Перайсці да зместу

Новая зямля (1923)/XIX

З пляцоўкі Вікікрыніцы
XVIII. Зіма ў Парэччы XIX. На рэчцы
Паэма
Аўтар: Якуб Колас
1923 год
XX. Коляды

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




XIX.

НА РЭЧЦЫ.

Ніхто з дамашніх не згадае,
Чым рэчка Костуся займае,
Якая іх зьвязала сіла,
І чым яна так хлопцу міла.
Бывала, толькі чуць разднее,
Чуць трошкі ў лесе пасьвятлее,
Глядзіш — на рэчку ён шыбуе
І лёд сякеркаю мацуе,
То падбяжыць і скаўзанецца,
І сам сабе ён засьмяецца;
То спыніць крок, замрэ, застыне —
Такая радасьць тут хлапчыне!
Лядок закохкае, угнецца
І вось-вось зломіцца, здаецца.
Але нястрашны і знаёмы
Для хлопца гэтыя надломы,
Палоскі — стрэлы гаваркія,
І моцны скрэпы ледзяныя.
Марозік крэпіць, лёд таўшчэе,
І рэчка вольная нямее,
Да дна вадзіца вымярзае
І ходу, бедная, ня мае,
І цесна там ёй, і няміла
Яе халодная магіла;
Але дарма: жывую сілу
Не запраторыш ты ў магілу,
Мароз бязжаласны і люты!
Хоць ты зьвязаў і крэпка путы,
Скаваў і рэчкі і вазёры
І ўсё заціснуў пад запоры,
Разьлёгшысь лёдам і сьнягамі
Над чыстым полем і лугамі,
Ды ты жыцьця, брат, не здалееш,
Як ты ні дурыш, ні шалееш.
Глядзі — скрозь ковы ледзяныя
Прабілісь кропелькі жывыя,
Дарогу новую шукаюць
І лёд вадою заліваюць.
І праўда: рэчачка-крынічка,
Хаця і мелка, невялічка,
Але такую сілу мае,
Што лёд угору падымае
І ломіць глызу, як націну.
— Гэ, брэшаш ты, мароз, ня згіну
Я пад карою ледзяною,
Пабарукаемся з табою! —
Як-бы гаварыць сьмела, гулка,
Марозу бойкая рачулка.
І між марозам і вадою
На гэтай рэчачцы зімою
Такія справы вынікаюць,
Што надта Костуся займаюць.
Калі на рэчку ён ні прыйдзе,
Глядзіць — штось новае там выйдзе:
То лёд, уздуўшыся гарбамі,
Бубніць, як бубен, пад нагамі,
То ападзе наніз, угнецца,
На дно пластамі пакладзецца,
А па кустох, на абалоні,
Ціскі парваўшы і супоні,
Вада шырока, разальлецца,
І сьнег на кашу пабярэцца.
І як ні гне мароз, ні гладзіць,
Але нічога не парадзіць,
І чуць ён толькі аслабее,
Чуць-чуць адліжкаю павее,
Глядзіш — вадзіца лёд зьлізала,
Ў раўку пясочак паказала,
І хвалькі жвавыя за хваляй,
Як і нябыта, бягуць далей,
Пакуль мароз на засярдуе
І сілы йзноў ён не пачуе,
Каб закаваць раўчук праворны
За розум надта непакорны.
І вось надарыцца часамі
Мароз над ўсімі маразамі;
Ідзе сярдзіта, пагражае,
Па даху гонтамі страляе;
У завітушках дым бялявы
Нясе, як воблак кучаравы
І потым з ім набок рванецца,
Бы пісар-вухар расчаркнецца.
А як вакенцы размалюе
І розных дзіваў там намосьціць, —
Яму аматар пазайздросьціць,
І прад марозам ён спасуе.
Мароз — штукар і жарты любіць,
Ня раз, шуткуючы, загубіць
Таго, хто ў рукі пападзецца,
Яшчэ над бедным насьмяецца:
«Прыляж, бядача, ты з дарогі —
Ня блізкі хатнія парогі»,
Мароз дарожным падпявае:
«Лажысь — пасьцелька пухавая
І ўся агоньчыкамі зьяе!
Засьні, сагрэйся, мой пахілы,
Пакуль табе прыбудуць сілы,
А я салодкі сон навею
І гэтай казкаю сагрэю.»
І хто паддасца нагаворам,
Засьне навекі пад прасторам
