Нудная гісторыя (1931)/Нудная гісторыя

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прадмова Нудная гісторыя
Аповесьць
Аўтар: Антон Чэхаў
1931 год
Арыгінальная назва: Скучная история (1889)
Няпрыемнасьць
Пераклад: Уладзімер Хадыка і Юлі Таўбін.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





НУДНАЯ ГІСТОРЫЯ

(3 запісак старога чалавека)

I

Ёсьць у Расіі заслужоны профэсар Мікалай Сьцяпанавіч нейкі, тайны радца і кавалер[1]; у яго так многа расійскіх і чужаземных ордэнаў, што калі яму даводзіцца надзяваць іх, дык студэнты завуць яго іканастасам. Знаёмства ў яго самае арыстократычнае; прынамсі за апошнія 25–30 гадоў у Расії няма і ня было такога славутага вучонага, каб ён ня быў з ім блізка знаёмы. Цяпер хаўрусаваць яму няма з кім, але калі гаварыць пра мінулае, дык даўгі сьпіс яго слаўных сяброў канчаецца такімі імёнамі, як Пірагоў[2], Кавелін[3] і поэта Некрасаў[4], што былі з ім у самай шчырай і цёплай дружбе. Ён член усіх расійскіх і трох замежных унівэрсытэтаў. І іншае, і іншае. Усё гэта і шмат, што яшчэ можна было-б сказаць, складае тое, што завецца маім імем.

Гэта маё імя популярнае. У Расіі яно вядома кожнаму пісьменнаму чалавеку, а за мяжою яно ўспамінаецца з катэдраў з дадаткам вядомы і шаноўны. Належыць яно да ліку тых нямногіх шчасьлівых імён, лаяць якія, або успамінаць іх дарэмна, у публіцы і друку лічыцца адзнакаю дрэннага тону. Так гэта і павінна быць. Бо з маім імем шчыльна зьвязана паняцьце пра чалавека славутага, надзвычайна таленавітага і бясспрэчна карыснага. Я працавіты і трывалы, як вярблюд, а гэта важна, і таленавіты, а гэта яшчэ важней. Да таго-ж, сказаць, да рэчы, выхаваны, сьціплы і сумленны хлапец. Ніколі я ня сунуу свайго носу ў літаратуру і ў політыку, ня шукаў популярнасьці ў полеміцы з невукамі, ня чытаў прамоў ні на абедах, ні на магілах сваіх таварышоў… Наогул на маім вучоным імі няма ніводнае плямы і паскардзіцца яму няма на што. Яно шчасьлівае.

Той, хто носіць гэта імя, г. зн. я, удаю з сябе чалавека 62 гадоў, з лысаю галавою, з устаўнымі зубамі і з нявыгіблівым tic‘am[5]. Як бліскучае і прыгожае маё імя, так цьмяны і брыдкі я сам. Галава і рукі ў мяне трасуцца ад слабасьці; шыя, як у аднае тургенеўскае героіні, падобнае да ручкі басэтлі, грудзі ўпалыя, плечы вузкія. Калі я гавару або чытаю, рот у мяне крывіцца ў бок; калі ўсьміхаюся — увесь твар усыпаецца па-старэчаму зьмярцьвелымі маршчакамі. Нічога няма паважнага ў маёй мізэрнай фігуры; толькі хіба, калі захварэю на tic, у мяне зьяўляецца нейкі асаблівы выраз, што ва ўсякага, хто зірне на мяне, напэўна зьявіцца суровая паважная думка: «Відаць, гэты чалавек хутка памрэ».

Я чытаю, як і даўней, ня дрэнна; як і тады, я магу затрымліваць увагу слухачоў дзьве гадзіны. Мая палкасьць, літаратурнасьць выкладаньня і гумар робяць амаль няпрыкметнымі хібы майго голасу, а ён у мяне сухі, прарэзьлівы і пявучы, як у бажоны. Пішу-ж я дрэнна. Той кавалачак маіх мазгоў, што загадвае пісьменьніцкаю здольнасьцю, адмовіўся служыць. Памяць мая аслабла, у думках не стае пасьлядоўнасьці, і калі я выкладаю іх на паперы, мне ўсякі раз здаецца, што я згубіў чуцьцë да іх органічнай сувязі, конструкцыя аднастайная, фраза бедная і нясьмелая. Часта пішу я ня тое, што хачу; калі пішу канец, ня помню пачатку. Часта я забываюся на звычайныя словы, і заўсёды мне даводзіцца траціць шмат энэргіі, каб ня пісаць лішніх фраз і непатрэбных пабочных сказаў — тое і гэта добра сьведчыць пра заняпад разумовае дзейнасьці. І цікава, як найпрасьцей тое, што пішу, дык усё цяжэй маё напружаньне. За навуковым артыкулам я пачуваю сябе шмат вальнейшым і разумнейшым, як за віншавальным лістом або дакладною пісулькаю. Яшчэ адно: пісаць па-нямецку ці па-ангельску мне лягчэй, як па-расійску.

А што да майго цяперашняга побыту жыцьця, дык перш-на-перш я павінен адзначыць бяссоньніцу. От мая пакута ў апошні час. Каб мяне запыталі: якая цяпер галоўная і асноўная рыса твайго існавання? Я адказаў-бы: бяссоньніца. Як і даўней, па прывычцы, роўна а поўначы я разьдзяюся і кладуся ў пасьцель. Засынаю я хутка, але а другой гадзіне прачынаюся і з такім пачуцьцём, як быццам зусім ня спаў. Даводзіцца ўставаць з пасьцелі і запальваць лямпу. Гадзіну або дзьве хаджу з кута у кут па пакоі і разглядаю даўно знаёмыя карціны і фотографіі. Калі абрыдзее хадзіць, саджуся за свой стол. Сяджу я нярухома, ні пра што ня думаю і не адчуваю ніякіх жаданьняў; калі перада мною ляжыць кніга, дык машынальна я бяру яе да сябе і чытаю бяз жаднай цікавасьці. Так, нядаўна, за адну ноч я прачытаў машынальна цэлы роман з дзіўнаю назваю. «Пра што пела ластаўка». Або вось я, каб заняць сваю ўвагу, прымушаю сябе лічыць да тысячы, або ўяўляю твар каго-небудзь з таварышоў і пачынаю ўспамінаць: у якім годзе і пры якіх абставінах ён паступіў на службу? Люблю прыслухоўвацца да гукаў. То цераз два пакоі ад мяне хутка прагаворыць што-небудзь праз сон мая дачка Ліза, то жонка пройдзе праз залю са сьвечкаю і абавязкова ўпусьціць карабок з запалкамі, то скрыпне рассохлая шафа, або нечакана за гудзе лямпа — і ўсе гэтыя гукі чамусьці хвалююць мяне.

Ня спаць уночы значыць кожную хвіліну адчуваць сябе ненормальным, а таму я з нецярплівасьцю чакаю раніцы і дню. Тады ўжо я маю права ня спаць. Праходзіць шмат нудоснага часу, перш як на дварэ запяе певень. Гэта мой першы добры вястун. Як толькі ён запяе, я ужо ведаю, што праз гадзіну ўнізе прачнецца швайцар і, злосна кашляючы, пойдзе нечага ўгару па ўсходцах. А потым за вокнамі пачне троху-па-троху займацца на дзень; пачуюцца на вуліцы галасы…

Дзень пачынаецца ў мяне прыходам жонкі. Яна ўваходзіць да мяне ў спадніцы, не зачасаная, але памыўшыся, пахне одэколёнам з кветак, і мае гэткі выгляд, нібы ўвайшла ненарокам, і ўсякі раз гаворыць адно і тое самае:

— Прабач, я на хвілінку… Ты зноў ня спаў?

Потым яна гасіць лямпу, садзіцца каля стала і пачынае гаварыць. Я не прарок, але наперад ведаю, якая будзе гаворка. Кожную раніцу адно і тое самае. Звычайна, пасьля трывожных распытваньняў пра маё здароўе, яна раптам успамінае пра нашага сына афіцэра, што служыць у Варшаве. Пасьля дваццатай лічбы кожнага месяца мы пасылаем яму па 50 руб. — гэта сама больш зьяўляецца тэмаю нашае гаворкі.

— Пэўне, гэта нам цяжка, — уздыхае жонка, — але пакуль ён яшчэ ня стаў на ногі, мы павінны дапамагаць яму. Хлопчык на чужой старане, пэнсія маленькая… Урэшце, калі хочаш, на тым месяцы мы пашлем яму не пяцьдзесят, а сорак. Як ты мяркуеш?

Штодзенная практыка магла-б пераканаць жонку, што выдаткі не становяцца меншымі ад таго, што мы часта гаворым пра іх, але жонка мая не ўважае на практыку і акуратна кожнае раньне расказвае і пра нашага афіцэра, і пра тое, што хлеб, дзякуй богу, танейшы цяпер, а цукар дарожшы на дзьве капейкі — і ўсё гэта такім тонам, нібы паведамляе мне навіну.

Я слухаю, машынальна згаджаюся, і, пэўне, таму, што ня спаў ноч, дзіўныя, непатрэбныя думкі апаноўваюць мяне. Я гляджу на сваю жонку і дзіўлюся, як дзіця. У непаразуменьні я пытаюся ў сябе: няўжо гэта старая, вельмі таўстая, нязграбная жанчына, з тупым выразам дробязнага клопату і страху за кавалак хлеба, з поглядам, атуманеным вечнымі думкамі пра даўгі і нястачы, што ўмее гаварыць усяго пра адны выдаткі і ўсьміхацца толькі, калі што таннае — няўжо гэта жанчына была калісьці таею самаю тоненькую Вараю і я пылка кахаў яе за добры, ясны розум, за чыстую душу, прыгожасьць і, як Отэлло Дэздэмону[6] за «спачуваньне» маёй навуцы? Няўжо гэта тая самая жонка мая Вара, што некалі радзіла мне сына?

Я напружана ўглядаюся ў твар сырой, нязграбнай старой, шукаю ў ёй сваю Вару, але ад мінулага ў ёй застаўся адзін страх за маё здароўе, ды яшчэ манэра маю пэнсію называць нашаю пэнсіяй, маю шапку — нашаю шапкай. Мне балюча глядзець на яе, і каб усьцешыць яе хоць крыху, я дазваляю ей гаварыць, што хоча, і нават маўчу, калі яна несправядліва разважае аб людзях, або прабірае за тое, што я не займаюся практыкаю і не выдаю падручнікаў.

Канчаецца наша размова заўсёды аднолькава. Жонка раптам успомніць, што я яшчэ ня піў гарбаты і палохаецца.

— Што-ж гэта я сяджу? — гаворыць яна устаючы. — Самавар даўно на стале, а я тут балабошчу. Якая я стала бяз памяці!

Яна шпарка ідзе і спыняецца ля дзьвярэй, каб сказаць:

— Мы Ягору вінаваты за пяць месяцаў. Ты гэта ведаеш? Ня варта зацягваць пэнсію чэлядзі, колькі разоў я казала! Аддаць за месяц дзесяць рублёў шмат лягчэй, як за пяць месяцаў пяцьдзесят!

Вышаўшы за дзьверы, яна зноў спыняецца і гаворыць:

— Нікога мне так ня шкода, як нашу бедную Лізу. Вучыцца дзяўчынка ў консерваторыі, заўсёды ў добрых колах, а апранута бог ведае як. Такое футрачка, што на вуліцу сорам выйсьці. Каб яна была чыя іншая, гэта-б яшчэ дармо, але-ж усе ведаюць, што яе бацька славуты профэсар, тайны радца.

І, упікнуўшы мяне маім імем і годнасьцю, яна нарэшце зьнікае. Гэтак пачынаецца мой дзень. Праходзіць ён ня лепш.

Калі я п’ю гарбату, да мяне ўваходзіць мая Ліза, у футрачку, у шапачцы, з нотамі, ужо як мае быць сабралася, каб ісьці ў консерваторыю. Ёй 22 гады. На выгляд яна маладзей, прыгожая і крыху падобна да маёй жонкі ў маладосьці. Яна пяшчотна цалуе мяне ў скроні і ў руку і гаворыць:

— Дзень добры, татка. Ты здаровы?

У дзяцінстве яна вельмі любіла марожанае, і мне часта даводзілася вадзіць яе ў цукерню. Марожанае ёй было меркаю ўсяго прыгожага. Калі ёй хацелася пахваліць мяне, дык яна гаварыла: «Ты, татка, сьмятанкавы». Адзін пальчык называўся ў яе фісташкавым, другі сьмятанкавым, трэці малінавым і г. д. Звычайна, калі раніцою яна прыходзіла да мяне даваць дзень добры, я саджаў яе сабе на калені і, цалуючы яе пальчыкі, прыгаварваў:

— Сьмятанкавы… фісташкавы… цытрынавы…

І цяпер, па старой памяці, я цалую Лізіны пальцы і мармачу: «фісташкавы… сьмятанкавы… цытрынавы…», але выходзіць у мяне ўжо ня тое. Я халодны як марожанае, і мне брыдка. Калі ўваходзіць да мяне дачка і дакранаецца вуснамі да маёй скроні, я ўздрыгваю, нібы ў скронь мне дала джала пчала, цяжка ўсьміхаюся і адварочваю свой твар. Ад тых дат, як я хварэю на бяссоньніцу, у маіх мазгох цьвікам сядзіць пытаньне: дачка мая часта бачыць, як я, стары, славуты чалавек, да болю чырванею ад таго, што вінават лёкаю; яна бачыць, як часта клопат аб дробных даўгох прымушае мяне кідаць працу і цэлымі гадзінамі хадзіць з кута ў кут і думаць, але чаму-ж яны ні разу крадкам ад маткі ня прышла да мяне і не шапнула: «Бацька, вось мой гадзіньнік, брындзалеты, завушніцы, сукні… Закладзі ўсё гэта, табе патрэбны грошы…»? Чаму яна, бачачы, як я і матка, спакушаныя фальшывым пачуцьцём, стараемся схаваць ад людзей сваю беднасьць, чаму яна не адмовіцца аддарагой асалоды займацца музыкаю? Я-б ня ўзяў ні гадзіньніка, ні брындзалетаў, ні ахвяр, крый мяне божа, — мне ня гэта патрэбна.

Да рэчы ўспамінаю я і пра свайго сына, варшаўскага афіцэра. Гэта разумны, сумленны і цьвярозы чалавек. Але мне мала гэтага. Я думаю, калі-б у мяне быў бацька стары і калі-б я ведаў, што ў яго бываюць хвіліны, калі ён саромеецца сваёй беднасьці, дык афіцэрскае месца я аддаў-бы каму-небудзь іншаму, а сам пайшоў-бы ў парабкі. Гэткія думкі пра дзяцей атручваюць мяне. Да чаго яны? Таіць у сабе злоснае пачуцьцё супроць звычайных людзей за тое, што яны ня героі, можа ўсяго вузкі або ўзлаваны чалавек. Але досыць пра гэта.

А дзесятай бяз чвэрткі трэба ісьці да маіх любых хлопчыкаў чытаць лекцыю. Апранаюся і іду дарогаю, што знаëма мне ўжо 30 год і мае для мяне сваю гісторыю. От вялікі, шэры дом з аптэкаю; тут некалі стаяў маленькі дамок, а ў ім была партэрня; у гэтай партэрні я абдумваў сваю дысэртацыю[7] і напісаў першы ліст пра каханьне да Вары. Пісаў алоўкам, на кавалку паперы з загалоўкам „Historia morbi“[8]. Вось бакалейная крамка; некалі гаспадарыў у ëй жыдок, што прадаваў мне напавер папяросы, потым таўстая баба, што любіла студэнтаў за тое, што «у кожнага з іх матка ёсьць»; цяпер сядзіць рыжы купец, вельмі спакойны да ўсяго чалавек. Ён п’е гарбату з мядзянага імбрычка. А вось панурыя, даўно не папраўляныя унівэрсытэцкія вароты; маркотны дворнік у кажусе, мётлы, гурбы сьнегу… На сьвежага хлопчыка, што прыехаў з провінцыі і ўяўляе, што сьвятыня навукі сапраўды сьвятыня, такія вароты ня могуць стварыць здаровага ўражаньня. Наогул старасьць унівэрсытэцкіх будынкаў, цьмяныя калідоры, закураныя сьцены, недастача сьвятла, пануры выгляд прыступак, вешалак і лаваў у гісторыі расійскага пэсымізму[9] займае адно з першых месц у шэрагу прычын, што вядуць да гэтага. Вось і наш сад. Ад таго часу, як я быў студэнтам, ён, здаецца, ня стаў ні лепшы, ні горшы. Я яго ня люблю. Было-б больш разумней, калі-б заместа сухотных ліп, жоўтай акацыі і рэдкага стрыжанага бэзу расьлі тут высокія хвоі і добрыя дубы. Студэнт, чый настрой сама больш ствараецца абставінамі, што ні ступіў, там, дзе ён вучыцца, павінен бачыць перад сабою адно высокае, дужае і прыгожае… Крый яго божа ад шчуплых дрэў, разьбітых вакон, шэрых сьцен і дзьвярэй, абабітых падзёртым цыратом.

Калі падыходжу я да свайго ганку, дзьверы расчыняюцца, мяне сустракае мой стары таварыш па службе, і равесьнік і цёзка швайцар Мікалай. Упусьціўшы мяне, ён кракча і гаворыць:

— Мароз, ваша яснавяльможнасьць!

Або, калі маё хутра мокрае, дык:

— Дожджык, ваша яснавяльможнасьць!

Потым ён бяжыць паперадзе ў мяне. У габінэце ён асьцярожна здымае з мяне хутра і за гэты час упраўляецца паведаміць мяне аб якой-колечы унівэрсытэцкай навіне. Праз такое блізкае знаёмства, што існуе ва ўсіх унівэрсытэцкіх швайцараў і вартаўнікоў, яму вядома ўсё, што робіцца на чатырох факультэтах, у канцэлярыі, у габінэце рэктара, у бібліотэцы. Чаго толькі ён ня ведае! Калі ў нас навіна дню бывае, напрыклад, адстаўка рэктара, або дэкана[10], дык я чую, як ён, гаворачы з маладымі вартаўнікамі, называе кандыдатаў і ўсьлед-жа тлумачыць, што от гэтага не зацьвердзіць міністар, от гэты сам не захоча, потым удаецца ў фантастычныя падрабязнасьці пра нейкія патаемныя паперы, што атрыманы ў канцэлярыі, пра сакрэтную гутарку, што быццам была ў міністра з куратарам, і да г. п. Калі ня браць увагі на гэтыя падрабязнасьці, дык у вогуле ён амаль не заўсёды мае рацыю. Характарыстыкі, што ён робіць кожнаму з кандыдатаў, сваяасаблівыя, але таксама праўдзівыя. Калі вам трэба ведаць, у якім годзе хто абараняў дысэртацыю, паступіў на службу, вышаў у адстаўку або памёр, дык паклічце сабе на дапамогу надзвычайную памяць гэтага салдата, і ён ня толькі назаве вам год, месяц і дзень, але і паведаміць таксама падрабязнасьці, што былі тады, як адбывалася тая падзея. Гэтак памятаць можа ўсяго той, хто любіць.

Ён вартаўнік унівэрсытэцкіх паданьняў. Ад сваіх папяраднікаў-швайцараў яму прышлося ў спадчыну шмат легенд з унівэрсытэцкага жыцьця, дадаў да гэтага багацьця шмат свайго дабра, што набыта за час службы, і калі хочаце, дык ён раскажа вам шмат доўгіх і кароткіх гісторый. Ён можа расказаць пра нязвычайных мудрацоў, што ведалі ўсё, пра выдатных рабацяг, што ня спалі па тыдню, пра шматлікіх мучальнікаў і ахвяраў навукі; добрае ў яго мае перамогу над благім, слабы ўсякі раз перамагае дужага, мудры неразумнага, сьціплы гордага, малады старога… Няма патрэбы лічыць усе гэтыя легенды і байкі за чыстую праўду, але працадзеце іх, і ў вас на цадзілцы застанецца тое, што трэба: нашы добрыя традыцыі і імёны сапраўдных герояў, прызнаных усімі.

