Нудная гісторыя (1931)/Уладзік

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Няпрыемнасьць Уладзік
Апавяданьне
Аўтар: Антон Чэхаў
1931 год
Арыгінальная назва: Володя (1887)
Княгіня
Пераклад: Уладзімер Хадыка і Юлі Таўбін.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





УЛАДЗІК

Аднае летняй нядзелі, гадзіне а пятай увечары, Уладзік, сямнаццацігадовы юнак, няпрыгожы, хваравіты і нясьмелы, сядзеў у альтанцы на дачы ў Шуміхіных і сумаваў. Яго невясёлыя думкі цяклі ў трох кірунках. Па-першае, на заўтра, у панядзелак, ён павінен быў трымаць экзамін па матэматыцы; ён ведаў, што калі заўтра яму не пашанцуе разьвязаць матэматычную задачу, дык яго выключаць, бо сядзеў ён у шостай клясе два гады і меў гадавую адзнаку па альгебры 2¾. Па-другое, яго дачаснае жыцьцё у Шуміхіных, людзей багатых і з пратэнзіяй на арыстократызм, увесь час кранала яго ганарыстасьць. Яму здавалася, што m-me Шуміхіна і яе пляменьніцы глядзяць на яго і ягоную maman як на бедных сваякоў і нахлебнікаў, што яны не паважаюць maman і сьмяюцца з яе. Аднаго разу ён незнарок падслухаў, як m-me Шуміхіна казала на тэрасе сваёй стрыечнай сястры Ганьне Тодараўне, што яго maman уcё яшчэ маладзіцца і надае сабе прыгожасьці, што яна ніколі ня плоціць пройгрышу і мае прыхільнасьць да чужых чаравікаў і да чужога тытуну. Штодзень Уладзік упрашваў maman ня езьдзіць да Шуміхіных. апісваў ёй, якую абразную ролю грае яна ў гэтых панкоў, пераконваў, грубіяніў, але тая, лёгкадумная, расьпешчаная, пражыўшы на сваім вяку дзьве маёмасьці — сваю і мужаву, заўсёды імкнучыся да вышэйшае грамады, не разумела яго, і Ўладзік разы два на тыдзень мусіў праводзіць яе на ненавідную дачу. Па-трэцяе, юнак ніяк ня мог пазбавіцца дзіўнага няпрыемнага пачуцьця, што было ў яго зусім новае… Яму здавалася, што ён закахаўся ў стрыечную сястру і гасьціцу Шуміхінай, Ганну Тодараўну. Гэта была рухавая, галосная і сьмяшлівая паненка, гадоў трыццаці, здаровая, моцная, ружовая, з круглымі плячыма, з круглым тлустым падбародкам і заўсёды з усьмешкаю на тонкіх губах. Яна была няпрыгожая і немаладая — Уладзік добра ведаў гэта, але чамусьці ён ня мог ня думаць пра яе, не глядзець на яе, калі яна, гуляючы ў крокет, паціскала сваймі круглымі плячукамі і паціскала гладкімі плячыма ці пасьля доўгага сьмеху і беганіны па ўсходцах кідалася ў крэсла і, заплюшчыўшы вочы, цяжка дыхаючы, рабіла выгляд, што яе грудзям цесна і душна. Яна была замужам. Яе муж, солідны архітэктар, раз на тыдзень прыяжджаў на дачу, добра высыпаўся і варочаўся назад у горад. Дзіўнае пачуцьцё пачалося ў Ўладзіка з таго, што ён бяз прычыны ўзлаваўся на гэтага дойліда і радаваўся ўсякі раз, як той выяжджаў у горад.

Цяпер, седзячы ў альтанцы і думаючы пра заўтрашні экзамін і пра mаman, што з яе ўсе сьмяюцца, ён адчуваў моцнае жаданьне бачыць Ганьку (так Шуміхіны звалі Ганну Тодараўну), чуць яе сьмех, шастаньне яе строяў… Гэтае жаданьне ня было падобна да таго чыстага, романтычнага каханьня, што было яму знаёма з романаў і пра якое ён марыў што-вечар, кладучыся спаць; яно было дзіўнае, незразумелае; ён сароміўся яго і баяўся, як нечага вельмі нядобрага і нячыстага, пра што цяжка прызнавацца нават сабе самому.

