На паняволеных гонях (1928)/Батрачка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Праталіна Батрачка
Паэма
Аўтар: Леапольд Родзевіч
1928 год
Токар Васіль

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БАТРАЧКА

I

За што мяне судзіць
Вы будзеце, паны?
Пакіньце вы чудзіць.
Ці можа вы п‘яны?
За мной хоць век жыцьця, —
Душа мая крыштальна;
Ад злыбеды біцьця
Яна, як накавальня,
Ня покнула — трывала.
Яе прысуд ваш не застраша.
А думкі — пальцы вашай
Душы пустой —
Напракудзілі нямала,
Балотныя яны.
Ня рушце-ж Вы душы маёй!
За што, паны,
Мне слугі вашы табалой,
Стапталі цела працавітае,
Спаганілі мазоль батрачкі —
Мэдаль адбіты.
Працаю найміткі Штодня?
Я не прашу ў вас падачкі
Ні ласкі —
Вы для мяне ні ворагі і не радня,
А цені, маскі
Жудасных і прошлых дзён.
Дык што мне ваш закон!
Ад пабояў я хворая
Ды ўся паранена,
Душа, аднак, бадзёрая,
А вопратка рваніна.

II

Змалку, як рыба аб лёд,
Білася з нэндзай і голадам,
Хоць-бы скарыначку ў рот,
Не акалець-бы ад холаду.
Працу і сілы мае
Краў пан штодня рукой белаю,
Клаў у палацы свае, —
Грабіў ён чэлядзь згалелую.
Пухла з бясхлебіцы я,
Бацька і маці зваліліся…
Доля сіроча мая
Красьці, аднак, не манілася,

III

Чысты паніч цёмнай ночаю
Хітра пакусай завабіў.
Эх, гордасьць, славу дзявочую
Ў рванай батрачкі аграбіў.
Што-ж… а далей рэч вядомая —
Нехаця сына прыдбала.
І непатрэбнай нікому я,
Лішніцай, блудніцай стала.
На бездарожжа на лютае
Выгнаў паніч ў непагоду,
З дзіцяткам родненькім скутую
З помстай да панскага роду.
Слухайце ўважна, судзіцелі:
Час залячыў болькі, раны, —
Дык не згарэў двор крыўдзіцеля,
Чэрап ня быў пашчапаны.

IV

Ой, трудна бяздомнай вялося —
Пад тынам жыла, начавала:
Дзіця мне дадзела, ўпяклося:
„Дай есьці, мамулька“, крычала:

У адказ калыханачку пела
І голад двайны я цярпела.

У каравы лахман свой жабрачы
Сыночка празябнута цела
Туліла і хухала з плачам.
З мальбой на прахожых глядзела.

Такія, як я, спачувалі,
Паны — дык здалёк абміналі.

За тое, што хаты ня мела,
Была комам брудных анучак…
За то, што за ўсіх я цярпела,
Што нэндза і блуд мой іх мучыў, —

Абодвух за краты густыя
Укінулі людзі благія.

Усё, што маглі, адабралі:
Бацькоў, чэсьць, здароўе і волю.
І быццам яшчэ вытыкалі
— Няўжо ёсьць ахвота жыць болей?

Ня кончыла я самагубствам.
Прашло і здаецца ўсё глупствам.

V

Каб вы бачылі, каб чулі,
Вось дзе быў дзяцюк удалы.
Ні яму на мысьлі гулі,
Ні дуронствы. Строгі, сталы,
Сам чытаць, пісаць асіліў.
Ўсё аддаць гатоў быў маці.
Вельмі-ж дружна мы ўжо жылі.
Добра ўспомніць тут, прызнаці:
Ня любіў паноў да сьмерці —
Перад панам ці начальствам
З галавы каб шапку зьдзерці —
Дык ніколі. Ён з удальствам
Словам, дзелам біў, дзе трэба.
Бараніў лапцюжных, кволых,
Дасьць кусок апошні хлеба.
Ня згінаў у горы голаў.
Але стукнула чорна гадзіна.
Злой душы, бы жыгала, язык —
Болей зьлейшаму пану на сына
Насычэў, быццам ён бальшавік.
І з абоймаў пяшчотных, матчыных
З болем вырвалі ноччу глухой
Гругановымі кіпцямі сына, —
Як успомню, стаіць прада мной.
Ён зьяўляецца мне сьветлай хмаркай.
Я сьпяшу прытуліць той прывід,
Але-ж гора: ён чэзьне так шпарка,
І ізноў сумам сьвет апавіт.
Знаць, забілі жыцьцё веснавое.
Што ім мукі батрачкі якой!
Я-ж, сыночку, ня мсьціла за двое, —
Ня ўбівала мазольнай рукой.