У нашым грамадзтве ўсяго і вестак пра сьвет вучоных, што анэкдотамі пра нязвычайную бязуважлівасьць старых профэсароў і два-тры жарты, што прыпісваюцца то Грубэру[11], то мне, то Бабухіну[12]. Адукаванаму колу людзей гэтага мала. Калі-б яно любіла навуку, вучоных і студэнтаў так, як Мікалай, дык яго літаратура даўно-б мела цэлыя эпопеі[13], апавяданьні і жыцьцяпісы, чаго, нажаль, яно ня мае цяпер.

Паведаміўшы мне навіну, Мікалай надае свайму твару строгі выраз, і ў нас пачынаецца сур’ёзная гаворка. Калі-б у гэты час хто-небудзь староньні паслухаў, як Мікалай вольна ўладае тэрмінолёгіяй[14], дык, бадай што, мог-бы падумаць, што гэта вучоны, замаскаваны на салдата. Дарэчы сказаць, дзейкі пра вучонасьць унівэрсытэцкіх вартаўнікоў занадта вялікія. Праўда, Мікалай ведае больш за сотню лацінскіх тэрмінаў, умее сабраць шкілет і час-часам прырыхтаваць прэпарат[15], расьсьмяшыць студэнтаў якою доўгаю вучонаю цытатаю, але, напрыклад, ня лішне хітрая тэорыя звароту крыві яму цяпер цёмная, як і за 20 год раней.

За сталом у габінэце, нізка схіліўшыся над кнігаю або прэпаратам, сядзіць мой прозэктар[16] Пётра Ігнатавіч, працавіты, сьціплы, але бяздольны чалавек. Яму гадоў 35, ужо лысы і з вялікім жыватом. Працуе ён ад раньня да ночы, чытае шмат, дасканала помніць усё прачытанае — і з гэтага боку ён не чалавек, а золата; ува ўсім-жа іншым гэта вазюрскі конь, або, як іначай гавораць, вучоны тупіца. Характэрныя рысы вазюрскага каня, што адрозьніваюць яго ад таленту, гэтакія: далягляд яго цесны і рэзка абмежаваны спэцыяльнасьцю; па-за сваёй спэцыяльнасьцю ён наіўны, як дзіця. Помню, неяк раніцою я ўвайшоў у габінэт і сказаў:

— Уявеце, якое няшчасьце! Кажуць, Скобелеў памёр[17].

Мікалай перахрысьціўся, а Пётра Ігнатавіч павярнуўся да мяне і запытаў:

— Які гэта Скобелеў?

Другі раз — гэта было крыху раней — я абвясьціў, што памёр профэсар Пераў[18]. Найлюбы Пётра Ігнатавіч запытаў:

— А што ён чытаў?

Здаецца, каб засьпявала ў яго над самым вухам Пацьці[19], каб рынулася на Расію гібель кітайцаў, каб здарылася зямлятрасеньне, ён нават не паварушыцца і спакойна будзе глядзець прыжмураным вокам у свой мікроскоп. Адным словам, да Гэкубы[20] яму няма жаднай цікавасьці. Я-б дорага даў, каб паглядзець, як гэты асушак сьпіць са сваёю жонкаю.

Другая рыса: фанатычная вера ў беспахібнасьць навукі і галоўным чынам усяго таго, што пішуць немцы. Ён упэўнены ў самога сябе, у свае прэпараты ведае мэту жыцьця і зусім незнаёмы з сумненьнямі і расчараваньнямі, ад чаго сівеюць таленты. Сьляпая пашана да аўторытэту і адсутнасьць патрэбы самастойна мысьліць. Пераканаць яго на іншае ў чым-небудзь цяжка, спрачацца з ім немагчыма. Паспрабуйце паспрачацца з чалавекам, што глыбока перакананы, што самая лепшая навука — мэдыцына, самыя лепшыя людзі — дактары, самыя лепшыя традыцыі — мэдыцынскія. Ад благога мэдыцынскага мінулага засталася ўсяго адна традыцыя — белы гальштук, што носяць цяпер дактары; у вучонага-ж і наогул адукаванага чалавека могуць існаваць толькі традыцыі агульнаунівэрсытэцкія, бяз усякага падзелу іх на мэдыцынскія, юрыдычныя і г. д., але Пётру Ігнатавічу цяжка згадзіцца з гэтым, і ён гатоў спрачацца з вамі да страшнага суду.

Будычыня яго відаць мне выразна. За ўсё сваё жыцьцё ён прырыхтуе сот колькі прэпаратаў нязвычайна чыстых, напіша шмат сухіх, вельмі прыстойных рэфэратаў[21], зробіць з дзесятак добрасумленных перакладаў, але пораху ня здумае. Каб здумаць порах, трэба фантазія, вынаходніцтва, трэба ўмець угадваць, а ў Пётры Ігнатавіча няма нічога падобнага. Карацей кажучы, гэта не гаспадар у навуцы, а парабак.

Я, Пётра Ігнатавіч і Мікалай гаворым у паўголаса. Нам трошкі не пасабе. Адчуваем нешта асаблівае, калі за дзьвярыма морам гудзе аўдыторыя. За 30 год я не прызвычаіўся да гэтага пачуцьця і зазнаю яго кожную раніцу. Я нэрвова зашпіляю сурдут, задаю Мікалаю лішнія пытаньні, злую… Падобна да таго, як-бы я палохаюся, але гэта не палахлівасьць, а нешта іншае, чаго я не магу ні назваць, ні апісаць.

Бяз усякай патрэбы я гляджу на гадзіньнік і кажу:

— Што-ж? Трэба ісьці.

І мы ідзем у такім парадку: паперадзе ідзе Мікалай з прэпаратамі, або з атлясамі, за ім я, а за мною сьціпла схіліўшы галаву, крочыць вазюрскі конь; або, калі трэба, наперадзе на насілках нясуць труп, за трупам ідзе Мікалай і г. д. Як я ўваходжу, студэнты ўстаюць, потым садзяцца, і шум мора раптам сьціхае. Надыходзіць зацішша.

Я ведаю, пра што я буду чытаць, але ня ведаю, як буду чытаць, з чаго пачну і чым скончу. У галаве няма ніводнай гатовай фразы. Але варта мне толькі паглядзець на аўдыторыю (яна зроблена ў мяне амфітэатрам[22]) і сказаць стэрэатыпнае «у мінулай лекцыі мы спыніліся на…», як фразы доўгай чарадою вылятваюць з маёй душы і — пашла пісаць губэрня! Гавару я нястрымана шпарка, палка і, здаецца, няма тэй сілы, што здолела-б перапыніць плынь маёй прамовы. Каб чытаць добра, т. ё. ня нудна і з карысьцю для слухачоў, трэба, акрамя таленту, мець яшчэ звычку і практыку, трэба ўладаць самым выразным уяўленьнем пра свае сілы, пра тых, каму чытаеш, і пра тое, што складае прадмет тваёй прамовы. Апрача таго, трэба быць чалавекам уважным, пільна сачыць і ні на адну сэкунду ня губляць круг агляду.

Добры дырыжэр[23], перадаючы думку композытара[24], робіць адразу дваццаць спраў; чытае партытуру, махае палачкаю, сочыць за сьпеваком, робіць рух у бок то барабана, то валторны і інш. Тое самае і я, калі чытаю. Перада мной паўтараста абліччаў, не падобных адно на адно, і трыста вачэй, што глядзяць мне проста ў твар. Мэта мая — перамагчы гэту многагаловую гідру[25]. Калі я кожную хвіліну, пакуль чытаю, маю яснае ўяўленьне пра ступень яе ўвагі і пра сілу ўспрыйманьня, дык яна ў маіх руках. Другі мой праціўнік ва мне самым. Гэта — бясконцая рознастайнасьць форм, зьяў і законаў і мноства імі абумоўленых сваіх і чужых думак. Кожную хвіліну я павінен мець здатнасьць выхватваць з гэтага вялікага матар’ялу самае важнае і патрэбнае, і гэтак-жа шпарка, як бяжыць мая прамова, надаваць сваёй думцы такую форму, што была-б прыступна ўспрыйманьню гідры і ўзьнімала яе ўвагу, а к таму трэба пільна сачыць, каб думкі перадаваліся ня так, як яны прыходзяць, а ў вядомым парадку, патрэбным правільнай компаноўцы[26] вобразу, што я хачу намаляваць. Потым я намагаюся, каб прамова мая была літаратурная, вызначэньні кароткія і дакладныя, фраза магчыма простая і прыгожая. Кожную хвіліну я павінен спыняць сябе і помніць, што у мяне ёсьць усяго гадзіна і сорак хвілін. Адным словам, працы стае. У адзін і той самы час даводзіцца ўдаваць з сябе і вучонага, і пэдагога, і прамоўцу, і дрэнна тады, калі прамоўца пераможа ў вас пэдагога і вучонага, або наадварот.

Чытаеш чвэрць, паўгадзіны і вось заўважаеш, што студэнты пачынаюць паглядваць на столь, на Пётру Ігнатавіча, адзін палезе па насоўку, другі сядзе зручней, трэці ўсьміхнецца сваім думкам… Гэта значыць, што ўвага стомлена. Трэба ўжыць захады. Карыстаючыся першым выгодным выпадкам, я кажу якое жартаслоўе. Усе паўтараста абліччаў шырока ўсьміхаюцца, вочы весела блішчаць, чуецца ненадоўга гумора… Я таксама сьмяюся. Увага асьвяжылася, і я магу чытаць далей.

Ніякі спорт, ніякія забаўкі і гульні ніколі не давалі мне такой асалоды, як чытаньне лекцый. Толькі на лекцыі я мог увесь аддавацца палкасьці і разуменьню, што натхненьне ня выдумка поэтаў, а і праўда — існуе. І я думаю, Гэркулес[27], пасьля самага лепшага з сваіх геройстваў, не адчуваў такой салодкай утомы, як перажываў я кожны раз пасьля лекцый.

Гэта было даўней. Цяперака-ж на лекцыях я знаю ўсяго адну пакуту. Не праходзіць і паўгадзіны, як я пачынаю адчуваць непераможную слабасьць у нагах і ў плячах; саджуся ў крэсла, але седзячы чытаць я ня прывык; праз хвіліну ўстаю, гавару стоячы, потым зноў саджуся. У роце сохне, голас сіпае, галава круціцца… Каб захаваць ад слухачоў свой стан, я што-хвіліны п’ю ваду, кашляю, часта смаркаюся, як-бы мне перашкаджае катар, гавару не да рэчы жартаслоўі і ўрэшце абвяшчаю перапынак раней, як трэба. Але галоўнае — мне сорам.

Маё сумленьне і розум кажуць мне, што самае лепшае, што я мог-бы цяпер зрабіць, гэта прачытаць хлопчыкам адвітальную лекцыю, сказаць ім апошняе слова, блаславіць іх і ўступіць сваё месца чалавеку маладзейшаму і дужэйшаму за мяне. Але няхай судзіць мяне бог, у мяне не стае мужнасьці зрабіць сумленна.

На няшчасьце, я ня філëзоф і не багаслоў. Мне добра вядома, што пражыву я ня болей як паўгода. Павінны-б былі цяпер да мяне сьляпіцца больш за ўсё пытаньні аб цемры таго сьвету і аб тых прывідах, што наведаюць мой магільны сон. Але чамусьці душа мая ня хоча ведаць гэтых пытаньняў, хоць розум і ўсьведамляе ўсю іх важнасьць. Як 20-30 гадоў назад, гэтак і цяпер перад сьмерцю мяне цікавіць адна ўсяго навука. Канаючы, я ўсё-ж буду верыць, што навука — самае важнае, самае прыгожае і патрэбнае ў жыцьці чалавека, што яна заўсёды была і будзе вышэйшай праяваю любасьці, і што толькі ëю аднэю чалавек пераможа прыроду і сябе. Вера гэта, можа, наіўная і несправядлівая ў сваёй аснове, але я ня вінен, што веру гэтак, а ня іначай; перамагчы-ж у сябе гэтай веры я не магу.

Але не аб гэтым ход. Я ўсяго прашу прабачыць маю слабасьць і зразумець, што адарваць ад катэдры і вучняў чалавека, каго лёс касьцянога шпіку цікавіць болей, як апошняя мэта сьветабудовы, роўназначна таму, каб яго ўзялі ды і забілі ў труну, не прычакаўшыся пакуль ён памрэ.

Ад бяссоньніцы і ў выніку напружанай барацьбы з слабасьцю, што ўсё павялічваецца, са мной робіцца нешта дзіўнае. Сярод лекцыі да горла раптам падступаюць сьлёзы, пачынаюць сьвярбець вочы, і я адчуваю моцнае гістарычнае жаданьне выпрастаць уперад рукі і голасна паскардзіцца. Мне хочацца закрычаць чужым голасам, што мяне, славутага чалавека, лёс прысудзіў да сьмяротнай каты, што праз якога паўгода тут у аўдыторыі будзе гаспадарыць ужо другі. Я хачу закрычаць, што я атручаны; новыя думкі, чаго ня ведаў я раней, атруцілі апошнія дні майго жыцьця і ня спыняюць даваць джалы ў мае мазгі, як маскіты. І ў гэты час маё становішча здаецца гэткім жудасным, што мне хочацца, каб усе мае слухачы зжахнуліся, паўскаквалі з месц і сопалаху, з роспачным крыкам рынуліся ў дзьверы.

Ня лёгка перажываць такія хвіліны.


II

Пасьля лекцыі я сяджу дома і працую. Чытаю часопісі, дысэртацыі, або рыхтуюся да наступнай лекцыі, час-часом пішу што-небудзь. Працую з перапынкамі, бо даводзіцца прымаць наведвальнікаў.

Чуваць званок. Гэта таварыш прышоў пагаварыць аб справе. Ён уваходзіць да мяне з капялюшом, з палкаю і, падаючы мне адно і другое, кажа:

— Я на хвіліну, на хвіліну! Сядзеце, collega[28]. Усяго два словы!

Перш-на-перш мы стараемся паказаць адзін аднаму, што мы абодвы надзвычайна ветлівыя і вельмі рады бачыць адзін аднаго. Я саджаю яго на крэсла, а ён садзіць мяне. І мы асьцярожна пагладжваем адзін аднаго па станах, дакранаемся да гузікаў і падобна да таго, быццам мы абмацваем адзін аднаго і баімся апячыся. Абодвы сьмяемся, хоць не гаворым нічога сьмешнага. Сеўшы, нахіляемся адзін да аднаго і пачынаем ціха гаварыць. Як-бы шчыра мы ня ставіліся адзін да аднаго, мы ня можам, каб не аздабляць сваёй прамовы ўсякай кітайшчынай, накшталт: «вы мелі выпадак праўдзіва заўважыць», або «як я ўжо меў гонар вам сказаць», ня можам, каб не рагатаць, калі хто з нас выкіне жарт, хоць-бы няўдалы. Скончыўшы гаварыць аб справе, таварыш борзда ўстае і, памахваючы капялюшом на маю працу, пачынае разьвітвацца. Зноў мацаем адзін аднаго і сьмяемся. Праводжу да пярэдняга пакою: тут дапамагаю таварышу апрануць хутра, але ён усяк ухіляецца ад гэтага высокага гонару. Пасьля, калі Ягор адчыняе дзьверы, таварыш запэўняе мяне, што я прастуджуся, а я раблю выгляд, што гатоў ісьці за ім нават на вуліцу. І калі, нарэшце, я вяртаюся да сябе ў габінэт, твар мой усё яшчэ ўсьміхаецца, напэўна, па інэрцыі[29].

Крыху пачакаўшы, другі званок. Хтосьці ўваходзіць у пярэдні пакой, доўга распранаецца і кашляе. Ягор дакладвае, што прышоў студэнт. Я кажу: прасі. Праз хвіліну ўваходзіць да мяне малады чалавек прыемнага выгляду. От ужо год, як у нас з ім благія дачыненьні. Ён пагана адказвае мне на экзаменах, а я стаўлю яму адзінкі. Такіх малайцоў, каго я, кажучы па-студэнцку, ганяю і правальваю, у мяне штогодна зьбіраецца чалавек сем. Тыя з іх, што ня вытрымліваюць экзамену па няздольнасьці або па хваробе, звычайна нясуць свой крыж цярпліва і ня сьпіраюцца са мной; сьпіраюцца-ж і ходзяць да мяне дадому адно сангвінікі[30], шырокія натуры, каму цеганіна на экзаменах псуе апетыт і перашкаджае акуратна наведваць опэру. Першым я патураю, а другіх я ганяю па ўсім годзе.

— Сядайце, — кажу я госьцю. — Што скажаце?

— Прабачце, профэсар, за турботы… — пачынае заікаючыся і ня гледзячы мне ў твар. — Я-б не адважыўся турбаваць вас, калі-б ня… Я трымаў у вас экзамен ужо пяць разоў і… і зразаўся. Прашу вас, будзьце ласкавы, пастаўце мне здавальняюча, так што…

Аргумент[31], што ўсе абібокі прыводзяць у сваю карысьць, заўсёды адзін і той самы: яны надзвычайна добра вытрымалі па ўсіх прадметах і зрэзаліся ўсяго на маім, і гэта яшчэ больш зьдзіўляе, што на маім прадмеце яны займаліся вельмі старанна і ведаюць яго надзвычайна; зрэзаліся-ж яны праз нейкае непаразуменьне.

— Прабачце, мой дружа, — кажу я гасьцю, — паставіць вам здавальняюча я не магу. Ідзеце яшчэ пачытайце лекцыі і прыходзьце. Тады пабачым.

Пауза. У мяне зьяўляецца ахвота трохі памучыць студэнта за тое, што піва і опэру ён любіць больш за навуку, і я кажу, уздыхаючы:

— Па-мойму, самае лепшае, што вы можаце цяпер зрабіць, гэта — зусім кінуць мэдыцынскі факультэт. Калі з вашымі здольнасьцямі вам ніяк не ўдаецца вытрымаць экзамену, дык, відавочна, у вас няма ні жаданьня, ні нахілу быць доктарам.

Твар сангвініка выцягваецца.

— Даруйце, профэсар, — усьміхаецца ён, — але гэта было-б з майго боку сама менш — дзіўна. Правучыцца пяць год і раптам… кінуць.

— Ну пэўне! Лепш патраціць дарма пяць год, як потым усё жыцьцё займацца тым, чаго ня любіш.

Але зараз-ж мне робіцца шкода яго, і я сьпяшаюся сказаць:

— Урэшце, як знаеце. Значыцца, пачытайце яшчэ крышку і прыходзьце.

— Калі? — глуха пытае абібок.

— Калі хочаце. Хоць заўтра.

І ў яго добрых вачох я чытаю: «Прысьці можна, але-ж ты, скаціна, ізноў мяне прагоніш!»

— Вядома, — кажу я, — вы ня зробіцеся больш вучоным ад таго, што будзеце ў мяне экзаменавацца яшчэ пятнаццаць разоў, але гэта выхавае ў вас характар. І за гэта дзякуй.

Надыходзіць маўчанка. Я ўстаю і чакаю, калі пойдзе госьць, а ён стаіць, глядзіць на вакно, скубе сваю бародку і думае. Робіцца нудна.

Голас у сангвініка прыемны, сакавіты, вочы разумныя, насьмешлівыя, твар добры, трохі ня сьвежы ад частага ўжываньня піва і доўгага ляжаньня на канапе; як відаць, ён мог-бы расказаць мне шмат цікавага пра опэру, пра свае заляцаньні, пра таварышоў, каго ён любіць, але, на жаль, гаварыць пра гэта няма такой моды. А я з ахвотаю паслухаў-бы.

