Ў будныя дні ўставалі рана:
Няма калі хварэць на пана,
Няма чаго чакаць панукі,
Калі работы поўны рукі —
Йзноў закладайся на нядзелю.
Садзілась маці за кудзелю;
Цяплей мужчыны абувалісь,
Ў сваю работу запрагалісь.
Міхал, пакуль не расьсьвітае,
Ідзе Антосю памагае,
Бо трэба кончыць з малацьбою,
Каб не карцела над табою.
Дарэктар сам з свае ахвоты
Ў гумно любіў рабіць налёты,
Бо ён быў хлопец працавіты
І да работы страх сярдзіты,
Хоць быў яшчэ малы і кволы, —
Адлічны хлопец і вясёлы!
Ідзе з двара часамі ў хату —
Аб чым тут ходзіць Яську-хвату —
Ён на дрывотню, бярэ дровы:
Ён услужыць усім гатовы,
Гаспадаром і гаспадыні,
Бо што тут зробіцца хлапчыне?
Раз ён абцасам зачапіўся,
З дрыўмі зьнячэўку паваліўся
На крок, ня далей, ад парога,
Але ўсхапіўся і нічога, І толькі глянуў на абцасы, —
Былі ў іх моладасьць і часы,
Калі рабілі выкрунтасы
І на ігрышчы тупацелі,
А тут хадзіць больш не хацелі.
Таксама Ўладзя да работы
Больш, чым да кніжак, меў ахвоты:
Любіў ён з цэпам завіхацца,
Або па лесе пацягацца,
Пабегаць з стрэльбай за лісамі
Ці за куніцай, ці тхарамі.
І бацька з гэтым пагадзіўся:
Што-ж? да навукі не радзіўся,
А вось мо’ з меншых што і будзе,
Няхай яны ўжо йдуць у людзі.
Алесь сядзіць, закон чытае
Або з сабою разважае,
А потым йзноў у кнігу ўткнецца
І сам сабе штось засьмяецца.
У Кастуся «Родное слово»;
Ён сьлібізуе ўсё нанова,
Але склады штось ня выходзяць
І хлопца ў злосьць адно прыводзяць,
Бо Костусь — хлопец нецярплівы,
У гнеў прыходзць абурлівы;
Яго падштоўхвае спакуса,
Сказаць зьнявагу на Язуса,
Які прад ім быў намалёван,
І Езус быў тут ім аплёван:
Чаму-ж бо ён не памагае,
Калі на гэта сілу мае?
А потым злосьць яго астыла,
Яму і прыкра і няміла,
Ён сам сябе чуць ня кусае.
Ох, галава яго дурная!
І ні на грош няма ёй кошту,
Яго хвалілі, а за вошта?
І хіба-ж бог яго ня чуе?
Або яму бог падаруе
Вось гэты страшны грэх зьнявагі?
Эх, Костусь, Костусь! Ты — брадзяга!
Выносіць сонца дзянёк новы Скрозь гэты лес стары, хваёвы,
Дзянёк кароткі, чуць заметны,
Але вясёлы і прыветны.
Мароз бярэцца, паціскае,
Па лесе лускае, гуляе
І хусты тчэ на беражку.
За ноч падкінула сьняжку.
Міхал ідзе ў свае абходы,
А холад зімняе пагоды
Яго рухавіць і малодзіць.
І колькі тут разоў ён ходзіць!
Тут кожна сьцежка і дарожка
Яму даўно-даўно знаёма.
Міхал у лесе, як-бы дома:
Дзе ні ступала яго ножка!
Якіх куточкаў тут ня знае!
Міхал ідзе, сьляды чытае:
Вось тут танюткі ланцужок
Лёг так прыгожа на сьняжок —
То пара кропак, то дзьве рыскі,
Відаць, што мышкіны расьпіскі.
Другі малюнак, сьлед-трайчаткі
Па лесе кідаюць зайчаткі;
А ліс-хітрэц, выжыга чуткі,
Па сьнезе цягне шнур раўнюткі:
Сьлядок з сьлядочкам супадае,
Бы лапка тут адна ступае.
Міхал ідзе. У лесе глуха;
Дарэмна зыкі ловіць вуха:
Вакол маўкліва і маркотна,
І лес застыў, глядзіць гаротна,
І толькі дзесь у ельняку
Шалпоча сойка на суку,
Ды стукне дзяцел троекротна.
Міхал ідзе адзін, пануры,
І сам ён хмур, і думкі хмуры,
Як гэты лес, сьнягамі сьцяты,
Або замоўлены, закляты.