Халодных зор, сьнягоў глыбокіх,
Сярод дарожак адзінокіх.
Мароз — мастак і, пыху поўны,
Узносіць слуп на неба роўны,
Высокі вогненны, крывавы;
Той слуп — і страшны і цікавы, —
Гарыць злавешча, ўвесь чырвоны —
Мароз на небе ставіць троны,
Вянцы на месяц ўскладае,
Па сьнезе зоркі рассыпае
І так прыгожа, так старанна
Бярозе белай тчэ убраньне,
Бы тэй дзяўчыне пад вянчаньне.
І як з-за лесу сонца ўстане
І на бярозу тую гляне,
Засьвецяць ў інеі праменьні,
Як найдарожшыя каменьні.
Мароз — паважны. Як вяльможа,
Знасіць свавольніцтва ня можа,
І на той час, як ён пануе,
Па небе хмарка не вандруе,
І ўсе стварэньні занямеюць,
І патыхаць вятры ня сьмеюць.
Ўсё ціха, мёртва, нярухома.
Сядзіць зьвяр‘ё між буралому
І знаку жыцьця не пакажуць
Вароны дзюба не разьвяжуць,
Ўсе нахахорацца, ні зыку —
Уладарства холаду вяліка.
І верабей з усёй раднëю
Ня шкне, схаваўшысь пад страхою.
Адзін мароз адно ўладае,
На ўсё ён рукі накладае,
Ўсё гне халоднаю нагою;
І лес пад сіняю смугою
Застыў, стаіць, як амяртвелы,
Башлык надзеўшы чысты, белы.
І толькі ён, мароз заўзяты,
Мароз занадта зухаваты,
Адзін па лесе пахаджае,
Бо роўных ён сабе ня мае.
Зазнаўся, ой, мароз зазнаўся!
Ды дзень яшчэ не зачынаўся:
Пастой, мароз, пастой хваліцца―
Мо’ і цябе хто не збаіцца!
І толькі зоркі пабялелі,
У хаце дзьверы зарыпелі,
Скрыпяць калодзежы, вароты,
Пайшла разгульвацца работа.
Ідуць па воду маладзіцы,
Як макаў цьвет, гараць іх ліцы;
Бяжыць з кудзеляю дзяўчына,
За ёю хлопец-малайчына
Адкулься зараз увязаўся,
І сьмех і гоман там зачаўся.
Прыгрэбнік глуха б’е дзьвярамі,
Жанкі трушком ідуць з кашамі,
Лучыну імі прыкрываюць
І жарам холад выганяюць.
А там мужчыны ўзварухнулісь,
Ў гумно па сена пацягнулісь,
Ды толькі звычай такі маюць —
Мароз пахваляць і палаюць,
А падхадзіўшысь каля дому,
Бяруць сякеру, сані, бому
І едуць ў лес вазіць калоды —
Ляжаць на печы няма моды,
І хоць мароз крапіць пякучы,
Да ног даходзіць скрозь анучы
І сьнегам вочы зашывае, —
Мужык жыве і не шманае;
З саней саскочыць, хлысьне пугай
Каня і вылае «дзяругай»,
Бяжыць, аб плечы б’е рукамі,
Яшчэ й прытуптвае нагамі
І так блазьнее, так дурэе,
Аж покі лоб не замакрэе.
Ўжо Костусь двойчы неўзаметкі
Саскокваў з печы на разьведкі,
У вокны доўга прыглядаўся,
ў малюнкі так ён углыбляўся,
Што ў іншы сьвет перабіраўся.
На шыбе ўсё: снапкі ржаныя,
Чароты хвацкія, буйныя,
І розных красак, траў нямала.
У душу летам патыхала,
А з ім і вобразы другія
Ўставалі, сэрцу дарагія.
Вось тут лясок, вось крыжык мілы,
Як вартаўнік чыёй магілы,
На ціхай горцы пахіліўся,
Бы аб пакойніку маліўся;
Там нібы рэчачка цікава
Зьвілася ў вербах кучаравых…
Ўсё так павабна, так прыгожа
І так на праўду ўсё пахожа,
Што хлопец сам не памятае,
Дзе ён, і што ён разглядае.
— Ня стой ты, хлопец, пры ваконцы:
З вакна, як з зяўры, дзьме бясконца!
Зноў будзеш кашляць, —кажа маці.
А хлопцу ўжо абрыдла ў хаце,
Ніяк, блазноце, не сядзіцца,
На рэчцы хоча апыніцца.