— Профэсар! Даю вам слова гонару, што калі вы паставіце мне здавальняюча, дык я…

Як толькі дайшло да «слова гонару», я махаю рукамі і саджуся за стол. Студэнт думае яшчэ хвіліну і гаворыць панура:

— Тады бывайце… Прабачце.

— Бывайце, мой дружа. Пайдзеце здаровы.

Ён нерашуча ідзе ў пярэдні пакой, там паволі апранаецца і, вышаўшы на вуліцу, пэўне, зноў доўга думае; нічога не надумаўшы, апрача «старога чорта» на мой адрэс, ён ідзе ў дрэнны рэсторан піць піва і палуднаваць, а потым дадому спаць. Спакой парахну твайму, сумленны рабацяга!

Трэці званок. Уваходзіць малады доктар у новай чорнай пары, у залатых акулярах, і, вядома, у белым гальштуку. Раконмэндуецца. Прашу садзіцца і пытаюся, што трэба. Не без хваляваньня малады жрэц навукі пачынае гаварыць мне, што ў гэтым годзе ён вытрымаў экзамен на доктара і што яму застаецца цяпер толькі напісаць дысэртацыю. Яму хацелася-б папрацаваць у мяне, пад маім кіраўніцтвам, і ён-бы шчыра дзякаваў, каб я даў яму тэму на дысэртацыю.

— Вельмі рады быць карысным, калега, — кажу я, — але давайце спачатку сьпяемся, што такое дысэртацыя. Пад гэтым словам звычайна разумеюць твор, што зьяўляецца продуктам самастойнае творчасьці. Здаецца гэтак? Твор-жа, напісаны на чужую тэму і пад чужым кіраўніцтвам, называецца іначай…

Доктарант маўчыць. Я абураны ўсхопліваюся з месца.

— Чаго вы да мяне ходзіце, не разумею? — крычу я ў абурэньні. — Крама у мяне, ці што? Я не гандлюю тэмамі! У тысячу першы раз прашу вас усіх даць мне спакой! Прабачце за недалікатнасьць, але мне, нарэшце, гэта дадзела!

Доктарант маўчыць і толькі каля яго сківіц выступае лёгкая чырвань. Твар яго выражае глыбокую пашану да майго славутага імя і вучонасьці, а на вачох я бачу, што ён пагарджае і маім голасам, і маёю мізэрнаю фігураю, і нэрвовымі гэстамі. У сваёй злосьці я здаюся яму дзіваком.

— У мяне ня крама! — гневаюся я. — І дзіўная рэч! Чаму вы ня хочаце быць самастойнымі? Чаму вам так не па душы воля?

Кажу я многа, а ён усё маўчыць. Нарэшце троху-па-троху сьціхаю і, вядома, здаюся. Доктарант атрымае ад мяне тэму, якой грош цана, напіша пад маім наглядам нікому непатрэбную дысэртацыю, паважна вытрымае нудны дыспут і атрымае непатрэбную яму вучоную ступень.

Званкі могуць ісьці сьледам адзін за адным без канца, але тут абмяжуюся толькі чатырма. Зьвініць чацьверты званок, і я чую знаёмыя крокі, шамаценьне адзеньня, любы голас…

18 гадоў будзе ўжо, як памёр мой таварыш окулісты[32] і пакінуў сямігадовую дачку Касю і тысяч шэсьцьдзесят грошай. У сваім тэстамэнце ён пазначыў апякуном мяне. Да дзесяці год Кася жыла ў маёй сям’і, потым была аддадзена ў інстытут і была ў мяне ўсяго ў летнія месяцы, у вакацыі. Выхоўваць яе ў мяне ня было часу, наглядаў я за ёю толькі з большага, і таму пра дзцінства яе магу сказаць вельмі мала.

Першае, што я памятаю і люблю прыгадваць, гэта — надзвычайную даверлівасьць, з чым яна ўвайшла ў мой дом, лячылася ў дактароў і што заўсёды была на яе тварыку. Бывала, сядзіць у кутку з падвязанай шчакою і абавязкова глядзіць на што-небудзь з увагаю; ці бачыць яна ў гэты час, як я пішу і перагортваю кнігі, або як рупіцца жонка, або як кухарка на кухні скрабе бульбу, або як гуляе сабака, у яе заўсёды нязьменна ў вачох адно і тое самае, а менавіта: «Усё, што робіцца на гэтым сьвеце, усё прыгожа і разумна». Яна была цікавая і вельмі любіла гаварыць са мною. Бывала, сядзіць за сталом насупроць мяне, сочыць за маімі рукамі і дае пытаньні. Ёй цікава ведаць, што я чытаю, што раблю ва унівэрсытэце, ці не баюся я трупоў, куды дзяю сваю пэнсію.

— Студэнты б’юцца ва унівэрсытэце? — пытае яна.

— Б’юцца, любая.

— А вы ставіце іх на калені?

— Стаулю.

І ёй было сьмешна, што студэнты б’юцца і што я стаўлю іх на калені, і яна сьмяялася. Гэта было лагоднае, цярплівае і добрае дзіця. Часта мне даводзілася бачыць, як у яе адбіралі што, ушчувалі дарэмна або не здавольвалі яе цікавасьці: у гэты час да заўсёднага выразу даверлівасьці на яе твары прымешвалася яшчэ журба — толькі таго. Я ня ўмеў заступацца за яе, а ўсяго, калі бачыў журбу, мне хацелася прыгарнуць яе да сябе і пашкадаваць тонам старое нянькі: «сіротка мая любая!»

Памятаю таксама, яна любіла добра адзявацца і прыскацца парфумаю. Гэтым яна была падобна да мяне. Я таксама люблю прыгожае адзеньне і добрую парфуму.

Шкода, што ў мяне ня было часу і ахвоты прасачыць пачатак і разьвіцьцё захапленьня, якое цалкам ужо заваладала Касяю, калі ёй было 14–15 год. Я кажу пра яе палкую любоў да тэатру. Калі яна прыяжджала да нас з інстытуту на вакацыі і жыла ў нас, дык ні пра што яна не гаварыла з такою прыемнасьцю і з такім захапленьнем, як пра п’есы і актораў. Сваімі вечнымі гутаркамі пра тэатр яна стамляла нас. Жонка і дзеці ня слухалі яе. У аднаго толькі мяне хапала мужнасьці не ўважаць на яе. Калі ў яе зьяўлялася жаданьне падзяліцца сваімі захапленьнямі, яна ўходзіла да мяне ў габінэт і гаварыла расчуленым тонам:

— Мікалай Сьцяпаныч, дазвольце мне пагаварыць з вамі пра тэатр!

Я паказваў ёй на гадзіньнік і казаў:

— Даю табе паўгадзіны. Пачынай.

Пазьней яна пачала прывозіць з сабою цэлымі тузінамі портрэты актораў і акторак, на якіх малілася, потым паспрабавала колькі разоў удзельнічаць у аматарскіх спектаклях і ўрэшце, калі скончыла курс навукі, абвясьціла мне, што яна нарадзілася, каб быць акторкаю.

Я ніколі не падзяляў тэатральных захапленьняў Касі. Па-мойму, калі п’еса добрая, дык каб яна зрабіла пэўнае ўражаньне, няма патрэбы турбаваць актораў і можна абмежавацца адным чытаньнем. Калі-ж п’еса дрэнная, дык ніякае выкананьне ня зробіць яе добраю.

За маладосьцю я часта наведваў тэатр, і зараз разы два ў год сям’я бярэ лёжу і возіць мяне «праветрыць». Вядома, гэтага мала, каб мець права разважаць аб тэатры, але я скажу аб ім трохі. На маю думку, тэатр не зрабіўся лепшым, як ён быў 30–40 год назад. Як і даўней, ні ў тэатральных калідорах, ні у фойе[33] я ніяк не магу знайсьці шклянкі чыстае вады. Як і дауней, капэльдынэры[34] штрафуюць мяне за маë футра на саракоўку, хаця ў тым, што носіш цёплую вопратку зімою, няма нічога ганебнага. Як і даўней, у антрактах грае бяз жаднае патрэбы музыка, якая дадае да ўражаньня, атрыманага ад п’есы, яшчэ новае, няпрошанае. Як і даўней, мужчыны ў антрактах ходзяць у буфэт выпіваць. Калі ня відаць прогрэсу ў дробязях, дык дарэмна я пачаў-бы шукаць яго і ў буйным. Калі актор, з галавы да ног аблутаны тэатральнымі традыцыямі і прымхамі, пнецца чытаць просты звычайны монолёг[35] «быць ці ня быць» ня проста, а чамусьці абавязкова з шыпеньнем і з сударгамі ўва ўсім целе, або калі ён пнецца пераканаць мяне, што-б там ні было, што Чацкі, што шмат гаворыць з дурнямі і любіць дурную, вельмі разумны чалавек, і што «Горе от ума» ня нудная п’еса, дык на мяне ад сцэны вее ўсё тою-ж самаю абыдзёншчынай, ад чаго ўжо 40 год як нудзіла мяне, калі частавалі клясычнымі завываньнямі і біцьцём у грудзі. І ўсякі раз выходжу я з тэатру консэрватыўным[36] больш, чым калі ўваходжу туды.

Сантымэнтальны і даверлівы натоўп можна пераканаць, што тэатр у цяперашнім яго выглядзе ёсьць школа. Але хто знаёмы з такою школаю, якая яна павінна быць, таго на гэтую вудку ня зловіш. Ня ведаю, што будзе праз 50–100 гадоў, але пры цяперашніх умовах тэатр можа служыць толькі забавай. Але забаўка гэта надта дорага на тое, каб ня кідаць карыстацца ёю. Яна бярэ ў дзяржавы тысячы маладых, здаровых і таленавітых мужчын і жанчын, што, каб не прысьвячалі сябе театру, маглі-б быць добрымі дактарамі, земляробамі, настаўніцамі, афіцэрамі; яна бярэ ў публікі вячэрнія гадзіны — лепшы час на разумовую працу і таварыскія гутаркі. Не кажу ўжо пра грашовыя выдаткі і пра тыя моральныя страты, што зносіць глядач, калі бачыць на сцэне, што ня так, як яно ёсьць, трактуецца забойства, блудніцтва ці паклёп.

Кася-ж мела зусім іншую думку. Яна ўпэўніла мяне, што тэатр, нават такі, як ён цяпер ёсьць, вышэй за аўдыторыі, вышэй за кнігі, вышэй за ўсё на сьвеце. Тэатр — гэта сіла, што злучае ў сабе аднэй усе мастацтвы, а акторы — місыянэры. Ніякае мастацтва і ніякая навука паасобку ня змогуць дзейнічаць гэтак моцна і гэтак пэўна на чалавечую душу, як сцэна, і дзіва няма, што праз тое актор сярэдняй велічыні карыстаецца ў дзяржаве куды большаю популярнасьцю, як самы лепшы вучоны або мастак. І ніякая публічная дзейнасьць ня можа даць гэткай асалоды і здавальненьня, як сцэнічная.

І неяк аднаго дня Кася паступіла ў трупу і паехала, здаецца, у Уфу, павёзшы з сабою шмат грошай, шмат вясёлкавых надзей і арыстократычныя погляды на справу.

Першыя лісты яе з дарогі былі дзіўныя. Я чытаў іх і проста дзівіўся, як гэта невялічкія кавалачкі паперы могуць зьмяшчаць у сабе столькі моладасьці, душэўнай чыстаты, сьвятой наіўнасьці і разам з тым тонкіх, сур’ёзных разважаньняў, што маглі-б зрабіць гонар добраму мужчынскаму розуму. Волгу, прыроду, гарады, што яна наведвала, таварышоў, свае посьпехі і няўдачы яна не апісвала, а апявала; кожны радок дыхаў даверлівасьцю, якую я прывык бачыць на яе абліччы — і да таго гібель граматычных памылак, а знакаў прыпынку амаль зусім ня было.

Не прайшло і паўгода, як я атрымаў надзвычайна поэтычны і ўзьнёслы ліст, што пачынаўся словамі: «Я паехала». Да гэтага лісту была дададзена фотографія, дзе быў малады мужчына з голеным тварам, у шырокаполым капялюшы і з плэдам, перакінутым цераз плячо. Наступныя лісты былі, як раней, надзвычайныя, але ўжо зьявіліся ў іх знакі прыпынку, зьніклі граматычныя памылкі і дужа запахла ад іх мужчынам. Кася пачала пісаць мне пра тое, што добра-б дзе-небудзь на Волзе паставіць вялікі тэатр ня іначай, як суполкаю, і прывабіць да гэтага прадпрыемства багатае купецтва і ўласьнікаў параходаў; грошай было-б шмат, зборы вялікія, акторы працавалі-б на ўмовах таварыства. Можа яно ўсё гэта і сапраўды добра, але мне здаецца, што гэткія вымудры могуць выходзіць толькі з мужчынскай галавы.

Як-бы там ні было, паўтары–два гады, як відаць, усё было добра: Кася любіла, верыла ў сваю справу і была шчасьлівая; але ў лістох яе я пачаў заўважаць відавочныя адзнакі заняпаду. Пачалося з таго, што Кася паскардзілася мне на сваіх таварышоў — гэта першы і самы злавесны сымптом[37]; калі малады вучоны або літаратар пачынае сваю дзейнасьць з таго, што горка скардзіцца на вучоных або літаратараў, то гэта значыць, што ён ужо стаміўся і ня вартны да справы. Кася пісала мне, што яе таварышы не наведваюць рэпетыцый і ніколі ня ведаюць роляй; у пастаноўцы недарэчных п’ес і ў манеры трымаць сябе на сцэне відаць у кожнага з іх поўная непашана да публікі; а каб больш сабраць, пра што толькі і гавораць, драматычныя акторкі зьніжаюцца да сьпяваньня шансонэтак, а трагікі сьпяваюць куплеты, у якіх сьмяюцца з рагатых мужоў і з цяжарнасьці няверных жонак і г. д. Увогуле трэба дзівіцца, як гэта дагэтуль не загінула яшчэ провінцыяльная справа і як яна можа трымацца на гэтакай тонкай і гнілой жылачцы.

У адказ я паслаў Касі доўгі і, прызнацца, надта нудны ліст. Між іншым, я пісаў ёй: «Мне часта даводзіцца гаварыць з старымі акторамі, найшляхетнымі людзьмі, што надта добра ставіліся да мяне: з размоў з імі я мог зразумець, што іх дзейнасьцю кіруюць ня столькі іх уласны розум і воля, колькі мода і настрой грамадзтва; лепшым з іх даводзілася на сваім вяку ўдзельнічаць і ў трагедыі, і ў опэрэтцы, і ў парыскіх фарсах[38], і ў фэерыях[39], і заўсёды аднолькава ім здавалася, што яны ішлі простым шляхам і давалі карысьць. Значыць, як бачыш, прычыну благога трэба шукаць не ў акторах, а глыбей, у самым мастацтве і ў дачыненьні да яго ўсяго грамадзтва». Гэты мой ліст толькі ўразіў Касю. Яна мне адказала: «Мы з вамі сьпяваем з розных опэр. Я вам пісала не пра найшляхетных людзей, што надзвычайна добра выставіліся, а пра зграю прайдзісьветаў, што ня маюць нічога агульнага з шляхетнасьцю. Гэта табун дзікіх людзей. Яны трапілі на сцэну толькі таму, што іх ня прынялі-б нідзе ў іншым месцы, і яны завуць сябе артыстымі толькі таму, што нахабныя. Ніводнага таленту, але шмат няздатнасьці, п’яніц, інтрыганаў, плеткароў. Не магу вам выказаць, як горка мне, што мастацтва, якое я так люблю, трапіла ў рукі ненавідных мне людзей; горка, што лепшыя людзі бачаць благое толькі здалёку, ня хочуць падыйсьці бліжэй, і замест таго, каб заступіцца, пішуць цяжкім стылем агульныя месцы і нікому непатрэбную мораль…» і гэтак далей, усё накшталт гэтага.

Прайшло яшчэ колькі часу, і я атрымаў гэткі ліст: «Мяне бязьлітасна ашукалі. Не магу болей жыць. Распарадкуйцеся з маімі грашыма, як самі ведаеце. Я любіла вас як бацьку і адзінага майго сябра. Даруйце».

Выявілася, што і Касін ён належаў таксама да «табуна дзікіх людзей». Пазьней паводле некаторых намёкаў я мог здагадацца, што была спроба зрабіць самагубства. Здаецца, Кася спрабавала атруціцца. Трэба думаць, што яна потым была сур’ёзна хворая, таму што наступны ліст я атрымаў ужо з Ялты, куды напэўна, яе паслалі дактары. Апошні ліст яе да мяне зьмяшчаў у сабе просьбу што найхутчэй выслаць ёй у Ялту тысячу рублёў, і канчаўся ён гэтак: «Прабачце, што ліст гэткі сумны. Учора я пахавала сваё дзіця». Пражыўшы ў Крыме амаль ня год, яна вярнулася дадому.

Вандравала яна амаль не чатыры гады, і ўва ўсе гэтыя чатыры гады, трэба прызнацца, я граў у дачыненьні да яе даволі незавідную і дзіўную ролю. Калі раней яна абвясьціла мне, што ідзе ў акторкі, і потым пісала мне пра сваё каханьне, калі яе апанаваў дух марнатраўства і мне даводзілася, паводле яе запатрабаваньня, высылаць ёй то тысячу, то дзьве рублёў, калі яна пісала мне пра свой намер памерці і потым пра сьмерць дзіцяці, то кожны раз я траціў розум і ўся мая спагадлівасьць да яе лёсу выражалася толькі тым, што я шмат думаў і пісаў даўгія, нудныя лісты, якіх я мог-бы зусім ня пісаць. Тады як я-ж быў ёй за роднага бацьку і любіў яе як дачку!

Цяпер Кася жыве за паўвярсты ад мяне. Яна наняла кватэру з пяці пакояў і абставілася даволі комфортабельна і з уласьцівым ёй густам. Калі-б хто ўзяўся намаляваць яе абстаноўку, дык пераважным настроем у вобразе атрымалася б гультайства. Для гультайскага цела — мяккія канапы, мяккія табурэткі, для гультайскіх ног — дываны; для гультайскага зроку — лінючыя, цьмяныя або змрочныя колеры; для гультайскай душы — мноства па сьценах танных віхляроў і дробных абразкоў, дзе орыгінальнасьць выкананьня пераважае над зьместам, багата столікаў і палічак, застаўленых зусім непатрэбнымі і бяз ніякае цаны рэчамі, нязграбнае шкумацьцё заместа фіранак… Усё гэта разам з баязьлівасьцю яркіх колераў, сымэтрыі[40] і прастору, акрамя душэўнага абібоцтва, сьведчыць яшчэ і аб скажэньні прыроднага густу. Цалюткія дні Кася ляжыць на канапе і чытае кнігу, пераважна романы і аповесьці. З дому яна выходзіць толькі раз у дзень, пасьля паўдня, каб убачыцца са мною.

Я працую, а Кася сядзіць недалёка ад мяне на канапе, маўчыць і захінаецца ў шалік, быццам ёй холадна. Ці таму, што яна падабаецца мне, або таму, што я прывык да яе частых наведваньняў, калі яна была яшчэ дзяўчынкаю, яе прысутнасьць не перашкаджае мне быць уважлівым. Часам я задаю ёй машынальна якое-небудзь пытаньне, яна дае вельмі кароткі адказ; або, каб адпачыць хвілінку, я паварочваюся да яе і гляджу, як яна, задумаўшыся, праглядае якую мэдыцынскую часопісь або газэту. І ў гэты час я заўважаю, што на яе твары ўжо няма ранейшага выразу даверлівасьці. Выраз цяпер халодны, абыякі, бязуважлівы, як у пасажыраў, каму даводзіцца доўга чакаць цягніка. Апранута яна, як і раней, прыгожа і проста, але нядбайна; відаць, што адзеньню і прычосцы ня мала дастаецца ад канап і качалак, на чым яна ляжыць цэлыя дні. І ўжо яна няцікавая, як была раней. Пытаньняў яна ужо мне не задае, як быццам усё ўжо зазнала ў жыцьці і не чакае пачуць нічога новага.

