Новая зямля (1923)/XVIII

З пляцоўкі Вікікрыніцы
XVII. Воўк XVIII. Зіма ў Парэччы
Паэма
Аўтар: Якуб Колас
1923 год
XIX. На рэчцы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




XVIII.

ЗІМА Ў ПАРЭЧЧЫ.

О, добры час дзянькоў прыгожых!
Ты зьнік у хвалях часоў божых,
І толькі ў думках і ўспамінах
Жывеш-гарыш у днёх дзяцінных.
Далёка я ад межаў родных,
Сярод людзей, душой халодных
І сэрцам чэрствых. Я гадаю,
Я родны край успамінаю,
Я ім жыву, я ў ім душою
І сэрцам кожнаю парою,
Як той нявольнік прагне волі,
Так прагну я ступіць на ролі
Сваіх палеткаў, ніў благенькіх,
Дарог і сьцежачак крывенькіх,
Што гожа ўюцца спомеж жыта,
Або срэдзь лесу самавіта.
І ўстануць зьявы, як жывыя,
Малюнкі сэрцу дарагія,
І моцна душу парываюць.
«Ідзі да нас! ідзі!» гукаюць.
Благаславёны час той будзе,
Калі я ў родным сваім людзе
Куточак бацькаў прывітаю
І радасьць жыцьця там пазнаю.
О, родны край! о, край пакуты,
Нягодай цяжкаю прыгнуты!
Калі-ж ты збудзеш тое гора,
Што і цяпер там, як і ўчора,
Як і даўней, цябе зьнішчае
І горкім смуткам авявае?
І ў час вялікі разбурэньня
Ня сьцерпіць нават і каменьне
Тваіх палёў, глухіх абшараў,
Дзе сьлед вайны агнём пажараў
Пранёсься дзіка і няшчадна,
Каб не заплакаць з тога зьдзеку,
Што чалавек-зьвер чалавеку
Так злосна чыніць, неўспагадна!..
О, край мой-мілы! Усёй душою
Хачу злучыцца я з табою,
Ў тваіх палёх пазычыць сілу,
Ў тваёй зямлі сыйсьці ў магілу…
Дзяцінны час!.. Я памятаю
Зімы прыход у нашым краю.
Стаіць над лесам шум маркотны;
Па небе хмары, як палотны,
Паўночны вецер расьцілае,
І бель над далямі зьвісае,
І ціха стане на падворку,
І лес жалобную гаворку,
Свой гоман восені канчае
І моўчкі зіму сустракае.
А сетка белая гусьцее
І бліжай-бліжай сьнегам сее.
І вось над хатай, над гуменцам
Сьняжынкі жвавыя гуляюць,
Садок і дворык засьцілаюць
Бялюткім, чыстым палаценцам.
І тут у хаце ня ўтрываеш:
Кажух на плечы накідаеш,
Бяжыш на двор, як той шалёны,
Крычыш, гукаеш здавалёны,
Зямлі ня чуеш пад сабою
І ловіш белы пух рукою.
Ўгару зірнеш — як рой пчаліны,
Снуюцца ціхія пушыны,
Ўгары зьнячэўку штурхануцца,
Глядзіш — і ў пары пабяруцца.
— О го-го-го, брат! — дзядзька кажа: —
Цяпер зіма напэўна ляжа!
За санкі, Костусь, трэба брацца,
Эх, будзеш мець дзе разгуляцца! —
І Костусь рады і давольны:
Цяпер гулянак сьвет раздольны,
Адкрыты новыя пуціны
У круг забаў яго дзяцінны:
І ён ад радасьці трасецца
Ды ў мяккім сьнезе скачанецца.
А сьнег станоўка і заложна
Так і шуфлюе. Лес набожна
Стаіць, маўчыць і ўсё сьвятлее,
Як-бы, здаецца, весялее.
Назаўтра ўстанеш — сьвет зьмянёны,
У новых хутрах вербы, клёны,
І ўсёды чыста, бель такая,
Што проста вочы адбірае.
Ў парканах шулы, як салдаты,
Стаяць у струнку, зухаваты,
Башлык высокі, шапкі новы,
„Ура!“ гукнуць табе гатовы.
Ідзе з лапатай дзядзька з хаты
І адграбае сьнег заўзята,
Ў гумно і ў хлеў праводзіць сьцежкі, —
Ня хоча мець удзень замешкі,
Бо ўдзень на рэзку і на тоні
Схадзіць рыхтуецца Антоні.