А тут яшчэ, як на спакусу,
Чуць дзядзька з хаты паказаўся,
Мароз ужо прымайстраваўся
І белым пухам сеў на вусу,
І хто з двара у дом ні прыходзіць,
Пра холад гутарку заводзіць:
— Ну-ж і мароз — аж нос зрывае!
А як на ўсходзе чырвань грае!
Слупы такія паўставалі,
Пажарам страшным загулялі! —
Такія зьявы ў божым сьвеце!
Ну, як тут вытрываць, скажэце?
Кастусь у запечку стхарыўся,
Абуцца ў лапці прымудрыўся,
А ў лапцях вушкі скураныя
Былі ўжо досыць пажылыя;
Цішком сабраўся, апрануўся
Ды ў лес з сякеркаю кульнуўся.
А лес, як добры той знаёмы,
Стаіць зьбялелы, нярухомы
Абапал рэчачкі сьцяною,
Над ёю сплёўшыся страхою,
Далёка кінуўшы галінкі;
А маладзенькія ялінкі
Пад белым пухам чуць заметны;
Яны так мілы, так прыветны,
Бы тыя красачкі-дзяўчаткі,
Надзеўшы гэтыя апраткі!
Затое ж хвоечкі малыя
Стаяць, як сіраты якія,
Ад сьнегу выгнуўшысь дугою,
На дол прыпаўшы галавою.
«Пагнуў вас сьнег, мае хваінкі!
Эх, вы, гаротныя націнкі!
Над імі Костусь разважае,
І жаласьць хлопца пашыбае.
І ён да хвоек падбягае,
Сьняжок з іх ціха атрасае —
І хвойкі зразу ажываюць,
Ўгару макушы падымаюць,
Сьпярша павольна, бы баяцца,
А потым пойдуць разгінацца.
А хлопчык рады і сьмяецца,
Стаіць з мінуту, ні схісьнецца,
Аддаўшысь нейкім думкам-марам,
Аж б’ецца сэрца яго жарам.
Але пара, пара за дзела!
І ён на рэчку сходзіць сьмела.
Замерла рэчка між лясамі,
Бярозы голымі сукамі
Сплялісь з алешнікам над ёю;
Яліны цёмнай чародою
Навісьлі густа салашамі.
А вось старая дзеравяка
Упала ў рэчку, небараха:
Відаць, што бура палажыла
І мост жывы з яе зрабіла.
А лёд, бы мур сьцямна-зялёны,
Чуць на сярэдзіне падняты,
Ляжыць, цяжэрны і зацяты,
Вартуе ходы ўсе і гоны,
Каб і стрыжэньчык не прабіўся.
І вось тут Костусь прыпыніўся,
На лёд глядзіць, штось разважае
І ў ход тапорык свой пускае.
Лядок закашляў, заіскрыўся,
На срэбра-друзачкі пабіўся;
Ляцяць крупінкі ледзяныя,
Бы ўлетку пырскі дажджаныя,
І чуць апошні лёд зламаўся,
З зямлі клубок вады падняўся
І з шумам коціць поўзьверх лёду,
Пачуўшы волечку-свабоду,
Ўсё большы-большы круг займае…
Але што гэта так сьпявае?
Адкуль тут музыка нясецца?
Чыя тут песьня ў душу льлецца?
Такога сьпеву-сугалосься,
Што тут над рэчкаю панёсься,
Ніхто ня зложыць, не заграе!
Ці гэта казку лес складае?
Ці даль ачнулася нямая
І немасьць песьняй парушыла,
Што спокан-векаў утварыла?
Ці то нябёсы адамкнулісь
І ціха-ціха адгукнулісь
Зямлі, ўсяму яе стварэньню?
Ці то вясна йдзе ў аддаленьні?
Вось звоны звоняць ціха, гожа,
Сьпявае жаваранка божа,
А ёй утораць пташак хоры
На безгранічнай дзесь прасторы.
Між мора гэтых зыкаў дзіўных
Нясецца ў хвалях пераліўных
Здалёку песьня салаўіна…
Расьце, гарыць душа дзяціна
І ўсе на сьвеце забывае
І шчасьце, радасьць спажывае.
І хоць дазнаўся ён прычыны,
Адкуль той звон і сьпеў птушыны,
Але як стане прыслухацца,
Начне запраўды сумнявацца,
Што гэта іней так з вадою
Вядзе размову тут зімою.
Дык вось чым рэчка хлопцу міла,
Чым так яго прываражыла!