Пад канец чацьвертай гадзіны ў залі і ў гасьцінным пакоі пачынаецца рух. Гэта з консэрваторыі вярнулася Ліза і прывяла з сабою таварышак. Чутно, як граюць на роялі, спрабуюць галасы і рагочуць; у сталовай Ягор рыхтуе стол і стукае пасудкам.

— Бывайце, — кажа Кася. — Сягоньня я не зайду да вашых. Няхай прабачаць. Некалі. Прыходзьце.

Калі я праводжу яе да перадпакою, яна сурова аглядвае мяне з галавы да ног і гаворыць з прыкрасьцю:

— А вы усё худзееце! Чаму ня лечыцеся? Я зьежджу да Сяргея Тодаравіча і запрашу. Няхай вас паглядзіць!

— Ня трэба, Кася.

— Не разумею, чаго ваша сям’я глядзіць! Добрыя, няма чаго казаць.

Яна парыўна апранае сваё футра, і ў гэты час з яе нядбайна зробленай прычоскі абавязкова скідаюцца на падлогу дзьве-тры шпількі. Папраўляць прычоску ня хочацца ды няма калі, яна няспрытна хавае пасмы, што паспадалі былі, пад шапачку і ідзе за дзьверы.

Калі я ўваходжу ў сталовую, жонка пытае мяне:

— У цябе была цяпер Кася? Чаму-ж яна не зайшла да нас? Гэта нават дзіўна…

— Мама! — гаворыць ёй дакорлива Ліза. — Калі ня хоча, то і бог з ёю. Не на каленькі-ж нам станавіцца.

— Як хочаш, гэта пагарджаньне. Сядзець у габінэце тры гадзіны і ня ўспомніць пра нас. Урэшце, як ей падабаецца.

Вара і Ліза абедзьве ненавідзяць Касю. Нянавісьць гэта мне незразумела і, напэўна, каб разумець яе, трэба быць жанчынаю. Я ручаюся галавою, што з тых паўтараста маладых мужчын, што я амаль штодня бачу ў сваёй аўдыторыі, і з тэй сотні паджылых, што мне даводзіцца сустракаць кожны тыдзень, бадай ці знойдзецца хоць адзін такі, хто ўмеў-бы разумець нянавісьць і гідкасьць да мінулага Касі, г. зн. да пазашлюбнай цяжарнасьці і да незаконнага дзіцяці; і ў той-жа час я ніяк не магу прыгадаць ні аднэй такой знаёмай мне жанчыны або дзяўчыны, што сьвядома або інстынктыўна ня мела-б у сабе гэтых пачуцьцяў. І гэта не таму, што жанчына больш дабрачынная і чысьцейшая за мужчыну; дабрачыннасьць-жа і чыстата мала адрозьніваюцца ад заганы, калі яны ня вольны ад злога пачуцьця. Я тлумачу гэта проста адсталасьцю жанчын. Сумнае пачуцьцё спачуваньня і боль сумленьня, што зазнае сучасны мужчына, калі бачыць няшчасьце, куды больш гавораць мне пра культуру і моральны рост, як нянавісьць і гіднасьць. Сучасная жанчына так-жа сьлязьлівая і грубая сэрцам, як і ў сярэднія вякі. І па-мойму, зусім добра робяць тыя, што радзяць ёй выхоўвацца як мужчына.

Жонка ня любіць Касю яшчэ за тое, што яна была акторкаю, за няўдзячнасьць, за гардасьць, за эксцэтрычнасьць[41] і за ўсе тыя шматлікія заганы, якія адна жанчына заўсёды ўмее знаходзіць у другой.

Акрамя мяне і маёй сям’і, у нас палуднуюць яшчэ дзьве-тры таварышкі дачкі і Аляксандра Адольфавіч Гнэккер, каханак Лізы і прэтэндэнт на яе руку. Гэта малады блёндын, не старэй 30 год. сярэдняга росту, вельмі поўны, шырокаплечы, з рыжымі бакамі каля вушэй і з нафарбаванымі вусікамі, што надаюць яго поўнаму, гладкаму твару якісьці цацачны выраз. Апрануты ён у дужа кароткі пінджак, у каляровую камізэльку, у порткі з вялікімі клеткамі, дужа шырокія зьверху і дужа вузкія ўнізе, і ў жоўтыя чаравікі бяз абцасаў. Вочы ў яго зякратыя, як у рака, гальштук падобен да ракавай шыйкі, і нават, мне здаецца, ад усяго гэтага маладога чалавека тхне пахам ракавага крупніку. Бывае ён у нас штодня, але ніхто ў маёй сям’і ня ведае, якога ён паходжаньня, дзе вучыўся і на якія сродкі жыве. Ён ня грае і не пяе, але мае нейкае дачыненьне і да музыкі, і да сьпеваў, прадае недзе роялі, бывае ў консэрваторыі, знаёмы з усімі выдатнымі людзьмі і распараджаецца на концэртах; разважае ён пра музыку з вялікім аўторытэтам, і, я заўважыў, з ім ахвотна ўсе згаджаюцца.

Багатыя людзі маюць заўсёды каля сябе нахлебнікаў, навукі і мастацтва — таксама. Здаецца, няма на сьвеце такога мастацтва або навукі, што былі-б вольныя ад прысутнасьці «іншародных цел» накшталт гэтага п. Гнэккера. Я ня музыка і, можа, памыляюся ў дачыненьні да Гнэккера, якога, да таго-ж, мала ведаю. Але надта ўжо здаюцца мне падазронымі яго аўторытэт і тая павага, з якою ён стаіць каля роялю і слухае, калі хто-небудзь пяе або грае.

Будзьце вы сто разоў джэнтльмэнам і тайным радцаю, але калі ў вас ёсьць дачка, дык вы нічым не гарантаваны ад таго мяшчанства, якое часта прыносяць у ваш дом і ў ваш настрой залёты, сватаньне і вясельле. Я, напрыклад, ніяк не магу зьмірыцца з тым урачыстым выразам, што бывае ў маёй жонкі кожны раз, калі сядзіць у нас Гнэккер, не магу таксама зьмірыцца з тымі бутэлькамі лафіту, портвейну і хэрэсу, што ставяцца толькі дзеля яго, каб ён на свае вочы пераканаўся, як шырока і багата мы жывем. Не пераварваю я і адрывістага сьмеху Лізы, як яна навучылася сьмяяцца консэрваторыі, і яе манеры жмурыць вочы ў той час, калі ў нас бываюць мужчыны. А галоўнае, я ніяк не магу зразумець, чаму гэта да мяне кожны дзень ходзіць і кожны дзень са мною палуднуе то зусім чужая мне, маёй навуцы, усяму складу майго жыцьця, зусім непадобная да тых людзей, якіх я люблю. Жонка і служкі з патаемнасьцю шэпчуць, што «гэта малады», але я патом-такі не разумею яго прысутнасьці; яна ўзьнімае ўва мне такое-ж зьдзіўленьне, як калі-б са мною за стол пасадзілі зулуса. І мне таксама здаецца дзіўным, што мая дачка, каго я прывык мець за дзіця, любіць гэты гальштук, гэтыя вочы, гэтыя мяккія шчокі.

Раней я любіў полудзень, або быў да яго абыякавы, цяпер-жа ён ня ўзьнімае ўва мне нічога, акрамя суму і абурэньня. Ад тых дат як я стаў яснавяльможным і пабываў у дэканах факультэту, сям’я мая знайшла чамусьці патрэбным зусім зьмяніць наша меню і парадкі полудня. Заместа тых простых страў, да якіх быў я звык, калі быў студэнтам і лекарам, цяпер мяне кормяць супам-пюрэ, а ў ім плаваюць нейкія белыя сасолкі, з ныркамі ў мадэры. Генэральская годнасьць і выдатнасьць адабралі ў мяне назаўсёды і капусту, і смачныя пірагі, і гуся з яблыкамі, і ляшча з кашай. Яны-ж адабралі ў мяне пакаёўку Агашу, гаварлівую і сьмяшлівую бабульку, заместа яе падае цяпер полудзень Ягор, тупы і ганарысты, з белай пальчаткай на правай руцэ. Антракты кароткія, але здаюцца нязвычайна даўгімі, таму што ў гэты час няма чым заняцца. Ужо няма ранейшай весялосьці, вольных гутарак, жартаў, сьмеху, няма ўзаемных пяшчот і тае радасьці, што хвалявала дзяцей, жонку і мяне, калі мы сыходзімся, бывала, у сталовай; мне, занятому чалавеку, полудзень быў часам адпачынку і спатканьня, а жонцы і дзецям сьвятам, праўда, кароткім, але сьветлым і радасным, калі яны ведалі, што я на паўгадзіны належу не навуцы, ня студэнтам, а толькі ім адным і больш нікому. Няма ўжо больш умеласьці п’янець ад аднэй чаркі, няма Агашы, няма ляшча з кашаю, няма таго шуму, чым сустракаліся маленькія скандалы ў час полудню накшталт бойкі пад сталом ката з сабакам, або спаданьня павязкі з Касінай шчакі ў талерку з крупнікам.

Апісваць цяперашні полудзень такжа нясмачна, як есьці яго. На абліччы ў жонкі ўрачыстасьць, фальчоўная паважнасьць і звычайны выраз клопатаў. Яна трывожна абглядвае нашы талеркі і кажа: «я бачу, вам смажаніна не падабаецца… Скажэце: не падабаецца?» І я павінен адказаць: «Дарэмна ты турбуешся, любая, смажаніна вельмі смачная». А яна: «Ты заўсёды за мяне заступаешся, Мікалай Сьцяпанавіч, і ніколі ня скажаш праўды. Чаму-ж Аляксандра Адольфавіч гэтак мала еў?» і ўсё кшталтам гэтага праз увесь полудзень. Ліза адрывіста рагоча і жмурыць вочы. Я гляджу на абедзьвюх, і толькі вось цяпер, палуднуючы, мне добра відаць, што ўнутранае жыцьцё абедзьвюх даўно адышло ад майго нагляду. У мяне такое пачуцьцё, нібы калісьці я жыў дома з сапраўднай сям’ёй, а цяпер палудную ў гасьцях у несапраўднай жонкі і бачу несапраўдную Лізу. У абедзьвюх зрабілася выразная перамена, я прапусьціў той доўгі процес, паводле якога гэта зьмена адбывалася, і ня дзіва, што я нічога не разумею. Чаму адбылася зьмена? Ня ведаю. Можа, уся бяда таму, што жонцы і дачцэ бог ня даў тае сілы, што мне. З дзяцінства я звык супроцьстаяць знадворным уплывам досыць загартаваў сябе: такія жыцьцёвыя катастрофы, як славутасьць, генэральства, пераход ад выгады да жыцьця не паводле сродкаў, знаёмства з магнацтвам і інш., ледзь стыкнуліся са мною, і я застаўся цэлы і непашкоджаны; на слабых-жа, не загартаваных жонку і Лізу ўсё гэта скінулася, як вялікая сьнегавая камлыга, і сьціснула іх.

Паненкі і Гнэккер гавораць аб фугах[42], контра-пунктах[43], аб сьпевакох і піяністых, пра Баха[44], Брамса[45], а жонка, баючыся, каб яе не западазрылі ў музычным невуцтве, прыязна ўсьміхаецца ім і мармыча: «Гэта надзвычайна… Няўжо? Скажэце…» Гнэккер паважна есьць, паважна жартуе і прыніжаючыся выслухоўвае заўвагі паненак. Калі-ні-калі ў яго зьяўляецца жаданьне пагаварыць на дрэннай францускай мове, і тады ён чамусьці знаходзіць патрэбным павялічваць мяне votre exellence[46].

А я пануры. Як відаць, я ўсім ім не даю разгарненьня, а яны не даюць яго мне. Ніколі раней я ня быў блізка знаёмы з станавым антагонізмам[47], але цяпер мяне мучыць менавіта нешта кшталтам гэтага. Я стараюся знаходзіць у Гнэккеры ўсяго адны дрэнныя рысы, хутка знаходжу іх і пакутую, што на яго маладога месцы сядзіць чалавек не майго кола. Прысутнасьць яго дрэнна ўплывае на мяне яшчэ і з другога боку. Звычайна, калі я застаюся сам-на-сам, або бываю на людзях, каго люблю, я ніколі ня думаю пра свае заслугі, а калі пачынаю думаць, дык яны здаюцца мне гэткімі мізэрнымі, як быццам я стаў вучоным толькі ўчора: у прысутнасьці-ж такіх людзей, як Гнэккер, мае заслугі здаюцца мне найвышэйшай гарою, вяршыня якой чэзьне ў хмарах, а ў падгор’і шавеляцца ледзь прыкметныя воку Гнэккеры.

Пасьля полудня я іду да сябе ў габінэт і закурваю там сваю люлечку, адзіную за ўвесь дзень, што засталася ад даўнейшай дрэннай прывычкі курыць з раньня да ночы. Калі я куру, да мяне ўваходзіць жонка і сядае, каб пагаварыць са мною. Таксама як і раніцою, я загадзя ведаю, пра што у нас будзе гутарка.

— Трэба-б было нам з табой пагаварыць сур’ёзна, Мікалай Сьцяпанавіч, — пачынае яна. — Я наконт Лізы… Чаму ты ня возьмеш увагі?

— Напрыклад?

— Ты робіш выгляд, што нічога не заўважаеш, але гэта нядобра… Нельга быць нядбайным… Гнэккер мае наконт Лізы намеры… Што ты скажаш?

— Што ён дрэнны чалавек, я не магу сказаць, бо ня ведаю яго, але што ён не падабаецца мне, аб гэтым я гаварыў табе ўжо тысячу разоў.

— Але так нельга… нельга…

Яна ўстае і ходзіць, хвалюючыся.

— Так нельга ставіцца да сур’ёзнага кроку, — кажа яна. — Калі гутарка ідзе аб шчасьці дачкі, трэба адкінуць усё асабістае. Я ведаю, ён табе не падабаецца. Добра… Калі мы адмовім яму цяпер, разбурым усё, дык чым ты паручышся, што Ліза ўсё жыцьцё не будзе скардзіцца на нас? Маладых цяпер ня лішняе, і можа здарыцца, што ня выпадзе іншай партыі… Ён вельмі кахае Лізу і, як відаць, падабаецца ёй… Пэўна, у яго няма пэўнага становішча, але што-ж рабіць? Бог дасьць, з часам астанецца куды-небудзь. Ён з добрай сям’і і багаты.

— Адкуль ты гэта ведаеш?

— Ён казаў. У яго бацькі ў Харкаве вялікі дом і каля Харкава маёнтак. Адным словам, Мікалай Сьцепанавіч, табе канечна трэба зьезьдзіць у Харкаў.

— Чаго?

— Ты выведаеш там… У цябе там ёсьць знаёмыя профэсары, яны табе дапамогуць. Я-б сама паехала, але я жанчына. Не магу…

— Не паеду я у Харкаў, — кажу я панура.

Жонка пужаецца, і твар яе робіцца пакутным.

— Будзь ласкаў, Мікалай Сьцяпанавіч! — моліць яна мяне, плачучы. — Будзь ласкаў, здымі з мяне гэты цяжар! Я пакутую!

Мне робіцца балюча глядзець на яе.

— Добра, Вара, — кажу я ласкава. — Калі хочаш, я зьежджу ў Харкаў і зраблю ўсё, што табе трэба.

Яна прыціскае да вачэй хустку і выходзіць да сябе ў пакой плакаць. Я застаюся адзін.

Трохі пачакаўшы, прыносяць агонь. Ад крэслаў і лямпавага каўпака кладуцца на сьцены і падлогу знаёмыя — даўно яны дадзелі — цені, і калі я гляджу на іх, мне здаецца, што ўжо ноч і што ўжо пачынаецца мая праклятая бяссоньніца. Я кладуся ў пасьцель, потым устаю і хаджу па пакоі, потым зноў кладуся… Звычайна пасьля полудня, перад вечарам, мая нэрвовасьць дасягае свайго вышэйшага градуса. Я пачынаю бяз прычыны плакаць і хаваю галаву ў падушку. У гэты час я баюся, каб хто-небудзь не ўвайшоў, баюся раптоўна памерці, саромеюся сваіх сьлёз, і ўвогуле атрымліваецца ў душы нешта такое, што проста не сьцярпець. Я адчуваю, што далей я не магу бачыць ні сваёй лямпы, ні кніг, ні ценяў на падлозе, не магу чуць галасоў, што ідуць з гасьцінай. Нейкая нявідочная і незразумелая сіла груба штурхае мяне прэч з майго пакою… Я ўсхопліваюся, сьпяшаючыся апранаюся і асьцярожна, каб не заўважылі хатнія, выходжу на вуліцу. Куды ісьці?

Адказ на гэта пытаньне ў мяне даўно ўжо сядзіціь у мазгох: да Касі.


III

Звычайна, яна ляжыць на турэцкай канапе і чытае што-небудзь. Убачыўшы мяне, яна па-гультайску падымае галаву, садзіцца і дае мне руку.

— А ты ўсё ляжыш, — кажу я, памаўчаўшы крыху і адпачыўшы. — Гэта няздорава. Ты-б занялася чым-небудзь!

— Га?

— Ты-б, кажу, занялася чым-небудзь.

— Чым? Жанчына можа быць толькі простай работніцай або акторкай.

— Ну што-ж? Калі нельга ў работніцы, ідзі ў акторкі.

Маўчыць.

— Замуж-бы выходзіла, — кажу я, жартуючы.

— Няма за каго. Ды і ня варта.

— Гэтак жыць няможна.

— Бяз мужа? Вялікая рэч! Мужчын колькі хочаш, абы была ахвота.

— Гэта, Кася, няпрыгожа.

— Што няпрыгожа?

— Ды вось тое, што ты цяпер сказала.

Заўважыўшы, што я засмучоны, і хочучы загладзіць дрэннае ўражаньне, Кася гаворыць:

— Хадзем. Ідзеце сюды. От.

Яна вядзе мяне ў маленькі, вельмі ўтульны пакой і гаворыць, паказваючы на пісьмовы стол:

— От… Я прырыхтавала вам. Тут вы будзеце працаваць. Прыяжджайце штодня і прывозьце з сабой працу. А там дома вам толькі перашкаджаюць. Будзеце тут працаваць? Хочаце?

Каб не пакрыўдзіць яе адмовай, я адказваю ёй, што працаваць у яе буду і што пакой мне вельмі падабаецца. Тады мы садзімося ў утульным пакойчыку і пачынаем гаварыць.

Цяплыня, утульная абстаноўка і прысутнасьць сымпатычнага чалавека ўзьнімае ва мне цяпер не пачуцьцё задаволеньня, як раней, а моцнае жаданьне да скаргаў і бурчаньня. Мне здаецца чамусьці, што калі я панаракаю і паскарджуся, дык мне будзе лягчэй.

— Дрэнная справа, мая любая! — пачынаю я, уздыхнуўшы. — Вельмі дрэнная…

— Што гэтакае?