— Гэта не каханьне, — казаў ён сабе. — У трыццацігадовых і замужніх нельга закахацца… Гэта проста маленькая інтрыжка… Але, інтрыжка…

Думаючы пра інтрыжку, ён прыгадваў сваю непераможную нясьмеласьць, недахват вусоў, рабаціньне, вузкія вочы, уяўляў сябе поруч з Гануляю — і гэтая пара здавалася яму немагчымаю; тады сьпяшаўся ён уявіць сябе прыгожым, сьмелым, дасьціпным, апранутым паводле самага апошняга фасону…

У самы росквіт крозаў, калі ён, згорбіўшыся і пазіраючы ў зямлю, сядзеў у цёмным куточку альтанкі, пачуліся лёгкія крокі. Нехта, не сьпяшаючыся, ішоў прысадамі. Хутка крокі заціхлі, і ля ўваходу мільганула нешта белае.

— Ёсьць тут хто-небудзь? — спытаў жаночы голас.

Уладзік пазнаў гэты голас і, спалохаўшыся, падняў галаву.

— Хто тут? — пыталася Гануля, уваходзячы ў альтанку. — Ах, гэта вы, Уладзік? Што вы тут робіце? Думаеце? І як гэта можна ўсё думаць, думаць, думаць… Гатак можна звар’яцець!

Уладзік выпрастаўся і зьбянтэжана паглядзеў на Ганулю. Яна толькі што вярнулася з купальні. На яе плячох віселі прасьцірадла і калматы ручнік, і з-пад белае шаўковае хусткі на галаве відаць былі мокрыя валасы, што прыліплі к ілбу. Ад яе ішоў вільготны пах купальні і міндальнага мыла. Ад шпаркае хады яна задыхалася. Верхні гузік яе кафтана быў расшпілены, так што юнак бачыў і шыю і грудзі.

— Што-ж вы маўчыцё? — спыталася Гануля, аглядаючы Ўладзіка. — Недалікатна маўчаць, калі з вамі гаворыць дама. Якая вы, аднак, нэрпа, Уладзік! Вы ўсё сядзіцё, маўчыцё, думаеце, як філёзоф, які. У вас зусім няма жыцьця і агню… Агідны вы, сапраўды… У вашы гады трэба жыць, скакаць, балабосьціць, заляцацца да жанчын, кахацца.

Уладзік глядзеў на прасьцірадла, што падтрымоўвала белая пухкая рука, і думаў…

— Маўчыць! — дзівілася Гануля. — Гэта нават дзіўна… Паслухайце, будзьце мужчынам! Ну, хоць усьміхнецеся! Фуй, агідны філёзоф! — засьмяялася яна. А ведаеце, Уладзік, чаму вы гэткая нэрпа? Таму, што не заляцаецеся да жанчын. Чаму вы не заляцаецеся? Праўда, тут дзяўчат няма, але нішто-ж вам не перашкаджае заляцацца да дам. Чаму вы, прыкладам, да мяне не заляцаецеся?

Уладзік слухаў і ў цяжкім, напружаным раздум’і чухаў сабе скронь.

— Маўчаць і любяць адзіноту толькі вельмі гардыя людзі, — гаварыла Гануля, адцягваючы яго руку ад скроні. — Вы гарды, Уладзік. Чаму вы глядзіцё з-пад ілба? Будзьце ласкавы глядзець проста ў твар. Але-ж і нэрпа!

Уладзік наважыўся загаварыць. Хочучы ўсьміхнуцца, ён паварушыў ісподняю губою, заморгаў вачыма ды зноў пацягнуў руку да скроні.

— Я… я кахаю вас! — прагаварыў ён.

Гануля зьдзіўлёна ўзьняла бровы і засьмяялася.

— Што я чую?! — засьпявала яна, як сьпяваюць опэрныя сьпявакі, калі чуюць што страшэннае. — Як? Што вы сказалі? Паўтарэце…

— Я… я кахаю вас! — паўтарыў Уладзік.

І ужо бяз жаднага ўдзелу свае волі, нічога не разумеючы і ня цямячы, ён зрабіў паўкрока да Ганулі і ўзяў яе за руку ніжэй локця. У ваччу яго цёмна зрабілася і выступілі сьлёзы, увесь сьвет зрабіўся адным вялікім, калматым ручніком, а ад яго пахла купальняю.