Ды гэты лес, хоць ён і немы,
Але скрозь ціш халоднай дрэмы,
Скрозь гэты мёртвы сон зімовы
Вядзе з Міхалам казкі-мовы. У лесе кожная мясьціна —
Лужок, палянка, баравіна —
Асобны твар і выраз мае
І хоць што-небудзь выклікае
З таго, што памяць захавала.
Так. Тут было ўсяго нямала,
Тут частка жыцьця лясьнікова.
Ну, хоць-бы гэта вось дуброва!
Грыбоў улетку тут цьма цьмушча,
Народ сюды йдзе — гушчай-гушча.
Тут шум, тут крык, тут гоман, сьпевы,
Аж разьлягаюцца ў ёй дрэвы.
І вось, бывала, пан прыкажа —
Сюды расходзіцца ўся стража,
І робіць цэлую параду,
Як, дзе хітрэй зайсьці ў засаду,
І ўсё на гэтых людзей бедных,
Ўсё з-за паноў тых ненаедных.
Садзішся, ловіш. А другая
І на білет рубля ня мае.
І мусіш драць і з беднаты,
І вінават ня пан, а ты:
Не гаспадар злы — кажа ўсякі —
А гаспадарскія сабакі…
А гэты хвойнік абгарэлы!
Напэўна-б вышаў сказ тут цэлы,
Калі-б ад самага пачатку
Апавядаць вам папарадку;
Але Міхалу няпрыемна,
Бо й тут пан лаяўся дарэмна,
А ён стаяў, сьвяціў вачамі
Перад людзьмі і лясьнікамі.
Міхал ідзе, і думкі ходзяць
І ў пункт адзін яны прыводзяць:
Каб як зямлі сабе прыдбаць
І службы гэтае ня знаць,
Тады паны ўжо не пашкодзяць,
Ды толькі вось дзе закавыка:
Купіць зямлю — купіць ня лыка,
Тут грошы трэба — і ня сотка…
Эх, брат, рука, рука каротка!
Дзе ўзяць? І розум тут ня зьмесьціць, Але ўсё-ж думку Міхал песьціць,
Пад самым сэрцам яе носіць,
І гэта думка — зямлі просіць!
Яна з ім заўжды: ў лесе, дома;
Яна яму даўно знаёма,
І нават ён, калі прызнацца,
Даўно жыве ўжо ў сваёй хатцы.
А гэта хата вось якая.
Перш-на-перш выгляд добры мае;
Стаіць пры рэчцы ці крыніцы,
На ёй дзьве дымніцы-блізьніцы
З чырвонай цэглы і фарсісты.
У хаце ёсьць пакойчык чысты,
А вокны сьветлы і панадны,
І броўны ў сьпевах вельмі ладны:
Шырокі, роўны, бяз прыточак
І жоўценькі, як той жаўточак.
Хлявец, гуменца — ўсё там нова,
І ўсё дакладная будова!
Пры доме сад, хоць невялічкі,
Ды добры сад, ніводнай дзічкі;
І тут навокал тваё поле, —
Раздольле тут табе і воля!
Працуй, чуць з хаты толькі вышлі.
Але ўсё гэта — толькі мысьлі,
Эх, гэта толькі мары-кралі!
О, каб яны ды праўдай сталі!
У лесе глуха, цесна стала,
І смуткам цісьне лес Міхала,
І нейк маркотна, ў гэтым боры,
Душа, імкнецца да прасторы,
І вочы просяць сьвету, волі.
Міхал ідзе туды, на поле,
Дзе Нёман, выгнуўшыся дужкай,
Абводзіць лес прыгожай стужкай;
Але цяпер марозам скован
І ад людзкіх вачэй захован,
І толькі жолаб, нізка ўгнуты,
Ды лёд, ад сьнегу ветрам зьдзьмуты,
Яго дарогу вызначалі,
І ціха ўсё вакол. Маўчалі
Пад белай посьцілкаю далі. Там, угары, дальш з-па-над Нёмна
Сяло глядзела, з сіня цёмна;
Над ім стаяў дым белаваты,
Панура ў сьнезе ніклі хаты.
Міхал на горцы прыпыніўся,
Стаіць, бы сон яму тут сьніўся,
І тут ўсе гэтыя мясьцінкі
Яго наводзяць на ўспамінкі.
Вот тут калісь — даўно было то —
Дзяўчына з іх сяла, Дарота,
Купалася раз і ўтанула,
І сьмерць яе тут агарнула.
І гэта тут было здарэньне,
Калі на бераг, на каменьне
Гады два-тры назад, вясною
Яхіма вынесла вадою,
Якога тыдняў тры шукалі,
Ды не найшлі й шукаць ня сталі.
