На крэсах (1927)/III
← II. Ураджай | III. Некалькі слоў аб газэтах, ордэне Белага Арла і іншых прыемных і няпрыемных рэчаў Аповесьць Аўтар: Алесь Гародня 1927 год |
IV. Аб жандары Янку Глямбоўскім, аб ксяндзы Канарскім і аб тым, як праясьніць і без таго зусім ясную справу → |
РАЗЬДЗЕЛ III
Вільня.
Рог Віленскай і Садовай.
Зьбіваючы адзін аднаго з ног, бягуць праходжыя.
Гудуць шпаркія ауто, лётаюць між хурманак.
Паўзе трам
ціха, паважна.
∗
∗ ∗ |
— Kurjer Wilenski!
— Gazeta Poranna!
— Dziesięć groszy!
Dziesięć groszy!
— Паўстаньне ў Пружанскім павеце!
— Głos Robotniczy!
Kurjer Wilenski!
Dziesięć groszy!
∗
∗ ∗ |
Ціха ідзе па вуліцы нейкі пузаты пан. Відаць, яму няма куды сьпяшацца.
У руках — разгорнутая газэта.
Калі праз яго сьпіну заглянем у гэту газэту — прачытаем шмат цікавага.
Наогул, няма на сьвеце нічога цікавей польскае крэсавае газэты.
— Вы кажаце, што яна скалечана цэнзарам?
— Нішто! Хопіць з вас і таго, што гэты вяльможны пан дазволіў пусьціць у друк.
— Вось, пачытайце.
∗
∗ ∗ |
— Што?
— Ня ўмееце папольску?
— Ну, выбачайце.
Беларускую газэту ў Вільні можна купіць толькі з-пад палы.
Чытаць — дома, каб хто з паноў-агентаў дэфэнзывы ня прыкмеціў.
Ды трэба сказаць, — трудна яе й адшукаць.
У Вільні яна выходзіць штодзень пад новай назвай.
Сёньня „Беларуская Думка“;
Заўтра — „Беларускае Жыцьцё“;
пасьлязаўтра — „Наша Жыцьцё“;
потым — „Наша Думка“…
і гэтак далей, —
бясконца.
∗
∗ ∗ |
А ў Горадні — дык яшчэ лепей.
Выйдзе ў сьвет які-колечы „Сялянскі Гоман“.
Назаўтра ўся рэдакцыя сядзіць у дэфэнзыве пад арыштам.
А газэта пад тэй самай назваю зноў выходзіць.
Кім яна цяпер выдаецца?
На чые грошы?
Хто-ж яе ведае…
Але на яе бакох нейкія ягамосьці пачынаюць пісаць розныя прыемныя для паноў рэчы; пасылаюць пяруны і маланкі на галовы
бунтароў. І ў славу — świętej matki Ojczyzny — „вялікае“ Польшчы — благаслаўляюць дэфэнзыву ад шчырага сэрца на новыя „вялікія падзеі“…
∗
∗ ∗ |
Беларускае газэты я вам дастаць не магу.
Але вось —
польскі „Kurjer Wilenski“
Нумар ад 5-га жніўня 1924 году.
Хроніка.
— Вы кажаце, што не разумееце польскае мовы?
— Дарма!
— Я буду вам перакладаць.
— Слухайце-ж!
Хроніка | |
У Вільні невядомыя хуліганы вывесілі над ваяводзкім палацам чырвоны сьцяг. Сьцяг быў падвешаны гэтак высока, што пасьля доўгіх спроб зьняць яго — прышлося вызваць пажарную дружыну. Поліцыя вядзе сьледзтва.
У Белавежы забіты начальнік пастарунку. Злачынцаў злавіць не ўдалося. У Піншчыне сялянскае паўстаньне пашыраецца. Агнём артылерыі зьнішчана некалькі вёсак. Ёсьць пэўная надзея, што паўстаньне будзе зьліквідавана ў бліжэйшыя часы. |
У Беластоку забастоўка пашыраецца. Трамвай ня ходзіць. Вадаправод і электрычная станцыя абслугоўваюцца жаўнерамі. Дэмонстрацыя забастоўшчыкаў разагнана жандарамі. Каля 50 чалавек забіта, шмат параненых.