— Спрытна, спрытна! — пачуў ён вясёлы сьмех. — Што-ж вы маўчыце! Ну?

Убачыўшы, што яму не перашкаджаюць трымаць руку, Уладзік зірнуў на вясёлы Ганулін твар і нязграбна ўзяў яе абедзьвюма рукамі за стан так, што пальцы абедзьвюх яго рук сышліся ў яе на плячах. Ён трымаўся абедзьвюма рукамі за яе стан, але яна, закінуўшы на патыліцу рукі і паказваючы ямачкі на локцях, папраўляла пад хусткаю прычоску і гаварыла спакойным голасам:

— Трэба, Уладзік, быць спрытным, ветлівым, далікатным, а такім можна зрабіцца пад уплывам толькі жаночае грамады. Аднак які ў вас нядобры… злосны твар. Трэба гаварыць, сьмяяцца… Але, Уладзік, ня будзьце букаю, вы малады і ўправіцеся яшчэ нафілёзофствавацца. Ну, пусьцеце мяне, я пайду. Пусьцеце-ж!..

Яна лёгка вызваліла свой стан і, нешта напяваючы, вышла з альтанкі. Уладзік застаўся адзін. Ён прыгладзіў свае валасы, усьміхнуўся і разы тры прайшоўся ад кута да кута, потым сеў на лаўку і ўсьміхнуўся яшчэ раз. Яму было надзвычайна сорамна, так што ён нават зьдзіўляўся, што чалавечы сорам можа дасягнуць гэткай вастрыні і сілы. Ад сораму ён усьміхаўся, шаптаў нейкія словы бяз усякай сувязі і рабіў гэсты.

Яму было сорам, што з ім толькі што абыйшліся, як з хлопчыкам, сорам за сваю нясьмеласьць, а сама больш за тое, што ён адважыўся ўзяць прыстойную замужнюю жанчыну за стан, хоць ні ўзростам, ні сваймі знадворнымі якасьцямі, ні грамадзкім становішчам ён, як яму здавалася, ня меў на гэта ніякага права.

Ён ускочыў, вышаў з альтанкі і, не аглядаючыся, пайшоў у глыб саду што далей ад дому.

«Ах, хутчэй-бы зьехаць адгэтуль! — думаў ён, хаваючы сябе за галаву. — Божа, хутчэй-бы!»

Цягнік, што на ім павінен быў ехаць Уладзік з maman, адыходзіў у восем гадзін сорак хвілін. Заставалася да адыходу цягніка каля трох гадзін, але ён з прыемнасьцю пайшоу-бы на станцыю цяпер-жа, чакаючы maman.

А восьмай гадзіне ён падыходзіў да дому. Уся яго фігура выяўляла рашучасьць: што будзе, тое будзе! Ён наважыў увайсьці сьмела, глядзець проста, гаварыць моцна, не зважаючы ні на вошта.

Ён прайшоу тэрасу, вялікую салю, гасьцінны пакой і спыніўся ў ім, каб адсапнуць. Адтуль чуваць было, як у суседняй сталовай пілі гарбату. M-me Шуміхіна, maman і Гануля пра нешта гаварылі і сьмяяліся.

Уладзік прыслухаўся.

— Запэўняю вас! — гаварыла Гануля. — Я сваім вачам ня верыла! Калі ён пачаў прызнавацца мне пра каханьне і, нават, уявеце, узяў мяне за стан, я не пазнала яго. І ведаеце, у яго ёсьць манэра! Калі ён сказаў, што кахае мяне, дык у твары ў яго было нешта зьвярынае, як у чаркеса.

— Няўжо! — ахнула maman, зайшоўшыся з доўгага сьмеху. — Няўжо! Як ён нагадвае мне свайго бацьку!..

Уладзік пабег назад і выскачыў на вольнае паветра.

«І як яны могуць моцна гаварыць пра гэта! — пакутваў ён, спляснуўшы рукамі і жахліва пазіраючы на неба. — Гавораць моцна, спакойна… І maman сьмяялася… maman! Божа мой, на-што ты даў мне гэткую матку? Нашто?»

Але ісьці ў дом трэба было што-б там ні было. Ён разы тры прайшоўся ў прысадах, трохі супакоіўся і увайшоў у дом.

