Перайсці да зместу

На літаратурныя тэмы (1929)/Поэма «Новая Зямля» як монумэнтальны твор у беларускай поэзіі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Месца Янкі Купалы ў беларускай літаратуры (Купала і Шаўчэнка) Поэма „Новая Зямля“ як монумэнтальны твор у беларускай поэзіі
Крытыка
Аўтар: Мікола Байкоў
1929 год
Цішка Гартны. Біографічна-крытычны нарыс
Іншыя публікацыі гэтага твора: Новая беларуская поэма (Я. Колас ― Новая зямля).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПОЭМА „НОВАЯ ЗЯМЛЯ“, ЯК МОНУМЭНТАЛЬНЫ ТВОР У БЕЛАРУСКАЙ ПОЭЗІІ.

Першае пытаньне, якое можа зьявіцца ў адносінах да новага літаратурнага твору — гэта пытаньне аб родных або падобных яму зьявах у літаратуры.

Калі падыходзіць з гэтым пытаньнем да найвялікшай поэмы Якуба Коласа яго поэмы „Новая зямля“, — дык як-бы адразу, агдлядаючы зьявы мінуўшчыны, думка спыняецца на монумэнтальных творах двох вядомых пісьменьнікаў, двох знаёмцаў мінулага сталецьця: творах расійскага поэты Пушкіна, асабліва на яго романе „Евгений Онегин“, і польскага поэты, славутага цëскі беларускага пісьменьніка, Адама Міцкевіча, такіх яго творах, як „Pan Tadeusz“ і, часткова, „Dzіady“.

Ідэя параўнаньня паміж творамі Якуба Коласа і А. Пушкіна ня нова. Гэтая ідэя, напр., прыметна выступае ў Карскага ў яго III т. „Белоруссы“. Тут Карскі робіць параўнаньне паміж поэмай Коласа „Сымон Музыка“ і романам „Евгений Онегин“ з боку іx пабудовы — „построения“, знаходзячы для сябе падставу ў тэй акалічнасьці, што „Колас стал писать свое произведение отдельными частями с большими перерывами, с 1911 года и закончил его только в 1918 г.“ („Белоруссы“, т. III, II. 1922, стар. 305). Параўнаньне паміж творамі Пушкіна і Міцкевіча, з аднаго боку, і адрыўкамі поэмы, якія былі надрукаваны ў часопісях да 1921 г. — з другога, проста робіць М. Гарэцкі ў другім выданьні сваёй „Гісторыі беларускае літаратуры“ (стар. 160: „aпісаньні па сваёй сіле стаяць побач з вялікімі творамі, як „Евгений Онегин“ А. Пушкіна і „Pan Tadeusz“ А. Міцкевіча“).

Калі трымацца крытыка-літаратурнага мэтоду Карскага, дык у нас ужо ў парадку напісаньня твораў маюцца некаторыя падставы для параўнаньня паміж романам „Евгений Онегин“ і поэмай „Новая зямля“: як і „Сымон Музыка“, новая поэма славутага беларускага поэты напісана з перапынкамі.

Тут на падставе зьвестак, атрыманых ад самога аўтара, магчыма заўважыць наступнае.

Свой твор Я. Колас пачаў пісаць яшчэ ў 1911 г., калі ён быў у Менскім вастрозе. Тады былі напісаны гэткія разьдзелы поэмы: I. „Лясьнікова пасада“, II. „Раніца ў нядзелю“, III. „За сталом“, IV. „На першай гаспадарцы“, V. „Пярэбары“, VI. „Дзядзька-кухар“, VII. „Сьмерць лясьнічага“, XXVII. „Па дарозе ў Вільню“, XXVIII. „Дзядзька ў Вільні" і XXIX. „На Замкавай гары“ і пачаты пісаньнем XIV разьдзел — „Дырэктар“.

Потым дзеля розных акалічнасьцяй, галоўным чынам, сусьветнай вайны, праца спынілася аж да 1919 году.

У 1919 г., знаходзячыся „далёка ад межаў родных“, у Курскай вёсцы, аўтар зноў пачаў пісаць пра „родны край“. Тады быў напісаны XVIII разьдзел — „Зіма ў Парэччы“.

Да 1920 г. належыць XIX разьдзел — „На рэчцы“.

У 1921 г., калі аўтар знаходзіўся ўжо ў айчыне, напісаны разьдзелы: IX. „Новы лясьнічы“, X. „На панскай службе“, XIII. „Падгляд пчол“, XXI. „Таемныя гукі“, XXII. „На глушцовых токах“, XXIII. „Панская пацеха“, і XXIV. „Вялікдзень“.

У 1922 г. зьявіліся разьдзелы: XI. „Дзедаў човен“, XII. „Сэсія“, XIII. „Начаткі“, XVI. „Вечарамі“, XVII. „Воўк“, XX. „Коляды“, XXV. „Летнім часам“ і XXVI. „Агляд зямлі“ і скончаны пісаньнем XIV разьдзел — „Дырэктар“.

Урэшце ў 1922-23 г. г. быў напісаны канчатковы разьдзел — „Сьмерць Міхала“.

Неадначасна зьяўляліся разьдзелы поэмы і ў друку, у часопісях.

У „Нашай Ніве“ за 1912 г. былі надрукаваны „Лясьнікова пасада“ і „Раніца ў нядзелю“.

Потым ужо ў 1918 г. ў „Вольнай Беларусі“ друкуюцца: „Па дарозе ў Вільню“, „Дзядзька ў Вільні“, „На Замкавай гары“ і „Сьмерць лясьнічага“.

Шэраг разьдзелаў зьяўляецца ў друку ў 1921 і 1922 г.г. — у часопісі: „Вольны Сьцяг“ — разьдзелы: „Пярэбары“, „Зіма ў Парэччы“ і „На рэчцы“, і ў часопісі „Адраджэньне“ разьдзелы: „Каля зямлянкі“, „Новы лясьнічы“, „Падгляд пчол“ і „Дзядзька-кухар“.

Да гэтага часу зусім не друкаваліся: „За сталом“, „На першай гаспадарцы“, „На панскай службе“, „Таемныя гукі“, „На глушцовых токах“, „Панская пацеха“, „Вялікдзень“, „Дзедаў човен“, „Сэсія“, „Начаткі“, „Вечарамі“, „Воўк“, „Коляды“, „Летнім часам“, „Агляд зямлі“, „Дырэктар“, „Сьмерць Міхала“.