У Слонімскім павеце зьявіліся новыя банды. У працягу тыдня спалена 2 гмінных загады і 3 панскія двары. Забіты 2 жандарскія афіцэры і 5 стражнікаў. У Берасьце ваенна-палявым судом асуджаны бандыты, пусьціўшыя пад адкос Варшаўскі кур‘ерскі цягнік. 12 чалавек асуджаны на сьмерць, 27 — на 15 год катаргі. |
— Слухайце, слухайце!
Новае паўстаньне ў Пружанскім павеце. | |
Уначы рэдакцыяй атрыманы весткі пра новае паўстаньне ў Пружанскім павеце. Сяляне вёскі Дзятлава і суседніх вёсак Картуз-Бяроскае гміны збунтаваліся і зрабілі напад на маёнтак пана Трэмбацкага — Сігневічы.
Дзякуючы геройскім паводзінам жандарскага ротмістра пана Заблоцкага і сэржанта Пясэцкага паўстаньне ліквідавана. Арыштаваны: галава |
організацыі, падрыхтаваў- шай паўстаньне, беларускі вясковы настаўнік Васіль Гарбацэвіч і каля 25 сялян. Арышты ня спынены. Следзтва вядзецца паскораным тэмпам. Ваявода Палескі, ягомасьць пан Даўнаровіч, зьвярнуўся ў Варшаву, да Ўраду Рэчы Паспалітай з прапановаю — наградзіць пана ротмістра Заблоцкага i сэржанта Пясэцкага ордэнам „Белага Арла“. |
∗
∗ ∗ |
Сяляне ня чытаюць „Kurjer Wileński“.
Ня чытаюць яго і бяроскія мяшчане,
але
мясцовая хроніка робіцца вядомай ім ня толькі дзякуючы польскай крэсавай газэце.
Не.
∗
∗ ∗ |
Нядзеля.
Кірмашны дзень.
На бяроскім пляцы — натаўп.
Яблыку ўпасьці няма куды.
Вазы, вазы, вазы…
Жыта. Пшаніца. Авёс. Ячмень. Грэчка. Проса.
Лён. Каноплі. Бульба. Гародніна.
Садовіна.
Сыр. Масла. Яйкі.
Жывёла.
Чаго, чаго толькі няма!
— Усё прадаецца…
∗
∗ ∗ |
Можна падумаць,
што ўраджай у гэтым годзе — як найлепшы,
што ў мясцовага сялянства вялізарныя збыткі,
што вясковая гаспадарка на Крэсах Рэчы Паспалітай уздымаецца шпаркімі крокамі,
што сялянства ўзбагачваецца не па днях, а па гадзінах,
што бедната пераможана,
што ў хуткім часе
селянін з Усходніх Крэсаў — будзе
траха не багатшым… за амэры-
канскага фэрмэра!
што ён ужо зраўняўся ў дабрабыце з чэхам, немцам, датчанінам.
А можа нават гэты шчасьлівы час
ужо надышоў?
Можа селянін з Заходняе Пад‘ярэмнае Беларусі ўжо цяпер адзін з багацейшых сялян усяго сьвету?
∗
∗ ∗ |
Стары Бярковіч
сядзеў перад сваёй крамаю і чакаў, пакуль ня ўдараць у званы Картускага касьцёлу і не апавясьцяць народ аб тым, што імша скончылася.
Толькі пасьля гэтага можна будзе
адчыніць дзьверы свае крамкі.
Даўней —
трэба было-б яшчэ крышку пачакаць,
пакуль скончыцца ў праваслаўных абедня.
Але гэта было за царом;
праўда, нямецкая поліцыя ў часы окупацыі яшчэ трымалася гэтага звычаю, штрафуючы тых нецярплівых гандляроў, што зарана адчынялі свае крамы, не дачакаўшыся царкоўнага звону.
Але з тае пары, як прышлі палякі, можна было сачыць толькі за сыгналамі Картускае званіцы.
Стала крыху вальней.
Але нашто тая вольнасьць?
У мінулыя часы, —
хоць і пазьней адчыніш краму, дык усё-ж такі добра нагандлюеш за дзень.
Будзеш мець дзе-якія прыбыткі.
Заробіш сабе і на хлеб, і чарку гарэлкі, і новыя боты дзеткам, і старой Сорцы на спадніцу.
А цяпер?