Мы знаем, ён — рыбак з уроды,
І ўсякіх рыб ён знае ходы,
Калі якая нерастуе,
Што ёй пад густ, чаго бракуе;
І нораў кожнай рыбы знае,
Аб іх трактат ён прачытае,
Ды так, што люба і паслухаць,
Дзівіцца будзеш ды лоб чухаць.
І гэта ўсё ня з кніг набрана,
Ня з слоў вучонага паўпана,
Якіх цяпер усёды досыць:
Ўсё гэта ўласны розум зносіць,
Свая мазолілась галоўка,
А ня чыя там калатоўка.
Бярэ Міхал свае прылады,
Якія стрэльбе датыкаюць;
Цяпер зайцы ў лясох гуляюць,
Іх упалюеш бяз прынады,
Тым болей, што ганчак харошы —
Ёсьць сэнс прайсьціся па парошы.
І чуць што толечкі разднела,
У маткі сьнеданьне пасьпела,
Але яе ўсё падганяюць,
Баржджэй рассыпацца жадаюць,
Каму куды, і ў чым хто здольны
Дзянёк прыдасца часам вольны.
— Пакінь, Міхась, ты сучку дома,
Мо’ дзе забіўся тхор між лому:
Ў карчох на рэчцы сьледу многа,
Іх там пярэсмыкі, дарога. —
І да тхароў быў дзядзька падак,
А тхор цяпер дабёр і гладак:
У Сьвержні Іцка з Моўшам проста,
Да шкуркі ўліпнуць, як кароста.
А Такса талент такі мела,
Што за тхарамі чуць ня млела.
— Бяры сабе, хай застаецца, —
На просьбу бацька падаецца.
І Таксу ў хаце запіраюць,
А ў лес Сівалку запрашаюць.
Выходзіць бацька першы з дому
Мясіць сьнягі па буралому.
На ім кучомка, верх зялёны,
Кажух кароценькі, чырвоны,
А стан шырокая папруга,
Сьціскае спрытна, лоўка, туга;
На меднай спронжцы лось красуе
І з жоўтай бляхаю фасуе,
А праз плячо паўзьверх кажуха,
Ідзе раменны пас, бы ў зуха;
На гэтым паску — знак блішчасты,
А на плячах — шчур пакручасты.
І вось як бацька выйдзе зрана
Ды стрэльбу накрыж перакіне —
І ў палясоўшчыцкім ён чыне,
Дапраўды, змахвае на пана!
І дзядзька доўга не чакае,
Маўчком ён Костусю ківае;
А Кастусёк даўно гатовы —
У іх раней была намова
Схадзіць у луг на азярыны
І патрывожыць род тхарыны,
На рэчцы загарадзь паправіць
І новы буч яшчэ паставіць.
За пояс дзядзька закладае
Сваю сякерку, Таксу кліча,
Кусок аладкі ў нос ёй тыча
І вон за дзьверы выпускае,
А Костусь з торбаю, з лапатай
Даўно чакае іх за хатай.
Спаткаўшы Ўладзю на дрывотні,
Раскажа дзядзька ўвесь парадак,
Бо той, наеўшыся аладак,
Глядзіць за домам неахвотна.
Яму ты слова — ён другое,
Заўзята юха, хоць малое.
І дзядзька часам загарыцца,
Гатоў няслушніку па пыццы
Праехаць шорсткім сваім пальцам,
Бо што ты зробіш з падшывальцам?
І дзядзька, плюнуўшы сярдзіта,
Ідзе, спаткнуўшысь на карыта,
А ўсьлед яму сьмяецца Ўладзя.
— Павыскаляйся яшчэ, гадзе, —
Антось яму: — даль-бог вярнуся,
Расквасіць кірпу не збаюся!..
Ото «Гладыш», абы напроці,
Абы нажэрціся! К рабоце
І на вяроўцы не зацягнеш,
У лес пабегчы толькі прагнеш.
Ну, трасцу дам табе цукерку!
Гулу падсуну ў табакерку! —
Бубніць Антось ужо з сабою,
Ідучы скораю хадою.
І доўга Ўладзю дзядзька журыць,
І Костусь бровы свае хмурыць:
І ён на брата сэрца мае,
Бо Ўладзя дзядзьку зьневажае.
А дзядзька поле толькі міне,
Глядзіш — і злосьць яго астыне.
Задраўшы ўгору хвост трубою,
Сама давольная сабою,
Снуецца Такса між кустамі,
Бяжыць і спыніцца часамі,
Наставіць вушы, разважае,
Вушамі нос свой павярае
І ні зрухнецца, бы застыне
І лапу нават чуць узьніме.