Калі з погляду парадку напісаньня параўнаць поэму Я. Коласа з повесьцю А. Міцкевіча „Pan Tadeusz“, дык прыметнай падобнасьці паміж імі ў гэтых адносінах мы ня ўгледзім. Як вядома, А. Міцкевіч пачаў свой галоўны твор у канцы 1832 г. і скончыў яго ўжо ў пачатку 1834 году (гл. K. Król Jan Nitowski. Historya Literatury Polskiej, s. 299). Больш падобнасьці да працы Коласа ў гэтых адносінах мелі-б „Dzіady“ А. Міцкевіча.

Але, агулам кажучы, парадак напісаньня тэй ці іншай літаратурнай працы, хоць і мае некаторае значэньне для літаратурнай крытыкі, аднак, сам па сабе, яшчэ не дае пэўнай асновы для параўнаньня паміж літаратурнымі творамі. На недахват крытыка-літаратурнага мэтоду Карскага, у частковасьці, добра паказана Ўл. Дзяржынскім: „шукаючы падабенства на падставе гэткіх даных, мы патрапім урэшце ўтоесаміць кітайскую літаратуру з Байронам!“ (гл. „Полымя“, № 2, стар. 121).

І калі пры чытаньні поэмы Я. Коласа ў нас узьнікае думка аб творах А. Пушкіна і А. Міцкевіча, то тут для параўнаньня маюцца больш грунтоўныя асновы, чымся тыя, каторых знайшоў для сябе падставу вядомы вучоны. І справа тут не ў апісаньнях, як лічыць М. Гарэцкі, а ў тым месцы, якое займае поэма „Новая Зямля“ ў разьвіцьці беларускае поэзіі. Нашу думку мы маглі-б выразіць гэткім спосабам: як „Евгений Онегин“ азначае сабою пачатак росквіту творчай сілы вялікарускага народу і зьяўляецца першым монумэнтальным творам расійскай поэзіі, a „Pana Tadeusza“ з пэўным правам можна назваць першай і разам з тым адзінай эпопэяй у польскай літаратуры, творам выдатнейшага поэтыцкага мастацтва, у якім знайшлі для сабе праяву здольнасьці польскага народу, так і поэма Якуба Коласа, адбіваючы ў поўнай меры росквіт сіл і здольнасьцяй беларускага народу, адчыняе сабою новую, так казаць, добу ў разьвіцьці беларускай літаратуры, — добу апрацоўкі манумэнтальных твораў беларускай поэзіі.

Магчыма зусім об‘ектыўна зацьвердзіць, што да гэтага часу чаго-небудзь зусім падобнага да твору Я. Коласа ў беларускай літаратуры не зьяўлялася.

Яго поэма — найбольш монумэнтальны поэтычны твор у беларускай мове і ў гэтых ужо адносінах — найвыдатнейшая зьява ў галіне беларускай поэзіі. Ня кажучы ўжо аб разьмеры поэмы — разьмеры роўным разьмеру твораў Пушкіна і А. Міцкевіча, — гэта поэма па шырыні абмалёўкі беларускай прыроды і беларускага быту, па колькасьці выведзеных тут беларускіх тыпаў (паны, падпанкі, лясьнікі, сяляне, кабеты, дзеці) і абмаляваных тут абставінах беларускага жыцьця (фольварак, вёска, горад), па лічбе твараў і душ — ня ведае роўнага сабе твору. У гэтых адносінах, нават, твор самога Я. Коласа „Сымон Музыка“ зьяўляецца толькі прэлюдыяй да яго галоўнай поэмы.

Такім чынам „Новая зямля“ — гэта „не об‘единение рассказов в духе рассказов Пшчелкі“, як вельмі неасьцярожна і наіўна кажа Карскі ў III т. „Белоруссы“, а сапраўды монумэнтальны твор беларускай поэзіі, падобны па свайму значэньню ў гісторыі разьвіцьця беларускай літаратуры да твораў пачынальнікаў расійскай і польскай літаратуры ў час іх красаваньня.

Поэма Я. Коласа зьявілася блізка-што на 100 год пазьней ад вялікіх поэтычных твораў расійскай і польскай літаратуры, як і сам беларускі народ толькі цяпер пасьля доўгага заняпаду выступіў на сцэне гістарычнага жыцьця, як роўны з сваімі суседзямі, сваімі братамі.

Часам нараджэньня поэмы азначаюцца перш-наперш думы і настроі аўтара.

Свой твор аўтар пачаў пісаць у эпоху рэакцыі, калі суровы сівер сваім холадам як-быццам зусім спыніў пачатую вясну беларускага народу, і сам аўтар быў у вастрозе; поэма стала зноў пісацца ў 1919 г., калі абшары Беларусі знаходзіліся пад пятою паноў захопнікаў.

У цяжкіх політычных абставінах Беларусі ляжыць прычына выяўленьня аўтарам асаблівага замілаваньня да сваёй роднай зямлі, і ў 1919 г., калі стан Беларусі быў асабліва цяжкім, аўтар піша:

О, родны край, о, край пакуты,
Нягодай цяжкаю прыгнуты,
Калі-ж ты збудзеш сваё гора,
Што і цяпер там, як і ўчора,
Як і даўней, цябе зьнішчае
І горкім смуткам авявае?.. (XVIII р., 155 стар.).

Уся поэма дыша глыбокім нацыянальным настроем, аднак нотак смутку ўжо ня чуваць у разьдзелах, якія напісаны ў 1921-1923 гадох у Савецкай Беларусі, калі сапраўды тут пачалася вясна беларускай культуры.

Часам нараджэньня беларускай поэмы азначаецца і ідэолёгічны яе бок — ідэалы і імкненьні яе герояў, як, само сабою разумеецца, і выведзеныя ў ёй тыпы.

Падзеі, апісаныя ў поэме Коласа, як ён сам заўважае, адносяцца к часу 1890-1900 гадоў (увага на стар. 4).

Якраз у гэты час пачала выступаць на гістарычнай сцэне, як актыўная грамадзкая сіла, сялянская кляса.

Сам Колас прыналежыць да гэтай клясы. І вось, уводзячы ў сваю поэму ў значнай меры аўтобіографічны элемэнт, апісваючы тыя падзеі, якія сапраўды адбываліся ў беларускай вёсцы, ён выступае перад намі, як поэта працуючай сялянскай клясы.

Галоўныя персонажы поэмы — „знаёмыя“ ці, дакладней кажучы, „родныя“ аўтару, гэта — беларускія сяляне-бедакі.