— Што-ж вы ня прыходзіце ў пору гарбату піць? — сурова спыталася m-me Шуміхіна.

— Даруйце… мне пара ехаць, — замарматаў ён, ня ўздымаючы вачэй. — Maman, ужо восем гадзін!

— Едзь сам, мой любы, — сказала млосна maman, — я застаюся начаваць у Лілі. Бывай, мой сябра… Дай я цябе перажагнаю…

Яна перажагнала сына і сказала па-француску, зьвяртаючыся да Ганулі:

— Ён трохі падобны да Лермантава[1]… Ці праўда?

Сяк так разьвітаўшыся і ня зірнуўшы ні на чый твар, Уладзік вышаў з сталовай. Праз дзесяць хвілін ён ужо ішоў па дарозе на станцыю і быў рад гэтаму. Цяпер ужо яму ня было ні страшна, ні сорамна, дыхалася лёгка і вольна.

За паўвярсты ад станцыі ён сеў на камень ля дарогі і пачаў глядзець на сонца, што больш за палавіну было схавалася за наспу. На станцыі ўжо дзе- ні-дзе загарэліся агні, замільгаў адзін цьмяны, зялёны агоньчык, але цягніка яшчэ ня было відаць. Уладзіку прыемна было сядзець, не варушыцца і прыслухоўвацца да таго, як пакрысе надыходзіў вечар. Змрок альтанкі, крокі, пах купальні, сьмех стан — усё гэта надзвычайна яскрава аднавілася ў яго ўяўленьні і ўсё гэта ўжо ня было такое страшное і значнае, як раней…

«Глупства… Яна не прыняла рукі і сьмяялася, калі я яе трымаў за стан, — думаў ён, — значыцца, ёй гэта падабалася. Каб ёй гэта было агідна, дык яна раззлавалася-б…»

І цяпер Уладзіку зрабілася крыўдна, што там у альтанцы ў яго не ставала сьмеласьці. Яму зрабілася шкода, што ён так па-дурному ад’яжджае і ўжо ён быў упэўнены, што каб той выпадак паўтарыўся, дык ён быў-бы больш сьмелы і прасьцей глядзеў-бы на рэчы.

А выпадку паўтарыцца ня цяжка. У Шуміхіных пасьля вячэры доўга спацыруюць. Калі Ўладзік пойдзе спацыраваць з Гануляю па цёмным садзе, дык — вось і выпадак!

«Вярнуся, — думау ён, — а паеду заўтра на раняшнім цягніку… Скажу, што спазьніўся на цягнік?

І ён вярнуўся… M-me Шуміхіна, maman, Гануля і адна з пляменьніц сядзелі на тэрасе і гулялі ў вінт. Калі Ўладзік салгаў ім, што спазьніўся на цягнік, яны ўстурбаваліся, каб ён заўтра не спазьніўся на экзамін, і параілі яму ўстаць раней. Увесь час, пакуль яны гулялі ў карты, ён сядзеў збоку, ласа аглядаючы Ганулю, і чакаў… У яго галаве ўжо быў падрыхтаваны плян: ён падыйдзе папацёмку да Ганулі, возьме яе за рукі, потым абдыме; казаць нічога ня трэба, бо абаім усё будзе зразумела без размоў.

Але па вячэры дамы не пайшлі спацыраваць у сад і ўсё гулялі ў карты. Гулялі яны да гадзіны і потым разышліся спаць.

«Як гэта ўсё недарэчна! — злаваў Уладзік, кладучыся спаць. — Але дармо, пачакаю заўтрашняга дня… Заўтра зноў у альтанцы. Дармо…»

Ён не стараўся заснуць, а сядзеў у ложку, ашчарапіўшы рукамі калені, і думаў. Думка пра экзамін яму была агідна. Ён пагадзіўся ўжо з тым, што яго выключаць і знайшоў, што ў гэтым выключэньні няма нічога жахлівага. Наадварот, усё вельмі добра, нават вельмі. Заўтра ён будзе вольны, як птушка, будзе насіць цывільную вопратку, будзе курыць не хаваючыся, езьдзіць сюды і заляцацца да Ганулі, калі хоча; і ўжо ня будзе гімназыстым, а «маладым чалавекам». А іншае, што завецца кар’ераю і будучнасьцю, так проста: Уладзік астанецца дабраахвотнікам у войска, у тэлеграфістыя, нарэшце ў аптэку, дзе дойдзе да провізара… Ці мала пасад? Прайшла гадзіна-дзьве, а ён усё сядзеў ды думаў…

А трэцяй гадзіне, калі ўжо разьвіднявала, дзьверы асьцярожна рыпнулі і ў пакой увайшла maman.