— Бачыш от, у чым справа, мой дружа. Самае лепшае і самае сьвятое права каралёў — гэта права памілаваньня. І я заўсёды адчуваў сябе каралём, таму што бязьменна карыстаўся гэтым правам. Я ніколі ня судзіў, быў спагадлівым, ахвотна дараваў віну ўсім направа і налева. Дзе іншыя протэставалі і абураліся, там я толькі раіў і пераконваў. Усё свае жыцьцё я стараўся толькі, каб мая прысутнасьць была прыемнаю сям’і, студэнтам, таварышам, чэлядзі, і такія мае дачыненьні да людзей, я ведаю, выхавалі ўсіх, каму даводзіцца быць каля мяне. Але цяпер ужо я не кароль. Ува мне адбываецца нешта такое, што прыстойна толькі рабам: у галаве маёй як дзень, як ноч ходзяць злосныя думкі, а ў душы зьвілі сабе гняздо пачуцьці, якіх я ня ведаў раней. Я і ненавіджу, і пагарджаю, і злуюся, і абураюся, і баюся. Я стаў ня ў меру строгім, зыскоўным, дражлівым, недалікатным, падазроным. Нават тое, што раней было повадам для лішняга жартаслоўя і дабрадушнага сьмеху, раджае ўва мне цяпер цяжкае пачуцьцё. Зьмянілася ўва мне і мая лёгіка: раней я з пагардаю ставіўся толькі да грошай, цяпер-жа маё злоснае пачуцьцё не да грошай, а да багатыроў, нібы яны вінаваты; раней ненавідзеў гвалт і сваволю, а цяпер ненавіджу людзей, што ўжываюць гвалт, нібы вінаваты яны адны, а ня ўсе мы, што ня ўмеем выхоўваць адзін аднаго. Што гэта значыць? Калі новыя думкі і новыя пачуцьці выніклі ад зьмены пераконаньняў, дык адкуль магла ўзяцца гэта зьмена? Няўжо сьвет стаў горай, а я ляпей, або раней я быў сьляпы і абыякі? Калі-ж гэта зьмена адбылася ад агульнага заняпаду фізычных і разумовых сіл — я-ж хворы і што дзень, то менш важу, — дык становішча маё мізэрнае: значыць мае новыя думкі ненормальныя, нездаровыя, я павінен сароміцца іх і лічыць бязвартымі…

— Хвароба тут не да чаго, — перапыняе мяне Кася. — Проста вы іначай пачалі глядзець на сьвет; вось і ўсё. Вы ўбачылі тое, чаго раней не хацелі чамусьці заўважаць. Па-мойму, перш за ўсё вам трэба канчаткова спыніць сувязь з сям’ёю.

— Ты гаворыш недарэчнасьці.

— Вы ўжо ня любіце іх, што-ж тут крывіць душою? І ці-ж гэта сям’я? Мізэрнасьць! Каб памерлі яны сягоньня, і заўтра-ж ніхто не заўважыць іх адсутнасьці.

Кася пагарджае жонкаю і дачкою гэтак-жа моцна, як тыя яе ненавідзяць. Бадай ці можна ў наш час гаварыць аб праве людзей пагарджаць адзін адным. Але калі стаць на Касін пункт погляду і прызнаць, што такое права існуе, дык усё-такі ўбачыш, што яна мае такое-ж права пагарджаць жонкаю і Лізаю, як тыя яе ненавідзяць.

— Мізэрнасьць! — паўтарае яна. — Вы палуднавалі сягоньня? Як-жа гэта яны не забыліся паклікаць вас у сталовую? Як гэта яны дагэтуль помняць яшчэ пра ваша існаваньне?

— Кася, — кажу я строга, — прашу цябе сьціхнуць.

— А вы думаеце, мне весела гаварыць пра іх? Я была-6 рада зусім іх ня ведаць. Слухайцеся-ж мяне, мой дарагі: кіньце ўсё і ад’яжджайце. Едзьце за граніцу. Што хутчэй, то лепей.

— Што за лухта. А унівэрсытэт?

— І унівэрсытэт таксама. Што ён вам? Усё роўна ніякага сэнсу. Чытаеце вы ужо 30 год, а дзе вашы вучні? Ці шмат у вас славутых вучоных? Палічэце-ж! А каб распладжаць гэтых дактароў, што эксплёатуюць цямноту і накукобліваюць сотні тысяч, на гэта ня трэба быць таленавітым і добрым чалавекам. Вы лішні.

— Божа мой, якая ты бязьлітасная! — жахаюся я. — Якая ты бязьлітасная! Сьціхні, бо я пайду! Я ня ўмею адказваць на твае рэзкасьці!

Уваходзіць пакаёўка і кліча нас піць гарбату. Каля самавару наша гутарка, дзякуй богу, мяняецца. Пасьля таго, як паскардзіўся я, мне хочацца даць волю другой старэчай слабасьці — успамінам! Я расказваю Kасі пра сваё мінулае і, на вялікае зьдзіўленьне, кажу ёй пра такія падрабязнасьці, што я нават не падазраваў, што яны яшчэ ёсьць у маёй памяці. А яна слухала мяне з замілаваньнем, з гардасьцю, стаіўшы дыханьне. Асабліва я люблю расказваць ёй пра тое, як я калісьці вучыўся ў сэмінарыі і як марыў паступіць ва унівэрсытэт…

— Бывала, гуляю я па нашым сэмінарскім садзе… — расказваю я. — Данясе вецер з якога-небудзь далёкага шынка піліканьне гармоніка і песьню, або прамчыцца каля сэмінарскага плоту тройка з званкамі, і гэтага ўжо зусім даволі, каб пачуцьцё шчасьця раптам напоўніла ня толькі грудзі, але нават жывот, ногі, рукі… Слухаеш гармонік, або званкі, што заціхаюць, а сам уяўляеш сябе доктарам і малюеш абразы — адзін аднаго лепей. І вось, як бачыш, крозы мае збыліся. Я атрымаў больш, як мог марыць. Трыццаць год я быу любімым профэсарам, меў добрых таварышоў, карыстаўся ганароваю славутасьцю. Я кахаў, жаніўся паводле палкага каханьня, меў дзяцей. Адным словам, калі азірнуцца назад, дык усё маё жыцьцё ўяўляецца мне прыгожай, таленавіта зробленай композыцыяй[48]. Цяпер мне застаецца толькі не сапсаваць фіналу[49]. На гэта трэба памерці па-чалавечаму. Калі сьмерць сапраўды небясьпека, дык трэба спаткаць яе, як належыць гэта настаўніку, вучонаму і грамадзяніну хрысьціянскай дзяржавы: бадзёра і з спакойнаю душою. Але я псую фінал. Я тану, бягу да цябе, прашу дапамогі, а ты мне: танеце, гэта так і трэба.

Але от у перадпакоі чуецца званок. Я і Кася пазнаём яго і кажам:

— Гэта, напэўна, Міхал Тодаравіч.

І сапраўды, праз хвіліну ўваходзіць мой таварыш — філёлёг, Міхал Тодаравіч, высокі, добра складзены, гадоў 50, з густымі сівымі валасамі, з чорнымі бровамі і паголены. Гэта добры чалавек і надзвычайны таварыш. Паходзіць ён ад старадаўняга дваранства роду, досыць шчасьлівага і таленавітага, што граў значную ролю ў гісторыі нашай літаратуры і асьветы. Сам ён разумны, таленавіты, вельмі адукаваны, але не бяз дзівацтва. Да некаторай ступені ўсе мы дзівачныя і ўсе мы дзівакі, але яго дзівацтвы нейкія выключныя і небясьпечныя яго знаёмым. Паміж апошнімі я знаю ня мала гэтакіх, што за яго дзівацтвамі зусім ня бачаць яго шматлікіх вартасьцяй.

Увайшоўшы да нас, ён паволі здымае пальчаткі і гаворыць машастовым басам:

— Дабры дзень. Гарбату п’яце? Гэта вельмі да рэчы. Пякельны холад.

Потым ён садзіцца за стол, бярэ сабе шклянку і зараз-жа пачынае гаварыць. Самае характэрнае ў яго манеры гаварыць, гэта заўсёды жартаўлівы тон, нейкая мешаніна філёзофіі з балаканьнем, як у шэксьпіраўскіх далакопаў[50]. Ён заўсёды гаворыць аб сур’ёзным, але ніколі не гаворыць сур’ёзна. Разважаньні яго заўсёды рэзкія, сварлівыя, але праз мяккі, роўны і жартлівы тон неяк так выходзіць, што рэзкасьць і лаянка ня рэжуць вука і да іх хутка прывыкаешэ. Кожны вечар ён прыносіць з сабою штук пяць-шэсьць анекдотаў з унівэрсытэцкага жыцьця і з іх звычайна пачынае, калі садзіцца за стол.

— Ох, божа, — уздыхае ён, кпліва шавелячы сваімі чорнымі брывямі. — Бываюць-жа на сьвеце гэткія комікі!

— А што? — пытае Кася.

— Іду я сягоньня з лекцыі і сустракаю на ўсходах гэтага старога ідыёта, нашага Z Z… Ідзе і, як звычайна, высунуў наперад сваю конскую бароду і шукае каму-б паскардзіцца на свой мігрэнь, на жонку і на студэнтаў, што ня хочуць наведваць яго лекцый. Ну, думаю, убачыў мяне — цяпер загінуў, канец усяму.

І так далей кшталтам гэтага. Або ён пачынае так:

— Быў учора на публічнай лекцыі нашага Z Z. Дзіўлюся, як гэта наша alma mater[51], ня проці ночы кажучы, адважваецца паказваць публіцы гэтакіх надаубняў і патэнтованых тупіц, як гэты ZZ. Гэта-ж эўропэйскі дурань! Дайце рады, другога такога на ўсёй Эўропе днём з агнём ня знойдзеш! Чытае, можаце сабе ўявіць, нібы цукерку смокча: сю-сю-сю… Збаяўся, дрэнна разьбірае свой рукапіс, думкі ледзь- ледзь варушацца, з хуткасьцю архімандрыта, што едзе на вэлёсыпэдзе, а галоўнае, ніяк не разьбярэш, што ён хоча сказаць. Нуда страшэнная, мухі паміраюць. Гэту нуду можна параўнаць толькі хіба з тэю, што бывае ў нас у актавай залі на гадовым акце, калі чытаецца традыцыйная прамова, каб яе чорт.

І зараз-жа рэзкі пераход:

— Гады тры будзе, от Мікалай Сьцяпанавіч помніць, як давялося мне чытаць гэту прамову. Горача, душна, мундзір цісьне пад пахамі — проста сьмерць! Чытаю паўгадзіны, гадзіну, паўтары гадзіны, дзьве гадзіны… «Ну, думаю, дзякуй богу, засталося толькі яшчэ дзесяць балонак». А ў канцы ў мяне былі такія чатыры балонкі, што можна было зусім ня чытаць, і я разьлічыў іх выпусьціць. Значыць, засталося, думаю, усяго шэсьць. Але, уявеце, зірнуў мільгам уперад і бачу: у першым радзе сядзяць побач нейкі генэрал з стужкаю і архірэй. Небаракі адубелі з нуды, вылупліваюць вочы, каб не заснуць і ўсё-такі пнуцца паказаць на сваіх абліччах увагу і робяць выгляд, што маё чытаньне ім зразумела і падабаецца. Ну, думаю, калі падабаецца, дык наце-ж вам! На злосьць! Узяў і прачытаў усе чатыры балонкі.

Калі ён гаворыць, то ўсьміхаюцца ў яго, як наогул у насьмешных людзей, адны ўсяго вочы і бровы. У ваччу ў яго ў гэты час няма ні нянавісьці, ні злосьці, але шмат вострасьці, жартаўлівасьці і той асаблівай лісінай хітрасьці, што можна бывае заўважыць толькі ў вельмі назіральных людзей. Калі гаварыць болей пра яго вочы, дык я заўважыў яшчэ адну іх асаблівасьць. Калі ён бярэ ад Касі шклянку, або выслухоўвае яе заўвагу, або праводзіць яе поглядам, калі яна чаго-небудзь ненадоўга выходзіць з пакою, дык у яго поглядзе я заўважаю нешта лагоднае, маліцьвенае, чыстае…

Пакаёўка прыбірае самавар і ставіць на стол вялікі кавалак сыру, садавіну і бутэльку крымскага шампанскага, даволі дрэннага віна, што Касі спадабалася, як яна жыла ў Крыме. Міхал Тодаравіч бярэ з этажэркі дзьве калоды карт і раскладвае пасьянс. Як ён сьцьвярджае, некаторыя пасьянсы патрабуюць вялікай кемнасьці і ўвагі, але тым ня менш, усё-такі, раскладваючы іх, ён ня спыняе забаўляць сябе гутаркаю. Кася ўважна сочыць за яго картамі і больш мімікаю, як слоўмі, дапамагае яму. Віна за ўвесь вечар яна выпівае ня больш за дзьве чаркі, я выпіваю чвэрць шклянкі; астатняя частка бутэлькі застаецца Міхалу Тодаравічу, што можа піць шмат і ніколі ня ўпіваецца.

За пасьянсам мы вырашаем розныя пытаньні, пераважне вышэйшага парадку, прычым больш за ўсё пападае таму, што мы больш за ўсё любім, г. зн. навуцы.

— Навука, дзякаваць богу, аджыла свой век, — гаворыць Міхал Тодаравіч з расстаноўкаю. — Яе песьня ўжо сьпета. Так-с. Чалавецтва пачынае ўжо адчуваць патрэбу замяніць яе чым-небудзь іншым. Вырасла яна на глебе забабонаў, ускормлена забабонамі і складае цяпер такую квінтэсэнцыю з забабонаў, як яе нябожчыцы бабулі: алхэмія[52], мэтафізыка[53] і філёзофія. І сапраўды, што яна дала людзям? Гэта-ж паміж вучонымі эўропейцамі і кітайцамі, што ня маюць ніякіх навук, розьніца самая мізэрная, часта знадворная. Кітайцы ня ведалі навукі, але што яны ад гэтага страцілі?

— І мухі ня ведаюць навукі, — кажу я, — але што-ж з гэтага?

— Вы дарэмна сярдуеце, Мікалай Сьцяпанавіч. Я-ж гэта кажу тут, паміж намі… Больш я асьцярожны, як вы думаеце, і ня буду гаварыць гэта публічна, крый божа!.. У масе жыве прыхамаць, што навукі і мастацтвы вышэй земляробства, гандлю, вышэй раместваў. Наша сэкта жыве з гэтых забабонаў, і ня мне з вамі руйнаваць іх. Крый божа!

За пасьянсам пападае на гарэхі і моладзі.

— Здрабнела цяпер наша публіка, — уздыхае Міхал Тодаравіч. — Не гавару ўжо аб ідэалах і іншае, але хоць-бы працаваць і думаць умелі як трэба! От ужо менавіта: «печально я гляжу на ваше поколенье».

— Так, вельмі здрабнелі, — згаджаецца Кася. — Скажэце, у апошнія пяць-дзесяць год ці быў у вас хоць адзін выдатны?

— Ня ведаю, як у іншых профэсараў, але ў сябе нешта ня помню.

— Я бачыла на сваім вяку шмат студэнтаў і вашых маладых вучоных, шмат актораў… Што-ж? Ні разу не давялося сустрэцца ня толькі з героем, або з талентам, але нават проста з цікавым чалавекам. Усё шэрае, няздатнае, з вялікімі вымаганьнямі…

Усе гэтыя гутаркі аб здрабненьні робяць на мяне ўсякі раз такое ўражаньне, як-бы я незнарок падслухаў благую памоўку пра сваю дачку. Мне крыўдна, што абвінавачаньні агульныя і будуюцца на такіх даўно зьбітых агульных мясцох, такіх жупелах, як здрабненьне, адсутнасьць ідэалаў, або спасылка на прыгожае мінулае. Усякае абвінавачаньне, нават калі яно ня выказваецца ў жаночым коле, павінна быць формулявана з магчымаю пэўнасьцю, іначай яно не абвінавачаньне, а пустая зьнявага, ня вартая прыстойных людзей.

Я стары, служу ужо 30 год, але не заўважаю ні здрабненьня, ні адсутнасьці ідэалаў і не знаходжу, каб цяпер было горай, як даўней. Мой швайцар, Мікалай, чыя практыка ў дадзеным выпадку мае сваю цану, гаворыць, што цяперашнія студэнты ня лепшыя і ня горшыя за ранейшых.

Калі б мяне запыталі, што мне не падабаецца ў цяперашніх маіх вучнях, дык я адказаў-бы на гэта не адразу і ня шмат, але з пэўнасьцю. Недахопы іх я ведаю, і мне загэтым няма патрэбы перабіраць туман агульных месц. Мне не падабаецца, што яны кураць тытун, ужываюць сьпірытусовыя напіткі і позна жэняцца; што яны бесклапотныя і часта абыякія да таго, што не зважаюць на галодных у сваім асяродку і ня плацяць даўгі ў т-ва дапамогі студэнтам. Яны ня ведаюць новых моў і няправільна гавораць па-руску; не далей, як учора, мой товарыш гігіеністы скардзіўся мне, што яму даводзіцца чытаць у два разы болей, бо яны дрэнна ведаюць фізыку і зусім незнаёмы з мэтэоролёгіяй. Яны ахвотна падпадаюць уплыву пісьменьнікаў найноўшага часу, нават ня лепшых, але зусім абыякія да такіх клясыкаў, як, прыкладам, Шэксьпір, Марк Аўрэлі[54], Эпіктэт[55] альбо Паскаль[56], і ў гэтым няўменьні адрозьніваць вялікае ад малога найбольш за ўсё відаць іх жыцьцёвая непрактычнасьць. Усе цяжкія пытаньні, што маюць больш або менш грамадзкі характар (напрыклад, перасяленчае), яны вырашаюць падпіснымі лістамі, але ня шляхам навуковага досьледу і вопыту, хоць апошні шлях расходзіцца ў поўным іх распараджэньні і найбольш адпавядае іх прызначэньню. Яны ахвотна становяцца ордынатарамі, асыстэнтамі, ляборантамі, экстэрнамі[57] і гатовы займаць гэтыя месцы да сарачні год, хаця самастойнасьць, пачуцьцё свабоды і асабістая ініцыятыва ў навуцы ня менш патрэбны, як, напрыклад, у мастацтве або гандлі. У мяне ёсьць вучні і слухачы, але няма памоцнікаў і настаўнікаў, і таму я люблю іх і расчульваюся, але не гарджуся імі. І г. д. і г. д…

Такія недахопы, як-бы шмат іх ні было, могуць выклікаць пэсымістычны, або сварлівы, настрой толькі ў чалавеку маладушным і нясьмелым. Усе яны маюць выпадковы, мімаходны характар і знаходзяцца ў поўнай залежнасьці ад жыцьцёвых умоў; досыць якіх-небудзь дзесяць год, каб яны зьніклі або папусьцілі сваё месца другім, новым недахопам, без чаго не абыйсьціся, і што ў сваю чаргу будуць пужаць маладушных. Студэнцкія грахі прыкраюць мне часта, але гэта прыкрасьць нішто ў параўнаньні з тэю радасьцю, што я зазнаю ўжо 30 год, калі гавару з вучнямі, чытаю ім, прыглядаюся да іх дачыненьняў і параўноўваю іх з людзьмі ня іх кола.

Міхал Тодаравіч гаворыць, Кася слухае, і абодвы не заўважаюць, у якое глыбокае бяздоньне троху-па-троху ўцягвае іх такая, навока, нявінная забаўка, як абгавор людзей. Яны не адчуваюць, як простая гутарка паступова пераходзіць у кпіны і зьдзекі і як абодвы яны пачынаюць пускаць у ход нават паклёпныя спосабы.