Таксама тут і здань здалася —
Аб ёй і гутарка вялася, —
Што быццам нехта на вадзе,
Яшчэ нябачаны нідзе,
Сядзеў і з люлькі зацягаўся
Ды раптам згінуў, бы распаўся…
Таемны вы, зямлі скрыжалі!
Чаго ў сябе вы ня ўпісалі!
Міхал раптоўна садрыгнуўся,
Зірнуў за Нёман і прыгнуўся,
З-за хвойкі хціва выглядае
І дубальтоўку з плеч зьнімае,
Увесь хвалюецца, дрыжыць:
Ваўчуга з сёл сюды бяжыць
І проста валіць на Міхала!
Аж сэрца ў радасьці ўзыграла:
«Пастой-жа, брат, пастой, ваўчуга!
Ужо-ж спаткаю, валачуга!»
А воўк імчыцца, сьнег зьдзірае,
І толькі хвост яго мільгае,
Відаць далі яму дзесь жаху.
«Ну, брат Міхась, ня дай-жа маху!»
Ён брамкі ў стрэльбе адчыняе,
Прыклад падносіць да пляча; «Ня так дасі ты стракача!»
Міхал паціху разважае.
А воўк ляціць. Вось ён на Нёмне…
Вось ён за горкай… ня відаць —
Ён будзе тут хвілін праз пяць…
«Трымайся-ж, браце, цэлься, помні!»
Міхал замёр, ня моргне вока:
Разьвязка скора, недалёка —
Вось-вось пакажацца зьвяруга!..
Ды доўга гэта штось натуга —
Няма, а быць ужо пара!
Цьфу, ты! Што-ж гэта за кара?
Ўстае Міхал глядзіць вакола,
Як-бы што страціў, невясёла,
А рукі ўсё яшчэ дрыжаць.
Ну, хоць-бы гада напужаць!
І дзе ён дзеўся? дзе, пракляты?
Міхала рух бярэ заўзяты,
Ня возьме тропу ён ніяк,
Бяжыць управа наўскасяк:
А можа там яго спаткае,
А не, дык сьнег хоць запытае.
Але й туды прабег дарма:
Там і сьлядоў яго няма.
Бяжыць назад — няма! — прапала!
Аж нейкі пот праняў Міхала,
Міхал на Нёман тут рвануўся
І як зірнуў, аж здрыгануўся,
І ўсё ў ім раптам задрыжала,
Аж нават шапка чуць ня спала,
Калі прычын Міхал дазнаўся:
У стрыжаню воўк шалпатаўся!
Міхала згледзіў — лясь зубамі!
І злосна бліскае вачамі.
Міхал хватае дубальтоўку
І хоча выстраліць у воўка,
А потым стрэльбу апускае
І воўка зблізка разглядае.
А ён — вось тут, бяры рукамі,
Завіс на лапах, як ў яме;
Стрыжэнь глыбокі, лёд пакаты,
А бедны воўк, вадой падцяты, Скрабе па лёдзе кабдзюрамі
І носам рые, рве зубамі
І ўвесь пружыніцца і рвецца
Але нічога, не ўдаецца,
І ўсё слабее ў воўка сіла.
Ды страшна сьмерць, усім жыць міла!
Ён рэшту сіл ізноў зьбірае,
Мацней на лапы налягае,
Ды іх няма за што зацяць,
Яны слабеюць, сьлізгацяць
І толькі скробаюць па лёдзе,
Перабіраюць край стрыжэню,
Няма надзеі нават ценю
У той яго бядзе-прыгодзе, —
Няма, ваўчок, табе збавеньня!
Дарэмны ўсе твае імкненьні!
І не надоўга сілы стане
Вясьці з вадою тут змаганьне
Слабне воўк і абмярзае,
А плынь усё больш падбірае
І, барукаючысь з вадою,
Ён павярнуўся галавою
І ўскінуў погляд на Міхала.
Вачамі злосна ўжо ня косіць,
Глядзіць, як-бы ратунку просіць…
Тфу, ты! аж шкода яго стала —
Так вочы жаласна глядзяць,
Ну, вось, даль-бог, шкада страляць!
Яшчэ раз бедны воўк рвануўся,
На сьпіну раптам павярнуўся,
Завыў жалобна і каротка,
І — шуг пад лёд той, як калодка!
І зьнікла ўсё: жыцьцё, змаганьне
І прагавітасьць паляваньня.
Міхал стаіць і разважае,
А потым голаву ўскідае,
Як-бы ён хоча запытаць,
Хоць тут нікога ня відаць:
«Ну, што ты скажаш, брат, на гэта?»
|