— Ты ня сьпіш? — спытала яна, пазяхаючы. — Сьпі, сьпі, я на хвілінку… Я толькі вазьму каплі.

— На што вам?

— У беднае Лілі зноў курчы. Сьпі, дзіця маё, у цябе заўтра экзамін…

Яна выняла з шуфляды бутэлечку з нечым, прачытала сыгнатурку[2] і вышла!

— Марыля Лявонаўна, гэта ня тыя каплі! — пачуў праз хвіліну Ўладзік жаночы голас. — Гэта лантуш, а Ліля просіць морфіну. Ваш сын сьпіць? Папрасеце яго, каб ён знайшоў.

Гэта быў голас Ганулі. Уладзіку холад па целе пайшоў… Ён хутка нацягнуў нагавіцы, накінуў на плечы шынэль і пайшоў да дзьвярэй.

— Разумееце? Морфін! — тлумачыла шэпатам Гануля. — Там павінна быць напісана па-лацінску. Пабудзеце Ўладзіка, ён знойдзе…

Maman адчыніла дзьверы, і Уладзік убачыў Ганулю. Яна была ў тым самым кафтане, што і хадзіла купацца. Валасы яе былі ня прычэсаны, рассыпаны па плячах, твар заспаны, смуглявы папацёмку.

— От Уладзік ня сьпіць… — сказала яна. — Уладзік, пашукайце, даражэнькі, у шафе морфіну! Пакута з гэтаю Лілі! Заўсёды ў яе што-небудзь.

Maman нешта прамарматала і пайшла.

— Шукайце-ж, — сказала Гануля. — Чаго стаіцё?

Уладзік пайшоў да шафы, стаў на каленкі і пачаў перабіраць бутэлечкі і каробачкі з лякарствамі. Рукі ў яго калаціліся, а ў грудзях і ў жываце было гэткае адчуваньне, нібы па ўсім яго нутры бегалі халодныя хвалі. Ад паху этару, карбоўкі і ўсякай травы, за што ён бяз жаднае патрэбы хапаўся дрыжачымі рукамі і што рассыпаліся ад гэтага, яму было душна і круцілася галава.

«Здаецца, maman пайшла, — думаў ён. — Гэта добра…»

— Хутка-ж? — спыталася працяжна Гануля.

— Зараз… От гэта, здаецца, морфін… — сказаў Уладзік, прачытаўшы на аднэй сыгнатурцы слова „morph…“ Калі ласка!

Гануля стаяла ў дзьвярах так, што адна нага яе была ў калідоры, а другая ў яго пакоі. Яна папраўляла свае валасы, іх цяжка было паправіць — гэткія яны былі густыя і доўгія! — і бязуважліва глядзела на Ўладзіка. У прасторным кафтане, заспаная, з распушчанымі валасамі, пры тым бедным сьвятле, што ішло ў пакой ад белага, яшчэ не асьвечанага сонцам неба, яна здалася Ўладзіку чароўнаю і пекнаю… Зачарованы, калоцячыся ўсім целам і з асалодаю прыгадваючы тое, як ён абнімаў гэтае цудоўнае цела ў альтанцы, ён падаў ёй каплі і сказаў:

— Якая вы…

— Што?

Яна ўвайшла ў пакой.

— Што? — спытала яна, усьміхаючыся…

Ён маўчаў і глядзеў на яе, потым, як тады ў альтанцы, узяў за руку… А яна глядзела на яго, усьміхалася і чакала: што будзе далей?

— Я вас кахаю… — прашаптаў ён.