Поэта кажа ў пачатку VI разьдзелу сваёй поэмы:

Я буду рады, калі ўдасца
Маім знаёмым у вашай ласцы
Хоць на кароценькі часочак
Заняць хоць цесьненькі куточак.

Жыцьцё іх, праўда, няцікава,
Пра іх нідзе ня ходзіць слава,
Аб іх гісторый не складаюць,
Пра іх і песень не сьпяваюць…
Каротка памятка аб людзе,
Аб простым людзе. І такая
Ўсім бедным доля выпадае:
Прайсьці свой круг, прамарнавацца
І невядомымі застацца
Ды быць забытымі тут ўсімі —
І сваякамі, і чужымі… (45 стар.).

Поэта жадае захаваць памятку аб гэтым простым людзе — запісаць аб тым, што праходзіла прад яго ўласнымі вачыма ў дні вясны яго жыцьця — і гэта жаданьне спаўняецца дзеля таго, што зьмяняюцца абставіны соцыяльнага жыцьця, і бедны, просты народ перастае быць забытым, занядбаным народам і становіцца галоўным соцыяльным чыньнікам эпохі.

Асяродкавая асоба дзеі, гэта — лясьнік Міхал.

Міхась… вы лепш спытайце самі
Пра палясоўшчыка Міхала:
Яго ўся воласьць наша знала!
Ён быў вядомы між панамі.
Да што паны?! Сам князь Антоні
Ня раз з Міхалам вёў размову.
І знаў-жа ж службу лясьнікову…
Міхал, як толькі ажаніўся,
Тады-ж ад бацькі аддзяліўся,
Бо стала цесна. З тэй прычыны
Хадзіў на сплаў ён, на віціны;
Разоў са два схадзіў у Прусы.
Куды ня трапяць беларусы!

Потым, калі „абрыдла гэта справа“, зьвярнуўшыся на бацькаўшчыну, ён „быў пры падлоўчым на каморы“.

Стары лясьнічы пасваему
Цаніў Міхала, як служаку:
Ганяў усюды небараку…
Лясьнічы так казаў, бывала:
Што-ж? добры конь і цягне дужа!

Пасьля некалькіх год цяжарнай службы Міхал выбіваецца на некаторы лепшы шлях:

Яму уважыў пан лясьнічы…
І сеў Міхал у страшнай дзічы,
Дзе лес адзін, хмызьняк да поле,
Да ветру посьвісты на волі…

За гаспадарку „ненарокам“ прымаецца Міхал на новым месцы.

Каня, кароўку расстараўся,
Завёў сьвіней, дзьве тры авечкі;
Тымчасам з дому для падмогі
Антось прыехаў… (IV разьдз., 31 і н. стар.).

Антось, нежанаты брат Міхала, такі-ж безьзямельны, як і сам Міхал, заўзяты пястун дзяцей, добры таварыш іх пацех, „цягнуў ярэмца хлебароба“.

Навакол Міхала і Антося стаяць другія члены сямейкі лясьніка: маці — Ганна, вечна занятая „то каля печы, то на полі“ („Жыцьцё жаночае такое“), і дзеці, Уладзік, Алесь, Костусь, Юзік і Ганна.

Ня ўсьпеў Міхал з сваёй сям‘ёю
І пяць гадкоў спазнаць пакою,

як заклікае яго к сабе лясьнічы і дае загад:

...Ну, чалавеча,
Зьбірай манаткі і ў Пярэчча
За добры час перабірайся… (V разьдз., 35 стар.).

У Парэччы, у балоце, у зруйнаванай гаспадарцы пачалося новае жыцьцё. Прад намі ў поэме разьвінаецца малюнак гэтага працоўнага жыцьця і яго вялікія і меншыя здарэньні: пажар хаты і жыцьцё каля зямлянкі, будова новага памяшканьня, узгадаваньне і пацехі дзяцей („Дзядзька-кухар“, „Дзедаў човен“), пачатак вучаньня і прыезд настаўніка — „дырэктара“, хлапчука з суседняй вёскі („Дырэктар“), вясковыя працы, наезд гасьцей, сьвяты („Каляды“, „Вялікадзень“), гульні, зборы лясьнікоў на „сэсію“ ў карчму „цёткі Хрумы“, іх удзел у панскіх пацехах і інш. аж да сьмерці асяродкавай асобы дзеі — лясьніка Міхала.

Такім спосабам, галоўныя асобы поэмы гэта — беларускія безьзямельныя сяляне, прымушаныя жыць на чужой, панскай зямлі і знаходзіцца ў поўнай экономічнай залежнасьці ад эксплёататараў сваёй працы. Гэта — тая вясковая грамадзкая група, якая па свайму становішчу бліжэй усяго стаіць да працуючага пролетарыяту гораду і разам з апошнім прымае актыўны ўдзел у вялікай соцыяльнай рэволюцыі.

Сапраўды нязначны „знаёмыя“ поэты:

Жывуць, цярпліва долю смычуць
І крыж нясуць мужычы ціха,
Дабра ня бачачы з-за ліха. (VI p.).

Такімі-ж самымі нязначнымі, падлеглымі эксплёатацыі, людзьмі аказваюцца і выведзеныя ў поэме лясьнікі — таварышы Міхала па службе.

Клясе падлеглых людзей — вясковага поўпролетарыяту — у поэме процістаіць кляса эксплёататараў-паноў, якая ўверсе заканчваецца ўладаром зямлі — магнатам князем Радзівілам і мае беспасярэднюю справу з лясьнікамі ў асобе паноў другога, так казаць, гатунку паноў-лясьнічых.

Згодна гэтаму, галоўная процілегласьць, якая выступае ў поэме, гэта — процілегласьць клясавых інтарэсаў паміж панамі і працуючай клясай.

Паны зацікаўлены ў сваіх землях і маемасьцях, яны зацікаўлены ў танных рабочых руках, і бязьлітасна эксплёатуюць сваіх слуг, штурхаючы чалавекам з аднаго кута ў другі, а ня то і зусім выкідаюць яго з пасады:

Пан лясьнічы разважае:
— „Мне чалавек там добры трэба,
А ня гультай які, нязграба,
Такі лясьнік…, каторы
Ня будзе спаць п‘яны ў разоры“, —

і перакідае Міхала з аднаго месца ў другое, ні колькі не шкадуючы працы, якая ўложана лясьніковай сямейкай у зямлю. І Міхалу прыходзіцца перабірацца, бо справа тут проста:

Ня будзеш ты з лясьнічым спорыць,
Рабі, вось, тое, што гаворыць,
А не — йдзі вон…

Паны ня толькі не каштуюць дабрабыту свайго хлопа, але зьневажаюць яго асобу.