— Пацешныя трапляюцца суб’екты, — гаворыць Міхал Тодаравіч. — Учора прыходжу я да нашага Ягора Пятровіча і застаю тамака студыëза, з вашых-жа мэдыкаў, трэцяга курсу, здаецца. Твар… у дабралюбаўскім стылі, на ілбе пячаць удумлівасьці. Разгаварыліся. «Гэткія вось справы, кажу, малады чалавек. Чытаў я, кажу, што якійсьці немец — забыўся яго прозьвішча — здабыў у чалавечых мазгох новы алькалёід ідыëтын». Што-ж вы думаеце? Паверыў і нават твар яго выцягнуўся ў пашане: знай, той казаў, нашых! А то надоечы прыходжу я ў тэатр. Саджуся. Якраз перада мною ў наступным радзе сядзяць нейкіх два: адзін «з насіх» і, як відаць, юрысты, другі, лахматы — мэдык. Мэдык п’яны, як шавец. На сцэну — нуль увагі. Толькі дрэмле ды носам дзёўбае. Але як толькі які-небудзь актор пачынае ўголас чытаць монолёг або проста падыме голас, мой мэдык уздрагвае, штурхае свайго суседа ў бок і пытаецца: «Што ён гаворыць? Шля-я-хетна?» — Шляхетна, — адказвае «з насіх» — «Бррава! раве мэдык. Шлях-етна! Брава!» Ён, бачыце, дубіна п’яная, прышоў у тэатр не па мастацтва, а па шляхетнасьць. Яму шляхетнасьць патрэбна.

А Кася слухае і сьмяецца. Рогат у яе нейкі дзіўны: удыханьні шпарка і рытмічна правільна чаргуюцца з выдыханьнямі — падобна да таго, як быццам яна грае на гармоніку — і на твары пры гэтым сьмяюцца адны ўсяго ноздры. Я-ж упадаю у роспач і ня ведаю, што гаварыць. Раззлаваўшыся, я ўскакваю з месца і крычу:

— Замоўкніце, урэшце! Што вы сядзіцё тут, дзьве жабы, і атручваеце паветра сваім дыханьнем. Даволі!

І, не дачакаўшыся, калі яны скончаць гаварыць, зьбіраюся ісьці дамоў. Ды ўжо і час: адзінаццатая гадзіна.

— А я яшчэ пасяджу крыху, — кажа Міхал Тодаравіч.

— Дазваляеце, Кацярына Ўладзімераўна?

— Дазваляю, — адказвае Кася.

— Bene[58]. У такім разе загадайце падаць яшчэ бутэлечку.

Яны праводзяць мяне з сьвечкамі ў перадпакой, пакуль я апранаю футра, Міхал Тодаравіч гаворыць:

— У апошні час вы надта пахуднялі і састарэлі, Мікалай Сьцяпанавіч. Што вам? Хворыя?

— Так, хворы крыху.

— І ня лечыцца… — панура дадае Кася.

— Чаму-ж ня лечыцеся? Як можна так? Сьцеражонага, любы чалавек, бог сьцеражэ. Кланяйцеся вашым і прабачце, што ня бываю. Гэтымі днямі, перад ад’ездам за межы, прыду разьвітацца. Абавязкова! На наступным тыдні еду.

Выходжу я ад Касі раззлаваны, напуджаны гутаркамі пра маю хваробу і нездаволены сабою. Я сябе пытаю: сапраўды, ці не палячыцца ў каго-небудзь з таварышоў? І зараз-жа я ўяўляю, як таварыш, выслухаўшы мяне, адойдзе моўчкі да вакна і надумае, потым павернецца да мяне і, стараючыся, каб я не прачытаў на яго абліччы праўды, скажа абыякім тонам: — «Пакуль-што ня бачу нічога асаблівага, але ўсё-такі, колега, я раіў-бы вам спыніць заняткі»… І гэта пазбавіць мяне апошняй надзеі.

У каго няма надзей? Цяпер, калі я сам стаўлю сабе дыягноз[59] і сам лячу сябе, часамі я спадзяюся, што мяне падводзіць маё невуцтва, што я памыляюся і наконт бялка і цукру, што знаходжу ў сябе, і наконт сэрца, і наконт тых ацёкаў, што ўжо два разы бачыў у сябе раніцамі; калі я з рупнасьцю іпохондрыка перачытываю падручнікі тэрапіі і штодня мяняю лякарствы, мне ўсё здаецца, што я траплю на што-небудзь спацешнае. Дробна ўсё гэта.

Ці ў хмарах неба, ці зьзяюць на ім месяц і зоркі, я кожны раз, вяртаючыся, гляджу на яго і думаю пра тое, што хутка мяне возьме сьмерць. Здавалася-б, у гэты час думкі мае павінны быць глыбокія, як неба, яркія, надзвычайныя… Але не! Я думаю пра сябе, пра жонку, Лізу, Гнэккера, пра студантаў, наогул пра людзей, думаю блага, дробна, хітрую перад самім сабою, і ў гэты час мой сьветапогляд можна выказаць слоўмі, што славуты Аракчэеў[60] сказаў у адным з сваіх інтымных лістоў: «Усё добрае на сьвеце ня можа быць бяз дрэннага, і заўсёды больш дрэннага, як добрага». Іначай кажучы, усё агідна, няма чаго жыць, а тыя 62 гады, што ўжо пражытыя, трэба лічыць загіблымі… Я лаўлю сябе на гэтых думках і стараюся пераканаць сябе, што яны выпадковыя, часовыя і сядзяць ва мне ня глыбока, але зараз-жа я думаю:

«Калі так, дык навошта-ж кожны вечар цябе цягне да тых дзьвюх жабаў?»

І я клянуся больш ніколі не хадзіць да Касі, хоць і ведаю, што заўтра-ж зноў пайду да яе.

Сморгаючыся каля сваіх дзьвярэй за званок і потым, ідучы ўверх па ўсходцах, я адчуваю, што ў мяне ўжо няма сям’і і няма жаданьня вярнуць яе. Ясна, што новыя, аракчэеўскія думкі сядзяць ва мне не выпадкова і не часова, а ўладаюць ўсёю маёю істотаю.

З хворым сумленьнем, пануры, гультаяваты, ледзь рухаючыся, нібы ва мне прыбавілася тысяча пудоў вагі, я кладуся ў пасьцель і хутка засынаю.

А потым — бяссоньніца…


IV

Надыходзіць лета, і жыцьцё мяняецца.

У адну прыгожую раніцу ўваходзіць да мяне Ліза і гаворыць жартаўлівым тонам:

— Хадзем, ваша яснавяльможнасьць. Гатова.

Маю яснавяльможнасьць вядуць на вуліцу, садзяць рамізьніку ў брычку і вязуць. Я еду і, ня маючы лепшага занятку, чытаю шыльды справа налева. З слова «трактир» выходзіць «риткарт». Гэта-б добра было на баронскае прозьвішча: баронэса Рыткарт. Далей еду полем каля могілак, што ня робяць на мяне аніякага ўражаньня, хоць я хутка буду ляжаць на іх; потым еду лесам і зноў полем. Нічога няма цікавага. Пасьля двухгадзіннай язды, маю яснавяльможнасьць вядуць у ніжні паверх дачы і ўладжваюць яе ў невялікім, вельмі вясёленькім пакоі з блакітнымі шпалерамі.

Уночы падаўнейшаму бяссоньніца, але раніцою я ўжо не ўстаю і ня слухаю жонкі, а ляжу ў ложку. Я ня сплю, а знаходжуся ў санлівым стане, калі ведаеш, што ня сьпіш, але бачыш сны. У паўдні я ўстаю і саджуся па прывычцы за свой стол, але ўжо не працую, а забаўляю сябе францускімі кніжкамі ў жоўтых вокладках, што прысылае мне Кася. Вядома, было-б патрыотычней чытаць расійскіх аўтараў, але, прызнацца, я ня вельмі паважаю іх. Выключаючы двух-трох старыкоў, уся цяперашняя літаратура здаецца мне не літаратурай, а нечым накшталт саматужніцтва, што існуе толькі на тое, каб яго падахвочвалі, але зьнехаця карысталіся яго вырабамі. Самае лепшае з саматужніцкіх вырабаў нельга назваць выдатным і нельга шчыра пахваліць яго без але; тое-ж самае трэба сказаць і аб усіх тых літаратурных навінках, што я прачытаў у апошнія 10-15 год; ніводнай выдатнай і не абыйдзешся без але. Разумна, шляхетна, але не таленавіта; таленавіта, шляхетна, але не разумна, або нарэшце — таленавіта, разумна, але не шляхетна.

Я не скажу, каб францускія кніжкі былі і таленавітыя, і разумныя, і шляхетныя. І яны не задавальняюць мяне. Але яны не такія нудныя, як расійскія, і ў іх не навіна знайсьці галоўны элемэнт творчасьці — пачуцьцё асабістай волі, чаго няма ў расійскіх аўтараў. Я ня помню ніводнай такой навінкі, дзе аўтар з першай-жа старонкі не падбаў-бы апутаць сябе ўсякімі ўмоўнасьцямі і контрактамі з сваім сумленьнем. Адзін баіцца гаварыць пра голае цела, другі зьвязаў сябе кругом псыхолёгічным аналізам, трэцяму патрэбна «цёплае стаўленьне да чалавека», чацьверты знарок гэтыя балонкі размазвае апісаньнямі прыроды, каб ня быць западазроным у тэндэнцыйнасьці[61]… Адзін хоча быць у сваіх творах абавязкова мешчанінам, другі абавязкова дваранінам і г. д. Наўмыснасьць, асьцярожнасьць, пільнасьць, але няма ні волі, ні мужнасьці пісаць, як хочацца, а значыцца, няма і творчасьці.

Усё гэта пра так званае прыгожае пісьменства.

Што-ж да расійскіх сур’ёзных артыкулаў, напрыклад, па соцыолёгіі, па мастацтву і інш., дык я ня чытаю іх проста з-за нясьмеласьці. У дзяцінстве і юнацтве я чамусьці адчуваў страх перад швайцарамі і тэатральнымі капэльдынэрамі, і гэты страх застаўся ў мяне дагэтуль. Я і цяпер баюся іх. Кажуць, здаецца страшным толькі тое, што незразумела. І сапраўды, вельмі цяжка зразумець, чаго швайцары гэтакія ганарыстыя, напышныя і надзвычайна няветлівыя. Чытаючы сур’ёзныя артыкулы, я адчуваю гэткі-ж самы няпэўны страх. Нязвычайная паважнасьць, гульлівы генэральскі тон, абыходжаньне за панібрата з замежнымі аўтарамі, уменьне паважна пераліваць з пустога у парожнае — усё гэта мне незразумела, страшна і ўсё гэта непадобна да сьціпласьці і джэнтльменскага тону, да чаго я звык, чытаючы нашых пісьменьнікаў — дактароў і прыродазнаўцаў. Ня толькі артыкулы, але мне цяжка чытаць нават пераклады, што робяць або рэдагуюць рускія сур’ёзныя людзі. Фанабарысты, ласкавы тон прадмоў, вялікая колькасьць заўваг ад перакладчыка, што перашкаджаюць мне сабраць увагу, пытаньні і sic[62] у дужках, раскіданыя шчодрым перакладчыкам па ўсім артыкуле або кнізе, здаюцца мне замахамі і на асобу аўтара і на маю чытацкую самастойнасьць.

Неяк раз я быў запрошаны экспэртам у акруговы суд; у антракце адзін з маіх таварышоў-экспэртаў зьвярнуу маю ўвагу на грубыя дачыненьні прокурора да падсудных, а сярод тых былі і дзьве інтэлігентныя жанчыны. Мне здаецца, я ані не павялічваў, адказаўшы таварышу, што гэтыя дачыненьні ня грубей за тыя, што існуюць у аўтараў сур’ёзных артыкулаў, за іх дачыненьні адзін да аднаго. Сапраўды, яны гэтак грубыя, што пра іх можна гаварыць толькі з цяжкім пачуцьцём. Адзін да аднаго і да тых пісьменьнікаў, каго яны крытыкуюць, яны ставяцца або залішне пачціва, не шкадуючы сябе, або-ж, наадварот, гнібяць іх куды сьмялей, як я ў гэтых запісках і думках свайго будучага зяця Гнэккера. Абвінавачаньні ў неасуднасьці, у нечыстаце замераў і нават у рознай крымінальшчыне звычайна аздабляюць сур’ёзныя артыкулы. А гэта ўжо, як любяць казаць у сваіх артыкульчыках маладыя дактары, ultima ratio[63]. Такія адносіны канечне павінны адлюстравацца на норавах маладога пакаленьня, тых, хто піша, і таму я зусім ня дзіўлюся, што ў тых навінкак, што прыдбала ў апошнія 10-15 гадоў наша прыгожае пісьменства, героі п’юць шмат гарэлкі, а гераіні ня зусім цнотныя.

Я чытаю францускія кніжкі і паглядаю ў вакно, што адчынена; мне відаць зубчыкі майго агародчыка, два-тры худзенькія дрэўцы, а там далей за агародчыкам дарога, поле, потым шырокая паласа хваёвага лесу. Часта я любуюся, як нейкія хлопчык і дзяўчынка, абое белавалосыя і абшарпаныя, караскаюцца на агародчык і сьмяюцца з маёй лысіны. У іх бліскучых вочках я чытаю: «ідзі, лысы!» Гэта бадай што адзіныя людзі, каму няма ніякай справы ні да маёй славутасьці, ні да годнасьці.

Наведвальнікі цяпер бываюць у мяне ня кожны дзень. Спамяну толькі пра наведваньні Мікалая і Пётры Ігнатавіча. Мікалай прыходзіць да мяне звычайна ў сьвята, як быццам з патрэбаю, але болей затым, каб пабачыцца. Прыходзіць ён дужа пад мухаю, чаго з ім ніколі ня бывае зімою.

— Што скажаш? — пытаю я, выходзячы да яго ў сенцы.

— Ваша яснавяльможнасьць! — кажа ён, прыціскаючы руку да сэрца і гледзячы на мяне з захапленьнем. — Ваша яснавяльможнасьць! Пакарай мяне бог! Забі гром на гэтым месцы! Гаўдэамус ігітур ювэнэстус![64].

І ён прагна цалуе мяне ў плечы, у рукавы, у гузікі.

— Усё у нас там добра? — пытаюся я ў яго.

— Ваша яснавяльможнасьць! Як перад шчырым…

Ён ня спыняе бажыцца бяз усякай патрэбы, хутка абрыдае мне, і я пасылаю яго ў кухню, дзе яму даюць папалуднаваць. Пётра Ігнатавіч прыяжджае да мяне таксама ў сьвята знарок таго, каб ведаць і падзяліцца са мною думкамі. Сядзіць ён у мяне звычайна ля стала, сьціплы, чысьценькі, разважлівы, не адважваючыся пакласьці нага за нагу, або абаперціся на стол; і ўвесь час ён ціхім, роўным галаском, гладка і кніжна расказвае мне розныя, на яго думку, вельмі цікавыя і пікантныя навіны, вычытаныя ім з часопісаў і кніжак. Усе гэтыя навіны падобны адна на адну і зводзяцца да аднаго тыпу: адзін француз зрабіў вынаходку, другі — немец выкрыў яго, даказаўшы, што гэта вынаходка была яшча зроблена ў 1870 годзе нейкім амэрыканцам, а трэці — таксама немец, перахітрыў абодвых, даказаўшы ім, што абодвы яны здурэлі, палічыўшы пад мікроскопам галачкі паветра за цёмны пігмэнт[65]. Пётра Ігнатавіч, нават калі хоча расьсьмяшыць мяне, расказвае доўга, дакладна, нібы абараняе дысэртацыю, з падрабязным пералічэньнем літаратурных крыніц, чым ён карыстаўся, стараючыся не памыляцца ні ў ліках, ні ў нумарох часопісаў, ні ў іменьнях, прычым кажа ня проста Пці, а абавязкова Жан-Жак Пці[66]. Здараецца, што ён застаецца ў нас палуднаваць, і тады на працягу ўсяго полудню ён расказвае тыя-ж пікантныя гісторыі, што наводзяць сум на ўсіх, хто палуднуе. Калі Гнэккер і Ліза пачынаюць пры ім гаварыць аб фугах і контра-пунктах, пра Брамса і Баха, дык ён сьціпла ўтароплівае вочы і саромеецца; яму сорам, што ў прысутнасьці такіх сур’ёзных людзей, як я і ён, гавораць аб такіх нікчэмнасьцях.

З цяперашнім маім настроем даволі пяці хвілін, каб ён абрыдаў мне гэтак, як быццам я бачу і слухаю яго цэлую вечнасьць. Я ненавіджу небараку. Ад ціхага, роўнага голасу і кніжнай мовы я сохну, ад апавяданьняў тупею… Ён ставіцца да мяне з самымі добрымі пачуцьцямі і гаворыць са мною толькі таму, каб дагадзіць мне, а я адплачваю яму тым, што наўсторч гляджу на яго, нібы хачу яго загіпнозаваць, і думаю: «ідзі, ідзі, ідзі»… Але ён не паддаецца гіпнозу і сядзіць, сядзіць, сядзіць…

Пакуль ён сядзіць у мяне, я ніяк не магу адчапіцца ад думкі: «вельмі магчыма, што калі я памру, яго прызначаць на маё месца», і мая бедная аўдыторыя здаецца мне оазам, дзе высах ручай, і я з Пётрам Ігнатавічам неласкавы, маўклівы, пануры, як-бы за гэтыя думкі вінен ён, а ня я сам. Калі ён пачынае паводле звычаю ўслаўляць нямецкіх вучоных, я ўжо не жартую дабрадушна, як раней, а панура мармычу:

— Аслы вашы немцы…

Гэта падобна да таго, як нябожчык профэсар Мікіта Крылоў, купаючыся аднойчы з Пірогавым у Рэвелі і раззлаваўшыся на ваду, што была дужа халодная, вылаяўся: «падлюгі немцы!» Трымаю я сябе з Пётрам Ігнатавічам дрэнна, і толькі калі ён адыходзіць і я бачу, як у вакне за агародчыкам мільгае яго шэры капялюш, мне хочацца паклікаць яго і сказаць: «даруйце мне, галубок!»

Полудзень у нас праходзіць нудней, як узімку. Той-жа Гнэккер, якога я цяпер ненавіджу і пагарджаю, палуднуе ў мяне кожны дзень. Раней я цярпеў яго прысутнасьць моўчкі, цяпер я выкідваю на яго адрас упінкі, ад чаго чырванеюць жонка і Ліза. Зачапіўшыся злосным пачуцьцём, я часта гавару проста глупства і ня ведаю, нашто гавару яго. Так здарылася аднойчы, я доўга глядзеў з пагардаю на Гнэккера і раптам пальнуў:

Арлам здараецца і ніжэй кур спускацца,
Але курам да воблакаў ніколі ня ўзьняцца…

І прыкра ад усяго, што курыца Гнэккер выходзіць куды разумнейшы за арла-профэсара. Ведаючы, што жонка і дачка ў яго руку цягнуць, ён трымаецца такой тактыкі: адказвае на мае ўпікі спагадлівым маўчаньнем (зьехаў, той казаў, стары з розуму — што з ім гаварыць?), або дабрадушна з мяне жартуе. Трэба дзівіцца, да чаго можа здрабняць чалавек! Я магу праз увесь полудзень марыць аб тым, як Гнэккер зьявіцца авантурыстым, як Ліза і жонка зразумеюць сваю памылку, і як я буду дражніць іх — і гэтакія недарэчныя мары ў той час, калі аднэю нагою я стаю ўжо ў магіле!

Бываюць цяпер і непаразуменьні, пра што я толькі дачуваўся. Як мне ні няпрыемна, але апішу адно з іх, што здарылася гэтымі днямі пасьля полудню.

Я сяджу ў сябе ў пакоі і куру люльку. Уваходзіць, як звычайна, жонка, садзіцца і пачынае гаварыць пра тое, што добра-б цяпер, пакуль цёпла і ёсьць вольны час, зьезьдзіць у Харкаў і даведацца там, што за чалавек наш Гнэккер.

— Добра, зьежджу… — згаджаюся я.