Яна кінула ўсьміхацца, падумала і сказала:

— Пачакайце, здаецца, нехта ідзе. Ох, ужо гэтыя мне гімназістыя! — гаварыла яна ўпаўголаса, ідучы да дзьвярэй і пазіраючы ў калідор. — Не, нікога ня відаць…

І яна вярнулася…

Тады Ўладзіку здалося, што пакой, Гануля, сьвітаньне і ён сам — усё зьлілося ў адно адчуваньне вострага, нязвычайнага, нябывалага шчасьця, за што можна аддаць усё жыцьцё і пайсьці на вечную пакуту, але мінула паўхвіліны, і ўсё гэта раптам зьнікла. Уладзік бачыў адзін толькі тоўсты, няпрыгожы твар, скажаны выразам гідлівасьці, і раптам адчуў агіду да таго, што адбылося.

— Але такі мне трэба ісьці, — сказала Гануля, грэбліва аглядаючы Ўладзіка. — Які няпрыгожы, мізэрны… фі, гадкае качаранё!

Якія цяпер Уладзіку здаваліся брыдкія яе доўгія валасы, прасторны кафтан, яе крокі, голас!..

«Гідкае качаранё… — думаў ён пасьля таго, як яна пайшла. — Сапраўды я гідкі… Усё гідкае».

На дварэ ўжо ўсходзіла сонца, гучна сьпявалі птушкі, чуваць было, як праз сад ішоў садоўнік і як рыпела яго тачка… А трохі пачакаўшы пачулася рыканьне кароў і гукі пастуховае жалейкі. Сонечнае сьвятло і гукі гаварылі, што недзе на гэтым сьвеце ёсьць жыцьцё чыстае, прыгожае, поэтычнае. Але дзе яно? Пра яго ніколі не казалі Ўладзіку ні maman, ні ўсе тыя людзі, што абкружалі яго.

Калі лёкай будзіў яго на ранічны цягнік, ён прыкінуўся, што сьпіць…

«Ну яго, усё к д’яблу!» — думаў ён.

Устаў ён з ложку а адзінаццатай гадзіне. Прычэсваючыся перад люстэркам і пазіраючы на свой няпрыгожы, бледны ад бяссоннае ночы твар, ён падумаў:

«Сапраўды… Гідкае качаранё».

Калі maman пабачыла яго і зжахнулася, што ён не на экзаміне, Уладзік сказаў:

— Я праспаў, maman… Але вы не клапацецеся, я падам мэдычнае пасьведчаньне.

M-me Шуміхіна і Гануля прачнуліся а першай гадзіне. Уладзік чуў, як, прачнуўшыся, m-me Шуміхіна са звонам адчыніла ў сябе акно, як на яе грубы голас адказала Гануля раскоцістым сьмехам. Ён бачыў, як адчыніліся дзьверы і з гасьціннага пакою пацягнулася на сьнеданьне чарада пляменьніц і прыхлябалак (у ліку апошніх была maman), як замільгаў памыты, вясёлы твар Ганулі, а побач з яе тварам чорныя бровы і барада архітэктара — ён толькі што прыехаў.

Гануля была ў украінскім гарнітуры, што зусім ня ішоў ёй і рабіў яе нязграбнаю; архітэктар жартаваў брыдка і недарэчна; у катлетах, што падавалі на сьнеданьне, было замнога цыбулі — так здавалася Ўладзіку. Яму таксама здавалася, што Гануля знарок голасна рагатала і паглядала ў ягоны бок, каб гэтым даць зразумець яму, што ўспаміны пра ноч ані ня турбуюць яе і што яна не заўважае прысутнасьці за сталом гідкага качараняці.

А чацьвертай гадзіне Ўладзік ехаў з maman на станцыю. Дрэнныя ўспаміны, бяссонная ноч, у наступным выключэньне з гімназіі, мукі сумленьня — усё гэта збуджала ў ім цяпер цяжкую, панурую злосьць. Ён глядзеў на худы профіль maman, на яе маленькі носік, на ватэрпруф[3], што дала ёй у падарунак Гануля, і марматаў:

— Навошта вы пудрыцеся? Гэта няпрыстойна ў вашыя гады! Вы наводзіце на сябе прыгожасьць, ня плоціце пройгрышаў, курыце чужую табаку… агідна! Я вас не кахаю… не кахаю!..

Ён абражаў яе, а яна спалохана паводзіла сваймі вочкамі, пляскала ручкамі і шаптала з жахам:

— Што ты, мой дружа? Божа мой, фурман пачуе! Замаўчы, бо фурман пачуе! Яму ўсё чуваць!

