словам, падавайце заяву! А служыць разам мы ўжо ня можам!.. Я ці вы… Заўтра-ж падавайце!..

Фэльчар зірнуў з-пад ілба на доктара, і ў яго цёмных, мутных вачох загарэлася самая шчырая пагарда. Ён заўсёды лічыў доктара непрактычным, капрысным хлапчанём, а цяпер ненавідзеў яго за дрыжыкі, за незразумелую сумятню ў словах…

— І падам, — сказаў ён хмурна і злосна.

— Але, і падавайце.

— А што-ж вы думаеце? Не падам? І падам… Вы ня маеце права біцца. Дый сароміліся-б. Б’юцца толькі п’яныя мужыкі, а вы адукаваны…

У грудзях у доктара нечакана ўзварухнулася ўся яго нянавісьць, і ён закрычаў не сваім голасам:

— Выбірайцеся вон!

Фэльчар нехаця зрушыўся з месца (яму быццам хацелася яшчэ нешта сказаць), пайшоў у прадпакой і спыніўся там, задумаўшыся. І, нешта надумаўшыся, ён рашуча вышаў…

— Як недарэчна, як недарэчна! — марматаў доктар, як фэльчар пайшоў. — Як гэта ўсё недарэчна і нікчэмна!

Ён адчуваў, што трымаў сябе з фэльчарам як хлапчук, і ўжо разумеў, што ўсе яго думкі наконт суду неразумныя, не разьвязваюць пытаньня, а толькі ўскладняюць яго.

— Як недарэчна! — думаў ён, седзячы ў шарабане і потым гуляючы ў вайсковага начальніка ў вінт. — Няўжо я так мала адукаваны і так мала ведаю жыцьцё, што не магу разьвязаць гэтае простае пытаньне? Ну, што рабіць?

Назаўтра раніцаю доктар бачыў, як фэльчарава жонка садзілася на калёсы, каб некуды ехаць, і падумаў: «Гэта яна да цёткі. Хай!»

Бальніца абыходзілася бяз фэльчара. Трэба было напісаць заяву ў управу, але доктар усё яшчэ ніяк ня мог здумаць формы ліста. Цяпер сэнс ліста павінен быў быць гэтакі: «Прашу зволіць фэльчара, хоць вінаваты ня ён, а я». Выкласьці-ж гэтую думку гэтак, каб вышла і да рэчы і ня сорамна — для прыстойнага чалавека амаль немагчыма.

Дні праз два ці тры доктару пераказалі, што фэльчар быў са скаргаю ў Льва Трахімавіча. Старшыня ня даў яму сказаць ніводнага слова, затупаў нагамі і правёў яго крыкам: «Ведаю я цябе! Прэч! Не хачу слухаць!» Ад Льва Трахімавіча фэльчар паехаў у ўправу і падаў туды паклёпную заяву, дзе, не ўспамінаючы пра аплявуху і нічога ня просячы сабе, даносіў управе, што доктар ня раз у яго вочы дрэнна гаварыў пра ўправу і старшыню, што лечыць доктар ня так, як трэба, езьдзіць на вучасткі няспраўна і інш. Дазнаўшыся пра гэта, доктар засьмяяўся і падумаў: «Гэтакі дурань», і яму зрабілася брыдка і шкода, што фэльчар робіць глупства; што болей глупства робіць чалавек у сваю абарону, дык больш ён, значыцца, безабаронны і слабы.

Роўна праз тыдзень пасьля гэтай раніцы доктар атрымаў позву ад міравога судзьдзі.

— Гэта ўжо зусім бязглузда… — думаў ён, расьпісваючыся, што атрымаў. — Большую бязглузьдзіцу і здумаць нельга.

І калі ўжо ён аднэй хмурнай, ціхай раніцы ехаў да міравога, яму ўжо было ня сорамна, а крыўдна і агідна. Ён злаваў і ня сябе, і на фэльчара, і на ўсе абставіны…

«Вазьму і скажу на судзе: ідзеце вы ўсе к д’яблу! — злаваў ён. — Вы ўсе аслы і нічога вы не разумееце!»