Сядзяць паны, як страхі тыя,
А міны важныя такія.
Ўсе няпрыступны і ўсе горды,
Рашучы погляды і цьвёрды,
А ў кожным слове, ў кожным руху
Відна зьнявага да „пся-юху“.
„Пся-юхі“ ім усяк слугуюць… (XXIII р., 198 стар.).
Паны ў калясцы пад‘яжджаюць…
І пан Абрыцкі з лясьнікамі
Скланілісь нізка прад панамі.
Паны чуць-чуць адно зірнулі,
На іх увагі не зьвярнулі,
Як-бы ня людзі то стаялі. (196 стар.)

Дакладна, для пана хлоп — не чалавек, а рэч вырабчага ўжытку, рэч, якую ён эксплёатуе ў мэтах захаваньня свайго дабрабыту. І колькі-б хлоп ні стараўся, у яго няма надзеі выслужыцца ў пана.

Ці надта выслужыўся ў пана
Усё роўна знойдзецца загана,
Як ты ні падай, ні гасай,
Не пападзеш у пана ў рай
З сваёй патрэбай, інтарэсам… (II р., 17 стар.).

У паноў свае клясавыя інтарэсы; яны чужыя і духоўна беларускаму хлопу. Яны гавораць між сабой на польскай мове і ідэалізуюць Польшчу.

Ешчэ Польска ня згінэла
Покі мы жыемы —

зачынае пан равізовы на банкеце… У думках паноў ўстае ня проста Польска, а Польска XVIII ст. з яе рэжымам панскай охлёкратыі, бо іншай новай Польскі, дзе быў-бы гаспадаром працоўны народ, паны ня могуць сабе і ўявіць.

Цяжар становішча працоўнага люду павялічваецца ўяўленьнем іх бяспраўнасьці і немагчымасьці цягацца з панам і абараняць сябе ад зьдзекаў і ўціску пры дапамозе закону.

І крыўда ў тым, мае вы людзі:
І хто-ж то волю даў паскудзе?
На што зямля іх, катаў, носіць?
Ой, хто-ж ад іх не загалосіць?
А дзе на іх шукаць управы,
Бо суд „праўдзівы“, суд „ласкавы“
Паноў за зьдзекі не карае.
І хто цябе тут падтрымае?
Каму паскардзіцца і дзе? (X р., 81 стар.).

Відавочна адчыняецца перад вачыма працоўных і праўдзівы характар, як быццам па-за клясавай улады цара…

— Ото разгон і шыр якая, —

разважае сам з сабою дзядзька па дарозе ў Вільню, калі ён едзе зайцам у цягніку.

Зірнеш — ня згледзіш канца-краю.
І гэта ўся зямлі армада
Гаспадара-цара аблада!
Вялікі богач ён на сьвеце.
Ды толькі бедны яго дзеці:
Ядуць хлябок яны з мякінай,
Зайцамі езьдзяць па машыне,

Якія дворы, божа мілы!
А ўсюды бедны люд, пахілы
Кішыць, гаротны, як мурашкі,
І ўздых задушаны ды цяжкі
Гатоў з грудзей яго прарвацца,
На гоман думак адазвацца:
„Эх, дзецца людзям бедным недзе!“

(XXVII р., 250 стар.).

Ня дзіва, што пры такім парадку ўсё ў жыцьці безьзямельнага хлопа залежыць ад асобы пана. Чым агідней пан, тым больш цяжарным становіцца жыцьцё хлопа. Вось чаму такое вялікае значэньне мае для лясьніка асоба лясьнічага.

Вельмі значным здарэньнем пасьля пажару хаты ў жыцьці жыхароў Парэчча зьявілася сьмерць старога лясьнічага.

На другі дзень, калі Міхась ужо крыху праспаўся,

Ў абход сягоньня ня зьбіраўся,
Другія думкі і настроі
Ўсё не даюць яму спакою:
За кім лясьніцтва застанецца?
Адкуль і хто сюды прыпрэцца,
Пасаду вольную заступіць?..

Урэшце аб‘езчык Ксаверы прыносіць у хату зьвестку аб новым лясьнічым:

— Не падвязло нашаму брату:
Пякельны пан! — Ксавэры кажа:
Як ноч, на нас, на ўсіх ён ляжа:
То пан Ракоўскі з-пад Татаркі!
Як, кажуць, пан занадта шпаркі…
— А як-жа! чуў я, што за пташка!
Лядачы нораў, лае цяжка;
Яшчэ і звычай такі мае,
Што з кулакамі налятае…
І праўда, пан быў злы, паганы
І зьвераваты, надзіманы;
І мух ня мала меў у носе…
І шмат цяжэй тут павялося… (IX р.).

Пры такіх умовах у панскіх слуг няма пэўнасьці за забясьпечанасьць свайго дабрабыту.

Рабі, працуй кладзі ты сілы
У гэты дол чужы, пастылы
І горкім потам аблівайся;
Зрабіў парадак—выбірайся:
Ды йзноў ідзі адсюль у госьці…
Эх, вы паны! Эх, ягамосьці!. (IV p., 35 стар.).

Адгэтуль ўздымаецца ў грудзёх селяніна бунт-протэст проці таго зьдзеку, які падзяляе люд на дзьве няроўныя часьціны:

На багачоў і на галоту.
Адным — сланяцца каля плоту
Сваіх задворкаў цёмна-брудных
У мысьлях-думках шэра-будных,
Жыць у гразі, хадзіць сляпымі
ў імгле пустой і ў едкім дыме,
Цярпець пакорліва, маліцца
І з гэтай доляю гадзіцца,
А ўсе надзеі на збавеньне
І на канец таго мучэньня,
Які настане усё-ж нарэшце,
На той бок сьмерці перанесьці!
Другім — тут рай і панаваньне
І ўсіх дабротаў спажываньне.
Ты ім служы, ты ім працуй
І нейкі страх прад імі чуй! (XXIX р., 263 стар.).

Гэты протэст, як быццам чырвонаю стужкаю праходзіць праз усю поэму і іншы раз вырываецца ў Міхала ў воклічах абурэньня, як прыкладам:

Але-б вы самі спрабавалі,
Калі б у вочы вам плявалі
І вас агіднаю зьнявагай
Па сэрцы білі-б, як тэй шлягай
А ты маўчы, сьвяці вачамі
Перад паўпанкамі, панкамі
І перад панскім розным збродам,
Цярпеньнем скованы, як лёдам! (IX р., 74 стар.).

