Перайсці да зместу

На ростані (1924)/I/Ізноў пытаньні

З пляцоўкі Вікікрыніцы
⁂ Дарма, што значны раны ⁂ Ізноў пытаньні
Верш
Аўтар: Уладзімір Жылка
1924 год
Пралескі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ізноў пытаньні… З глуму…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗          ∗

Ізноў пытаньні… З глуму,
З бяды ўстаюць ў кляцьбе.
І не магу ня думаць,
Край родны, аб Табе.

Дазнаў каханьня й мушу
Дзяліці лёс благі,
І знак кладуць на душу
Твае мне ланцугі.

Я звону іх цяжкому
Склаў песьню не адну,
І не аддам нікому
За ўсякую цану.

Выходжу з хаты рана,
Каб стаць за азярод
І першаму з туману
Пабачыць сонца ўсход,

Каб на ўзрунелых рытвах
Усьцешыцца цяплу
І раньнія малітвы
Паслаць яму — Сьвятлу: —

„Спалі, калі так трэба,
І пожні, і пале,
Пашлі грымоты з неба,
Віхор пашлі, але —

Хай пройдзем праз напасьці,
І дачакаю хай —
Убачыць ў новым шчасьці
Мужычы Край“.