Пад’ехаўшы да камэры міравога, ён убачыў на парозе трох сваіх сядзелак, выкліканых за сьведкі, і русалку. Убачыўшы сядзелак і жыцьцярадасную акушэрку, што ад нецярплівасьці пераступала з нагі на ногу і нават пачырванела, як угледзела галоўнага героя процэсу, злосны доктар захацеў наляцець на іх каршуном і ашаламіць: «Хто вам дазволіў ісьці з бальніцы? Будзьце ласкавы зараз-жа вярнуцца дамоў!», але стрымаў сябе і, стараючыся здавацца спакойным, праціснуўся праз натоўп мужыкоў у камеру. Камера была пустая, і ланцужок міравога вісеў на плечках крэсла. Доктар пайшоў у пакой справавода. Тут ён убачыў маладога чалавека з худым тварам і ў каламенкавым піджаку з адтапыранымі кішэнямі — гэта быў справавод, і фэльчара, што сядзеў за сталом і, ад ня меўшы інакшага занятку, перагортваў даведкі пра падсуднасьць. Калі ўвайшоў доктар, справавод устаў. Фэльчар зьбянтэжыўся і гэтак сама ўстаў.

— Аляксандра Архіпавіч яшчэ ня прыходзіў? — спытаў доктар засаромеўшыся.

— Не яшчэ. Яны дома… — адказаў справавод.

Камера зьмяшчалася ў сядзібе міравога судзьдзі, у адным яго флігелі, а сам судзьдзя жыў у вялікім доме. Доктар выйшаў з камеры і не сьпяшаючыся пайшоў у дом. Аляксандру Архіпавіча знайшоў ён у сталовай за самаварам. Міравы бяз сурдуту і без камізэлькі, з расшпіленаю на грудзях кашуляю стаяў ля стала і, трымаючы ў абедзьвюх руках імбрычак, наліваў сабе шклянку цёмную, як кава, гарбату; убачыўшы госьця, ён хутка прысунуў да сябе другую шклянку і, ня вітаючыся, спытаўся:

— Вам з цукрам ці бяз цукру?

Некалі, вельмі даўно, міравы судзьдзя служыў у кавалерыі; цяпер ён ужо за сваю шматгадовую службу па выбарах быў у чыне сапраўднага стацкага, але ўсё яшчэ ня кідаў ні свайго вайсковага мундзіру, ні вайсковых звычак. У яго былі доўгія паліцмэйстраўскія вусы, нагавіцы з кантамі, і ўсе яго ўчынкі і словы былі прасякнуты вайсковай грацыяй. Гаварыў ён, трохі адкінуўшы назад галаву і перасыпваючы размову сакавітым генэральскім «мнэээ…», паціскаў плячыма, а яго вочы жвава бегалі; вітаючыся ці даючы закурыць, шоргаў падэшвамі і ідучы гэтак асьцярожна і квола зьвінеў шпорамі, як-бы кожны гук шпораў рабіў яму вялікі боль. Пасадзіўшы доктара за гарбату, ён пагладзіў сябе па шырокіх грудзях і па жываце, моцна ўздыхнуў і сказаў:

— Н-так-с… Можа, часам, хочаце мнэээ… гарэлкі выпіць і закусіць? Мнэ-э?

— Не, дзякуй, я не галодны.

Абодвы адчувалі, што ім не абыйсьціся без гаворкі пра бальнічны скандал, і абодвым было ніякавата. Доктар маўчаў. Міравы грацыёзным махам рукі злавіў камара, што ўкусіў яго за грудзі, уважліва абгледзіў яго з усіх бакоў і выпусьціў, потым цяжка ўздыхнуў, узьняў вочы на доктара і павольна запытаўся:

— Паслухайце, чаму вы яго не прагоніце?

Доктар пачуў у яго голасе спачувальную нотку; яму раптам зрабілася шкода сябе, і ён адчуў утому і разьбітасьць ад ператрусак, перажытых за апошні тыдзень.