Як поэма, якая малюе процілегласьць інтарэсаў паноў і безьзямельнага сялянства, „Новая зямля“ ў сваёй істоце становіць разьвітак тых думак і настрою, якіязнайшлі сабе выраз яшчэ ў юнацкім вершы Коласа „Нашым ворагам“, дзе поэта кліча на суд усіх паноў і багачоў:

Багачы і панства,
Нашы дабрадзеі,
Мы на суд вас клічам,
Каты і зладзеі.

І на перакрэстку
Часаў пераходных
Сьмела вас пытаем,
Жадных і нягодных…

У паказаных адносінах поэма Коласа бязумоўна адзначана адценьнем блізкага моманту рэволюцыйнай эпохі—і шмат якія месцы гэтай поэмы напэўна не маглі-б легальным спосабам убачыць сьвету пры царскім рэжыме, ня ўбачылі-б і цяпер у Заходняй Беларусі.

Поэма ў тым відзе, у якім яна цяпер надрукавана, магла зьявіцца толькі цяпер, у час рэволюцыі — там, дзе зруйнавана дарэшты панаваньне паноў і падпанкаў, дзе працоўны люд скінуў свае путы, і сама мае вялікае значэньне для выхаваньня рэволюцыйнай самасьвядомасьці пролетарыяту.

Але іншым вокам павінны мы паглядзець, калі ўзьнікае пытаньне аб спосабе, якім героі поэмы думаюць вырашыць рэволюцыйную па сваёй істоце проблему свайго збавеньня ад зьдзекаў паноў і падпанкаў.

А дзе-ж той выхад, дзе збавеньне
З няволі цяжкай, з паланеньня?
Адзін ён ёсьць: зямля, зямля,
Свой пэўны кут, свая ральля;
То—наймацнейшая аснова
І жыцьця першая умова.

Зямля ня зьменіць і ня здрадзіць,
Зямля паможа і дарадзіць,
Зямля дасьць волі, дасьць і сілы,
Зямля паслужыць да магілы,
Зямля дзяцей тваіх ня кіне,
Зямля—аснова усёй айчыне.

Але запытаньне: якая зямля?

Міхал у часе вандраваньня
На адзіноце сам з сабою,
З гарачым сэрцам і душою,
Разьвязваў важнае пытаньне
Аб тэй зямельцы аб уласнай.
Яна сьвяціла зоркай яснай,
Яна гарнула і хіліла,
Бы нейкіх чар нязнаных сіла.
Свая зямля, свая пасада!
Ці ёсьць мацнейшая прынада!.. (XXVI р., 227 стар.).

Ужо даўно ў Міхала злажылася ідэя, што адзіны шлях да збавеньня, гэта — уласная зямля. Асабліва моцна ўскалыхнула яго, „усё ўверх дном перавярнула“ сьмерць старога лясьнічага.

І тут у першы раз Міхала
Вось гэта думка напаткала:
Купіць зямлю, прызбаць свой кут,
Каб з панскіх выпутацца пут,
І там зажыць сабе нанова:
Свая зямля — вось што аснова. (VIII p.).

Гэта думка — аснова ўсёй поэмы. На гэтай аснове мы можам растлумачыць і самы загаловак поэмы: „Новая зямля“ прадстаўляецца перш-на-перш, як уласная зямля.

Няма зямлі сваёй і хаты,
І мусіш гнуцца, як пракляты,
Бо ты ні мяса і ня рыба…

І вось Міхал стаў капіць грошы, патрэбныя для пакупкі зямлі… У канцы канцоў зямля была прыгледжана ў Хадыкі ў Заблоньні і куплена. Каб аформіць пакупку, дзядзька і езьдзіць зайцам у Вільню.

Міхалу не ўдалося гаспадарыць на новай зямлі. У хуткім часе пасьля пакупкі ён з хварэў і памірае. Апошнімі яго словамі — наказам свайму брату — былі словы:

Зямля, зямля, туды, туды, брат,
Будуй яе, ты дай… ëй выгляд
На новы лад, каб жыць нанова… (XXX р.).

Зьяўляецца пытаньне: ці гэта ёсьць „новы лад“ і ці гэта значыцца „жыць нанова“?

У сваіх імкненьнях да ўласнай зямлі Міхал, як відаць, трымаецца зусім буржуазнай ідэолёгіі і ідэалізуе прыватную ўласнасьць.

Яго ідэал выйсьці ў шляхту, стаць такім-жа панам, як і лясьнічы.

Ідзе Міхал — прад ім сяліба,
Засьценак добра так знаёмы
І хоць няважныя харомы
Тут гэта шляхта збудавала,
Але жыве і гора мала;
Хоць шляхціц цёмны, як саган,
Затое-ж сам сабе ён пан… (XII р., 97 стар.).

Агулам кажучы, увесь думанастрой і ўвесь уклад жыцьця герояў поэмы адмечаны дробна-буржуазнымі рысамі. Дробна-буржуазным прадстаўляецца агульны сьветапогляд Міхала і Антося, у дробна-буржуазнай абстаноўцы выхоўваюцца дзеці, і тыя радасьці, якія час-ад-часу выпадаюць на долю сямейкі, увы! — зусім дробна-буржуазныя радасьці. І навокал у гушчы лясьнікоў і сялян кіпіць дробна-буржуазная стыхія. Індывідуалізм, як адзнака, якая найбольш характарызуе істоту буржуазнага ўкладу, эгоістычных мэтаў, — вось што выразна выступае ў таварышоў Міхала па панскаму палону:

Народ жадзён, жыве у сьціску,
Гатоў у вочы сыпнуць прыску,
Зрабіць умыслу дзеля зьдзеку —
Не, не унаровіш чалавеку.
І свой-жа брат цябе кусае.
Бо кожны выслужыцца хоча.
Адно гаворыць табе ў вочы,
Але другое ў мысьлях мае… (X р., 80 стар.).
— Ох, да і людзі-ж! што за душы! —
Гаворыць маці абурліва —
— Чаму ня скажуць? ото дзіва!
Той самы „Тэш“, каб падлізацца,
Гатоў хоць чорту запісацца… (IX p., 76 стар.).

У асобе „Тэша“ як быццам адбілася ўся хцівая дробна-буржуазная істота. Але за „Тэшам“ ідзе „Памдзей“ і інш.