Жонка, задаволеная мною, устае і ідзе да дзьвярэй, але зараз-жа вяртаецца і гаворыць:

— Да рэчы, яшчэ адна просьба. Я ведаю, ты пакрыўдзішся, але мой абавязак папярэдзіць цябе. Прабач, Мікалай Сьцяпанавіч, але ўсе нашы знаёмыя і суседзі пачалі ўжо пагаварваць аб тым, што ты вельмі часта бываеш у Касі. Яна разумная, адукаваная, я не спрачаюся, з ёю прыемна прабавіць час, але ў твае гады і з тваім грамадзкім становішчам неяк, ведаеш, дзіўна знаходзіць асалоду ў яе кампаніі… Да таго-ж, у яе такая рэпутацыя, што…

Уся кроў раптам адлівае ад маіх мазгоў, з вачэй сыплюцца іскры. Я ўскакваю і, схапіўшы сябе за галаву, тупаючы нагамі, крычу не сваім голасам:

— Пакіньце мяне! Пакіньце мяне! Пакіньце!

Напэўна твар мой жудасны, голас нязвычайны, таму што жонка раптам бляднее і моцна ўскрыквае нейкім таксама не сваім роспачным голасам. На наш крык убягаюць Ліза, Гнэккер, потым Ягор…

— Пакіньце мяне! — крычу я. — Вон! Пакіньце!

Ногі мае нямеюць, нібы іх няма зусім, я адчуваю, як валюся на чыесьці рукі, потым нядоўга чую плач і страчваю прытомнасьць, што цягнецца гадзіны дзьве-тры.

Цяпер пра Касю. Яна бывае ў мяне кожны дзень перад вечарам, і гэтага, вядома, ня могуць не заўважыць ні суседзі, ні знаёмыя. Яна прыяжджае на хвілінку і вязе мяне з сабою праехацца. У яе свой конь і новенькі шарабан, куплены гэтага лета. Наогул жыве яна на шырокую ногу: наняла дарагую дачу-асабняк з вялікім садам і перавезла туды ўсю сваю гарадзкую абстаноўку, мае дзьвёх пакаёвак, фурмана… Часта я пытаюся ў яе:

— Кася, як ты будзеш жыць, калі прамантачыш бацькаўскія грошы?

— Там убачым, — адказвае яна.

— Гэтыя грошы, мой дружа, заслугоўваюць больш сур’ёзнага абыходжаньня з імі. Яны прыдбаны добрым чалавекам, сумленнаю працаю.

— Пра гэта вы ўжо гаварылі мне. Ведаю.

Спачатку мы едзем полем, потым хваёвым лесам, што відзён з майго вакна. Прырода па-даўнейшаму здаецца мне прыгожаю, хаця нячысьцік і шэпча мне, што ўсе гэтыя хвоі і елкі, птушкі і белыя хмаркі на небе праз тры або чатыры месяцы, калі я памру, не заўважаць маёй адсутнасьці. Касі падабаецца кіраваць каня і прыемна, што надвор’е добрае і што я сяджу побач з ёю. Яна ў добрым настроі і не гаворыць мне наперакор.

— Вы вельмі добры чалавек, Мікалай Сьцяпанавіч, — кажа яна. — Вы рэдкі экзэмпляр, і няма такога актора, што змог-бы сыграць вас. Мяне або, напрыклад, Міхала Тодаравіча сыграе нават дрэнны актор, а вас ніхто. І я вам зайздрошчу, вельмі зайздрошчу! От я — што я гэтакае? Што?

Яна хвіліну думае і пытае мяне:

— Мікалай Сьцяпанавіч, я-ж адмоўнае зьявішча? Так?

— Так, — адказваю я.

— Гм… Што-ж мне рабіць?

Што адказаць ёй? Лёгка сказаць «працуй» або «раздай сваю маемасьць бедным», або «пазнай самога сябе», і таму, што гэта лёгка сказаць, я не ведаю, што адказаць ёй.

Мае таварышы тэрапэўты, калі вучаць лячыць, раяць «індывідуалізаваць кожны асобны выпадак». Трэба паслухаць гэтай парады, каб пераканацца, што сродкі, якія рэкомэндуюцца ў падручніках за самыя лепшыя і карысныя для шаблёну, бываюць зусім нявартнымі ў асобных выпадках. Тое-ж самае і ў моральнай немачы.

Але адказаць што-небудзь трэба, і я кажу:

— У цябе, мой дружа, надта шмат вольнага часу. Табе трэба заняцца чым-небудзь. Сапраўды, чаму табе зноў не астацца ў акторкі, калі ёсьць здольнасьць?

— Не магу.

— Тон і манера ў цябе гэтакія, як-бы ты ахвяра. Гэта мне не падабаецца, дружа мой. Сама ты вінавата. Успомні, ты пачала з таго, што пакрыўдзілася на людзей і на парадкі, але нічога не зрабіла, каб тыя і другія сталі лепшыя. Ты не змагалася з благім, а стамілася, і ты ахвяра не барацьбы, а свайго бясьсільля. Ну, пэўне, тады ты была маладая, неспрактыкаваная, цяпер-жа ўсё можа пайсьці іначай. Сапраўды, аставайся! Будзеш ты працаваць, служыць сьвятому мастацтву…

— Ня хітруйце, Мікалай Сьцяпанавіч, — перапыняе мяне Кася. — Давайце раз назаўсёды ўмовімся: будзем гаварыць пра актораў, пра акторак, пісьменьнікаў, але пакінем у спакоі мастацтва. Вы надзвычайны, рэдкі чалавек, але не настолькі разумееце мастацтва, каб сумленна лічыць яго сьвятым. Да мастацтва ў вас няма ні чуцьця, ні слыху. Усё жыцьцё вы былі занятыя і вам некалі было набываць гэтае чуцьццё. Наогул… я ня люблю гэтых гаворак пра мастацтва! — кажа яна нэрвова. — Ня люблю! І так ужо зьняславілі яго, дзякую шчыра!

— Хто зьняславіў?

— Тыя зьняславілі яго п’янствам, газэты — абыходжаньнем за панібрата, разумныя людзі — філёзофіяй.

— Філёзофія тут ні да чаго.

— Да чаго. Калі хто філёзофствуе, дык гэта значыць, што ён не разумее.

Каб справа не дайшла да рэзкасьцяй, я сьпяшаюся зьмяніць гаворку і потым доўга маўчу. Толькі калі мы выяжджаем з лесу і накіроўваемся да Касінай дачы, я варочаюся да ранейшай гаворкі і пытаю:

— Ты ўсё-такі не адказала мне: чаму ты ня хочаш ісьці ў акторкі?

— Мікалай Сьцяпанавіч, гэта ўрэшце бязьлітаснасьць! — ускрыквае яна і раптам уся чырванее. — Вам хочацца, каб я сказала праўду? Калі ласка, калі гэта… гэта вам падабаецца! Таленту ў мяне няма. Таленту няма і… шмат ганарыстасьці! От!

Зрабіўшы такое прызнаньне, яна адварочвае ад мяне твар і, каб незаўважаны былі дрыжыкі ў руках, моцна торгае за лейцы.

Пад’яжджаючы да яе дачы, мы ўжо здалёку бачым Міхала Тодаравіча, што спацыруе каля варот і чакае не счакаецца нас.

— Зноў гэты Міхал Тодаравіч! — гаворыць Кася з прыкрасьцю. — Вазьмеце яго ад мяне, калі ласка! Збрыдаў, вытхнуўся… Ну яго!

Міхалу Тодаравічу даўно ўжо трэба ехаць за межы, але ён штотыдня адкладае свой ад’езд. У апошні час з ім адбыліся якія-колечы зьмены: ён неяк змарнеў, пачаў п’янець ад віна, чаго з ім раней ніколі не здаралася, і яго чорныя бровы пачынаюць сівець. Калі наш шарабан спыняецца каля варот, ён не затойвае сваёй радасьці і нецярплівасьці. Ён рупліва высаджвае Касю і мяне, сьпяшаецца задаваць пытаньні, сьмяецца, трэ рукі, і тое лагоднае, маліцьвенае, чыстае, што я раней заўважаў толькі ў яго вачох, цяпер разьліта па ўсім яго абліччы. Ён радуецца, і ў той-жа час яму сорамна сваёй радасьці, сорамна гэтай прывычкі бываць у Касі штовечара, і ён знаходзіць патрэбным мотываваць свой прыезд якой-небудзь відавочнай недарэчнасьцю, кшталтам: «была справа, ехаў міма і дай, думаю, заеду на хвіліну».

Усе трое мы ідзем у пакоі; спачатку п’ем гарбату, потым на стале зьяўляюцца даўно знаёмыя мне дзьве калоды карт, вялікі кавалак сыру, садавіна і бутэлька крымскага шампанскага. Тэмы гаворак у нас ня новыя, усё тыя-ж, што былі і ўзімку. Перападае і унівэрсытэту, і студэнтам, і літаратуры, і тэатру; паветра ад злоснай гаворкі робіцца гусьцей, і атручваюць яго сваімі дыханьнямі ўжо ня дзьве жабы, як узімку, а цэлых тры. Акрамя прыемнага барытоннага сьмеху і рогату, падобнага да гармоніка, пакаёўка, што слугуе нам, чуе яшчэ няпрыемны, бразкатлівы сьмех, якім у водэвілях сьмяюцца генэралы: хе-хе-хе…


V

Бываюць жудасныя ночы з громам, маланкаю, дажджом і ветрам, што ў народзе называюцца вераб’інымі. Адна якраз такая самая вераб’іная ноч была і ў маім асабістым жыцьці…

Я прасынаюся пасьля паўночы і раптам усхопліваюся з пасьцелі. Мне чамусьці здаецца, што я зараз раптоўна памру. Чаму здаецца? У целе няма ніводнага такога адчуваньня, што паказвала-б на хуткі канец, але душу маю сьціскае такі жах, як-бы я раптам убачыў вялізарнае злавеснае зарава.

Я хутка запальваю агонь, п’ю ваду проста з карафінкі, потым борзда іду да адчыненага вакна. Надвор’е на дварэ надзвычайнае. Пахне сенам і нечым яшчэ вельмі добрым. Відаць мне зубчыкі агародчыку, сонныя худзенькія дрэўцы ля вакна, дарога, цёмная паласа лесу; на небе спакойна, дужа яркі месяц і ніводнай хмаркі. Цішыня, не зварухнецца ніводзін ліст. Мне здаецца, што ўсё глядзіць на мяне і прыслухоўваецца, як я буду паміраць…

Жахліва. Зачыняю вакно і бягу да пасьцелі. Мацаю ў сябе пульс і, не знайшоўшы на руцэ, шукаю яго ў скронях, потым у падбародку і зноў на руцэ, і ўсё гэта ў мяне халоднае, сьлізкае ад поту. Дыханьне робіцца ўсё часьцей і часьцей, цела дрыжыць, усё нутро ў руху, на твары і на лысіне такое адчуваньне, як-бы на іх садзіцца павуціньне.

Што рабіць? Паклікаць сям’ю? Не, ня трэба. Я не разумею, што будуць рабіць жонка і Ліза, калі ўвойдуць да мяне.

Я хаваю галаву пад падушку, заплюшчваю вочы і чакаю, чакаю… Плячам маім холадна, яны нібы ўгінаюцца ў сярэдзіну, і такое ў мяне пачуцьцё, як быццам сьмерць падойдзе да мяне абавязкова ззаду, цішком…

— Ківі-ківі! — чуецца раптам піск у ночнай цішыні, і я ня ведаю, дзе гэта: у маіх грудзях або на вуліцы.

— Ківі-ківі!

Божа мой, як страшна! Выпіў-бы яшча вады, але ўжо боязна адплюшчыць вочы і баюся падняць галаву. Жах у мяне несьвядомы, жывёльны, і я ніяк не магу зразумець, чаму мне страшна: ці таму, што хочацца жыць, ці таму, што мяне чакае новае, яшчэ нязьведаная боль.

Наверсе за стольлю нехта ні то стогне, ні то сьмяецца… Прыслухоўваюся. Трохі пачакаўшы, на ўсходцах чуюцца крокі. Нехта сьпяшаючыся ідзе ўніз, потым зноў наверх. Праз хвіліну крокі зноў чуюцца ўнізе; нехта спыняецца каля маіх дзьвярэй і прыслухоўваецца.

— Хто там? — крычу я.

Дзьверы адчыняюцца, я сьмела расплюшчваю вочы і бачу жонку. Твар у яе зблажэлы і вочы заплаканыя.

— Ты ня сьпіш, Мікалай Сьцяпанавіч, — пытае яна.

— Чаго табе?

— Будзь ласкаў, схадзі да Лізы і паглядзі на яе. Ёй нешта робіцца…

— Добра… з прыемнасьцю… — мармачу я, вельмі здаволены тым, што я не адзін. — Добра… От зараз.

Я іду за сваёю жонкаю, слухаю, што яна гаворыць мне, і нічога не разумею ад хваляваньня. Па ўсходцах скачуць сьветлыя плямы ад яе сьвечкі, дрыжаць нашы доўгія цені, ногі мае блытаюцца ў крысьсях халату, я задыхаюся, і мне здаецца, што за мною нехта гоніцца і хоча схапіць мяне за плечы. «Зараз памру тут на гэтых усходах», — думаю я. — «Зараз». Але от мінулі ўсходы, цёмны калідор з італьянскім вакном і ўваходзім у Лізін пакой. Яна сядзіць на пасьцелі ў аднэй сарочцы, спусьціўшы босыя ногі і стогне.

— Ах, божа мой… ах, божа мой! — мармоча яна, жмурачыся ад нашай сьвечкі. — Не магу, не магу…

— Ліза, дзіця маё, — кажу я. — Што табе?

Убачыўшы мяне, яна ўскрыквае і кідаецца мне на шыю.

— Тата мой добры, — рыдае яна, — тата мой… Крошачка мой, любенькі… Я ня ведаю, што мне… Цяжка!

Яна абнімае мяне, цалуе і гаворыць пяшчотныя словы, што я чуў ад яе, калі яна была яшчэ маленькаю.

— Супакойся, дзіця маё, бог з табой, — кажу я. — Ня трэба плакаць. Мне самому цяжка.

Я стараюся ўкрыць яе, жонка дае ёй піць, і абое мы бяз ладу таўчомся каля пасьцелі; сваім плячом я штурхаю яе ў плячо, і ў гэты час мне ўспамінаецца, як мы калісьці купалі нашых дзяцей.

— Ну, дапамажы-ж ёй, дапамажы! — моліць жонка. — Зрабі што-небудзь.

Што-ж я магу зрабіць? Нічога не магу. На душы ў дзяўчынкі нейкі цяжар, але я нічога не разумею, ня ведаю і магу толькі марматаць:

— Дармо, дармо… Гэта пройдзе… Сьпі, сьпі…

Як знарок, на нашым дварэ чуецца раптам як сабака завыў, спачатку ціха і нерашуча, потым моцна, у два галасы. Я ніколі не надаваў значэньня такім прыкметам, як сабачае выцьцё або крык соў, але цяпер сэрца маё балюча сьціскаецца, і я сьпяшаюся растлумачыць сабе гэта выцьцё.

«Глупства»… — думаю я. — «Уплыў аднаго організму на другі. Маё вялікае напружаньне нэрваў перадалося жонцы, Лізе, сабаку, вось і ўсё. Гэтай перадачай тлумачацца прадчуваньні, прадбачаньні»…

Калі я, трохі пачакаўшы, варочаюся да сябе ў пакой, каб напісаць Лізе рацэпт, я ужо ня думаю пра тое, што хутка памру, але проста на душы цяжка, маркотна, так што нават шкода, што я не памёр раптоўна. Доўга я стаю пасярод пакою нярухома і прыгадваю, чаго-б тут прапісаць Лізе, але стогны за стольлю сьціхаюць, і я наважыў нічога не прапісваць, і ўсё-такі стаю…

Цішыня сьмяртэльная, такая цішыня, што, як сказаў нейкі пісьменьнік, нават у вушшу зьвініць. Час ідзе марудна, палосы месячнага сьвятла на падаконьніку не мяняюць свайго становішча, бы застылі… Досьвіткі яшчэ ня скора.

Але вось у агародчыку скрыпіць калітка, нехта падкрадаецца і, адламаўшы ад аднаго з худзенькіх дрэўцаў галінку, асьцярожна стукае ёю ў вакно.

— Мікалай Сьцяпанавіч! — чую я шэпт. — Мікалай Сьцяпанавіч!

Я адчыняю вакно, і мне здаецца, што я бачу сон пад вакном, прытуліўшыся да сьцяны, стаіць жанчына ў чорным адзеньні, ярка асьветленая месяцам, і глядзіць на мяне вялікімі вачыма. Твар яе зблажэлы, строгі і фантастычны ад месяца, як мармуровы, падбародак дрыжыць.

— Гэта я… — гаворыць яна. — Я… Кася!

Пад месяц усе жаночыя вочы здаюцца вялікімі і чорнымі, людзі вышэй і блажней, і таму, напэўна, я не пазнаў яе ў першую хвіліну.

— Чаго табе?

— Даруйце, — кажа яна. — Мне раптам чамусь стала дужа цяжка… Я ня вытрымала і паехала сюды… У вас у вакне агонь і… я пастукала… Прабачце… Ах, каб вы ведалі, як мне было цяжка! Што вы цяпер робіце?

— Нічога… Бяссоньніца.

— У мяне нейкае прадчуваньне было. Урэшце, глупства.

Бровы яе ўзьнімаюцца, вочы блішчаць ад сьлёз, і ўвесь твар напаўняецца, як сьвятлом, знаёмым, даўно нябачаным выразам даверлівасьці.

— Мікалай Сьцяпанавіч! — Моліць яна, працягваючы да мяне абедзьве рукі. — Дарагі мой, прашу вас… малю… Калі вы не пагарджаеце маёй дружбаю і павагаю да вас, дык згадзецеся паслухаць маёй просьбы.

— Што такое?

— Вазьмеце ад мяне мае грошы!

— Ну, от яшчэ што здумала! Нашто мне твае грошы?

— Вы паедзеце куды-небудзь лячыцца… Вам трэба лячыцца. Возьмеце? Так? Галубок, так?

Яна прагна ўглядаецца ў мой твар і паўтарае:

— Так? Возьмеце?

— Не, мой дружа, не вазьму… — кажу я. — Дзякуй.

Яна паварочваецца да мяне плячыма і схіляе галаву. Напэўна, я адмовіў ёй такім тонам, што ён не дапушчаў больш гаворкі пра грошы.

— Едзь дамоў спаць, — кажу я. — Заўтра ўбачымся.

— Значыць, вы ня маеце мяне за свайго друга? — пытае яна панура.

— Я гэтага не кажу. Але грошы твае цяпер мне бескарысныя.

— Прабачце… — кажа яна, зьнізіўшы голас на цэлую октаву. — Я разумею вас… Пазычаць у такога чалавека, як я… у адстаўной акторкі… Урэшце, бывайце…

І яна адыходзіць так шпарка, што я не ўпраўляюся нават сказаць ёй бывай.


VI

Я ў Харкаве.

З тае прычыны, што змагацца з цяперашнім маім настроем было-б бескарысна, ды і не па маëй сіле, дык я наважыў, што апошнія дні майго жыцьця будуць бездакорнымі хаця з формальнага боку; калі ня маю рацыі ў тым, што да сваёй сям’і, і гэта я добра адчуваю, дык буду намагацца рабіць так, як яна хоча. У Харкаў ехаць, дык у Харкаў. Да таго-ж, у апошні час я гэткім стаў да ўсяго абыякім, што мне проста ўсё роўна, куды ні ехаць, ці ў Харкаў, ці ў Парыж або ў Бэрдычаў.