З такім выглядам, як-бы цярплівасьць яго нарэшце далася, ён устаў з-за стала і, нэрвова зморшчыўшыся, паціскаючы плячыма, сказаў:

— Прагнаць! Як вы ўсе разважаеце, дальбог… Дзіўна проста, як вы ўсе разважаеце! Ды хіба-ж я магу яго прагнаць? Вы тут сядзіцё і думаеце, што ў сваёй больніцы я гаспадар і раблю ўсё, што хачу! Дзіўна проста, як вы ўсе разважаеце! Хіба-ж я магу прагнаць фэльчара, калі ягоная цётка служыць за няньку ў Льва Трахімавіча і калі Льву Трахімавічу патрэбны гэткія паклёпшчыкі і лёкаі, як гэты Захаравіч? Што я магу зрабіць, калі земства мае нас, дактароў, за нішто, калі яно на кожным кроку кідае нам пад ногі паленьня? Чорт іх падзяры, я не хачу служыць, от і ўсё! Не хачу!

— Ну, ну, ну… Вы, душа мая, надаіцё ўжо лішняе значэньне, так сказаць…

— Маршалак што-сілы пнецца давесьці, што ўсе мы нігілістыя, шпігуе і абыходзіцца з намі, як з сваімі пісцамі. Якое ён мае права прыяжджаць, як мяне няма, у бальніцу і дапытваць там сядзелак і хворых? Хіба гэта не абраза? А гэты наш блазан Сымон Аляксеевіч, што сам арэ і ня верыць у мэдыцыну, бо здаровы і сыты, як бугай, уголас і ў вочы заве нас дармаедамі і ўпікае кавалкам хлеба! Ды чорт яго бяры! Я працую ад цямна да цямна, адпачынку ня ведаю, я тут патрэбнейшы за ўсіх гэтых блазнаў, сьвятых, рэформатараў і ўсякіх клёвунаў. Я палажыў на працы здароўе, а мяне замест падзякі ўпікаюць за кавалак хлеба! Шчыра вам удзячны! І кожны думае, што ён мае права садзіць свой нос не ў сваю справу, вучыць, контроляваць! Гэта ваш член управы Камчацкі на земскім сходзе зрабіў дактаром вымову за тое, што ў нас расходзіцца шмат ёдзістага калія і рэкомэндаваў нам быць асьцярожнымі, ужываючы какаін! Што ён разумее, я вас пытаю? Што яму да таго? Чаму ён ня вучыць вас судзіць?

— Але… але ён-жа хам, душа мая, халуй… На яго нельга браць увагі…

— Хам, халуй, але-ж вы выбралі гэтага сьвістуна ў члены і дазваляеце яму ўсюды ўтыкаць свой нос! Вы от усьміхаецеся! Па-вашаму ўсё гэта дробязі, глупства, але зразумейце-ж, што гэтых дробязяй так шмат, што з іх склалася ўсё жыцьцё, як з пясчынак гара! Я болей не магу! Сілы не стае, Аляксандра Архіпавіч! Яшчэ трохі і, запэўняю вас, я ня толькі біць па пыцках, але страляць у людзей буду. Зразумейце, што ў мяне не драты, а нэрвы. Я гэткі-ж чалавек, як і вы…

Доктаравы вочы наліліся сьлязьмі і голас задрыжаў; ён зьвярнуўся і пачаў глядзець у акно. Зрабілася ціха.