VI

На чужым, на панскім полі
Працавала, як мурашка;
Без надзеі, без патолі.
Трэба жыць, хоць трудна, цяжка.
Ад цярпеньня ды ад гора
Лік днём, месяцам згубіла.
А як часам сьцісьне змора,
Дык я сьмертухны прасіла.
І ня думала ніколі
Ў гэтай нэндзы, паняверцы,
Што й мяне чакая воля;
Што к жыцьцю заб‘ецца сэрца.
Раз на двор з стральбой напалі
З помстай пану хлопцы з вёскі.
Ну і білі-ж, рабавалі,
Не шкадуючы ні трошкі.
Згінуў пан-бы ў страшных муках
І дабро-б яго спылала,
Каб я ў гэтых стуках-груках
Поліцэйскіх не пазвала.
Посьле бойкі іх скруцілі,
Да крыві вяроўкі ўелісь.
Да бяспамяці набілі,
Самі п‘янстваваць заселі.
Варту мне здалі з ахвотай.
Частаваў пан рознай стравай,
На пагібель ўсёй галоты
Выпіць чарку даў ласкава.
А нявольнікі снапамі
Ў яме звалены ляжалі,
Злосна бліскалі вачамі,
З болю вылі і стагналі;
— Маці, разані па путах
(Так адзін з натугай кажа),
Хай заместа нас пан люты
Тут з прыслужнікамі ляжа.
Не ўцячэ ад нас нягодны,
Штых, нагайка не паможа.
Ты і мы — сям‘я працоўных,
Наша сіла пераможа.
— Кінь, кажу, чаўпсьці пустое,
То Антыхрыставы штукі.
Ўсё ён выдумаў на тое,
Каб людзям надбавіць мукі.
Як і чым асіліш сынку.
То-ж за імі войска, грошы.
Змнуць, як мялі, бы былінку,
Скрышаць вось, як ліст прасохшы.
Нават вожыка рукамі
Голымі ніяк ня возьмеш.
Век былі паны панамі.
Лобам сьценкі не праломіш! —
… Мне адказ — прысуд збавенны
Далі мучальнікі тыя…
Дрэнь цяпер мой боль страшэнны
Ды намеры вашы злыя.

VII

Як ударылі словам сталёвым,
Іскры пасыпалісь з цёмнай душы.
Адрадзіла бадзёрасьць абновы
Думкі, лятункі ад будняў, глушы.
І здавалася мне, быццам чую
Голас ня іх, а свой сказ нутраны.
Што сынкоў мілых, родных пільную,
Каб падушылі пасьля іх паны.
Запякло ў сэрцы з жалю балесна,
Раны іх сталі мне ранамі быць.
Штось зьвязала нас моцна, сумесна —
Разам памерці, ці разам нам жыць.
Бо як-жа, кажуць, волат Ленін
Збудаваў дзяржаву для рабочых,
У якой трымаюць упраўленьне
І батрачкі — ўмела ды ахвоча,
Раз сталася ўжо слова дзелам,
Раз змаглі там — лопнуць тут таксама.
Аб гэтым нават сьніць ня сьмела,
Што вяльможных расьцярушаць „хамы“,
А ўсё ты, цемната, забітасьць!
Бы за плот сьляпая — я трымала
Падол паноў — ім працавітасьць
І пакору за дваіх давала.
Дзяржавіць я хачу і мушу —
Апраўдацца трэба прад народам,
Ачысьціць вольнай працай душу,
Мужычы грунт ад недародаў.
Пявучай працай прамяніся,
Жыцьцё заняпаўшых кутоў.
Дзень кожны зьвіні адзавіся
Здароўем работы і слоў.

VIII

Прышла да пана ды кажу
(А банкет быў у разгары);
— „Эх, дрэнна пану я служу,
„Бо замест навукі, кары —
„Здароўе сілы аддаю
„На распусту роскаш пану
„А на пагібельнасьць маю.
„Дай нізрынем лад паганы.
„Шпурнём час нэндзы, крыўды, сьлёз,
„Шкодны ён для нас, для сьвету —
„Крывёю жыў ды з-помсты ўзрос.
„Дык ня час тут на банкеты,
„Дзялі зямлю, саху бяры,
„Слухай грамады загаду,
„Старыя межы ты ўзгары, —
„Будзеш дзякаваць за раду.
„Калі-ж сам чалавекам быць,
„Працай жыць з людзьмі ня хочаш,
„За панствам станеш зноў тужыць,
„А папоўскія мець вочы
„Жраць воўчым горлам, як калісь,
„То ў нагах шукай збаўленьня
„Пакуль у скуру не далі
„Тыя, з кімі я і Ленін!
„Я путы панскія цяпер
„Скінула з паўстанцаў жвава.
„Час, каб рэволюцыянэр
„Ладзіў лад, заводзіў права. —
Ох, біў-жа мяне ашалелы!
Кроў брызгала кату на твар.
Шыпеў ад нянавісьці белы
— Бяры вось падзяку і дар.
Забіць лёгка мог гад пракляты,
Аднак, ні тады, ні цяпер
Ні ён, ані допыты катаў
Ня вырвуць мой цьвёрды намер.
Ня вырвуць да волі імкненьне
І веры у моц нашых рук,
Якімі мы зьнішчым з карэньнем
Лад вызыску, зьдзеку, прынук.
Паўстанцы з ратункам пасьпелі —
(Будзь гэта навукай для вас!) —
Каб людзі атруты ня мелі,
Забілі нягодніка ўраз.

