Перайсці да зместу

На паняволеных гонях (1928)/Токар Васіль

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Батрачка Токар Васіль
Верш
Аўтар: Леапольд Родзевіч
1928 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ТОКАР ВАСІЛЬ.

Машына радзіла рабочых.
Рабочы-ж машыну, як матку,
Шануе, любоўна, ахвоча,
Глядзіць, каб была ў парадку.

Машына рабочых радзіла,
Яны, з імі разам сяляне
Савецкі Саюз, люба-міла,
Стварылі няшчадным змаганьнем.

Савецкі Саюз тэй машынай
Руіны, аблог крые руняй.
Рабоча-сялянскай лавінай
Машыніць свой шлях да камуны.

Жыцьцё для рабочых сэнс мае,
Жыцьцё тады толькі магчыма,
Калі ўсьцяж гудкамі сьпявае
І сьвеце электро-вачыма.

А рост шпуляк, кранаў-грузілаў,
Магутных дынам і трансьмісій,
Узрост пралетарскае сілы —
Вось нашае дзела і місія.

Калі-ж узрасьце моц працоўных
І пойдзе дарогай змаганьня,
І будзе да бою гатоўнай,
Тады перамога настане.

Беда для фабрычнага люду,
Калі хто з яго ацямнелы
За подкупы ці з перапуду
Ды здрадзіць рабочаму дзелу.

Раз токар Васіль, што век вечны
На фабрыцы рукі мазоліў,
Хоць чуў у нутры голас спрэчны,
Рабочую праўду зьняволіў.

Рашыў ён, што лепш, калі кіне
На ўслугі працоўную сілу
Не пролетарыяту, машыне,
Каб іх барацьба пабядзіла.

Рашыў фабрыканту прадацца,
Служыць інтарэсам багатых.
Сваю і варштата моц-працу
На іхнюю роскаш усватаў.

Ня слухаў народ, прасьцярогаў
Байцоў за яго-ж вызваленьне.
Казаў, што нічога тут злога
Грош лішні прыдбаць у кішэню.

За токара чорны ўчынак
Страшэнны прысуд учыніла
Над сынам прадажным машына —
Па локаць руку адкруціла.

Заенчыў Васіль не ад мукі,
А з долі якая чакае:
Нічога ня варта ён бязрукі,
Сямейка-ж і так галадае.

Хіба фабрыкант на пачатак
Паможа ў бядзе мала-веле.
Бо брат наш тут толькі прыдатак
К рабочым рукам-карміцелькам.
І токар Васіль меў па горла
Тых ласк, дабрадзейств фабрыканта:
Наеўся сьлёз, крыўды і гора
І выляцеў з фабрыкі кантам.

Так, пан для працоўных навекі
Ёсьць клясавы вораг заўзяты.
Мы маем ад панскай апекі
Зьдзек, вызыск, нагайку і краты.

Васіль беспрацоўны, бязрукі
Быў голадам выкінут борзда
З сям‘ёю на вуліцы брукі,
Цяпер пераносіць лёс жорсткі.

Васіль стаў шукаць шлях-пуціну,
Да волі, машыны і хлеба
Ня ў тым, каб згінаць ніжай сьпіну
І ждаць зьмілаваньня ад неба,

Ён рынуўся ўвесь у змаганьне
Прыгнечаных масаў мільённых,
Хоць можа і сьмерць там дастане
Ды згіне рабочым чырвоным,

Ну што-ж хай жыцьцё пажыраюць
Кайданы ім дасьць у прыдачу.
Да часу яны вычвараюць,
А хутка лад іхні скумячуць.

Васіль нясе ў час дэмонстрацый
Скрываўлены сьцяг вызваленьня,
І сам ён ёсьць заклікам працы
На бой з капітала гныбленьнем.