— Не кахаю… не кахаю! — працягваў ён, задыхаючыся. — Вы распусная, бяздушная… Не насіце гэтага ватэрпруфа! Чуеце? А не, дык я парву яго на кавалкі…

— Апомніся, дзіця маё! — заплакала maman. — Фурман пачуе!

— А дзе маемасьць майго бацькі? А дзе вашы грошы? Вы ўсё распасорылі! Мне ня сорам сваёй бядноты, але сорам, што ў мяне такая матка… Калі мае таварышы пытаюцца пра вас, я заўсёды чырванею.

На цягніку давялося ехаць да гораду дзьве станцыі. Увесь час Уладзік стаяў на пляцоўцы і дрыжаў усім целам. Яму не хацелася ўваходзіць у вагон, таму што там сядзела матка, якую ён ненавідзеў. Ненавідзеў ён самога сябе, кандуктароў, дым ад цягніка, холад, якім тлумачыў свае дрыжыкі… І чым цяжэй рабілася ў яго на душы, тым мацней ён адчуваў, што недзе на гэтым сьвеце, у нейкіх людзей ёсьць жыцьцё, чыстае, шляхетнае, цёплае, прыгожае, поўнае каханьня, пяшчоты, весялосьці, прывольля… Ён адчуваў гэта і сумаваў так моцна, што нават адзін пасажыр, уважліва паглядзеўшы яму ў твар, спытаўся:

— Напэўна ў вас зубы баляць?

У горадзе maman і Ўладзік жылі ў Марылі Пятроўны, дамы-дваранкі, што наймала вялікую кватэру і ад сябе здавала яе кватарантам. Maman наймала два пакоі: у адным, з вокнамі, дзе стаяў яе ложак і віселі на сьценах дзьве карціны ў залатых рамах, жыла яна, а ў другім, побач, маленькім і цёмным, жыў Уладзік. Тут стаяла канапа, дзе ён спаў, і апрача гэтае канапы ня было ніякае іншае мэблі; увесь пакой быў заняты плеценымі кошыкамі з вопраткаю, каробкамі ад капялюшоў і розным сьмецьццем, што на невашта хавала maman. Лекцыі рыхтаваў Уладзік у матчыным пакоі ці ў «агульным», так называўся вялікі пакой, куды ўсе кватаранты сыходзіліся ў часе полудню і па вечарох.

Вярнуўшыся дахаты, ён лёг на канапу і накрыўся коўдраю, каб суняць дрыжыкі. Каробкі ад капялюшоў, пляцёнкі і сьмецьце напомнілі яму, што ў яго няма свайго пакою, няма прытулка, дзе-б ён мог схавацца ад maman, ад яе гасьцей і ад галасоў з «агульнага», што чуваць былі тут; ранец і кнігі, раскіданыя па куткох, напомнілі яму пра экзамін, дзе ён ня быў… Чамусьці зусім недарэчы ўбілася ў галаву Мэнтона[4], дзе ён жыў са сваім нябожчыкам-бацькам, калі меў сем год, успомніўся яму Біарыц[5] і дзьве дзяўчынкі-ангелькі, з якімі ён бегаў па пяску… Захацелася аднавіць у памяці колер неба і акіяну, вышыню хваль і свой тагачасны настрой, але гэта не ўдалося яму; дзяўчынкі-ангелькі мільганулі перад ім, як жывыя, усё-ж іншае зьмяшалася, расплылося.

«Не, тут холадна», — падумаў Уладзік, устаў, апрануў шынэль і пайшоў у «агульны».

У «агульным» пілі гарбату. Пры самавары сядзелі трое: maman, настаўніца музыкі, старэнькая кабеціна ў чарапахавым пэнснэ, і Аўгусьцін Міхайлавіч, стараваты, вельмі тоўсты француз, што працаваў на парфумэрнай фабрыцы.

— Я сёньня не палуднавала, — гаварыла maman, — трэба было-б пакаёўку паслаць па хлеб.

— Дуняш! — крыкнуў француз.

Выявілася, што пакаёўку адаслала некуды гаспадыня.

— О, гэта нічога ня значыць, — сказаў француз, шырока ўсьміхаючыся. — Я зараз сам пайду па хлеб. О, гэта нічога!