— Н-так-с, паважаны… — прамарматаў міравы задумаўшыся. — З другога-ж боку, калі абмеркаваць стала, дык… (міравы злавіў камара і, добра прыплюшчыўшы вочы, агледзіў яго з усіх бакоў, прыціснуў і кінуў у паласкальніцу)… дык, бачыце, і выганяць яго няма рацыі. Выганіце, а на яго месца сядзе іншы гэткі-ж, ды яшчэ, можа стацца, і горшы. Зьменіце вы сто чалавек, а добрага ня знойдзеце… Усе падлюгі (міравы пагладзіў сябе пад пахамі і паволі закурыў папяросу). З гэтым горам трэба пагаджацца. Я павінен вам сказаць, што-о цяперашнім часам сумленных і цьвярозых працаўнікоў, па ком вы можаце быць сьмелымі, можна знайсьці ўсяго ў інтэлігенцыі і мужыкоў, значыцца ў двух гэтых працілегласьцяй і толькі. Вы, так сказаць, можаце знайсьці найсумленнага доктара, адменнага пэдагога, найсумленнага аратага ці каваля, але сярэднія людзі, значыцца, калі так сказаць, людзі, што вышлі з народу і не дайшлі да інтэлігенцыі, ёсьць элемэнт ненадзейны. Таму надта цяжка знайсьці сумленнага і цьвярозага фэльчара, пісара, прыказчыка і іншае. Надзвычайна цяжка! Я служу-с у юстыцыі з часу цара Гароха і за ўвесь час свае працы ня меў яшчэ ні разу сумленнага і цьвярозага пісара, хоць і прагнаў іх на сваім вяку лічыць не пералічыць колькі. Народ бяз жаднай моральнай дысцыпліны. Ня кажучы ўжо пра-а-а прынцыпы, так сказаць…

«Навошта ён гэта гаворыць? — падумаў доктар. — Ня тое мы з ім гаворым, што трэба».

— От ня так даўно, усяго ў тую пятніцу, — усё гаварыў міравы, — мой Дзюжынскі ўчыніў гэткую, можаце сабе ўявіць, штуку. Склікаў ён да сябе ўвечары нейкіх там п’янюг, чорт іх ведае, хто яны такія, і цалюткую ноч піў з імі ў камеры. Як вам гэта спадабаецца? Я нічога ня маю супроць таго, што ён п’е. Чорт цябе бяры, пі, але навошта пушчаць у камеру невядомых людзей. Бо, падумайце самі, украсьц з спраў які-небудзь дакумант, вэксаль і іншае — адзін момант. І што-ж вы думаеце? Пасьля гэтае оргі[4] я павінен быў дні два праглядаць усе справы, ці ня страцілася што… Ну што-ж вы зробіце з паганцам? Прагнаць? Добра-с… А чым вы забясьпечыце, што іншы ня будзе горш?

— Ды і як яго прагоніш? — сказаў доктар. — Прагнаць чалавека лёгка — гэта толькі гаварыць… Як я праганю і адбяру ў яго кавалак хлеба, калі ведаю, што ён з сям’ёю, галодны? Куды ён дзенецца з сваёю сям’ёю?

«Чорт ведае што, ня тое я кажу!» — падумаў ён, і яму здалося дзіўным, што ён ніяк ня можа ўмацавацца на якой-небудзь аднэй, сталай думцы, ці на якім-небудзь адным пачуцьці. «Гэта таму, што я ня глыбокі і ня ўмею думаць», — падумаў ён.

— Сярэдні чалавек, як вы назвалі, ненадзейны, — казаў ён болей. — Мы яго гонім, лаем, б’ём па фізыономіі, але ўрэшце трэба-ж зразумець і яго становішча. Ён ні мужык, ні пан, ні рыба, ні мяса; мінулае яго горкае, у сучасным у яго толькі 25 рублёў у месяц, галодная сям’я і падначальнасьць, у будучыне тыя самыя 25 рублёў і залежнае становішча, хоць праслужыць ён сто гадоў. У яго няма ні адукацыі, ні ўласнасьці; чытаць і хадзіць у царкву яму няма калі, нас ён ня чуе, бо мы не падпушчаем яго да сябе блізка. Гэтак і жыве дзень-у-дзень да самае сьмерці без надзей на лепшае, палуднуючы збольшага, баючыся, што от-от яго прагоняць з службовае кватэры, ня ведаючы, куды прыткнуць сваіх дзяцей. Ну, як тут, скажэце, ня п’янстваваць? Адкуль тут возьмуцца прынцыпы!

«Мы, здаецца, ужо соцыяльныя пытаньні разьвязваем, — падумаў ён. — І як няскладна, божа! Дый навошта ўсё гэта?»

Пачуліся званкі. Нехта ўзьехаў на двор і пад’ехаў спачатку да камеры, потым да ганку вялікага дому.