IX

Расказала я ўсё ад пачатку,
А канчаткам хай будзе ваш суд.
Можа кінець у „татаву-хатку“,
Можа вынясе сьмерці прысуд.
Доўгі час па дрыгве я брадзіла.
Быў няпэўны і зыбкі мой шаг.
І дарма надрывала я жылы.
Выхад гору шукала ў сьлязах,
Толькі ён, Ленін, бацька працоўных
На грунт цьвёрды паставіў мяне,
Каб узьняцца магла веры поўна
К недаступнай для вас вышыне.
Знала мукі, пакуту, цярпеньне,
Зло змагала дабром у жыцьці.
Вам прасіць у мяне выбаўленьня,
Ня судзіць па бязглуздай стацьці.
Каб для вашай душы вушы сталі
Бы раскрытыя дзьверы, праход,
Чуйце голас мінулае далі,
Скуль гразяць вам маё сьлёзы, пот.
Каб раскрыліся цёмныя вочы,
Для душы, каб ім вокнамі быць,
Дык глядзеце на шлях мой рабочы,
На агонь, што у сэрцы гарыць.
Што-ж судзеце, аднак, адзначаю,
Не герой і ня шышка я ёсьць.
Грамады часьць — сябе называю,
На зямлі я ня вечна, а госьць.
Толькі ўчынкі мае векавечны,
Бо ўзрасьлі з працы цела, душы —
Не нябесныя, а чалавечны.
Імі дуж пераможац-мужык.
Пасьля Леніна хто ня прызнае,
Што для шчасьця наш лад — родны брат.
Што рабочая моц паканае,
Хоць ня мае аружжа, гармат.
Хто пярэча — той хоча, знаць, сонка
Альбо час затрымаць у бягу.
Ці машыне, што прэцца так гонка,
Падстаўляць з злоснай мэтай нагу.
Бажавольнік такі сьмехатворны,
Ён ні вораг, ні грозны сілач,
Ён ні шэльма, ні белы, ні чорны,
А дурны, як з асіны таўкач.

X

Ў Заходняй Беларусі гэткі суд,
Панскі суд канчаецца расстрэлам
Тым, хто хоча скінуць мулкі іх хамут
Бо апека іх астачарцела.
Драгка загрудкі валтузіць беларус
Акупанта, што налёг з-за Буга.
Не адзін склаў косьці барацьбіт-гарун; —
Прагавіт на трупы пан-падлюга.
Ня зьлічыць тут за Савбеларусь ахвяр
Па астрогах, перасыльных, пушчах.
Марш хаўтурны і сяброў прамовы жар
К ім няведамым ніяк ня-луча.
На прадсьмертны іх бунтарскі заклік, бой
„Ура“ ня крыкне ані Кім ні Акцябрына.
І ня прыдуць саветчане табалой
На магілу сумнай гадавінай.
Што-ж памерці добра, нават трэба
За то, што шляхам вечнасьці ідзе.
Бо сапраўды-ж мала толькі хлеба
На творчы рух працоўнай грамадзе,
Лёгка паміраць з чырвоным сьцягам
За ім мільёны, ён пабеды знак.
Побач ворага пракляцьця, зьвягі, —
Легэнды, песьні ткуць для тых ваяк.

XI

Штогод, як стукне студзень,
Ў дзень гадавін сьмерці Леніна,
Калі на зямелькіны грудзі
Сьнег па калені
Ляжа падушкай пуховай, —
Тады на магіле батрачкі,
Нашай змагаркі вясковай,
Можна убачыць ня зьвяўшай
Радосту[1] чырвоную,
Бы з неба упаўшай, —
Бо ня знаць, каб к магіле
Заслужонай
Сьляды падхадзілі.
А шпегі і ўсе служкі паноў
Праз пыткі і кроў
Хочуць дайсьці, хто радосту
Прыносе.
Баяцца ўзросту
Бальшавізму, бо пакосе
Іх чорныя рады,
Аднак, ніяк не давялося
Зымаць віноўніка бяды.
І так за гадамі гады
Зыходзяць у вечнасьць чаргой, —
Магілу сьняжком пабялёную
Харошыць радостай чырвонаю
Сам Ленін студнёвай парой.


Так заместа вянка для замучанай
Злажыў легэнду ўдзячны люд, —
Барацьбой ён з батрачкаю злучаны
Насупраць панска-польскіх пут.


  1. Радоста — садовая роза.