Калі які дурны жаўнер не загляне, каб купіць хустку сваёй кралі, дык так і прасядзіш у крамцы ўвесь дзень —
І пачыну ня будзешь мець.
∗
∗ ∗ |
Ды што тыя вайсковыя?
Заўчора заходзіў нейкі сэржант.
А што з ім зробіш?
∗
∗ ∗ |
Вось надоечы, напрыклад.
Сусед — шавец:
Пашыў афіцэру боты.
Ну, той, ўзяў, нацягнуў іх на ногі ды й пашоў сабе да хаты.
Так і не аддаў грошы.
Шавец да пана палкоўніка пашоў, у казармы жаліцца…
Вярнуўся — дый цэлы тыдзень хворы праляжаў…
Намяў яму пан палкоўнік бакі…
∗
∗ ∗ |
За айчызну, за бога змагаюцца.
Ім усе дапамагаць павінны.
Узяў афіцэр боты. Ну, што за бяда?
Прынамсі, абуты будзе.
Ня босаму-ж яму хадзіць!
А ты, жыдоўская морда, туды-ж жаліцца!
Ня блізкі твайму сэрцу інтарэсы сьвентай маткі ойчызны.
Відаць, сам ты —
бальшавік!
∗
∗ ∗ |
Разьвярнуўся
і бац шаўцу ў морду.
Зваліў.
І доўга яшчэ потым абсацамі ўласных палкоўніцкіх ботаў таптаў і біў ляжачага.
А на абсацах —
шпоры.
∗
∗ ∗ |
— Сьвента ойчызна!
Каб яна згарэла!
∗
∗ ∗ |
Каля крамы праходзіць нейкі ня зусім малады ўжо чалавек.
Элегантная вопратка.
Ад добрага варшаўскага краўца.
Моднае шырокае кэпі. У клетачкі…
Выгляд — сталічны.
Толькі вось шаўровыя боты бутэлькамі —
даводзяць аб тым, што незнаёмы добра ведае, што ён не ў якім-небудзь эўропэйскім горадзе, але ў Картуз-Бярозе, дзе няма тарцовых брукаў і асфальтованых панэляй…
∗
∗ ∗ |
Тонкая шыя з выступаючым на горле адамавым яблыкам.
Доўгі, кручкаваты нос.
Галубыя вочы, чорныя бровы, чорныя, смала, валасы на галаве…
Нядаўна паголены твар з вострым выступаючым падбародкам.
Адным словам відаць: ня гэбрай, а багаты „поляк мойшовэго вызнаньня“.
Са „сваімі“ размаўляе з нейкай ледзь прыкметнай іронічнай усьмешкай.
∗
∗ ∗ |
— А, здароў, Бэрковіч!
— Ну! Гэта вы, пане Шымэль?
— Я, я! Ці-ж не пазнаў? —
Як справы?
— Справы, як справы. Дрэнныя толькі справы. Як ува ўсіх, гэтак і ў мяне — вельмі кепскія справы.
— Ой, ці-ж ува ўсіх такія дрэнныя справы? Няпраўда. Вось хоць-бы ў мяне: я ўжо сёньня закупіў вагон жыта, — павязу ў Варшаву. У вас цана тры злотых пуд, а там інтэнданцтва амаль ня ўсе восем плаціць!
— Ой, вэй мір! А гуцінькі гешэфт! А ў якім двары, пане Шымэль, куплялі вы жыта?
— У двары! Ці-ж ты здурэў, Бэрковіч, ці можа мяне за дурня лічыш? Дзе-ж у дварох такія ёсьць цэны, каб мне ў паноў-абшарнікаў жыта купляць? Я ў сялян… Пакрысе, пакрысе — ну, і назьбіраў.
∗
∗ ∗ |
— Чорт іх ведае, гэтых сялян, пане Шымэль!
Усё што маюць — усё распрадаюць. Самі аднэй капустай харчуюцца. Ды яшчэ з бульбы навараць сабе таўканіцы. А рэшта — усё на кірмаш. Грошы так і цякуць сялянам у машну.
А купляць — нічога ня купляюць.
Ведаеце, паночку, — вось цэлы тыдзень — ані поўлокця матэрыі сялянам не прадаў.
Э! чаго тут гаварыць: не прадаў, не прадаў!