— Сам прыехаў, — сказаў міравы, паглядзеўшы ў вакно. — Ну, будзе вам на гарэхі!

— А вы, калі ласка, пусьцеце мяне хутчэй… — папрасіў доктар. — Калі можна, дык разгледзьце маю справу без чаргі. Дальбог, няма часу.

— Добра, добра… толькі я яшчэ ня ведаю, бацюхна, ці падсудна мне гэта справа. Дачыненьні-ж у вас з фэльчарам, так сказаць, службовыя, і да таго-ж вы змазалі яго пры выкананьні службовых абавязкаў. Аднак, ня ведаю добра. Папытаемся зараз у Льва Трахімавіча.

Пачуліся хуткія крокі і цяжкае дыханьне, і ў дзьвярах зьявіўся Леў Трахімавіч, старшыня, сівы і лысы, з доўгаю барадою і чырвонымі павекамі.

— Маё шанаваньне… — сказаў ён, задыхаючыся. — Уф, бацюхна! Закамандуй, судзьдзя, падаць мне квасу! Сьмерць мая…

Ён сеў у крэсла, але зараз-жа хутка ўскочыў, падбег да доктара і, сурова вылупіўшы на яго вочы, загаварыў пісклівым тэнарам:

— Надта і надзвычайна ўдзячны вам, Рыгор Іванавіч! Дагадзілі, дзякуй вам! Паміраць буду — не забуду я! Так сябры ня робяць! Як хочаце, а гэта нават нядобрасумленна з вашага боку! Чаму вы мяне не паведамілі? Што я вам? Хто? Вораг ці староньні чалавек? Вораг я вам? Хіба я вам калі што якое адмовіў? Га?

Вылупіўшы вочы і трапечучы пальцамі, старшыня напіўся квасу, хутка абцёр губы ды казаў:

— Надта, надта вам удзячны! Чаму-ж вы мяне не паведамілі? Каб вы мелі да мяне пачуцьці, прыехалі-б да мяне і па-сяброўску: — «Галубок, Леў Трахімавіч, так і так, от… Гэткая гісторыя і іншае…» Я-б вам у адзін момант усё ўладзіў і ня трэба было-б гэтага скандалу… Той дурань, быццам блёкату аб’еўся, валочыцца па павеце, паклёпы робіць ды пляткарыць з бабамі, а вы, сорам сказаць, прабачайце за выраз, надумаліся рабіць чорт ведае што, прымусілі таго дурня падаць на суд. Сорам, чысты сорам! Усе мяне пытаюць, у чым справа, як і што, а я, старшыня, і нічога ня ведаю, што ў вас робіцца. У вас да мяне і патрэбы няма! Надта, надта вам удзячны, Рыгор Іванавіч!

Старшыня пакланіўся так нізка, што нават увесь пачырванеў, потым падышоў да акна і гукнуў:

— Жыгалаў, пакліч сюды Міхася Захаравіча! Скажы, каб зараз-жа сюды ішоў. Ня добра-с! — сказаў ён, адыходзячы ад акна. — Нават жонка мая пакрыўдзілася, а ўжо як, здаецца, спрыяе вам. Вельмі ўжо вы, панове, мудрагеліце! Усё пніцёся, як-бы гэта разумна ды паводле прынцыпаў, ды з усякімі выкрунтасамі, а выходзіць у вас толькі адно: цень кідаеце…

— Вы пнецеся ўсё як-бы гэта не разумна, а ў вас-жа што выходзіць? — спытау доктар.

— Што у нас выходзіць? А тое выходзіць, каб я зараз сюды ня прыехаў, дык вы-б і сябе асарамацілі, і нас… Шчасьце ваша, што я прыехаў!

Увайшоў фэльчар і спыніўся ля парогу. Старшыня стаў да яго бокам, засунуў рукі ў кішэні, адкашляўся і сказаў:

— Прасі цяпер у доктара прабачэньня!

Доктар пачырванеў і выбег у другі пакой.