Прыехаў я сюды а гадзіне 12 з поўдня і спыніўся ў готэлі, недалёка ад сабору. У вагоне мяне ўкалыхала, праняло ветрам, і цяпер я сяджу на ложку, трымаюся за галаву і чакаю tiс’а. Трэба-б было сягоньня-ж паехаць да знаёмых профэсараў, але ня хочацца і сілы няма.

Уваходзіць калідорны лёкай-стары і пытае, ці ёсьць у мяне пасьцельная бялізна. Я затрымліваю яго хвілін на пяць і задаю яму некалькі пытаньняў пра Гнэккера, дзеля каго я прыехаў сюды. Выяўляецца, што лёкай паходзіць з Харкава, ведае гэты горад, як свае пяць пальцаў, але ня помніць ніводнага такога дому пад прозьвішчам Гнэккера. Пытаюся наконт маёнткаў — тое-ж самае.

У калідоры гадзіньнік б’е гадзіну, потым дзьве, потым тры… Апошнія месяцы майго жыцьця, пакуль я чакаю сьмерці, здаюцца мне куды даўжэйшымі за ўсё маё жыцьцё. І ніколі раней я ня ўмеў гэтак пагоджвацца з маруднасьцю часу, як цяпер. Раней, бывала, калі чакаеш на вакзале цягніка або сядзіш на экзамене, чвэртка гадзіны здаецца вечнасьцю, цяпер- жа я магу ўсю ноч сядзець нярухома на ложку і зусім абыякава думаць пра тое, што заўтра будзе гэткая-ж доўгая бескаляровая ноч і посьлязаўтра…

У калідоры б’е пяць гадзін, шэсьць, сем… Цямнее.

У шчацэ тупы боль — гэта пачынаецца tic. Каб забавіць сябе думкамі, я станаўлюся на ранейшы свой пункт погляду, калі ня быў абыякі, і пытаю: чаго я, славуты чалавек, тайны радца, сяджу ў гэтым маленькім нумары, на гэтым ложку з чужою шэраю коўдраю? Чаго я гляджу на гэту танную бляшаную мыйніцу і слухаю, як у калідоры бранчыць дрэнны гадзіньнік? Хіба ўсё гэта варта маёй славы і майго высокага становішча ў людзях? І на гэтыя пытаньні я адказваю сабе ўсьмешкаю. Сьмешна мне мая наіўнасьць, з якою я некалі ў маладосьці пераўвялічваў значэньне славутасьці і таго выключнага становішча, чым нібы-та карыстаюцца славутыя людзі. Я вядомы, маё імя вымаўляецца з вялікаю пашанаю, мой портрэт быў і ў «Ниве», і ў «Всемирной Иллюстрации», сваю біографію я чытаю нават у аднэй нямецкай часопісі — і што-ж з гэтага? Сяджу я сам-на-сам у чужым горадзе, на чужым ложку, тру далоньню сваю балючую шчаку… Сямейная бязладзіца, бязьлітаснасьць крэдытораў, грубасьць на чыгунцы, нязручнасьць паспартнай сыстэмы, дарагая і нездаровая страва ў буфэтах, усеагульнае невуцтва і грубасьць у абыходжаньні — усё гэта і шмат што іншае, што было-б вельмі доўга пералічаць, датычыцца мяне ня менш, як кожнага мешчаніна, вядомага толькі сваёй вуліцы. У чым-жа выключнасьць майго становішча? Уявім, што я славуты тысячу разоў, што я герой, мною ганарыцца мая айчына; ува ўсіх газэтах пішуць бюлетэні пра маю хваробу, па пошце ідуць ужо да мяне спачувальныя адрасы ад таварышоў, вучняў і публікі, але ўсё гэта не перашкодзіць мне памерці на чужым ложку, у адзіноцтве… Тут, вядома, ніхто ня вінен, але, грэшны чалавек, ня люблю я сваё популярнае імя. Мне здаецца, як быццам яно мяне ашукала.

Гадзін у дзесяць я засынаю ня гледзячы на tic, сплю моцна і спаў-бы доўга, каб мяне не пабудзілі. У пачатку другой гадзіны раптам чуецца стук у дзьверы.

— Хто там?

— Тэлеграма!

— Маглі-б і заўтра, — крыўджуся я, атрымліваючы ад калідорнага тэлеграму. — Цяпер ужо я не засну другі раз.

— Вінават-с. У вас агонь гарыць, я думаў, што вы ня сьпіцё.

Я распячатваю тэлеграму і перш за ўсё гляджу на подпіс: ад жонкі. Што ёй трэба?

«Учора Гнэккер патаемна ўзяў шлюб з Лізаю. Вярніся».

Я чытаю гэту тэлеграму і палохаюся ненадоўга. Палохае мяне ня ўчынак Лізы і Гнэккера, а мая абыякасьць, з чым я спаткаў вестку пра іх шлюб. Гавораць, што філёзофы і сапраўдныя мудрацы абыякія. Няпраўда, абыякавасьць — гэта паралюш душы, заўчасная сьмерць.

Ізноў кладуся я ў пасьцель і пачынаю прыгадваць, якімі-б забавіць сябе думкамі. Пра што думаць? Здаецца, усё ўжо перадумана і нічога няма такога, што мела-б цяпер здольнасьць узьняць маю думку.

Калі днее, я сяджу ў пасьцелі, абцяўшы рукамі калені, і ад ня маючы работы стараюся пазнаць самога сябе. «Пазнай самога сябе» — добрая і карысная парада; шкода толькі, што старадаўнія не здагадаліся паказаць спосаб, як карыстацца гэтаю парадаю.

Калі мне даўней была ахвота зразумець каго-небудзь або сябе, дык я браў пад увагу ня ўчынкі, дзе ўсё ўмоўна, а жаданьне. Скажы мне, чаго ты хочаш, і я скажу, хто ты.

І цяпер я экзаменую сябе: чаго я хочу?

Я хачу, каб нашы жонкі, дзеці, прыяцелі, вучні любілі ў нас ня імя, ня фірму і не ярлык, а звычайных людзей. Яшчэ што? Я хацеў-бы мець памоцнікаў і настаўнікаў. Яшчэ што? Хацеў-бы прачнуцца гадоў праз сто і хоць-бы адным вокам зірнуць, што будзе з навукай. Хацеў-бы яшчэ пажыць гадоў дзесяць… Далей што?

А далей нічога. Я думаю, доўга думаю і нічога не магу яшчэ здумаць. І колькі-б я ні думаў і куды-б ні раскідаліся мае думкі, мне відаць, што ў маіх жаданьнях няма нечага галоўнага, нечага вельмі важнага. У маім захапленьні навукаю, у маім жаданьні жыць, у гэтым сядзеньні на чужым ложку і ў імкненьні пазнаць самога сябе, ва ўсіх думках, пачуцьцях і паняцьцях, што я складаю аб усім, няма нечага агульнага, што зьвязала-б усё гэта ў адно цэлае. Кожнае пачуцьцё і кожная думка жывуць ува мне асобна, і ва ўсіх маіх гаворках пра навуку, тэатр, літаратуру, вучняў, ва ўсіх абразкох, што малюе маë ўяўленьне, нават самы ўмелы аналітык[67] ня знойдзе таго, што называецца агульнай ідэяй, або богам жывога чалавека.

А калі няма гэтага, дык, значыць, няма і нічога.

У такой беднасьці даволі было сур’ёзнай немачы, страху сьмерці, уплыву абставін і людзей, каб усё тое, што я раней меў за свой сьветапогляд і ў тым бачыў сэнс і радасьць свайго жыцьця, перавярнулася ўверх дном і разьляцелася на шматы. Нічога-ж таму няма дзіўнага, што апошнія месяцы свайго жыцьця я зацьміў думкаю і пачуцьцямі, вартымі раба і барбара, што цяпер я абыякі і не заўважваю досьвіткаў.

Калі ў чалавеку няма таго, што вышэй і мацней ўсіх знадворных уплываў, дык, сапраўды, даволі яму добрага катару, каб згубіць роўнавагу і ўбачыць у кожнай птушцы саву, у кожным гуку чуць сабачую брахню і ўвесь яго пэсымізм або оптымізм[68] з яго вялікімі і малымі думкамі ў гэты час мае значэньне толькі сымптому і больш нічога.

Я пераможаны. Калі гэтак, дык няма чаго мне яшчэ думаць, болей, няма чаго гаварыць. Буду сядзець і моўчкі чакаць, што будзе.

Раніцою калідорны прыносіць мне гарбату і нумар мясцовай газэты. Машынальна я прачытваю абвесткі на першай балонцы, перадавую, вытрымкі з газэт і часопісаў, хроніку… Між іншым у хроніцы я знаходжу такое: «Учора на хуткім цягніку прыехаў у Харкаў наш вядомы вучоны, заслужоны профэсар Мікалай Сьцяпанавіч такі-та і спыніўся ў гэткім-та готэлі».

Напэўная, вядомыя іменьні ствараюцца на тое, каб жыць асобна, ад тых, хто іх мае. Цяпер маё імя бесклапотна гуляе па Харкаве; месяцы праз тры яно, напісанае залатымі літарамі на магільным помніку, будзе блішчаць, як само сонца — і гэта ў той час, калі я буду ужо ўкрыты мохам…

Лёгкі стук у дзьверы. Некаму я патрэбен.

— Хто там? Уваходзьце!

Дзьверы адчыняюцца, і я, зьдзіўлены, раблю крок назад і сьпяшаюся захінуць крысьсе свайго халату. Перада мною стаіць Кася.

— Дабрыдзень, — кажа яна, цяжка дыхаючы ад хады па ўсходах. — Не чакалі? — Я таксама… таксама сюды прыехала.

Яна садзіцца і гаворыць далей, заікаючыся і не пазіраючы на мяне:

— Што-ж вы ня вітаецеся? Я таксама прыехала… сягоньня… Даведалася, што вы ў гэтым готэлі, і прышла да вас.

— Вельмі рад бачыць цябе, — кажу я, паціскаючы плячыма, — але я зьдзіўлены… Ты быццам з неба звалілася. Чаго ты тут?

— Я? Так… проста ўзяла ды прыехала.

Маўчанка. Раптам яна парыўча ўстае і ідзе да мяне.

— Мікалай Сьцяпанавіч! — гаворыць яна, блажнеючы і сьціскаючы на грудзях рукі. — Мікалай Сьцяпанавіч! Я не магу болей так жыць! Не магу! Дзеля самога бога скажэце хутчэй, зараз-жа: што мне рабіць? Кажэце, што мне рабіць?

— Што-ж я магу сказаць? — дзіўлюся я. — Нічога я не магу.

— Кажэце-ж, малю вас! — ня кідае яна, задыхаючыся і ўздрыгваючы ўсім целам. — Клянуся вам, што я не магу болей так жыць! Сілы ня маю!

Яна кідаецца на крэсла і пачынае рыдаць. Яна адкінула назад галаву, ломіць рукі, тупае нагамі; капялюшык яе скінуўся з галавы і матляецца на гумцы, прычоска раскідалася.

— Дапамажэце мне! Дапамажэце! — моліць яна. — Не магу я далей!

Яна дастае з сваёй дарожнай торбачкі хустку і разам з ёю выцягвае штук колькі лістоў, што з яе калень скідаюцца на падлогу. Я падымаю іх з падлогі і на адным пазнаю почырк Міхала Тодаравіча і незнарок прачытваю кавалачак нейкага слова «палк…»

— Нічога я не магу сказаць табе, Кася, — кажу я.

— Дапамажэце! — рыдае яна, хапаючы мяне за руку, цалуючы яе. — Вы-ж мой бацька, мой адзіны друг! Вы-ж разумны, адукаваны, доўга жылі! Вы былі настаўнікам! Кажэце-ж: што мне рабіць?

— Па праўдзе, Кася: ня ведаю…

Я зьбянтэжыўся, засаромеўся, расчуліўся рыданьнямі і ледзь стаю на нагах.

— Давай, Кася, сьнедаць, — кажу я, натужна ўсьміхаючыся. — Годзе плакаць!

І зараз-жа я дадаю сьцішным голасам:

— Мяне хутка ня будзе, Кася…

— Хоць адно слова, хоць слова! — плача яна, працягвае да мяне рукі. — Што мне рабіць?

— Дзівачка, сапраўды… — мармачу я. — Не разумею! Гэтакая разумная і раптам — на табе! расплакалася…

Надыходзіць маўчанка. Кася папраўляе прычоску, надзяе капялюшык, потым камечыць лісты, суне іх у торбачку — і ўсё гэта моўчкі і не сьпяшаючыся. Твар, грудзі і пальчаткі ў яе мокрыя ад сьлёз, але выраз твару ўжо сухі, суровы… Я гляджу на яе, і мне сорамна, што я шчасьлівейшы за яе. Адсутнасьць таго, што таварышы-філëзофы называюць агульнай ідэяй, я заўважыў у сабе толькі незадоўга перад сьмерцю, у канцы сваіх дзён, а душа-ж гэтай небарачкі ня ведала і ня будзе ведаць прытулку ўсё жыцьцё, усё жыцьцё!

— Давай, Кася, сьнедаць, — кажу я.

— Не, дзякуй, — адказвае яна холадна.

Яшчэ адна хвіліна праходзіць у маўчанцы.

— Не падабаецца мне Харкаў, — кажу я. — Надта ўжо шэры. Нейкі шэры горад.

— Але, бадай што… Няпрыгожы… Я ненадоўга сюды… па дарозе. Сягоньня-ж ад’яжджаю.

— Куды?

— У Крым… не — на Каўказ.

— Так. Надоўга?

— Ня ведаю.

Кася ўстае і, холадна ўсьміхнуўшыся, ня гледзячы на мяне, падае мне руку.

Мне хочацца запытаць. — «Значыцца, на пахаваньні ў мяне ня будзеш?» Але яна не глядзіць на мяне, рука ў яе халодная, нібы чужая. Я моўчкі праводжу яе да дзьвярэй. От яна вышла ад мяне, ідзе па доўгім калідоры, не аглядваючыся. Яна ведае, што я гляджу ёй у сьлед і, напэўна, на паваротцы азірнецца.

Не, не азірнулася. Чорнае адзеньне ў апошні раз мільганула, заціхлі крокі… Бывай, маë золатца!


  1. Генерал на грамадзянскай службе, што мае ордэны.
  2. Пірагоў Н. І. (1810–1881) — славуты расійскі доктар і грамадзкі дзеяч.
  3. Кавелін К. Д. (1818–1885) — вучоны законазнаўца і пісьменьнік.
  4. Некрасаў Н. А. (1821–1877) — славуты расійскі поэта.
  5. Хвароба, пры якой бывае тузаньне нэрва і час-часом скарачэньне мускулу.
  6. Отэлло і Дэздэмона — герой і гераіня твору Шэксьпіра „Вэнэцыянскі маўр“, або „Отэлло“.
  7. Дысэртацыя — праца на атрыманьне годнасьці вучонага.
  8. Гісторыя хваробы.
  9. Пэсымізм — пануры безнадзейны погляд на жыцьцё.
  10. Асоба, што кіруе факультэтам, г. зн. аддзяленьнем унівэрсытэту.
  11. Грубэр В. Л. (1814–1890) — вядомы вучоны ў галіне анатоміі.
  12. Бабухін А. І. (1835–1891) — вядомы вучоны ў галіне біолёгіі.
  13. Эпопея — вялікае апавяданьне.
  14. Тэрмінолёгія — найменьне.
  15. Прэпарат — тое, што прырыхтавана для навуковага досьледу.
  16. Прозэктар-вучоны памочнік пры профэсары мэдыцынскага факультэту, што звычайна разьбірае трупы.
  17. Скобелеў М. Д. (1843–1882) — генарал, услаўлены ў расійска-турэцкую вайну (1877–78 г. г.), дзе браў удзел.
  18. Пераў В. Г. (1833–1882) — вядомы расійскі мастак.
  19. Пацьці (1843-1898) — славутая сьпявачка.
  20. Гэкуба — жонка цара троянскага Прыама („Іліяда“ Гомэра).
  21. Рэфэрат — даклад.
  22. Амфітэатр — шэраг лавак, што паступова ўзвышаецца.
  23. Дырыжэр — хто кіруе оркестрам.
  24. Композытар — аўтар музычных твораў.
  25. Гідра — казачнае страшылла, у якога на месцы адной адсечанай галавы выросталі дзьве новых.
  26. Компаноўка — разьмяшчэньне частак.
  27. Гэркулес — герой грэцкай міталёгіі, што быў вядомы незвычайнай сілай.
  28. Таварыш, што разам працуе.
  29. Інэрцыя — закон, паводле якога цела рухаецца і тады, калі ўжо адпала прычына яго руху.
  30. Сангвінік — жвавы жыцьцярадасны чалавек.
  31. Аргумент — довад, доказ.
  32. Окулісты — доктар, што лечыць вочы.
  33. Фойе — заля на гуляньне ў тэатры ў час антрактаў.
  34. Капэльдынэр — паслужнік пры тэатральнай залі.
  35. Монолёг — частка п’есы, якую выконвае адна асоба.
  36. Консэрватар — абаронца старога парадку.
  37. Сымптомы — адзнака, паказьнік.
  38. Фарс — лёгкая комэдыя, часта ня зусім прыстойнага зьместу.
  39. Фэерыя — сцэнічны твор; галоўную частку яго складае абстановачная частка і балет.
  40. Сымэтрыя — суразьмернасьць, правільнае разьмяшчаньне частак.
  41. Эксцэнтрычнасьць — нястрыманасьць, пастаянная гатоўнасьць на нечаканыя дзеяньні.
  42. Фуга — вышэйшая і самая дасканалая форма шматгучнае музыкі.
  43. Контра-пункт — злучэньне некалькіх самостойных галасоў, што адрозьніваецца поўнаю мілагучнасьцю.
  44. Бах — (1796–1863) — славуты нямецкі музыка.
  45. Брамс — (1853–1897) — славуты нямецкі творца музычных твораў (композытар).
  46. Ваша сьветласьць.
  47. Антагонізм — варожасьць.
  48. Композыцыя — пабудова.
  49. Фінал — канец.
  50. Далакопы — з твору ангельскага пісьменьніка Шэксьпіра „Гамлет“.
  51. Літаральна — маці-карміліца; звычайна так называюць навучальную ўстанову, дзе скончаны курс навукі.
  52. Алхэмія — навука, што імкнецца да ператварэньня недарагік мэталяў у дарагія.
  53. Мэтафізыка — навука, што вывучае сьвет надпачуцьцёвы.
  54. Марк Аўрэлі (121–180) — рымскі імпэратар і філёзоф.
  55. Эпіктэт — філёзоф; жыў у канцы I і ў пачатку II в. хрысьц. эры.
  56. Паскаль — (1623–1662) — славуты францускі матэматык і філёзоф.
  57. Назва малодшых навуковых працаўнікоў.
  58. Добра.
  59. Азначэньне хваробы доктарам.
  60. Аракчэеў — славуты ўлюбенец цара Аляксандра I, што стаў вядомы праз сваю лютасьць.
  61. Тэндэнцыйнасьць — староньняя думка, што стараюцца абараніць; звычайна гэга які-небудзь погляд аўтара літаратурнага твору.
  62. Так! Звычайна гэта слова ўстаўляецца, калі хочуць падкрэсьліць якую-небудзь хібу аўтара.
  63. Тут у сэнсе — „апошняе слова навукі“.
  64. Студэнцкая старая песьня: „Будзем вясёлыя, сябры“.
  65. Матэрыя, што афарбоўвае каморкі організму.
  66. Ж.-Ж. Пці — напэўна, гэта вядомы францускі хірург Ж. Пці (1674–1750).
  67. Ад слова аналіз — разьбіраньне на часткі, дасканалы досьлед.
  68. Оптымізм — бадзёры, жыцьцярадасны погляд на жыцьцё.