Тут гэты лад быў так збудован,
Што на даносах быў заснован,
І мелась тут навідавоку
Кусаць адзін другога збоку. (XII р., 101 стар.).
Адны другіх-бы тут паелі,
Або ўтапілі-б, каб прымелі,
Адзін другога не пакрые,
Глядзяць, як ворагі ліхія,
Гатовы ліха прыкупіць,
Каб спатайка цябе ўкусіць;
А пан з таго і карыстае… (X р., 81 стар.).}}

Адгэтуль вывад:

— Ну, што-ж? цярпі, маўчы зацята,
Бо так выходзе, небажаты…

І церпяць, як цярпелі ў працягу цэлых сталецьцяў і беларускія, і вялікарускія, і польскія мужыкі…

Праўда, іншым разам ня хопіць цярпеньня, і тады абурлівы настрой можа прарвацца, як гэта і адбылося адзін (толькі адзін) раз з Міхалам, пакрыўджаным да глыбіні душы ад лясьнічага.

Міхал маўчаў, ды нечакана
Ён сам як рушыцца да пана!
Лясьнічы зразу ўзад падаўся.
— Чаго пан гэтак раскрычаўся?
Завошта пан, мяне так лае?
Згарыць яна няхай такая
І служба гэта, і пасада,
І гэта крыўда, й гэта здрада,
І гэта панская адплата!
Няхай яна будзе праклята!
Міхал тут плюнуў, завярнуўся —
Хоць раз, да добра агрызнуўся! (X р., 85 стар.).

Але пасьля гэтага здарэньня ён ужо баіцца, як-бы ня вышла з таго якое-небудзь ліха, — „а што, як скажа: выбірацца?“ — і супакойваецца, калі ў той-жа дзень атрымлівае наказ ісьці сачыць ваўкоў: — „ну, значыць, квіта!“

Значыць, застаецца зноў цярпець і толькі цішком думаць аб адплаце пану.

За „гітал“ падлу ды і ў ваду!
Парваць-бы ноздры качарэжкай
Або глузды адбіць даўбешкай,

як разважае дзядзька, і трызьніць аб „сваім куце“, як трызьніць Міхал.

Нянавісьць да паноў цішком досыць выразна праходзіць праз усю поэму, але толькі нянавісьць і протэст цішком і паасобку.

Такім спосабам, героі поэмы не дарасьлі яшчэ да ідэі яўнага паспалітага бунту проці паноў — ідэі, якая ясна выступае ў вядомай „Беларускай марсельезе“.

Мы дружна паўстанем з касамі, з сярпамі,
Прагонім з зямлі палачоў!
Няхай нас сустрэнуць палямі, лясамі
Грамады працоўных людзёў!

У паказаных адносінах поэма Коласа, бязумоўна, не прыналежыць да эпохі комуністычнай рэволюцыі — часу паспалітага паўстаньня сялян і рабочых проціў пануючай клясы, і мае толькі гістарычнае значэньне, як нарыс дробна-буржуазнага настрою і быту беларускага сялянства пераходнай да часу вялікай соцыяльнай рэволюцыі эпохі.

Апрача таго, зноў неабходна падкрэсьліць, што поэма мае значэньне і як адрывак з аўтобіографіі поэты. Ён пісаў аб тым, што было, аб падзеях, якія сапраўды адбываліся. У асобе лясьніка Міхала магчыма прызнаць бацьку поэты, а ў асобе хлопца Костуся — самога песьняра, як і назовы „Парэчча“, „Заблоньне“ і інш. — зусім рачаістыя назовы, якія і цяпер мы пачуем у Мікалаеўшчыне б. Менскага павету.

І гэтыя значэньні поэмы павялічваюцца дзеля асаблівасьцяй мастацкай творчасьці поэты.

Зьвяртаючыся цяпер да аналізу мастацкага боку поэмы, перш-на-перш трэба адзначыць рэалізм поэмы. Поэта творыць рэальныя вобразы, якія рэальна існуюць у рачаіснасьці. Як-бы А. Пушкін і А. Міцкевіч, Як. Колас прыналежыць да рэалістычнай школы, у якіх адносінах з ім мае падобнасьць у беларускай літаратуры рабоча-пролетарскі пісьменьнік Ц. Гартны. Поэзія „залатой пары“ беларускай літаратуры і ня можа быць іншай, як не рэалістычнай.

Таксама зьвяртае на сябе ўвагу надзвычайная плястычнасьць, вобразнасьць малюнкаў, якія даны ў поэме — плястычнасьць, якая як нельга больш адпавядае запатрабававьням мастацкага эпосу. У гэтых адносінах новы твор Коласа мае нават перавагу ў параўнаньні з творамі А. Пушкіна і А. Міцкевіча, збліжаючыся з творамі Ю. Лермантава.

Асабліва плястычна абмалявана ў Коласа прырода. Родная прырода знайшла для сябе ў асобе Я. Коласа добрага апісальніка, і нездарма кажа поэта:

Малюнкі родныя і зьявы!
Як вы мне любы, як цікавы!
Як часта мілай чарадою
Вы ўстаіцё перада мною!.. (XVI р., 137 стар.).

Асаблівую магутнасьць апісаньня ўжо М. Гарэцкі заўважыў у адносінах да першага разьдзелу „Лясьнікова пасада“. Але здаецца, што ў гэтым сэнсе асабліва трэба падкрэсьліць XXV разьдзел поэмы: — „Летнім часам“, дзе з надзвычайнаю натхненнасьцю і маляўнічасьцю апісаны розныя прыгоды і зьявы лета: раніца, поўдзень і вечар, усход і заход сонца, навальніца і летні дождж… Лета — найлепшая пара году, і робіць асаблівае ўражаньне на чулую душу поэты-мастака.

І колькі ў ім яшчэ прывету,
Прыгод усякіх так багата!

І беларуская зіма апісана ў поэме з мастацкасьцю.

Ёсьць хараство і ў гэтых зімах,
І ў мёртва-бледных тых кілімах,
Што віснуць, зьзяюць хрусталямі
Пад занямелымі лясамі,
Калі ў агністым мароз троне,
У крывава-багравай заслоне
Над сьветам рукі ціха ўздыме. (XX р. 170 стар.).

Магутнае па сіле натхненьня і вобразнасьці апісаньне марозу даецца ў XIX разьдзеле (162—167 стар.).