Ён паклаў сваю моцную, сьмярдзючую цыгару на відавоку, надзеў капялюш і вышаў. Пасьля гэтага maman пачала апавядаць настаўніцы музыкі пра тое, як яна гасьцявала ў Шуміхіных і як добра яе там частавалі.

— Лілі Шуміхіна — гэта-ж мая сваячка… — казала яна. — Яе нябожчык муж, генерал Шуміхін, прыходзіцца стрыечным братам майму мужу. А сама яна ўроджаная баронэса Кольб…

— Maman, гэта няпраўда! — сказаў нэрвова Ўладзік. — Навошта хлусіць?

Ён вельмі добра ведаў, што maman кажа праўду; у яе апавяданьні пра генэрала Шуміхіна і ўроджаную баронэсу Кольб ня было ніводнага слова хлусьні, але ўсё-ж ён адчуваў, што яна хлусіць, хлусьня адчувалася ў яе манэры гаварыць, у выглядзе твару, ува ўсім.

— Вы хлусіце! — паўтарыў Уладзік і стукнуў кулаком аб стол з такою сілаю, што задрыжалі ўсе шклянкі і ў maman разьлілася гарбата. — Навошта вы апавядаеце пра генэралаў і баронэс? Усё гэта хлусьня!

Настаўніца музыкі зьбянтэжылася і пачала кашляць у хустку, з такім выглядам, нібы папырхнулася, а maman заплакала.

«Куды пайсьці?» — падумаў Уладзік.

На вуліцы ён ужо быў; да таварышоў ісьці сорамна. Вельмі недарэчы згадаліся яму дзьве дзяўчынкі-ангелькі… Ён прайшоўся з кута ў кут па «агульным» і ўвайшоў у пакой Аўгусьціна Міхайлавіча. Тут моцна пахла этарным маслам і гліцэрынавым мылам. На стале, на вокнах і нават на зэдліках стаяла шмат бутэлечак, шкляначак і чарачак з рознаколернымі вадкасьцямі. Уладзік узяў са стала газэту, разгарнуў яе і прачытаў назву «Фігаро»… Ад газэты ішоў нейкі моцны прыемны пах. Потым ён узяў са стала рэвольвэр…

— Кіньце, не ўважайце! — супакойвала ў суседнім пакоі настаўніца музыкі maman. — Ён яшчэ зусім малады! У яго гадох маладыя людзі заўсёды дазваляюць сабе залішняе. З гэтым трэба пагаджацца.

— Не, Аўгіньня Андрэеўна, ён занадта раздураны! — пявучым голасам гаварыла maman. — Над ім няма старэйшага, а я слабая і нічога не магу зрабіць! Не, я няшчасная!

Уладзік улажыў рулю рэвольвэра ў рот, абмацаў нешта падобнае на курак ці цынгель і паціснуў пальцамі. Потым абмацаў яшчэ нейкі кант і яшчэ раз паціснуў. Выняўшы рулю з роту, ён абцёр яе аб крысо шынэлю, агледзеў замок; за ўсё сваё жыцьцё ён ніколі ня браў у рукі зброі.

— Здаецца, гэта трэба падняць… — меркаваў ён. — Так, здаецца…

У «агульны» ўвайшоў Аўгусьцін Міхайлавіч і, рагочучы, пачаў апавядаць пра нешта. Уладзік зноў улажыў рулю ў рот, сьціснуў яе зубамі і паціснуў нешта пальцам. Грымнуў стрэл… Нешта з страшнаю сілаю ўдарыла Ўладзіка па патыліцы, і ён паваліўся на стол, проста ў чаркі і ў бутэлькі тварам. Потым ён пабачыў, як яго нябожчык бацька ў цыліндры з шырокаю, чорнаю стужкаю, якую насіў у Мэнтоне ў знак жалобы па нейкай даме, раптам схапіў яго абедзьвюма рукамі, і абодвы яны паляцелі ў нейкую вельмі цёмную, глыбокую прорву.

Потым усё перамяшалася і зьнікла…


  1. М. Ю. Лермантаў (1814–1841) — славуты расійскі поэта.
  2. Сыгнатурка азначае назву лякарства па частках, якія ў яго ўваходзяць.
  3. Ватэрпруф — верхняя вопратка, паліто.
  4. Мэнтона — горад у Францыі.
  5. Біарыц — таксама.