— Вось бачыш, доктар ня хоча слухаць твайго прабачэньня! — казаў старшыня. — Ён хоча, каб ты не на словах, а на справе паказаў, што пакаяўся. Даеш слова, што ад сёнешняга дня будзеш слухаць і жыць цьвярозым жыцьцём?

— Даю… — хмурна прабасіў фэльчар.

— Глядзі-ж! Крый цябе божа! У мяне ў адзін момант паляціш з працы! Калі што здарыцца, не прасі літасьці… Ну, ідзі дамоў…

Фэльчару, што ўжо быў зьмірыўся з сваім няшчасьцем, гэткі паварот справы быў шчасьліваю неспадзяванкаю. Ён нават паблажнеў ад радасьці. Нешта ён хацеў сказаць і выцягнуў быў нават уперад руку, але нічога не сказаў, а недарэчна ўсьміхнуўся і вышаў.

— От і ўсё! — сказаў старшыня. — І суду ніякага ня трэба.

Ён лёгка уздыхнуў і з гэтакім выглядам, як толькі што зрабіў вельмі цяжкую і вялікую справу, абгледзіў самавар і шклянкі, пацёр рукі ды сказаў:

— Шчасьлівы міратворцы… Налі мне, Алеська, шкляначку. А ўрэшце, загадай спачатку даць чаго-небудзь закусіць… Ну, і гарэлачкі…

— Панове, гэта немагчыма! — адказаў доктар, уваходзячы ў сталовую, усё яшчэ чырвоны і ломячы рукі. — Гэта… Гэта коэдыя! Гэта брыдка! Я не магу! Лепш дваццаць разоў судзіцца, як разьвязваць пытаньні так водэвільна. Не, я не магу!

— Што-ж вам трэба? — асыкнуўся на яго старшыня. — Прагнаць? Калі ласка, я праганю…

— Не, не прагнаць… Я ня ведаю, чаго мне трэба, але так, панове, ставіцца да жыцьця… ах, божа мой! Гэта пакута!

— Доктар нэрвова заварушыўся і пачаў шукаць свой капялюш і, не знайшоўшы яго, зьняможана спусьціўся на крэсла.

— Брыдка! — паўтарыў ён.

— Душа мая, — зашаптаў судзьдзя, — трохі я вас не разумею, так сказаць… Бо вы-ж вінаваты ў гэтым інцыдэнце! Марскаць па фізыономіі ў канцы дзевятнаццатага стагодзьдзя гэта, нейкім чынам, як хочаце, не тае… Ён паганец, але-е-е, згадзецеся, і вы зрабілі неасьцярожна…

— Вядома! — згадзіўся старшыня.

Падалі гарэлку і закускі. На разьвітаньне доктар машынальна выпіў чарку і закусіў радзіскаю. Калі ён зварачаўся дадому ў бальніцу, думкі яго завалакаліся туманом, як трава ў восенскую раніцу.

«Няўжо, — думаў ён, — у апошні тыдзень было так шмат прапакутавана, перадумана і сказана толькі на тое, каб усё скончылася так бязглузда і брыдка! Як недарэчна! Як недарэчна!»

Яму было сорам, што ў сваё асабовае пытаньне ён умяшаў староньніх людзей, сорам за словы, што ён казаў гэтым людзям, за гарэлку, што ён выпіў паводле прывычкі піць і жыць марна, сорам за свой някемкі, няглыбокі розум… Вярнуўшыся ў бальніцу, ён зараз-жа ўзяўся за абыход палат. Фэльчар хадзіў ля яго, ступаючы мякка, як кот, і мякка адказваў на пытаньні… І фэльчар, і русалка, і сядзелкі рабілі выгляд, што нічога ня здарылася і што ўсё было добра. І сам доктар як мага стараўся здавацца спакойным. Ён загадваў, злаваў, жартаваў з хворымі, а ў мазгох ў яго варушылася:

— Недарэчна, недарэчна, недарэчна…


  1. Мэдычны нож.
  2. Зонд — мэдычны маталёвы пруток.
  3. Вінт — гульня ў карты.
  4. Оргія — тут у сэнсе — п’янства, гульба.