Знаходзіць для сябе „водгульле ў душы поэты“ і „зварот пары — зьніканьне лета“, і прыход вясны. Памастацку апісана ў XXI разьдзеле поэмы і зімовая адлега, калі ў барацьбе стыхій нараджаюцца „таемныя гукі“, а ў разьдзеле XXII і самая вясна…

Калі чытаем поэму Коласа, беларуская прырода выяўляецца ва ўсім багацьці сваіх колераў і магутнасьці сваіх праяваў.

І гэта — ня мёртвая, а жывая, адухоўленая прырода, якая б‘ецца ў унісон з біцьцём чалавечага сэрца.

Эх, выйдзі ў поле, брат, дасьвету:
Ня будзеш каяцца ніколі!
Зірні, прыслухайся наўкола:
Як ціхамірна, як вясёла!
І ў кожным дрэве, і былінцы,
І ў малюпасенькай расьлінцы —
Ну, ва ўсім чысьценка дазваньня —
Блукае радасьць спадзяваньня;
Куды ні глянь — усё у настроі
І ў добрай згодзе між сабою.
Само паветра жыва, дыша,
Бы ў ім хтось хвалы жыцьцю піша
Праменна-сьветлы, яснавокі… (XXV р., 222 стар.).

Ня дзіва, што сам поэта аб‘яднаецца з прыродай.

І люб і смуцен час прыгоды,
Калі душа ўсяе прыроды,
З тваёю злучыцца душою
Ў адным суладзьдзі і настрою… (XIV р., 121 стар.).

У гэтым панпсыхічным або віталістычным поглядзе поэты на прыроду адчыняецца шлях да збліжэньня яго поэмы з творамі заходня-эўропэйскіх, як Мэтэрлінк, і расійскіх, як Бальмонт, поэтаў-сымболістых і разам з творамі жывой народнай поэзіі, што асабліва варта, бо ў народнай поэзіі знаходзіцца праўдзівая крыніца ўсякай сапраўды-мастацкай поэзіі.

Дзеля таго поэма і багата мэтафорамі, параўнаньнямі, упадабленьнямі і іншымі поэтычнымі зваротамі, уласьцівымі народнаму вершу. У вочах поэты „ёлкі шэпчуцца з хвоямі“ (6 стар.), „дзярэўцы вясёла пазіраюць на сьвет“ (9 стар.).

А гэты ветрык дурасьлівы
Траве зялёнай чаша грывы,
У садку жартуе з верабінай,
Як голец-хлопец той з дзяўчынай,
І валасы зялёным стрэхам
У лесе гойдае са сьмехам.
А кругаверхія асіны
Разносяць нейкія навіны
І так гутораць, так сьмяюцца,
Што ад іх лісьцікі трасуцца… (II р., стар., 14);

самыя „хмаркі на захадзе ў тужлівым нікнуць задуменьні“ (VI, стар. 50), „агонь сярдуе“ (51), „мароз штукар і жарты любіць“ (XX, 164 стар.), вясною „бор глядзіць з усьмехам“ (XXV, 210 стар.), а „гром пярун сталёвым бічам, бы нейкі зьвер страшэнным бічам, арэ, трасе, калоціць хмары“ (стар. 217).

Сапраўды мастацкія вобразы!

Бытавая абстаноўка прадстаўлена ў мастацкіх aпісаньнях раніцы ў лясьніковай сямейцы ў нядзелю (II р.), сьнеданьні перад пярэбарамі (V р.), дзядзькава кухарства (VII р.), сэсіі (XII), папоек лясьніковых у цёткі Хрумы, прыёму гасьцей у Парэччы (XIII р., стар. 110—120), вучэньня хлопцаў (XV р.), Каляд (XX р.) і Вялікадня (XXІV р.), паляваньня (XXІІ і XXІІІ), касавіцы і сенажаці (ХХV р.), агляду новай зямлі (XXVII p.), паездкі дзядзькі ў Вільню зайцам (XXVІІ р.).

У апісаньні рознастайных сцэнак вясковага жыцьця Дадзены ў поэме мастацкі нарыс беларускага сялянскага быту дарэволюцыйнай эпохі, што яшчэ больш падкрэсьлівае яе значэньне, як нацыянальнай беларускай поэмы.

Памастацку ў поэме апісана і гарадзкая абстаноўка — горад Вільня з яе прыгожымі відамі (від з Замкавай гары — XXIX разьдз.) і гарадзкімі сцэнамі.

Але Якуб Колас — ня толькі мастацкі апісальнік прыроды і знадворнай абстаноўкі быту: прад ім сьвет адчынены ва ўсёй многавобразнай рознастайнасьці сваіх зьяваў.

Бо сьвет і жыцьцё многалучны
І многавобразны, выключны,
Таемна схованы, цікавы
І рознастайны іх праявы,
Дзе кожны момант хвалі новай
Нам штось гуторыць сваёй мовай
Для сэрца і для разуменьня,
Дзе поўна ўсё свайго значэньня,
Прыгоства, чар і глыбіні. (XXVII разьдз., 241 стар.).

Успрыймаючы сьвет і жыцьцё ў рознастайнасьці іх зьяваў, Я. Колас выступае перад намі, як вельмі мастацкі знаўца чалавечага твару, як мастак-портрэтысты і фізыогномісты.

Яму выключна ўдаюцца чалавечыя портрэты. Ледзь не найбольш удалым зьяўляецца ў поэме портрэт дзядзькі Антося, сталага таварыша дзяцей, на каторым поэта застанаўліваецца з асабліваю любоўю ў розных мясцох поэмы.

Вось як жывога, дзядзьку бачу.
Я тут портрэт яго зазначу.
Ён нявысок, ня надта ëмак,
Ды карчавіты і няўломак,
А волас мае цёмна-русы
І зухаўскія яго вусы:
Умеру доўгі, густаваты,
Угору чуць канцы падняты;
А вочы шэры, невялічкі,
Глядзяць прыветна, як сунічкі,
Але раптоўна і адразу, —
Не расчытаеш іх выразу, —
То сьмех, то хітрасьць з іх бліскае,
То дабрата, але якая!
А нос… я глянуць мушу ў неба,
Бо не патраплю, як пачаць
І з чым нос дзядзькаў параўнаць,
Каб вышаў ён такі, як трэба:
Ну, нос кароткі і таўсматы,
Ды досыць спрытны, хоць кірпаты. (XVI р., 140 стар.).