А дзядзька Таксу падганяе:
— Шукай тхара! шукай, малая! —
І Такса кінецца стралою
Туды, дзе цэлай чарадою
Стаяць алешыны крывыя,
Пад іх карчагі патайныя.
І часта тут — былі здарэньні —
Заб’ецца тхорык пад карэньні.
І тут усіх рух апануе!
Фатыгі Такса не шкадуе:
Дзярэ, грызе, пішчыць, скавыча,
Бо знак дае, што ёсьць здабыча,
І дзядзька ўвесь, як на пружынах,
Як дзік, мятушыцца ў галінах,
Туды зірне, сюды памкнецца,
Ну, на кавалкі так і рвецца.
— Ты-ж стой, брат, тут! пільнуй, як вока:
Ён тут, галубчык, недалёка!
І ня пудлуй, ня дай, брат, маху —
Валі рыдлёўкаю бяз страху… —
І дзядзька мовы не канчае,
Ён кол маланкаю хапае.
— Тхор! тхор! Дзяржы яго! — галосіць
Гарачка дзядзьку так і носіць,
Бяжыць, тхара ён даганяе,
На пагатове кол трымае.
За дзядзькам Костусь прэ бяз духу.
— Дзяржы тхара, дзяржы, псяюху!
А тхорык бедны ў куст зашыўся,
Няма ратунку, ашчарыўся,
На Таксу сам ён нападае,
І чмыс яе грызе, кусае,
Пішчыць, дзярэцца, смрод пускае,
Але нішто не памагае:
Таўкуць калом яго, рыдлёўкай,
За шкурку плаціць тхор галоўкай.
— Вось гэта, Костусь брат, удача! —
І дзядзька рады, чуць ня скача
І гладзіць Таксачку па вушку,
Яе ён лашчыць, як дачушку;
Яна-ж за гэта ласкі слова,
На сьмерць, на ўсё пайсьці гатова;
Вачамі ў вочы так і зорыць,
Віхлястым хвосьцікам гаворыць.
Хоць дзядзька наш не паляўнічы,
Ды меў ахвоту і да дзічы.
І часам, праўда, вельмі рэдка —
Я сам у гэтым буду сьведка —
У лес надумае пайсьці
Зайцоў крыху там патрасьці —
Зайцоў-жа там было багата.
Вось у нядзельку раз ці ў сьвята
Антось рыхтуе паляваньне,
Дае ён хлопцам прыказаньне,
Хоць тыя самі бяз прыказу
Ахвотна годзяцца адразу,
А наш дарэктар асабліва.
У лес зьбіраюцца шумліва,
— Эх, шкода, брат: няма клякотак!
Ну, хоць-бы з парачку трашчотак! —
Гаворыць дзядзька: — ну, нічога,
І так мы зробім шуму многа,
І ўсім зайцом задамо страху! —
Дае дарэктару ён бляху.
— Звані ў яе, бі, чым папала,
Абы мацней яна гучала —
На ўсю сьвяржэнскую Граду!—
Алесю даў скавараду,
Перагарэлую, старую,
Ды нязвычайна галасную.
— Бяры напільнік з рукаяткай,
Бубні ў яе наском і пяткай;
А Кастусю я дам званок,
А ты, бальшун, трубі ў ражон, —
Такое справім мы ігрышча,
Што лес застогне і засьвішча,
Ну, няжывы — і той прачнецца,
Калі аблава ў нас пачнецца! —
Ідуць ў лес. Антось зараньня
Разьмеркаваў усё дазваньня:
Адкуль, якую зоймуць лаву,
І як вясьці самую справу,
Куды і як зайцоў зганяць,
І дзе ён будзе сам стаяць.
Антось пазыцыю займае,
Шчасьлівых вынікаў чакае,
Калі зайцоў пужнуць няждана,
І трохі чуе ў сабе пана.
Прачнуўся лес ад бразгатаньня,
Ад тога шуму паляваньня:
І крык, і лемент захапленьня,
Гудзе лес зьверху да карэньня.
Дарэктар рвецца на кавалкі,
Зламаў на блясе ўжо дзьве палкі,
Дзярэцца нема, лемянтуе, —
Такі там гвалт — хай бог ратуе!
За пень ён лапцем зачапіўся
І змоўк тады, як паваліўся.
Алесь грыміць скаварадою
І пацяшаецца, гудою,
На ёй вызвоньвае ён штучкі,
Але напільнік выпаў з ручкі,
Зьляцеў у сьнег — і будзь здароў!..
Нідзе ня бачылі зайцоў,
І дзядзьку стрэліць ня прышлося,
Але пачулі ад Антося:
— Забілі зайца, не забілі,
Але-ж, брат, гуку нарабілі! —