Калі, далібог, паночку, разумееце, — хаця-ж бы адзін які сабака забег, запытаўся, паглядзеў…
— Грошы, братка Бэрковіч, так і цякуць ім у машну, але там не затрымліваюцца. Простая ім адтуль дарога: у гміну. Што, забыўся пра падаткі? Ці можа з самога шкуру мала дзяруць?
— Ой, пане Шымэль! Ну, а куды ім столькі падаткаў?
Вось — у нашай гміне. Бадай ня ўсе масты праваліліся.
Трэба ладзіць. А войт усё кажа: грошы няма. Ладзьце самі, як знаеце. Ну, а што мы самі знаем? Як нам самім ладзіць? Апошнія порткі прадаем, — падаткі плацім.
Усё ім-жа. А куды ў іх грошы дзяюцца? — нямаведама!
— Эх, Бэрковіч, Бэрковіч!
Так табе й трэба ўсё ведаць!
— Ну, трэба, ня трэба, паночку, але цікава.
— Глядзі, каб з гэтай цікавасьці ня стаў занадта разумным. А то ведаеш —
астрог тутака, здаецца, недзе недалёка.
Кінь ты лепш гэтую дурніцу, і гандаль свой у краме таксама кінь. Купляй лепш у сялян жыта і прадавай інтэнданцтву, пакуль на гэтым зарабіць можна. Ну, і жыві сабе памалу. Пакуль церпіцца і пакуль…
пакуль…
Ну, пакуль —
Jeszcze Polska nie zginęła!
∗
∗ ∗ |
Гэта вам перадавы артыкул аб экономічным становішчы.
А экономіка кіруе жыцьцём.
Яна ўтварае ідэолёгічную надбудоўку.
Ну, хоць-бы ў пана Шымэля — чым не ідэолёгія?
А вось вам і мясцовая хроніка.
∗
∗ ∗ |
Кірмаш.
Вазы.
Размаўляюць нейкія сяляне.
— Ну, як у вас, у Дзяглецы?
— Ды нішто. Учора паны трох хлапцоў забралі.
А у вас як?
— У нас — аднаго. Кажуць, вінавацяць яго ў тым, што Трэмбацкага падпаліў.
— Не, глупства! За Трэмбацкага дзятлаўскіх грэюць. А гэта, напэўна, за падаткі.
— А што ў Дзятлаве?
— А хто-ж яго ведае… Сёньня дзятлаўскіх на кірмашы няма.
— Няма з чым ім ехаць.
Напэўна, дачыста абабралі іх усіх жандары.
— А Ахрэм з Пяшчанкі гаварыў, нібы ў Дзятлаве ў тую ноч, як двор гарэў, хлопцы ў пазасыпаўшых жандараў вінтоўкі пакралі і ўцяклі ў Спораўскія лясы.
— Чаго яны гэта?
Навошта ім?
— Блазень. Ведама, ня качак страляць. Насоляць яны паном. Пэўна, яны-ж і палац падпалілі…
Кудлаты, высокі дзядзька агледзіўся і крыху цішэй дадаў:
— Малайцы хлопцы. Каб больш такіх было, — ушчэнт-бы ўсіх паноў, адных перабілі-б, а другіх — пасадзілі-б у цягнік ды адаслалі-б да Польшчы.
— Хопіць, пагулялі ў нас і будзе. Хай-бы крыху супакойна пасядзелі там, у Варшаве сваёй. Яны — самі па сабе, а мы-б — самі па сабе.
— А ў Савецкай Беларусі, кажуць, усю зямлю ў паноў паадбіралі, а цяпер з двароў выганяюць.
— Так ім і трэба. Адпанавалі і будзе!
— А як у Дзятлаве?
— Вядомая рэч. Чалавек трыццаць, а мо‘ больш заарыштавалі.
— Ды яшчэ з Пяшчанкі чалавек з дзесяць.
— Ды з Шыліна, кажуць, яшчэ некалькі, ужо тры, ды з іншых вёсак.
— Настаўніка Пяшчанскага дык дні як у астрог зьвезьлі…
— А яго за што?
— Ціхі-ж хлапец!
— А хто-ж іх ведае. Як усіх, так і яго…
— Павятовы стараста, кажуць, сёньня рана ў Бярозу з Пружаны прыехаў.
— А заўтра, я чуў, ваявода прыедзе.
— Халера! Пагібелі на іх няма!
∗
∗ ∗ |
Ну, чым не газэта?