Нібы жывыя ўстаюць перад намі і задуменна-сур‘ёзны твар Міхала, і задуменна-радасны філёзофскі тварык Костуся, і тварыкі яго братоў, і клапатлівы, адзначаны вечнай турботай, твар маці, і твары лясьнікоў, і наздраваты, надзіманы твар пана Рака з-пад Татаркі. Як быццам жывы стаіць перад намі і прадавец зямлі Хадыка з сваім: „ядзяць іх мухі з камарамі!“

Вельмі ўдалыя ў поэме апісаньні і выразаў асобных псыхолёгічных станаў. Вось, напр., апісаньне сердаваньня Міхала:

Міхал стаіць, зьнявагі поўны,
І погляд кідае бязмоўны.
О, колькі крыўды ў ім, абразы!..
Э, лепш змаўчаць ёй, лепш тры разы,
І не адказываць нічога.
Ён толькі у бок плюе з парога,
Ідзе—сам гнеў і сама бура,
Са лба на бровы зьбегла скура,
А губы шчыльна-шчыльна сьцяты;
Дзьвярмі ён грукнуў, вышаў з хаты
І злосьць душы і сэрца пляму
Выносіць з дому аж за браму. (XII р., 95 стар.).

Па тонкасьці нагляданьня, па анатомічнай правільнасьці фізыогномічныя апісаньні, якія даны ў поэме Коласа, можна сьмела паставіць на адзін ровень з фізыогномічнымі малюнкамі найлепшага расійскага поэты-фізыогномістага Ю. Лермантава.

І падобна Ю. Лермантаву, Колас не абмяжоўваецца толькі фізыогномічным аналізам; ён дае глыбокі аналіз унутраных рухаў чалавечага мозгу і сэрца.

Ёсьць адна галіна псыхічнага жыцьця, на якой беларускі поэта застанаўліваецца з асабліваю любоўю, гэта — псыхічнае жыцьцё дзяцей. Па тонкасьці аналізу дзіцячай душы, па маляўнічасьці вобразаў дзіцячага жыцьця поэма Коласа ня мае сабе роўнай нават сярод твораў багатай расійскай поэзіі.

Мы з намерам ня будзем спыняцца на гэтай дэталі творчасьці Я. Коласа, бо тут дана тэма для цэлага нарысу. Магчыма толькі адзначыць вельмі цікавую і зусім адпаведную сучаснасьці сцэнку ў XV разьдзеле з „начаткамі“, дзе апавядаецца, як Алесь парваў ненавісныя „начаткі“.

Вось вам, Абрам, Ісак і Якаў!
Заплачце вы, бо я ужо плакаў!

Няма неабходнасьці асабліва спыняцца і на ўсім добра вядомым гуморы Я. Коласа, які раскідан бісерам і ў яго монумэнтальнай поэме.

У цэлым, поэму Я. Коласа па ўнутраных асаблівасьцях мастацкай творчасьці аўтара можна з поўным правам палічыць клясычным творам беларускага прыгожага пісьменства.

Яна сьведчыць аб поўным разьвіцьці поэтычнага таленту аўтара, у каторым, як у фокусе, адбіваецца росквіт здольнасьцяй беларускай нацыі.

Што тычыцца надворнага тэхнічнага боку поэты, дык у гэтых адносінах зусім магчыма згадзіцца з водзывам, які зроблены М. Гарэцкім у другім выданьні яго „Гісторыі беларускай літаратуры“ ў адносінах да надрукаваных да 1921 г. яе адрыўкаў: „тэхніка вершу стаіць дужа высока“ (стар. 160). Нават тэхніка вершу ненадрукаваных да гэтага часу адрыўкаў стаіць вышэй у параўнаньні з тымі адрыўкамі, якія ўжо друкаваліся. Але нельга адмаўляць таго, што з тэхнічнага боку верш Коласа ўступае вершу Пушкіна, Ад. Міцкевіча і ў рамках беларускай літаратуры вершу Я. Купалы і М. Чарота. М. Гарэцкі, у частковасьці, лічыць недахватамі вершу Коласа нягучнае зграмаджэньне зычных і ўжываньне нягучнага, быццам зьлішняга „ў“. Гэтыя дэфэкты выступаюць і ў новай поэме як у першых, так і апошніх разьдзелах. Тут асабліва прыметны недахват „багатых“ рыфмаў, і часта сустракаюцца толькі „сугалосьсі“ — асонансы, напр., у I разьдзеле:

крушыны — верабіны (стар. 6)
абступалі — хвалі (7)
вокам — шырокім (7)
раўніною — травою (7)
раняе — пакідае і інш.,

у апошнім XXX разьдзеле ў апошніх старонках:

хваёвы — размовы (стар. 280)
якая — набывае (281)
тленьню — адзеньня (282)
Міхаська — цяжка (283)
людзкія — крывыя (284).

Недахватам тэхнікі трэба прызнаць і аднастайнасьць ямбічнага вершу.

У вершы часам выдаюцца „перабоі“ і мабыць залішне часта вершавальны націск не адпавядае граматычнаму.

Недахватам з боку апрацоўкі зьяўляецца несуразьмернасьць у ахопе адзіночных разьдзелаў. Напр., I разьдзел мае 260 строф, II-гі — ужо 322, V-ты — 352, VII-мы — 294, XII-ты — 416, а XIII ўжо каля 650.

Урэшце, заўважым прысутнасьць паўтарэньняў на адну і тую-ж тэму ў розных разьдзелах. Ледзь ня ў кожным разьдзеле спатыкаем разважаньне аб уласнай зямлі і сваім куце.

Недахваты мае і мова поэмы. Як і ў іншых творах Я. Коласа, яго мова ў новай поэме багата „русізмамі“.

Калі б аўтар затрымаўся на сваёй працы, калі-б, асабліва, ён пераапрацаваў ужо надрукаваныя да 1923 г. адрыўкі, а пераапрацаваныя і зноў апрацаваныя часткі прагледзеў некалькі разоў, дык поэма вышла-б з друку ў больш дасканалым з тэхнічнага боку відзе. Але быстры тэмп рэволюцыйнай эпохі зруйнаваньня старых і будаўніцтва новых форм соцыяльнага жыцьця і ўтварэньня маладой беларускай культуры не даюць сучаснаму аўтару магчымасьці застанаўлівацца доўгі час на сваім літаратурным творы і прымушаюць яго імкнуцца да ўсё новых і новых літаратурных дасягненьняў. І ў імкненьні дано забясьпечаньне далейшага разьвіцьця форм беларускай монумэнтальнай поэзіі, пачатак каторай зроблены Я. Коласам.

Полымя“, 1923 г., № 5—6.